БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ АРХІТЭКТУ́РЫ І ПО́БЫТУ.

Засн. 9.12.1976. Музейны комплекс размешчаны за 12 км на ПдЗ ад Мінска, каля Воўчкавіцкага вадасховішча, у вярхоўях рэк Пціч і Менка, паміж вёскамі Азярцо, Воўчкавічы, Гарадзішча і Строчыца. У аснову музея пакладзены тэр.-этнічны, функцыянальна-падпарадкавальны, гіст. і сац. прынцыпы. Асаблівасці тэрыторыі і наяўнасць гіст. помнікаў (гарадзішча на Менцы, курганы-валатоўкі 9—11 ст., стараж. в. Строчыца з традыц. структурай, сядзібамі) вызначылі канцэпцыю музея як нац. арх.-этнагр. парку-запаведніка.

Пл. каля 210 га. Экспазіцыйная зона складаецца з сектараў, прысвечаных матэрыяльнай і маст. культуры асн. этнагр. рэгіёнаў Беларусі: «Цэнтральная Беларусь», «Паазер’е», «Падняпроўе», «Панямонне», «Усходняе Палессе», «Заходняе Палессе» і «Мястэчка» (нар. архітэктура і побыт бел. гарадоў 16—19 ст.). Ландшафт зямельных участкаў сектараў музея мае прыродна-ландшафтныя асаблівасці адпаведных рэгіёнаў Беларусі. Структурнай адзінкай сектараў і музея ў цэлым з’яўляецца сядзіба селяніна (двор) з поўным наборам пабудоў і адпаведным інтэр’ерам. 5—6 такіх двароў, дапоўненых малымі арх. формамі, кампануюцца ў паселішчы (або іх фрагменты), у планіровачную структуру якіх арганічна ўключаюцца культавыя і грамадскія пабудовы. Апрача калекцыі помнікаў нар. дойлідства ў музеі 23 калекцыі (знаходзяцца ў экспазіцыі, дэманструюцца на выстаўках, захоўваюцца ў фондах), у т. л. тканіны, адзенне, абутак, галаўныя ўборы, хатняе начынне, с.-г. інвентар і трансп. сродкі, муз. інструменты і гадзіннікі, кераміка, дакументы, кнігі. На 1.1.1996 сабрана каля 17 тыс. музейных прадметаў, з іх больш за 13 тыс. адзінак асн. захавання і больш як 3 тыс. навук.-дапаможнага фонду. У музеі дзейнічае рэстаўрацыйны аддзел. Складаюцца каталогі помнікаў драўлянага дойлідства і этнаграфіі Беларусі. Адкрыты для наведвання з 18 мая да 1 кастр.

Г.​А.​Ткацэвіч.

Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь». Царква з в. Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобл. (18 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь». Жылы дом з в. Ісерна Слуцкага раёна Мінскай вобл. (канец 19 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Паазер’е». Вятрак (пач. 20 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Паазер’е». Царква са званіцай з в. Вялец Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл. (18 ст.).

т. 2, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ ГО́РАДА О́РШЫ.

Засн. ў 1989 у г. Орша Віцебскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 170 м², 5,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае раздзелы: горад старажытны, у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Орша ў 20 ст. Сярод экспанатаў кераміка, вырабы з косці, шкла, жалеза, ювелірныя вырабы з археал. раскопак аршанскіх стаянак і гарадзішча, Куцеінскага манастыра, макет Аршанскага замка, зброя з месца Аршанскай бітвы 1514, старадрукі 17—19 ст., матэрыялы пра дзейнасць арг-цый РСДРП, эсэраў, сацыяліст. будаўніцтва, паліт. рэпрэсіі 1930-х г., аднаўленне гаспадаркі ў вызваленым ад ням.-фаш. захопнікаў горадзе, пра ўраджэнцаў Аршаншчыны Герояў Сав. Саюза А.Д.Салянікава, М.Д.Сіяніна, пісьменніка У.Караткевіча і інш. Матэрыялы пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху ў раёне ў часы Вял. Айч. вайны экспануюцца ў гар. музеі К.​С.​Заслонава. У выставачнай зале праводзяцца выстаўкі твораў мастакоў, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Пад адкрытым небам размешчана экспазіцыя «Культавыя камяні Аршаншчыны».

