фізіялагічны механізм, які рэгулюе абмен рэчываў паміж крывёй, спіннамазгавой вадкасцю і мозгам, ахоўвае нейроны ад антыгенаў; адзін з відаў гістагематычных бар’ераў. Паняцце ўвялі сав. фізіёлаг Л.С.Штэрн і швейц. вучоны Р.Гацье (1921). Гематаэнцэфалічны бар’ер ажыццяўляе таксама ахоўныя функцыі, перашкаджае пранікненню ў ц. н. с. некат. уведзеных у кроў чужародных рэчываў або прадуктаў парушанага абмену рэчываў. Ад пранікальнасці гематаэнцыфалічнага бар’ера залежыць стан нерв.клетак галаўнога і спіннога мозга. Праз розныя ўчасткі гематаэнцыфалічнага бар’ера з крыві ў ц. н. с. пранікаюць розныя рэчывы, неабходныя для жыўлення і дзейнасці нерв. утварэнняў. Гематаэнцыфалічны бар’ер можа перашкаджаць пранікненню ў ц. н. с. ўведзеных у кроў лекаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛАЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 13.2.1948, г. Маладзечна Мінскай вобл.),
бел. вучоны-біяфізік. Д-рбіял.н. (1991). Скончыў БДУ (1971). З 1980 у НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, з 1988 у Н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі. Навук. працы па вывучэнні структуры мембран клетак, іх узаемадзеянні з вірусамі, распрацоўцы метадаў ацэнкі і дыягностыкі індывідуальных набраных доз радыяцыі, захворванняў шчытападобнай залозы.
Тв.:
Участие Na+/H+-обмена и диффузии молочной кислоты в кислотозависимом процессе раздевания вируса гриппа (у сааўт.) // Докл.АНСССР. 1989. Т. 309, № 2;
Кариометрический анализ патологических изменений фолликулярных клеток щитовидной железы (разам з Ю.П.Юшчанкам, Я.П.Дзямідчыкам) // Архив патологии. 1994. Т. 56, № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАФА́ГІ [ад макра... + фаг(і)],
палібласты, клеткі мезенхімнага, манацытарнага паходжання ў жывёльным арганізме, здольныя да актыўнага захопу і засваення бактэрый, чужародных і таксічных для арганізма часцінак, рэшткаў пашкоджаных клетак і інш. Тэрмін уведзены І.І.Мечнікавым (1892). М. — буйныя клеткі (20—100 мкм) са зменлівай формай, псеўдаподыямі, маюць арганелы для ўнутрыклетачнага ператраўлення паглынутага матэрыялу (лізасомы, фагасомы, мультывезікулярныя рэшткавыя цельцы) і сінтэзу (эндаплазматычная сетка, мітахондрыі) антыбактэрыяльных і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Адыгрываюць вядучую ролю ў імунітэце, ажыццяўляюць фагацытоз. Знаходзяцца ў крыві (манацыты), злучальнай тканцы (гістыяцыты), крывятворных органах, печані (купфераўскія клеткі), сценках альвеол лёгкага (лёгачныя М.), брушной і плеўральнай поласцях (перытаніяльныя і плеўральныя М.). У млекакормячых утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу. Гл. таксама Мезенхіма, Рэтыкулацыты, Фагацыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯГЛАБІ́Н (ад мія... + глабін),
складаны бялок мышцаў чалавека і жывёл, які звязвае малекулярны кісларод, што пераносіцца гемаглабінам ад лёгкіх і перадае яго акісляльным сістэмам клетак. Паводле саставу і ўласцівасцей блізкі да гемаглабіну. Ёсць пераважна ў мышцах, якія працуюць рытмічна (напр., сэрца, дыяфрагма, мускульны страўнік птушак). Многа М. ў водных млекакормячых, якія доўгі час не дыхаюць (напр., у дэльфінаў, цюленяў). М. чырв. колеру. Мал. м. 17 000. Малекула М. складаецца з аднаго поліпептыднага ланцуга (каля 150 амінакіслотных рэшткаў) і жалезапарфірынавага комплексу — гема. З кіслародам злучаецца лягчэй за гемаглабін, утварае оксіміяглабін (рэакцыя абарачальная). У чалавека ў складзе оксіміяглабіну да 14% кіслароду ад агульнага яго запасу ў арганізме, у цюленя — 47%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕ́НЕЗІС (ад пан... + генезіс),
