ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦКІ ДАХО́Д,
плата, якую атрымлівае прадпрымальнік за свае арганізатарскія здольнасці па аб’яднанні і выкарыстанні эканам. рэсурсаў (звычайна капіталу), гасп. ініцыятывы (інавацыі), магчымыя рызыкі страт. Утвараецца з часткі прыбытку, што застаецца ў распараджэнні прадпрымальніка пасля выплаты працэнтаў за капітал, узяты ў пазыку. Частку атрыманага прыбытку ён аддае ўласніку капіталу (крэдытору) у выглядзе пазыковага працэнта. У выніку прыбытак ад выкарыстання капіталу распадаецца на 2 часткі: працэнт і П.д. Такі падзел прыбытку спачатку распаўсюджваецца на пазыковы капітал, а з развіццём рыначных адносін — і на ўласны капітал. У эканам. тэорыі П.д. падзяляюць на нармальны і эканам. прыбытак. Да нармальнага адносяць т.зв. гарантаваны даход прадпрымальніка (заработную плату), да эканам. прыбытку — плату за рызыку, інавацыі, манапольную ўладу. Велічыня П.д. вагаецца часцей за кошт эканам. прыбытку. У рыначных умовах, калі пераважае акцыянерная форма ўласнасці, асн. формай П.д. можа быць дывідэнд.
У.Р.Залатагораў.
т. 12, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭ́НТ (ад лац. pro centum за сто),
сотая частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам %. 1% = 10−2 = 0,01. Дае магчымасць хутка параўноўваць часткі ліку з усім лікам і паміж сабой, спрашчаць разлікі і інш.
Адрозніваюць 3 тыпы задач на П.: знаходжанне П. ад зададзенага ліку, ліку па зададзеным П. і працэнтных суадносін паміж лікамі. П. выкарыстоўваюць у фінансавых разліках. Напр., калі з сумы грошай a кожны год нарастае p%, то праз t гадоў яна ператворыцца ў велічыню x = a(1 + pt/100), дзе даход за кожны год налічваецца з зыходнай сумы (простыя П.). Калі ж даход за папярэдні год дадаюць да пачатковай сумы і новы даход вылічваюць з атрыманай велічыні, то x = a(1 + p/100)t (складаныя П.). Складаныя П. выкарыстоўваюцца ў многіх галінах гасп. дзейнасці, бухгалтарскага ўліку, а таксама ў розных стат. разліках.
т. 13, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЙКЕР (Baker) Майкл Ален (н. 27.10.1953, г. Мемфіс, ЗША),
касманаўт ЗША. Капітан ВМФ ЗША. Скончыў Тэхаскі ун-т (1975), школу пілотаў-выпрабавальнікаў ВМФ ЗША (1982), дзе выкладаў з 1983. З 1986 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 2—11.8.1991 на КК «Атлантыс» і 22.10—1.11.1992 на КК «Калумбія» (як пілот), 30.9—11.10.1994 на КК «Індэвар» і 12—22.11.1997 на КК «Атлантыс» (як камандзір). У космасе правёў 40,2 сут. Залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі», «За выключныя заслугі», «За выдатнае кіраўніцтва», «За касмічны палёт» (4). З 1997 у Касм. цэнтры імя Л.Джонсана (у 1997—2001 нам. дырэктара па праграме пілатуемых касм. палётаў НАСА ў Расіі); адначасова ў 1998—2001 першы афіц. прадстаўнік НАСА пры Расійскім авіяцыйна-касмічным агенцтве і інш. касм. арг-цыях Расіі.
М.М.Касцюковіч.
т. 18, кн. 1, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУШНО́Е,
возера ў Беларусі, у Жлобінскім раёне Гомельскай вобл., на пойме Дняпра, ніжэй за вусце р. Добасна, за 7 км на ПдУ ад г. Жлобін. Пл. 0,3 км², даўж. 3,05 км, найб. шыр. 0,11 км. Пл. вадазбору 3 км². Злучана ручаём з Дняпром.
т. 2, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РУНА (Kiruna),
горад на Пн Швецыі, за Палярным кругам. Засн. ў 1898, гар. правы з 1908. 26 тыс. ж. (1991). Буйнейшы цэнтр здабычы жал. руды ў Еўропе (больш за 25 млн. т штогод; руда ідзе на экспарт пераважна праз нарв. порт Нарвік).
т. 8, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНКА,
рака ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 128 км². Пачынаецца за 2 км на У ад в. Скачок, вусце за 2 км на ПнУ ад в. Юркавічы. Рэчышча каналізаванае.
т. 11, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНС... (ад лац. trans скрозь, цераз, за), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: рух цераз якую-н. прастору, перасячэнне яе (напр., трансаўстралійская магістраль); абазначэнне ці перадача пры дапамозе чаго-н. (напр., транспірацыя, транслітарацыя); размяшчэнне па-за межамі чаго-н. (напр., транснацыянальны).
т. 15, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНЯ́ЎКА,
рака ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток канала Вінец (бас. р. Прыпяць). Даўж. 20,8 км. Пл. вадазбору 76 км². Пачынаецца за 0,7 км на ПдЗ ад в. Варажбіты, вусце за 1,5 км на Пд ад в. Равяцічы. Рэчышча каналізаванае.
т. 17, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСТАТА́ ВАГА́ННЯЎ,
фізічная велічыня, роўная адносінам колькасці поўных цыклаў ваганняў да прамежку часу, за які яны адбываюцца. Ч.в. ν = 1/T, дзе T — перыяд ваганняў. Вуглавая Ч.в. ω = 2πν = 2π/T. Адзінка Ч.в. у СІ — герц, вуглавой Ч.в. — радыян за секунду (рад/с).
т. 17, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя Клічаўскага, часткі сумежных з ім Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага і інш. р-наў Магілёўскай вобл., якую кантралявалі партызаны. Стваралася з кастр. 1941 у ходзе баёў партызан за вызваленне Клічаўскага р-на ад акупац. улад. Да сак. 1942 партызаны разграмілі больш за 80 варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. На пач. 1944 тэр. зоны склала больш за 3 тыс. км², дзе знаходзілася больш за 70 тыс. мірных жыхароў пад абаронай 18 тыс. партызан. На яе тэрыторыі ў розныя часы базіраваліся Бабруйскі падп. міжрайком КП(б)Б, Магілёўскі падп. абком КП(б)Б, штаб Магілёўскай ВАГ пры ім, раённыя падп. райкомы КП(Б)Б і ЛКСМБ, выдаваліся газ. «За Радзіму», «Голас партызана» і інш. З ліп. 1942 у Клічаве і в. Галынка Бярэзінскага р-на дзейнічалі партыз. аэрадромы. Стойкая абарона зоны (гл. Клічаўскія баі 1942, 1943, Кучынскі бой 1942) забяспечвала партызанам пастаянную сувязь з Вял. зямлёй, абарону насельніцтва ад карнікаў. У чэрв. 1944 партыз. фарміраванні зоны злучыліся з Чырв. Арміяй. У Клічаве ў гонар партызан насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік; помнік на месцы прызямлення 1-га самалёта з Вял. зямлі.
т. 8, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)