крыніца электрамагнітнага поля, звязаная з матэрыяльным носьбітам; унутраная характарыстыка элементарнай часціцы, якая вызначае яе электрамагнітнае ўзаемадзеянне. З.э. любога зараджанага цела — цэлы лік, кратны зараду элементарнаму. Поўны З.э. замкнутай сістэмы захоўваецца пры любых узаемадзеяннях (гл.Зараду захавання закон). Адрозніваюць З.э.: дадатны (напр., зарад наэлектрызаванага шкла) і адмоўны (зарад наэлектрызаванага бурштыну). Сіла ўзаемадзеяння паміж зараджанымі целамі (часціцамі), якія знаходзяцца ў спакоі, падпарадкоўваецца Кулона закону. Узаемасувязь паміж З.э. і эл.-магн. полем вызначаецца Максвела ўраўненнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРНО́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,
нераздымнае злучэнне двух ці болей дэталей, частак канструкцыі, выкананае зваркай. Паводле ўзаемнага размяшчэння элементаў, якія злучаюцца, адрозніваюць З.з. стыкавыя, накладачныя, вуглавыя, таўровыя і інш. Кожнае з іх у залежнасці ад спосабу зваркі (дугавой, кантактавай, электрашлакавай і інш.) мае спецыфічныя адзнакі. Участак З.з., які непасрэдна звязвае элементы, што зварваюцца, наз. зварным швом.
Будова зварнога злучэння пры зварцы плаўленнем (a) і ціскам (б): 1 — зварное шво; 2 — зона сплаўлення; 3 — зона тэрмічнага ўплыву; 4 — прылеглы асноўны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧЭ́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
ваеннае фарміраванне, якое складаецца з некалькіх часцей або злучэнняў меншага складу, звычайна розных родаў войск (сіл), спец. войск (службаў), а таксама часцей (падраздзяленняў) забеспячэння і абслугоўвання. Існуюць З.в. пастаяннай і непастаяннай (часовай) арганізацыі. У залежнасці ад складу і задач, якія належыць вырашаць, адрозніваюць аператыўныя (напр., авіяносныя ўдарныя злучэнні ў ВМС ЗША), аператыўна-тактычныя (армейскія, стралк., механізаваныя, танк., кавалерыйскія і інш. карпусы, часам эскадры надводных караблёў), у гады 2-й сусв. вайны тактычныя (розныя дывізіі, брыгады і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫЯ БАКТЭ́РЫІ.
хлорабактэрыі, група фотасінтэзавальных бактэрый. 2 сям.: Chlorobiaceae — аднаклетачныя невял. нерухомыя бактэрыі ў выглядзе палачак, вібрыёнаў, некат. ўтвараюць ланцужкі клетак або сеткаватыя калоніі, і Chloroflexaceae — ніткаватыя арганізмы, здольныя да слізгання. З.б. ўваходзяць у састаў серабактэрый, маюць пігменты бактэрыяхларафілы і караціноіды, якія афарбоўваюць бактэрыі ў зялёны ці жаўтавата-карычневы колер. Грамадмоўныя, анаэробныя арганізмы, размнажаюцца дзяленнем. Фотасінтэз адбываецца без выдзялення малекулярнага кіслароду. Насяляюць прэсныя і салёныя вадаёмы, садзейнічаюць назапашванню ў іх рэчыва і ўдзельнічаюць у кругавароце серы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКО́-ПАЧЫКО́ЎСКАЯ (Софія Сымонаўна) (сак. 1892, в. Ласокіна Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 7.7.1977),
бел.нар. спявачка і казачніца. Песні, прыпеўкі, казкі, пацешкі, якія яна выконвала, вылучаліся нар. фантазіяй, адухоўленасцю, трапнасцю і дасціпнасцю нар. слова. У аснове яе рэпертуару — каляндарна- і сямейна-абрадавыя песні. Ад яе запісана каля 400 твораў бел. фальклору (запісаў сын Уладзімір). Некаторыя песні. З.-П. увайшлі ў рэпертуар Маладзечанскага нар. ансамбля «Спадчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
арганічныя і неарган. рэчывы, якія дазваляюць устанавіць канец хім. рэакцыі, вадародны паказчык асяроддзя па лёгка бачных зменах (звычайна па змене колеру раствору). Упершыню выкарыстаны англ. вучоным Р.Бойлем (1663). І.х. карыстаюцца пераважна ў тытраметрычным аналізе для вызначэння канчатковага пункта тытравання (пункта эквівалентнасці). У адпаведнасці з тытраметрычнымі метадамі адрозніваюць кіслотна-асноўныя (напр., фенолфталеін), акісляльна-аднаўляльныя (напр., дыфеніламін, акісленая форма якога мае фіялетавы колер, адноўленая — бясколерная), адсарбцыйныя і камплексонаметрычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУСАВЕ́ДЫ ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,
навукова-культурная арг-цыябел. эміграцыі ў Іспаніі. Дзейнічаў у 1952—60 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры ў Мадрыдзе. Старшыня — прынц Тодар Ляскарыс Камнена, арганізац. працу вёў У.Рыжы-Рыскі. Асн. кірункі дзейнасці: развіццё і пашырэнне навук. даследаванняў па гісторыі і сучаснасці бел. дзяржавы, прапаганда ведаў пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. Для працы запрашаліся бел. навукоўцы, якія друкавалі вынікі сваіх распрацовак у ісп.час. «Oriente» («Усход»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯФТЫ́РЫУС (Ichthyophthirus multifiliis),
раснічная інфузорыя атр. плеўкаротых. Узбуджальнік хваробы рыб іхтыяфтырыёзу.
Заражае рыбу ў выглядзе дробных (20—30 мкм у дыям.) «бадзяжак», якія свабодна плаваюць і прымацоўваюцца да скуры, плаўнікоў, шчэлепаў рыб, актыўна ўкараняюцца ў тканкі, хутка растуць, дасягаюць 0,5—1 мм у дыям. (рыба як бы абсыпана маннымі крупамі). Спелы І. выходзіць у ваду, ператвараецца ў цысту, якая дзеліцца шмат разоў на «бадзяжкі» і заражае новых гаспадароў. Можа выклікаць масавую гібель рыб (у т. л. акварыумных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕНБА́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1930,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне в’етн. салдат франц.калан. арміі. Падрыхтавана членамі Нац. партыі В’етнама (НПВ), якія апасаліся поўнага разгрому партыі калан. ўладамі. 9 лют. група стралкоў (200 чал.) ваен. форта Йенбай на беразе Хангхі (Чырв. ракі) у Паўн. В’етнаме захапіла некалькі казармаў, вакзал і інш. аб’екты. Да 15 лют. паўстанне пашырылася на суседнія раёны; адначасова адбылося ўзбр. выступленне ў г. Ханой. Задушана французамі 18 лют. 26 удзельнікаў пакараны смерцю, 33 чал. засуджаны на пажыццёвую катаргу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАВАЛІ́»,
бел.нар. танец. Муз. памер пераважна 2/4, тэмп жвавы. Выконваецца 2 мужчынамі, якія імітуюць рухі каваля (удары адной рукой зверху ўніз па далоні другой рукі, што ляжыць на калене сагнутай нагі, і адпаведныя ўдарам ківанні корпуса). Зафіксаваны ў 1980 у Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Суправаджаецца прыпеўкамі; музыка зафіксавана ў Браслаўскім р-не. У 1982 балетмайстар П.Свярдлоў стварыў на яго аснове сцэн. варыянт танца, які выконваюць 5 юнакоў (цэнтр. фігура — каваль); магчымы і масавы варыянт.