гіпотэза Ч. Дарвіна (1868) аб механізме ўзнаўлення ў патомстве прыкмет папярэдніх пакаленняў. Яе сутнасць у тым, што ўсе клеткі арганізма вылучаюць найдрабнейшыя часцінкі (зародкі) — гемулы, якія збіраюцца ў палавых органах і ўтвараюць палавыя клеткі, за кошт чаго і адбываецца перадача ў спадчыну прыкмет, у т. л. і зноў набытых. Гэтай гіпотэзай Дарвін карыстаўся пры тлумачэнні з’явы размнажэння (палавога і бясполага) і рэгенерацыі. У 1871 англ. вучоны Ф.Гальтан эксперыментальна даказаў неабгрунтаванасць гіпотэзы П. Прынцыпова інш. тэорыю, унутрыклетачнага П., прапанаваў Г. Дэ Фрыз (1889), паводле якой у ядры клеткі знаходзяцца «пангены», якія вызначаюць усе прыкметы арганізма; у пратаплазму выходзяць толькі тыя «пангены», якія вызначаюць тып клетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МУТАГЕНЕ́З,
узнікненне мутацый, якія выклікаюцца іанізавальным выпрамяненнем (ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.). Мутагенез адбываецца пры парушэнні структуры генаў (разрывы малекулы ДНК, змена нуклеатыднага саставу), храмасом (паяўленне інверсій, дуплікацый, транслакацый), пры разрыве ніткі ахрамацінавага верацяна дзялення (геномныя мутацыі) і інш. Пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ў тканках узнікаюць таксама свабодныя радыкалы, якія пашкоджваюць ДНК, АТФ, ферменты і інш., парушаюць клетачныя структуры, у т. л.генет. апарат клетак, ферментатыўныя рэакцыі, фізіял. працэсы, што прыводзіць да саматычных мутацый. Павышэнне ўзроўню іанізавальнага выпрамянення ў навакольным асяроддзі выклікае пачашчэнне мутацый у раслін, жывёл і чалавека. Р.м. выкарыстоўваецца ў селекцыі мікраарганізмаў і раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́Н-І-КАХА́ЛЬ ((Ramón y Cajal) Сант’яга) (1.5.1852, Петылья-дэ-Арагон, Іспанія — 17.10.1934),
іспанскі гістолаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1909) і Парыжскай АН (1916). Скончыў Сарагоскі ун-т (1873). З 1877 праф. Сарагоскага, з 1884 — Валенсійскага, з 1887 — Барселонскага, у 1892—1922 — Мадрыдскага ун-таў. Арганізатар і кіраўнік лабараторыі біял. даследаванняў Мадрыдскага ун-та. Навук. працы па анатоміі і гісталогіі нерв. сістэмы. Адкрыў адросткі нерв.клетак — дэндрыты і неўрыты (аксоны), выканаў класічныя працы па вывучэнні мікраскапічнай структуры сятчаткі вока, спіннога мозга, мазжачка і інш. аддзелаў галаўнога мозга. Прасачыў працэсы дэгенерацыі і рэгенерацыі нерв. валокнаў, эмбрыянальнага гістагенезу. Стварыў нейронную тэорыю будовы нерв. сістэмы. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з К.Гольджы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РУСЫ (ад лац. virus яд),
найдрабнейшыя субмікраскапічныя арганізмы няклетачнай будовы, якія складаюцца з нуклеінавай кіслаты і бялковай абалонкі (капсіды). Вірусы — унутрыклетачныя паразіты, якія выклікаюць вірусныя хваробы чалавека і жывёл, а таксама вірусныя хваробы раслін. вірус бактэрый — бактэрыяфагі. Адкрыты рус. вучоным Дз.І.Іваноўскім (1892), пашыраны ўсюды. Апісана каля 500 формаў вірусаў, якія шкодзяць цеплакроўнай жывёле і больш за 600 формаў вірусаў, што заражаюць вышэйшыя расліны. Вірусы існуюць у форме пазаклетачнай віруснай часціцы (вірыёна) і ўнутрыклетачнай (комплекс Вірус — клетка). Размнажаюцца толькі ў жывых клетках арганізма-гаспадара, выкарыстоўваючы іх ферментатыўны апарат. Нуклеінавая кіслата (РНК пераважна ў фітапатагенных вірусах і ДНК — у вірусах, якія шкодзяць чалавеку і жывёле) — носьбіт спадчыннасці і інфекцыйнасці. Форма вірусаў вызначаецца будовай бялковай абалонкі: палачка- або ніткападобная, сферычная, бацылападобная і інш.; памеры ад 15 да 2000 нм і больш. Вывучае вірусы — вірусалогія.
