РЫБАНУКЛЕА́ЗЫ,
ферменты класа гідралаз, якія расшчапляюць рыбануклеінавыя кіслоты шляхам разрыву фосфарна-эфірных сувязей у поліпептыдным ланцугу. Пашыраны ў жывых арганізмах. Найб. вывучана панкрэатычная Р., якая вылучана з падстраўнікавай залозы быка (першы фермент, для якога вызначана паслядоўнасць усіх 124 амінакіслотных астаткаў і ажыццёўлены яго хім. сінтэз; 1960-я г.). Выкарыстоўваюць у біяхім. даследаваннях, для вывучэння структуры нуклеінавых к-т, у медыцыне для прыгнечання росту пухлін, лячэння некат. тыпаў лейкозаў, як абязбольвальны сродак.
т. 13, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГІНЕ́ЦІ КАЙРО́ЛА ((Sanguinetti Coirolo) Хуліо Марыя) (н. 6.1.1936, Мантэвідэо),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Уругвая. Скончыў ун-т Рэспублікі (г. Мантэвідэо). Працаваў адвакатам і журналістам. З 1962 чл. уругвайскага парламента ад партыі «Каларада»; з 1981 лідэр, з 1983 ген. сакратар партыі «Каларада». У 1969—71 міністр прам-сці і гандлю, у 1972 — культуры і асветы Уругвая. У 1985—90 першы цывільны прэзідэнт Усх. Рэспублікі Уругвай пасля перыяду ваен. рэжыму.
т. 14, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕНАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, у малекулах якіх некалькі атамаў вугляроду злучаны кратнымі сувязямі. Да Н.з. адносяцца ацыклічныя і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні) вуглевадароды з адной падвойнай (алкены і цыклаалкены), ці патройнай (алкіны і цыклаалкіны), з 2 падвойнымі (гл. Дыенавыя вуглевадароды), з падвойнай і патройнай сувязямі (напр., вінілацэтылен), з некалькімі падвойнымі і (ці) патройнымі сувязямі ў малекуле (паліены, палііны), а таксама іх функцыян. вытворныя. Асобная група Н.з. — араматычныя злучэнні. Усе Н.з. лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння па кратных сувязях.
Найпрасцейшыя Н.з. — алкены (алефіны, этыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n, першы член якога — этылен. Алкены, пачынаючы з бутылену, маюць ізамеры, у т. л. геам. (гл. Геаметрычная ізамерыя). Ніжэйшыя члены рада з 2—4 атамамі вугляроду ў малекуле: этылен, прапілен, бутэны — газы, з 5—18 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Алкіны (ацэтыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n−2, першы член якога — ацэтылен. Цыклаалкіны ўстойлівыя пры наяўнасці ў малекуле 8 і больш атамаў вугляроду. Атрымліваюць ненасычаныя вуглевадароды пераважна шляхам дэструктыўнай тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўкі нафтагазавай сыравіны (гл. Крэкінг, Піроліз). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, фарбавальнікаў і інш.
Ю.Р.Егіязараў.
т. 11, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДРО́ЎСКІ-САС ((Bandrowski-Sas) Аляксандр) (22.4.1860, г. Любартаў, Польшча — 28.5.1913),
польскі спявак (драм. барытон, пазней тэнар). Адзін з лепшых оперных і камерных спевакоў свайго часу, выступаў у буйнейшых т-рах свету. Вядомы як выканаўца гераічных партый у операх Р.Вагнера, Дж.Меербера, Дж.Вердзі. Першы выканаўца партыі Манру ў аднайм. Оперы І.Падарэўскага (1901, Дрэздэн). Пісаў і перакладаў на польск. мову оперныя лібрэта. З 1909 выкладаў у Кракаўскай кансерваторыі (сярод вучняў Э.Бандроўская-Турская).