В.​П.​Лютынскі.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧА Ф.К. ЛІТАРАТУ́РНА-МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й-СЯДЗІ́БА.

Адкрыты ў 1990 у Кушлянах (Смаргонскі р-н) на тэр. б. сядзібы, дзе з 1898 жыў Ф.Багушэвіч. Філіял Дзярж. музея гісторыі бел. л-ры. Плошча экспазіцыі 195 м², каля 300 экспанатаў (1995). Экспазіцыя складаецца з 2 частак: мемарыяльнай (мэбля, рэчы, якія належалі Ф.​Багушэвічу, стужкі з пахавальных вянкоў і гэтак далей) і гісторыка-літаратурнай (матэрыялы пра жыццёвы і творчы шлях паэта). Сярод экспанатаў творы мастакоў і скульптараў, прысвечаныя Ф.​Багушэвічу і паўстанню 1863—64.

А.​П.​Жамойцін.

т. 2, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й В.К.БЯЛЫ́НІЦКАГА-БІРУЛІ,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, прысвечаны жыццю і творчасці бел. мастака-пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі. Адкрыты 24.12.1982 у Магілёве. Размешчаны ў 2-павярховым мураваным асабняку, помніку грамадзянскай архітэктуры 18 ст. Плошча выставачных залаў 350 м². У музеі прадстаўлена больш за 100 твораў Бялыніцкага-Бірулі, пачынаючы ад створанага ў вучылішчы пейзажа «Пахмурны дзень» (1892) да прац апошніх гадоў жыцця («Прыйшла вясна», 1951, і інш.). У іх адлюстраваны асноўныя творчыя этапы жыцця мастака: удзел у Т-ве перасоўных маст. выставак («Пачатак вясны», 1905; «Вясна ідзе», 1910, і інш.), перыяд 1920—30-х г. («Блакітныя цені вясны», «Возера» і інш.), работы, створаныя ў час знаходжання на Беларусі ў 1947 («Беларусь. Зноў зацвіла вясна», «Старая беларуская вёска» і інш). Сярод экспанатаў фотаздымкі сям’і Бялыніцкага-Бірулі, пісьмы І.​Рэпіна, узнагароды, атрыманыя мастаком на выстаўках, дакументы, творы мастакоў яго кола, сяброў: партрэты Бялыніцкага-Бірулі (А.​Мораваў, 1900-я г.) і маці мастака (М.​Ульянаў, 1894), карціна «На паляванні» М.​Багданава-Бельскага (1910-я г.) і інш., а таксама вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, створаная ў Абрамцаўскай майстэрні. У музеі перыядычна наладжваюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Карачун Ю.А. Музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі: [Альбом]. Мн., 1988.

І.​Л.​Чэбан.

Будынак Магілёўскага мастацкага музея В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.
Фрагмент экспазіцыі Магілёўскага мастацкага музея В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.

т. 9, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКІ МУЗЕ́Й РАМЁСТВАЎ І НАРО́ДНЫХ ПРО́МЫСЛАЎ.

