польскі гісторык. Чл. Польскай АН у Кракаве (1918). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1898), з 1908 праф. гісторыі права ў ім. У 1926—39 ген. сакратар, у 1939 прэзідэнт Польскай АН у Кракаве. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагера Заксенгаўзен (1939—40), арганізатар падп. ун-та ў Кракаве (1942). Чл.Краёвай Рады Нарадовай (1945), удзельнік міжнар. канферэнцыі ў Маскве, у выніку якой створаны Часовы ўрад нац. адзінства. Даследаваў гісторыю дзяржавы і права Польшчы і Рэчы Паспалітай. Аўтар прац: «Суды земскія і гродскія ў сярэднія вякі» (1901—02), «Нарыс гісторыі дзяржаўнага і грамадскага ладу Польшчы» (т. 1—4, 1905—17), «Старажытнае польскае судовае права» (т. 1—2, 1921), «Гісторыя крыніц старажытнага польскага права» (т. 1—2, 1925—26). Выдаў зб. дакументаў: «Акты уніі Польшчы з Літвой 1385—1791» (1932, з У.Сямковічам), «Польскія вайсковыя палажэнні і артыкулы з XV да XVIII ст.» (1937) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХВА Мікалай Сямёнавіч
(24.11.1902, в. Баруны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці — 16.7.1990),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, гісторык. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). З 1923 у апараце ЦКВЛКСМ. У 1924 старшыня Часовага Бел. Бюро ЦК РКСМ, 1-ы сакратар ЦК КСМБ, чл.ЦВКБССР. З 1925 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Віленскага акр.к-та, чл.ЦККПЗБ. У 1926 арыштаваны і на 5 гадоў зняволены ў турмах Польшчы. У 1934—35 узначальваў Краявы сакратарыят ЦККПЗБ. З 1935 чл. Бюро, з 1936 прадстаўнік ЦККПЗБ пры арганізац. апараце ЦК КПП у Празе. З 1939 у СССР. У Вял. Айч. вайну ў 1944 у Войску Польскім. З 1945 у апараце Мін-ва грамадскай бяспекі ПНР. У 1956—84 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. Складальнік зборнікаў дакументаў, аўтар успамінаў і даследаванняў па гісторыі рэв. руху ў Зах. Беларусі, у тым ліку калектыўнай манаграфіі «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮ́МКІН Якаў Рыгоравіч
(1898, Адэса — 3.11.1929),
рэвалюцыянер, сав. ваенны дзеяч. Скончыў 4-класную яўр. школу ў Магілёве. З 1914 чл. партыі эсэраў, з 1917 — левых эсэраў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік ВЧК. Праціўнік Брэсцкага міру 1918, адзін з ініцыятараў і непасрэдны ўдзельнік забойства 6.7.1918 герм. пасла В.Мірбаха, што з’явілася пачаткам леваэсэраўскай спробы дзярж. перавароту. Пасля яе задушэння хаваўся на Украіне, удзельнічаў у падп. барацьбе супраць герм. акупантаў і пятлюраўцаў. 16.5.1919 атрымаў амністыю Прэзідыума ВЦВК. З 1919 на Паўд. фронце (нач. штаба і в.а. камандзіра 79-й брыгады) і ў складзе Каспійскай флатыліі. З 1920 чл. РКП(б). У 1920—21 на спец. курсах у Ваен. акадэміі РСЧА, у сакратарыяце Л.Д.Троцкага. Выконваў спец. заданні АДПУ за мяжой. У крас. 1929 тайна сустракаўся ў Турцыі з высланым з СССР Троцкім і абяцаў яму дапамогу, за што арыштаваны і па прыгаворы судовай калегіі АДПУ расстраляны.
Літ.:
Красная книга ВЧК. 2 изд. М., 1990. Т. 1. С. 310;
Троцкий Л. Портреты революционеров. М., 1991;
Овруцкий Л., Разгон А. Яков Блюмкин: Из жизни террориста // Горизонт. 1991. № 11—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́Н Яраслаў Аляксандравіч
(27.7.1902, г. Дынаў, цяпер Польшча — 24.10.1949),
украінскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Венскім (1923—26), скончыў Кракаўскі (1928) ун-т. Удзельнічаў у рэв.падп. рабоце. Адзін з арганізатараў антыфаш. кангрэса па абароне культуры (Львоў, 1936). Першы твор — п’еса «Дон Кіхот з Этэнгайма» (1927). Аўтар п’ес «Груз» (1929), «Вераніка» (1930), «Каханне на досвітку» (нап. 1949), сатыр. камедыі «99%» (1930—31), трагедыі «Пад залатым арлом» (1947), апавяданняў і аповесцей, публіцыстычных артыкулаў, у якіх адлюстраваў складаныя, супярэчлівыя падзеі даваен. і пасляваен. зах.-ўкр. рэчаіснасці. Майстар сатыр. нарысаў, памфлетаў і фельетонаў (зб-кі «Фронт у эфіры», 1943; «Іх абліччы», 1948; «Перад тварам фактаў», 1949). Трагічна загінуў. Дзярж. прэмія СССР 1952. На бел. мову асобныя творы Галана перакладаў Г.Сапрыка.
