гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры і 11—13 ст. каля в. Маскавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. на беразе воз. Дзерба. На рубяжы н.э. было ўмацавана драўляным частаколам, у 11—12 ст. — сценамі з тоўстых бярвён. У 12—13 ст. памежная крэпасць на паўн.-зах. ускраіне Полацкага княства. Культурны пласт 0,2—1,2 м. Рэшткаў пабудоў не выяўлена, але аэрафотаздымак сведчыць пра комплексную забудову гарадзішча: жытлы, верагодна, былі наземныя, зрубныя, па форме блізкія да квадрата. Гідраархеалагічнымі разведкамі і падводнымі раскопкамі на воз. Дзерба выяўлены пасад, які з цягам часу апынуўся пад вадой возера. Знойдзены прылады працы, конская збруя і рыштунак конніка, рыбалоўныя снасці, вырабы з косці, жаночыя ўпрыгожанні, 4 энкалпіёны, больш за 100 абломкаў касцей жывёл з надпісамі і малюнкамі. Мяркуюць, што надпісы звязаны з рунічным пісьмом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНА́НДР (Menandros; каля 342 да н.э., Афіны — каля 291 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт. Прадстаўнік т.зв. новай атычнай, ці сямейна-быт., камедыі. Напісаў больш за 100 твораў. Некаторыя з іх былі вядомы праз рымскіх пераймальнікаў Плаўта і Тэрэнцыя. Арыгіналы выяўлены і апублікаваны ў 20 ст.: поўны тэкст камедыі «Сугней», амаль цалкам «Саміянка», 1-я пал. камедыі «Шчыт», вял. эпізоды з камедый «Трацейскі суд», «Адрэзаная каса», фрагменты з «Сікіёнца» і «Ненавіснага». Узбагаціў традыц. камедыйныя тыпы новымі, індывід. рысамі. З гуманіст. пазіцый у духу этыкі філосафа Эпікура разглядаў маральныя праблемы, пытанні быту, сям’і, чалавечых адносін. Адметныя дасціпным сюжэтам, тонкім гумарам, вытанчаным стылем, яго камедыі паўплывалі на творчасць П.Кальдэрона дэ ла Баркі, Лопэ дэ Вэгі, У.Шэкспіра, Мальера, К.Гальдоні, А.Астроўскага.
Тв.:
Рус.пер. — Комедии. Фрагменты. М., 1982.
Літ.:
Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСЕ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
тры вайны паміж Месеніяй і Спартай (Стараж. Грэцыя). У выніку 1-й М.в. (канец 8 ст. да н.э.), якую пачала Спарта з мэтай захопу ўрадлівых зямель, Месенія страціла б.ч. сваёй тэрыторыі. Жорсткае спартанскае панаванне падштурхнула месенцаў да паўстання, вядомага як 2-я М.в. (сярэдзіна 7 ст. да н.э.). Больш моцная ў ваен. адносінах Спарта зноў перамагла і захапіла ўсю Месенію; частка насельніцтва перасялілася на Сіцылію, а большасць ператворана ў бяспраўных ілотаў. 3-я М.в. (464—455 да н.э.) фактычна была паўстаннем ілотаў, якія выкарысталі разгубленасць у Спарце ў выніку землетрасення 464, і пачалі ваен. дзеянні. Месенцы замацаваліся на гары Ітома і, нягледзячы на падмогу спартанцам з боку грэч. полісаў, на працягу 10 гадоў паспяхова трымалі абарону. Спартанцы былі вымушаны даць свабодны выхад з Месеніі паўстанцам, якія пасяліліся ў г. Наўпакт (Ц. Грэцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛІ́ДЫ, металічныя злучэнні,
хімічныя злучэнні металаў паміж сабой (інтэрметаліды), а таксама металаў (пераважна пераходных) з неметаламі (карбіды, нітрыды, сульфіды і інш.).