Існаваў у 1978—90 у г. Заслаўе Мінскага р-на як філіял Дзярж. музея Беларусі. З 1986 уваходзіў у склад Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка, размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы. Меў 2 выставачныя залы (пл. 346,5 м²). Матэрыялы адной залы знаёмілі з гісторыяй Беларусі і гарадоў: карта Беларусі, выявы стараж. гербаў бел. гарадоў, якія мелі магдэбургскае права. У экспазіцыі другой залы было больш за 900 твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва і нар. рамёстваў 10 — пач. 20 ст., у т. л. знойдзеныя пры археал. раскопках. Сярод экспанатаў наканечнікі стрэл 10—12 ст., прадметы побыту з рогу і косці 10—17 ст., кап’ё 11 ст., ганчарны (12—13 ст.) і шкляны (18—20 ст.) посуд, упрыгожанні 10—13 ст. з металу, шкла, сердаліку (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, падвескі і інш.), паліхромная кафля 16—17 ст., дэталі збруі 16—17 ст., вырабы бел. злотнікаў (пацір 16 ст., напрастольны крыж 1625 з Навагрудка), разныя царскія вароты 18 ст. з Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы, скульпт. выявы святых з Віцебскай і Гродзенскай абл., слуцкія паясы, неглюбскія ручнікі і інш. Расфарміраваны ў сувязі з перадачай храма правасл. абшчыне. Большая частка экспанатаў захоўваецца ў фондах Нац. маст. музея Беларусі.

А.​Л.​Гурбо.

т. 6, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА І МУЗЕ́Й ІМЯ́ ФРАНЦІ́ШКА СКАРЫ́НЫ ў Лондане,

грамадска-культ. асяродак беларусаў і беларусістаў у Англіі. Афіц. адкрыты ў асобным будынку ў 1971, з 1979 мае статус незалежнай навук. установы як «уласнасці ўсіх беларусаў». Аб’ядноўвае бел. эмігрантаў і англ. навукоўцаў-беларусістаў. Існуе пераважна на добраахвотныя ахвяраванні. Аснову б-кі склалі прыватныя зборы бел. святароў Ч.​Сіповіча і Л.​Гарошкі. Займае 8 пакояў, захоўвае каля 45 тыс. тамоў кніг, камплектаў газет і часопісаў. Экспануюцца ўзоры бел. нар. ткацтва і вышыўкі, с.-г. і хатнія прылады. Б-ка вядзе выдавецкую дзейнасць, штогод арганізуе курсы лекцый па беларусазнаўстве, сустрэчы з гасцямі з Беларусі. Узначальвае б-ку рада з дзеячаў бел. эміграцыі і англ. вучоных. Старшыня рады (з 1971) А.Надсон.

А.​В.​Мальдзіс.

Будынак Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане.

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў-МУЗЕ́Й ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВА (БДАМЛіМ),

навукова-даследчая ўстанова, якая займаецца зборам, аховай, вывучэннем і навук. выкарыстаннем дакумент. помнікаў л-ры і мастацтва. Створаны ў чэрв. 1960 у Мінску, з 1976 архіў-музей. Мае (1995) 400 фондаў (75 тыс. спраў): 348 асабістых фондаў, 9 калекцый і 43 фонды ўстаноў.

Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў; ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў; навук. апісання дакументаў асабістага паходжання; інфарм.-пошукавых сістэм; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў.