Тв.:
Твори. Т. 1—4. Київ, 1977—80;
Бел.пер. — З крыжам ці з нажом: Памфлеты. Мн., 1954;
Рус.Пер. — Избранное. М., 1985;
Об этом нельзя забывать: Рассказы, очерки, памфлеты, пьесы. Киев, 1987.
Літ.:
Вартанов Г.И. Ярослав Галан: Очерк жизни и творчества. Львов, 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну, органы парт. кіраўніцтва барацьбой супраць ням.-фаш. захопнікаў у акупіраваных гарадах Беларусі ў 1941—44. Стваралі і ўзначальвалі патрыят. падполле і партыз. рух, вялі арганізатарскую і паліт. работу сярод насельніцтва. Іх дзейнасцю кіравалі ЦККП(б)Б, абласныя падпольныя камітэты КП(б)Б і міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б. Дзейнічалі Гомельскі, Мінскі (з 1941), Баранавіцкі, Віцебскі, Калінкавіцкі, Пінскі (з 1943), Брэсцкі, Вілейскі (з 1944) гаркомы, Барысаўскі (у 1941—42 спачатку як райком), Лідскі (з 1943) гаркомы-райкомы. Вопыт 1941—42 паказаў, што базіраванне гаркомаў у гарадах звязана з вял. цяжкасцямі і ахвярамі: былі арыштаваны і пакараны смерцю амаль усе члены Мінскага гаркома, загінулі кіраўнікі Барысаўскага гаркома-райкома, Брэсцкага і Аршанскага парт. цэнтра. Таму створаныя ў 1943—44 гаркомы базіраваліся пры партыз. брыгадах і атрадах. Па сваёй структуры яны не адрозніваліся ад раённых падп. к-таў КП(б)Б. Баранавіцкі і Мінскі гаркомы, Барысаўскі і Лідскі гаркомы-райкомы мелі друк. выданні — газеты.
Літ.:
Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944). Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ДОМ ДРУ́КУ»,
выдавецтва. Засн. ў Мінску ў 1960 як выд-ва «Звязда», у 1969—91 выд-ваЦККПБ, са студз. 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, з лютага 1992 — Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выдае газеты, часопісы, кнігі (у тым ліку газ. «Звязда», «Чырвоная змена», «Белорусская нива», «Советская Белоруссия», часопісы «Вожык», «Алеся», «На экранах Беларусі»)/ Пры выд-ве друкарня. У 1995 друкавала больш за 100 назваў газет, 67 часопісаў. Магутнасць друкарні больш за 14 млн. кніг і 11 млн.экз. брашур.
У 1917 «Мінская губернская друкарня» (з 1797) пераўтворана ў друкарню СНКЗах. фронту; з 1918 — 1-я Савецкая, з 1930 — імя Сталіна, з 1960 друкарня выд-ва «Звязда», у 1969—91 — выд-ваЦККПБ (далей — па прыналежнасці выдавецтва). У 1927 выдавала 9 газет, 7 часопісаў, каля 70 тыс.экз. падручнікаў і інш. выданняў. У Вял Айч. вайну паліграфісты наладзілі тут выпуск падп. выданняў — перыяд. лістка «Вестник Родтины», газ. «Звязда» і інш., дапамагалі ствараць друкарні ў партыз. атрадах. Пасля вайны паліграф. база адноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з мая 1942 да ліп. 1944 на тэр.паўн. і цэнтр. раёнаў Брэсцкай вобл. і суседніх раёнаў Беластоцкай і Баранавіцкай абл. 12.5.1942 арганізаваны міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі», які накіроўваў дзейнасць раённых і падраённых антыфаш. арг-цый, вял. ўвагу аддаваў разгортванню партыз. руху, меў падп. друкарню. Да восені 1942 антыфаш. арг-цыі і партыз. атрады дзейнічалі ў Бярозаўскім, Брэсцкім, Камянецкім, Косаўскім, Поразаўскім, Пружанскім, Шарашоўскім, а пазней і ў інш. раёнах. Са жн. 1942 да ліп. 1944 дзейнічала разгалінаваная Брэсцкая гар. антыфаш. арг-цыя. У ліп. 1943 на базе міжраённага «К-та барацьбы з ням. акупантамі» створаны Брэсцкі абл. антыфаш. к-т, які са снеж. 1943 выдаваў газ. «За Родину», лістоўкі, адозвы, зводкі Саўінфармбюро і інш. на бел., рус., польск. і ням. мовах. Падпольшчыкі забяспечвалі партызан прадуктамі харчавання, адзеннем, медыкаментамі, зброяй і боепрыпасамі, удзельнічалі ў іх баявых аперацыях па разгроме гарнізонаў ворага, падпальвалі ў маёнтках акупантаў склады, зрывалі выкананне паставак. Напярэдадні вызвалення Брэсцкай вобл.