У вірусах адсутнічае ўласны абмен рэчываў і рэпрадукцыя цалкам залежыць ад метабалічнай актыўнасці клетак гаспадара. Пранікаючы ў клетку, яны накіроўваюць працэсы сінтэзу на рэпрадукцыю саміх вірусаў і ўводзяць дапаўняльную генетычную інфармацыю, якая адмоўна ўплывае на метабалізм клетак. У працэсе рэпрадукцыі фітапатагенных вірусаў узнікаюць генетычна змененыя формы (штамы), што мае вял. значэнне ў эвалюцыі. Вірусы раслін распаўсюджваюцца мех. шляхам, пыльцой, насеннем, з пасадачным матэрыялам, натуральнымі пераносчыкамі (нематодамі, тлямі, грыбамі і інш.).
Літ.:
Биология вирусов животных: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1977;
Гиббс А., Харрисон Б. Основы вирусологии растений: Пер. с англ.М., 1978;
Власов Ю.И., Ларина Э.И. Сельскохозяйственная вирусология. М., 1982.
Ж.В.Блоцкая.
Схема будовы вірусаў: А — патагенных для раслін (вірус тытунёвай мазаікі); Б — чалавека і жывёл; 1 — вірус герпесу; 2 — адэнавірус; 3 — папававірус; 4 — вірус грыпу; 5 — каронавірус; 6 — арэнавірус; 7 — рабдавірус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГАРМО́НЫ (ад анты... + гармоны),
прыродныя ці штучна сінтэзаваныя рэчывы, здольныя замяшчаць і блакіраваць актыўнасць сапраўдных гармонаў у іх рэакцыях з рэцэптарамі жывых клетак. Структурна блізкія да адпаведных ім гармонаў і належаць да розных груп злучэнняў (пептыды, бялкі, стэроіды і інш.), але ў дачыненні да кожнага канкрэтнага гармону пераважае пэўны іх клас (напр., большасць антыгармонаў для антыандрагенаў з’яўляюцца стэроідамі, для бялковых гармонаў — бялкамі). Валодаюць высокай спецыфічнасцю: напр., антыэстрагены блакіруюць у матцы дзяленне толькі эстрагенаў і не змяняюць уплыў андрагенаў. Пры гэтым уласная гарманальная актыўнасць у антыгармонах адсутнічае або нязначная. Выкарыстоўваюцца ў эксперым. і клінічнай эндакрыналогіі для вывучэння функцый эндакрынных залоз у эмбрыягенезе, выключэння іх дзейнасці без хірург. выдалення адпаведнай залозы, блакіравання гарманальных эфектаў пры развіцці гарманальназалежных пухлін, паталагічных зменах палавых паводзін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,
1 у металургіі, тэрмахімічны працэс спякання дробназярністых ці пылападобных матэрыялаў руднай шыхты ў вял. кавалкі (агламераты). Уключае падрыхтоўку шыхты, спяканне яе, апрацоўку гарачага пеку, ахаладжэнне да 100 °C і сартаванне. Шыхта складаецца з дробнай сырой руды і яе канцэнтрату, паліва (дробны кокс ці антрацыт), флюсу (здробненая вапна і вапняк). Агламерацыя адбываецца пры прадзіманні паветра цераз слой шыхты на каласніковых рашотках агламерацыйнай машыны і згаранні паліва (1500 °C); у выпадку сульфідных рудаў — пры акісленні (працякае з выдзяленнем цеплаты). Агламерат выкарыстоўваецца ў чорнай металургіі, у каляровай — для вытв-сці алюмінію, нікелю і свінцу.
2) У мікрабіялогіі, утварэнне мікраарганізмамі намнажэнняў у вадкасцях або тканках у выніку змены фіз. і хім. уласцівасцяў мікробных клетак (пад уздзеяннем імунных целаў і інш.).