Сярод фондаў — асабістыя фонды пісьменнікаў А.​Адамовіча, З.​Астапенкі, М.​Багдановіча, С.​Баранавых, І.​Барашкі, Я.​Брыля, К.​Буйло, В.​Быкава. Л.​Бэндэ, М.​Васілька, З.​Верас, П.​Галавача, Ц.​Гартнага, С.​Грахоўскага, А.​Гурыновіча, У.​Дубоўкі, Я.​Дылы, А.​Жаўрука, Х.​Жычкі, Я.​Журбы, У.​Калесніка, У.​Караткевіча, Я.​Коласа, Я.​Купалы, Е.​Лось, М.​Лужаніна, М.​Лынькова, Я.​Маўра, М.​Машары, І.​Мележа, Б.​Мікуліча, А.​Пальчэўскага, П.​Пестрака, Я.​Пушчы, А.​Пысіна, А.​Русака, Я.​Семяжона, Я.​Скрыгана, М.​Сурначова, М.​Сяднёва, М.​Танка, А.​Ушакова, М.​Хведаровіча, К.​Чорнага, І.​Шамякіна, С.​Шушкевіча, С.​Яновіча і інш.; акцёраў і рэжысёраў Г.​Абуховіч, Л.​Александроўскай, Дз.​Арлова, І.​Балоціна, Т.​Бандарчык, С.​Бірылы, Я.​Віцінга, В.​Галіны, Г.​Грыгоніса, У.​Дзядзюшкі, С.​Друкер, І.​Ждановіч і Б.​Платонава, М.​Забэйды-Суміцкага, М.​Зюванава, З.​Канапелькі, Р.​Кашэльнікавай, А.​Клімавай, П.​Малчанава, Е.​Міровіча, Р.​Млодак, В.​Пола, Л.​Рахленкі, Л.​Ржэцкай, К. і А.​Саннікавых, С.​Станюты, А.​Труса, У.​Уладамірскага; кампазітараў Л.​Абеліёвіча, С.​Аксакава, М.​Аладава, А.​Багатырова, Г.​Вагнера, І.​Гітгарца, Я.​Глебава, В.​Залатарова, А.​Клумава, І.​Любана, Р.​Пукста, Ю.​Семянякі, Я.​Цікоцкага, М.​Чуркіна; мастакоў і скульптараў А.​Астаповіча, І.​Ахрэмчыка, М.​Блішча, В.​Волкава, П.​Гаўрыленкі, С.​Геруса, І.​Глебава, М.​Дучыца, К.​Завішы, Я.​Зайцава, А.​Кашкурэвіча, Я.​Красоўскага, У.​Кудрэвіча, Б.​Малкіна, А.​Марыкса, Л.​Рана, С.​Селіханава, М.​Тарасікава, А.​Тычыны, А.​Шаўчэнкі і інш. Захоўваюцца фонды саюзаў пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, журналістаў, тэатр. дзеячаў Беларусі; Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, Нац. т-ра імя Я.​Купалы, Бел. т-ра імя Я.​Коласа, Бел. дзярж. філармоніі; кінастудыі «Беларусьфільм»; аб’яднання «Маладняк»; выд-ваў «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», рэдакцый час. «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Беларусь», газ. «Літаратура і мастацтва». У архіве зберагаецца калекцыя дакументаў аддзела рукапісаў Бел. музея імя І.​Луцкевіча ў Вільні, якая змяшчае матэрыялы Бел. т-ва па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел. к-та ў Магілёве, Бел. сацыяліст. грамады, Бел. сялянска-рабочай грамады, Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. с.-д. партыі; дакументы БНР, Мін-ва бел. спраў пры Літ. урадзе, Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Бел. вайсковай камісіі; матэрыялы бел. культ.-асв. арг-цый, выд-ваў, часопісаў, газет, у т. л. рэдакцыі газ. «Наша ніва»; асабістыя дакументы Л.​Я.​Дубейкаўскага, К.​С.​Дуж-Душэўскага, П.​Я.​Жаўрыда, В.​Ю.​Ластоўскага, І.І. і А.​І.​Луцкевічаў, А.​А.​Смоліча, Б.​А.​Тарашкевіча, А.​І.​Цвікевіча, Цёткі і інш. У б-цы архіва (25 тыс. экз.) захоўваюцца першыя выданні твораў М.​Багдановіча, Цёткі, Я.​Купалы, Я.​Коласа, газ. «Наша ніва», «Наша доля», час. «Маладняк», «Узвышша» і інш.