арг-цыя аб’ядноўвала 422 ячэйкі, каля 2 тыс. падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у Гомелі. Аб’ядноўвала 16 арг-цый і груп (больш за 140 чал.). Ініцыятары стварэння першых груп А.Л.Ісачанка, С.П.Купцоў, Ф.П.Котчанка. У ліку першых пачала дзейнічаць група І.І.Жалезнякова, якая ў чэрв. 1942 наладзіла сувязь з Гомельскім падп. гаркомам ЛКСМБ і партызанамі, выконвала іх заданні. З канца жн. 1941 дзейнічалі групы У.П.Кавалёва, Л.А.Кавалёвай, з вер.—ліст. — Г.Л.Кірыкавай, М.І.Панчанкі, В.Л.Радзьковай, Л.В.Семяноўскай і інш. Падпольшчыкі выконвалі заданні парт. органаў, партызан, спец. груп «Уперад», «Радзіма», распаўсюджвалі антыфаш. лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, ратавалі і выводзілі з горада ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, удзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, прадпрыемствах, складах і інш. У барацьбе з фаш. захопнікамі загінула больш за 20 падпольшчыкаў. У Гомелі на ўвекавечанне іх памяці пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1920 па ініцыятыве археолага і краязнаўца Ю.Ядкоўскага, адкрыты ў 1922. Зберагаў калекцыі дакументаў 15—17 ст., творы выяўл. мастацтва 17—19 ст., вырабы гродзенскіх каралеўскіх мануфактур 18 ст. У Вял. Айч. вайну частка калекцыі загінула. З 1945 размяшчаецца ў Гродзенскім Старым замку і палацы Стафана Баторыя. Пл. экспазіцыі 2380 м², больш за 129 тыс. экспанатаў асн. фонду (1994), у т. л. фонд старадрукаў і рэдкай кнігі (20 тыс.экз.). Аддзелы: гісторыі Гродзеншчыны, прыроды краю, мастацкі. Сярод матэрыялаў археал. знаходкі з раскопак Замкавай Гары ў Гродне, Краснасельскага археалагічнага комплексу, гарадзішчаў 11—13 ст., узоры бел. скорапісу на пергаменце, вырабы гродзенскіх рамеснікаў 17—18 ст., гродзенскія падвойныя дываны. Экспануюцца прадметы, звязаныя з падзеямі паўстання 1863—64 на чале з К.Каліноўскім, рэв. і нац.-вызв. рухам у Зах. Беларусі, паказаны партыз. рух, дзейнасць падп.патрыят. арг-цый у Вял. Айч. вайну. У аддзеле прыроды экспанаты з расліннага і жывёльнага свету, карысныя выкапні краю. Мастацкі аддзел праводзіць выстаўкі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Музей выдае зб. «Краязнаўчыя запіскі» (з 1990). Філіялы: Дом-музей М.Багдановіча, Дом рамёстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДАР Карл Іванавіч
(17.4.1883, Ліепайскі р-н, Латвія — 29.7.1937),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1905 вёў падп. работу ў Маскве, Пецярбургу, Лібаве, Рызе, Самары, Ніжнім Ноўгарадзе. З 1915 на Зах. фронце, чл. латышскай с.-д. групы ў Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага і ПаўнЗах. к-таў РСДРП(б). Чл. часовага ВРКЗах. фронту па барацьбе з карнілаўшчынай. З вер. 1917 старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 9.11.1917 старшыня ВРКЗах. фронту, у ліст. 1917 — студз. 1918 — СНКЗах. вобласці і фронту. З мая 1918 нарком дзярж. кантролю РСФСР. З 1920 асобаўпаўнаважаны ВЧК на Паўн. Каўказе і ў Данской вобл., нач. асобага аддзела Каўказскага фронту. У 1921 заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела Маскоўскага к-та РКП(б). З 1922 упаўнаважаны Сав. ўрада пры замежных місіях дапамогі галадаючым у Расіі, у 1923—25 чл. калегіі Наркамата знешняга гандлю СССР, пазней на навук.-літ. і пед. рабоце ў ВНУ Масквы, Ленінграда, Кіева. Чл.ВЦВК у 1917—18 і яго Прэзідыума.