Звычайна М. існуюць у пэўнай вобласці канцэнтрацый кампанентаў, т. зв. вобласці гамагеннасці. Іх састаў і структура абумоўлены становішчам элементаў у перыяд. сістэме, іх атамнымі радыусамі і электраадмоўнасцю; састаў звычайна не адпавядае фармальнай валентнасці элементаў. Для большасці М. характэрна пераважна металічная сувязь. Паводле колькасці элементаў адрозніваюць М. падвойныя (напр.. CuAu, AlCu3, TiC), патройныя (напр., CuInSe2, Cu2Mo6S8) і складаныя (напр., высокатэмпературныя аксідныя звышправаднікі BaYCu3O0,65+x пры 0,23 < x < 0,3). Інтэрметаліды ў параўнанні з чыстымі металамі маюць меншую электра- і цеплаправоднасць, больш высокія т-ры плаўлення і цвёрдасць; многія вызначаюцца нізкай пластычнасцю. Для злучэнняў металаў з неметаламі, як правіла, характэрны паўправадніковыя ўласцівасці. Выкарыстоўваюць М. як магнітныя і паўправадніковыя матэрыялы, звышправаднікі, кампаненты высокатрывалых канстр. матэрыялаў і гарачатрывалых сплаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРТВАЯ МО́ВА,
мова, якая выйшла з ужытку і вядомая толькі па пісьмовых помніках ці запісах, што дайшлі з часу, калі яна была жывой. Часта захоўваецца ў жывым ужыванні ў якасці мовы культу (копцкая мова як мова богаслужэння ў хрысціян-егіпцян, лацінская мова ў каталіцкай царкве, царкоўнаславянская мова ў праваслаўнай царкве, класічная тыбецкая мова ў ламаісцкай царкве ў манг. народнасцей). Больш рэдкім з’яўляецца адначасовае выкарыстанне М.м. ў якасці саслоўнай (каставай жрэцкай, што звязана з яе культавай роляй) і літаратурнай, напр., санскрыт у стараж. і сярэдневяковай Індыі. М.м. можа выкарыстоўвацца ў навуцы (лац. мова). Лексіка М.м. характарызуецца колькаснай абмежаванасцю, лексемамі, значэнне якіх застаецца невядомым, і лексемамі, якія трапляюцца ў тэкстах толькі адзін раз. У выключных сац. умовах магчыма пераўтварэнне М.м. культу ў размоўную (напр., іўрыт). Многія з М.м. сталі набыткам навукі ў выніку дэшыфроўкі іх пісьмовых помнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІ-ФУТБО́Л,
спартыўная камандная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек, у т. л. варатар. Мэта камандаў — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Працягласць гульні — 2 таймы па 20 мін «чыстага часу». Гульня ідзе на пляцоўцы даўж. 24—42 м і шыр. 14—22 м. Пакрыццё пляцоўкі пад адкрытым небам — земляны грунт, дзёран, сінт. дыван, у памяшканні — сінт. ці драўлянае. Памеры варот 3 × 2 м.
У Еўропе пачаў развівацца ў Аўстрыі (1958). З 1980-х г. пашырыўся ў Бельгіі, Бразіліі, Венгрыі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Нідэрландах, Расіі і інш. Першы чэмпіён Еўропы — каманда Іспаніі (1996, г. Кордава, Іспанія), першы чэмпіён свету — каманда Бразіліі (1996, Нідэрланды).
На Беларусі папулярны з канца 1980-х г. Створаны 2 лігі. Першы чэмпіянат рэспублікі адбыўся ў 1990, гульні на Кубак Беларусі праводзяцца з 1991.