Г.​В.​Запартыка.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ БЕЛАРУ́СКІХ, РУ́СКІХ, ЛАТЫ́ШСКІХ І ЛІТО́ЎСКІХ ПАРТЫЗА́Н у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адкрыты ў 1981 у г.п. Расоны Віцебскай вобл. Да 1990 філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 683 м², больш за 5,3 тыс. экспанатаў асн. фонду, 13 залаў (2000). Адна зала прысвечана кіраўніку Расонскага патрыят. падполля П.М.Машэраву, другая — падзеям перыяду станаўлення сав. улады на Расоншчыне, астатнія — падзеям часоў Вял. Айч. вайны. Экспазіцыя расказвае пра ход абарончых баёў у 1941, удзел землякоў у баях, арганізацыю падполля і партыз. руху ў Расонска-Асвейскім краі, дзейнасць падп. райкомаў, злачынствы акупантаў у партыз. краі, вызваленне рэгіёна ад захопнікаў. Асн. экспазіцыя распавядае пра сумесную барацьбу партызан Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі супраць фаш. захопнікаў.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУ́РНЫЯ МУЗЕ́І.

Вывучаюць, збіраюць, экспануюць, прапагандуюць і папулярызуюць помнікі нар. дойлідства, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш., якія характарызуюць матэрыяльную і духоўную культуру народаў і краін.