т. 2, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСУ́К (Бенядзікт) (1769—1808),
вучоны-медык. Паходзіў з шляхты Мінскай губ. Пач. адукацыю атрымаў у Мінску. Скончыў са ступенню д-ра філасофіі фіз.-матэм. (1799) і са ступенню д-ра медыцыны мед. (1806) ф-ты Віленскага ун-та. У 1799—1803 ад’юнкт кафедры хіміі, з 1806 праф. мед. ф-та Віленскага ун-та. Падрыхтаваў і вёў першы ў навук. установах Беларусі курс суд. медыцыны. Чл. Віленскага т-ва лекараў (з 1806).
В.А.Гапоненка.
т. 2, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ДА (Ojeda, Hojeda) Алонса дэ (каля 1470, г. Куэнка, Іспанія — каля 1515), іспанскі мараплавец, канкістадор. Удзельнік 2-й экспедыцыі (1493—96) Х.Калумба. У пошуках золата першы з еўрапейцаў трапіў ва ўнутр. раёны Гаіці. У 1499—1500 узначаліў экспедыцыю (з удзелам А.Веспучы), якая адкрыла бераг Гвіяны і шэраг астравоў, у т. л. Кюрасао. У 1502 зноў абследаваў карыбскі бераг Венесуэлы, у 1508—10 — паўн. бераг Калумбіі і заснаваў там крэпасць, паклаўшы пачатак іспанскай каланізацыі Паўд. Амерыкі.
т. 2, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЕ́ВІЧ (Аляксей Іванавіч) (25.6.1880, в. Саленікі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобласці — 20.11.1953),
вынаходнік-самавук. Герой Працы (1934). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це імя М.Я.Жукоўскага (ЦАГІ; 1926—29), з 1939 на прадпрыемствах Масквы. Прапанаваў тэхналогію пайкі алюмінію звычайным паяльнікам і патай-клёпкі ў самалётабудаванні. Удзельнічаў у вырабе першых (залатых) зорак Крамля, у мантажы самалётаў АНТ-20 («Максім Горкі») і АНТ-25, на якім адбыўся першы пералёт з СССР у ЗША.
А.І.Болсун.
т. 2, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСО́ЎСКІ (Вадзім Васілевіч) (19.1.1900, Масква — 2.8.1972),
рускі альтыст, выканаўца на віёль д’амур, педагог. Нар. арт. Расіі (1965). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1922), з 1935 яе прафесар. Адзін са стваральнікаў сав. альтовай школы. Арганізатар і ўдзельнік Квартэта імя Л.Бетховена (1923—66). Першы выканаўца многіх твораў для альта сучасных кампазітараў, а таксама адноўленай ім незакончанай санаты для альта і фп. М.Глінкі. Аўтар апрацовак і транскрыпцый твораў для альта, віёль д’амур і інш. інструментаў.
т. 2, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЙД-ОР ((Boyd-Orr) Джон) (23.9 1880, Кілмаурс, Шатландыя — 25.6.1971),
брытанскі дыетолаг. Пэр (1948). Ганаровы чл. Нью-Йорскай АН. Адукацыю атрымаў ва ун-це Глазга. Заснавальнік і дырэктар н.-д. ін-та ў Роўэце (пасля 1-й сусв. вайны), праф. сельскай гаспадаркі ў Абердзінскім ун-це (1942—45). У 1945—48 першы дырэктар Арг-цыі па харчаванні і сельскай гаспадарцы ААН. Распрацаваў «нормы харчавання», абгрунтаваў неабходнасць сусв. харч. палітыкі. Нобелеўская прэмія міру 1949.
т. 3, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РМАН ((Borman) Фрэнк) (н. 14.3.1928, г. Гэры, ЗША),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1950), Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1957). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 4—18.12.1965 разам з Дж.Ловелам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-7». 21—27.12.1968 разам з Ловелам і У.Андэрсам ажыццявіў першы ў свеце палёт да Месяца на касм. караблі «Апалон-8». Агульная працягласць палётаў 18,7 сут. Імем Бормана названы кратэр на Месяцы.
т. 3, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)