расійскі акардэаніст, метадыст, дырыжор, інструментазнавец, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1995). Д-р мастацтвазнаўства (1987). Скончыў муз. вучылішча (1950) і Ін-т культуры (1967) у Маскве. З 1947 выкладае, у т. л. з 1975 у Ленінградскім ін-це т-ра, музыкі і кінематаграфіі, з 1980 у Маскоўскім пед. ін-це (з 1988 праф.). Заснавальнік (1997) Міжнар. музея рус. гармоніка ў Маскве (на базе ўласнай калекцыі, больш за 150 інструментаў). Аўтар вучэбна-метадычных і інструментазнаўчых прац, у т. л. энцыклапедыі «Гармонік» (1994), аўтабіягр.кн. «Запіскі вязня» (1989) і «Турэмны рэквіем» (1997), складальнік шматлікіх зборнікаў п’ес і аўтар пералажэнняў для акардэона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫЦЭ́ПС (Multiceps),
род стужачных чарвей. Больш за 20 відаў. Пашыраны ўсюды. Дарослыя чэрві паразітуюць у тонкіх кішках драпежных млекакормячых, пераважна сабачых і кашэчых, выклікаючы тэніідозы; лічынкі (цэнуры) — у мозгу, унутр. поласцях і органах, пад скурай і інш. у капытных, грызуноў, зайцападобных, прыматаў (зрэдку чалавека) і інш., выклікаюць цэнурозы. На Беларусі найб. пашыраны М. звычайны, або мазгавік авечы (M. multiceps), трапляецца М. серыйны (M. serialis).
Даўж. да 1 м. Цела мае да 250 членікаў, галоўку (сколекс) з прысоскамі і крукамі. Гермафрадыты. Спелыя членікі з яйцамі выдаляюцца з калам канчатковых гаспадароў. Яйцы з ежай трапляюць у кішэчнік прамежкавага гаспадара, з іх выходзяць зародкі (анкасферы), разносяцца з крывёю па арганізме і ператвараюцца ў цэнурусы — пузыры з вадкасцю і зародкавымі сколексамі (да некалькіх соцень у кожным). Трапляючы ў кішэчнік драпежніка, сколексы вырастаюць у дарослых паразітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЕ́ЗНІКІ (Ichneumonoidea i Chalcidoidea),
надсямействы паразітычных перапончатакрылых насякомых падатр. сцябліністабрухіх. Каля 1250 родаў, больш за 67 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў вільготных месцах. Найб. вядомыя на Беларусі прадстаўнікі родаў трыхаграмы, афіёны (Ophion), іхнеўмоны (Ichneumon), крыпты (Cryptus), эфіяльты (Ephialtes) і інш. Некат. віды Н. выкарыстоўваюць у біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.
Даўж. 0,2—50 мм. Брушка рухома злучанае з грудзямі. Дарослыя кормяцца пераважна нектарам і пылком кветак, сокамі раслін. Развіццё з поўным ператварэннем, пераважна палавое. Лічынкі большасці Н. першасныя экта- або эндапаразіты насякомых, павукападобных, мнаганожак. Самка садзіцца на ахвяру (адсюль назва) і адкладвае яйцы ў (на) цела або ў яйцо інш. беспазваночных; некат. віды Н. папярэдне паралізуюць ахвяру. Лічынкі кормяцца за кошт унутр. тканак жывой ахвяры-гаспадара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАЎ (Сяргей Іванавіч) (14.10.1928, в. Барадзіно Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 11.8.1999),
бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Акад. УАСГНІЛ (1988, чл.-кар. з 1982; з 1992 — Рас. акадэмія с.-г. навук), Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-ртэхн.н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1981). Скончыў БСГА (1953). З 1962 у Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (у 1968—80 нам. дырэктара), у 1980—93 рэктар БСГА. Навук. працы па тэхніцы і тэхналогіі ўнясення мінер. і арган. угнаенняў, інш. праблемах механізацыі с.-г. вытв-сці. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана больш як 20 с.-г. машын, якія выпускаюцца прам-сцю Беларусі.
Тв.:
Механизация обработки и внесение органических удобрений. Мн., 1993 (разам з В.А.Шаршуновым);
Механизация уборки и послеуборочной обработки семян кормовых культур и трав. Мн., 1997 (з ім жа).