Архітэктурныя музеі часта маюць форму т.зв. паркаў-музеяў або музеяў пад адкрытым небам, дзе сабраны звезеныя з розных рэгіёнаў помнікі нар. драўлянага дойлідства [навукова-даследчы архітэктурны музей імя А.​В.​Шчусева ў Маскве (1964), «Скансен» у Стакгольме, Латвійскі этнагр. музей пад адкрытым небам, Музей нар. побыту Літвы, Дзярж. музей нар. архітэктуры Украіны, Львоўскі музей нар. дойлідства і побыту, Музей нар. дойлідства і побыту Грузіі і інш.]. На Беларусі з 1970 дзейнічае Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ЛІТАРАТУ́РНЫЯ Збіраюць, зберагаюць, экспануюць і прапагандуюць матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў або гістарычна-літ. працэс у краіне ўвогуле. На Беларусі ў 16—18 ст. паводле ініцыятывы мецэнатаў Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Храптовічаў, Стравінскіх створаны першыя музейныя і архіўныя калекцыі Акрамя твораў мастацтва ў іх знаходзіліся помнікі стараж. пісьменнасці, старадрукі. Друкаваныя і рукапісныя помнікі л-ры зберагаліся ў музеі старажытнасцей К. і Я.​Тышкевічаў у Лагойску, у музеі А.​Ельскага ў в. Замосце (Пухавіцкі р-н), у Віленскілі музеі старажытнасцей, Магілёўскім музеі, Беларускім музеі ў Вільні і інш. Паводле зместу і характару дзейнасці М.л. падзяляюцца на літ.-мемар. і гісторыка-літаратурныя. Літаратурна-мемарыяльныя музеі ствараюцца ў памяць аб пісьменніках і складаюцца з мемар. комплексаў (пабудовы, сядзібы, кватэры, абсталяванне, асабістыя рэчы пісьменнікаў) і літ. экспазіцыі. У экспазіцыю ўваходзяць дакументы-арыгіналы (аўтографы ці іх копіі, рукапісы твораў, кнігі, прадметы творчай працы, побыту, творы мастацтва, ілюстрацыі і г.д.). У гісторыка-літаратурных музеях збіраюць матэрыялы пра асн. перыяды развіцця л-ры. На Беларусі большасць М.л. уваходзіць у Аб’яднанне дзярж. літ. музеяў (засн. ў 1986). Галаўны музейМузей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску. Яго філіялы: музей М.​Агінскага (в. Залессе Смаргонскага р-на), Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба ў Кушлянах (Смаргонскі р-н), літ. музей І.​Буйніцкага (в. Празарокі Глыбоцкага р-на), мемар. сядзіба-музей М.​Гарэцкага (в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р-на), музей С.​Манюшкі (в. Убель Чэрвеньскага р-на), сядзіба-музей сям’і Міцкевічаў (в. Завоссе Баранавіцкага р-на), літ.-гіст. музей у в. Гарадок, літ.-гіст. музей у в. Плябань (абодва Маладзечанскі р-н), літ. музей К.​Чорнага (в. Цімкавічы Капыльскага р-на). У аб’яднанне ўваходзяць: Багдановіча М. літаратурны музей у Мінску з філіяламі «Беларуская хатка» (Мінск), «Фальварак Ракуцёўшчына» (Маладзечанскі р-н), Броўкі Летруся літаратурны музей у Мінску з філіялам сядзіба-музей П.​Броўкі (в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на), Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял, музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі ў Мінску з філіялам «Гасцёўня У.​Галубка» (Мінск). Да М.л. адносяцца: Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску, Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка» (Маладзечанскі р-н, уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»), Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі» (Аршанскі р-н, уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі»), Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына» (Маладзечанскі р-н), Міцкевіча Адама дом-музей у Навагрудку, музеі Багдановіча ў Гродне, У.​Караткевіча ў Оршы. Пры некат. гіст.-краязнаўчых музеях працуюць філіялы, аддзелы або экспазіцыі, прысвечаныя пісьменнікам-землякам: літ. музей А.​Куляшова ў Новых Саматэвічах (Касцюковіцкі р-н), мемар. музей П.​М.​Лепяшынскага (в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на), зала Ф.​Багушэвіча ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Багушэвіча і інш. Ёсць комплексныя музеі (напр., Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва). На грамадскіх пачатках створаны літ. музей Багушэвіча (в. Жупраны Ашмянскага р-на), музей А.​Блока (в. Лапаціна Пінскага р-на), Германавіцкі літ.-краязнаўчы музей (Шаркаўшчынскі р-н), Дастоеўскі літ.-краязнаўчы музей (в. Дастоева Іванаўскага р-на), Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей (в. Лаша Гродзенскага р-на), літ.-этнагр. музей Я.​Коласа (в. Люсіна Ганцавіцкага р-на), літ.-этнагр. музей Я.​Коласа (в. Пінкавічы Пінскага р-на), мемар. музей М.​Лынькова (в. Крынкі Лёзненскага р-на), А.​Макаёнка (в. Журавічы Рагачоўскага р-на), літ. музей І.​Мележа (в. Глінішча Хойніцкага р-на), музей «Літаратурная Лагойшчына» (СШ № 1, Лагойск). Памяці пісьменнікаў прысвечаны пакоі, куткі ў мясцінах, звязаных з іх жыццём і творчасцю: П.​Багрыма (в. Крошын Баранавіцкага р-на), П.​Глебкі (в. Вял. Уса Уздзенскага р-на), М.​Клімковіча (в. Сялітранка Барысаўскага р-на), Я.​Коласа (в. Верхмень Смалявіцкага р-на), Я.​Купалы (в. Бяларучы Лагойскага р-на), Я.​Маўра (в. Бытча Барысаўскага р-на), В.​Таўлая (г. Слонім), П.​Труса (в. Нізок Уздзенскага р-на), Цёткі (г.п. Астрына Шчучынскага р-на), Л.​Якубовіча (в. Чапялі Салігорскага р-на), паэтаў-франтавікоў (СШ № 150, г. Мінск) і інш. М.л. вядуць н.-д. работу, арганізоўваюць экскурсіі, лекцыі, канферэнцыі, выстаўкі, юбілейныя вечары, сустрэчы з дзеячамі л-ры і мастацтва. Вынікі сваёй работы публікуюць у зборніках, даведніках, каталогах, буклетах, рэкламных лістах, апісаннях рукапісаў і асабістых бібліятэк пісьменнікаў. Шматлікія музейныя калекцыі даследуюць вучоныя і літаратары.

Літ.:

Современные литературные музеи: некоторые вопр. теории и практики. М., 1982.

Г.​А.​Каханоўскі, Т.​П.​Аніскавец, Н.​У.​Гарэлік.

т. 11, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)