МАРО́З Уладзімір Вікенцьевіч (н. 11.6.1953, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт, кінадраматург. Скончыў БПІ (1975), Літ.ін-тімя Горкага (1983). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1988 на кінастудыі «Летапіс» «Беларусьфільма». З 1998 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1978. У зб-ках «Голас», «Рэй» (абодва 1993) лірычны роздум пра бел. шлях, любоў да роднага краю, тэма кахання. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў пра гісторыю і культуру Беларусі «Кірыла Тураўскі» (1990), «Іван Насовіч» (1991), «Леў Сапега, канцлер», «Рэха збройнага чыну» (абодва 1992), «Браты Ермаловічы», «Успамін пра Міколу Равенскага» (абодва 1993, за апошні Дзярж. прэмія Беларусі 1994), «За брамай забытых мелодый», «Крыж ля дарогі» (абодва 1994), «Сымон Будны. Паэма» (1995), «Крэва» (1996), «Зорка Афанасія» (1997), «Згадкі страчанага раю» (1998) і інш. Адзін з укладальнікаў і аўтараў кн. «Памяць. Івацэвіцкі раён» (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦЫНЮ́К Аляксандр Іванавіч (н. 7.2.1945, Гродна),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў студыю Бел.т-раімя Я.Купалы (1969), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). З 1969 працаваў у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, з 1976 у Гродзенскім абл.драм. т-ры. Вызначаецца адметным увасабленнем камед. вострахарактарных роляў, дакладна распрацоўвае іх маст. форму і вобразны змест: Куторга («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Адольф Быкоўскі («Паўлінка» Я.Купалы), Шкаляр Самахвальскі («Несцерка» В.Вольскага), Крызальд («Школа жонак» Мальера), Бергамэн («Рамантыкі» Э.Растана), маркіз Фарліпопалі («Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні), Міколка («Бабскі бунт» паводле М.Шолахава). З інш. роляў: Феронда («Дэкамерон» паводле Дж.Бакачыо), Ксанф («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Клэр Куілці («Лаліта» Э.Олбі паводле У.Набокава), Чэда («Пані міністэрша» Б.Нушыча), Шыронкін («Мандат» М.Эрдмана), Патапаў, Хамутоў («Правінцыяльныя анекдоты» А.Вампілава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ ПРЭ́МІІ МІ́РУ,
ганаровыя ўзнагароды Сусветнага Савета Міру (ССМ). Прысуджаліся ў 1949—91 выдатным дзеячам сусв. навукі і культуры за найлепшыя творы л-ры і мастацтва, навук. працы і кінафільмы, якія садзейнічалі ўмацаванню міру паміж народамі, а таксама асобным паліт. дзеячам і грамадска-паліт. арг-цыям розных краін за вял. ўклад у справу ўмацавання міру. Заснаваны на 1-м Парыжска-Пражскім Сусв. кангрэсе прыхільнікаў міру ў крас. 1949. Рэгламент М.п.м. зацверджаны на 2-й сесіі Пастаяннага к-таСусв. кангрэса прыхільнікаў міру (Рым, 28—31 кастр. 1949). ССМ устанавіў (1951) тры формы прэмій: Ганаровыя міжнар. прэміі Міру, Міжнар. прэміі Міру і залатыя медалі Міру (з 1959 — залатыя медалі Міру імя Ф.Жаліо-Кюры). Сярод лаўрэатаў былі Ю.Фучык (1950, пасмяротна), Б.Бартак (1955, пасмяротна), Дз.Дз.Шастаковіч (1953), Б.Палявой (1959, 1968), І.Р.Эрэнбург (1961), Дж.Нэру (1970, пасмяротна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЙЛАЎ Аляксандр Якаўлевіч (н. 5.10.1944, г.п. Алавяная Чыцінскай вобл., Расія),
расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1983). Нар.арт. Расіі (1992). Скончыў Далёкаўсходні ін-т мастацтваў (1969, г. Уладзівасток). З 1970 у Саратаўскім драм. т-ры, з 1980 у Маскоўскім т-ры імя М.Ярмолавай, з 1985 у Малым т-ры. Творчая манера М. адметная рамантычнасцю, мяккім лірызмам, глыбінёй псіхал. характарыстык, шчырасцю і арганічнасцю: Дорн і Міхаіл Львовіч («Чайка» і «Лясун» А.Чэхава), цар Іван Васілевіч («Цар Іаан Грозны» А.Талстога), Канстанцін («Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава), Джэймс («Доўгі дзень адыходзіць у ноч» Ю.О’Ніла) і інш. З 1974 здымаецца ў кіно: «Прыезджая» (1978), «Выкраданне «Савойі» (1979), «Белы снег Расіі» (1980), «Белы воран» (1981), «Мужыкі!» (1982, Дзярж. прэмія Расіі 1983), «Адзінокім даецца інтэрнат» (1983), «Каханне і галубы» (1984), «Змеялоў» (1985), «З новым шчасцем...» (1999, тэлефільм) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫЦ Юна Пятроўна (н. 2.6.1937, Кіеў),
расійская паэтэса. Скончыла Літ.ін-тімя М.Горкага (1961). Друкуецца з 1954. У паэт. зб-ках «Размова пра шчасце» (1957), «Мыс Жадання» (1961), «Лаза» (1970), «Пры святле жыцця» (1977), «Трэцяе вока» (1980) «Сіні агонь» (1985), «На гэтым беразе высокім» (1987), «Учора я спявала ў пераходзе» (1997), «Дзіўны які я звер» (1998) і інш. роздум пра чалавечыя адносіны, любоў, мацярынства. Паэма «Зорка Сербасці» (нап. 1999) прысвечана Сербіі. Аўтар «Апавяданняў пра дзівоснае» (1998), літ.-крытычных эсэ, вершаў для дзяцей. Творчасці М. уласцівы глыбіня пачуццяў, багацце фарбаў, гумар, літ., музычныя і жывапісныя рэмінісцэнцыі. Многія яе вершы пакладзены на музыку («Добра — быць маладым!», «Калі мы былі маладыя...», «Вялікі сакрэт для маленькай кампаніі» і інш.). Займаецца графікай і жывапісам. На бел. мову асобныя яе вершы пераклаў Я.Сіпакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХТА́Р (сапр.Мухтараў) Аскад
(н. 23.12.1920, г. Фергана, Узбекістан),
узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1981). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1942). Друкуецца з 1939. Пачынальнік тэмы рабочага класа ва ўзб. л-ры: паэма «Сталявар» (1947), зб. вершаў «Мае суграмадзяне» (1949), кнігі нарысаў і апавяданняў «Горад сталі» (1950), «Насустрач будучыні» (1951), раман «Нараджэнне» (1961) і інш. У раманах «Сёстры» (1954), «Час у маім лёсе» (1964), «Чынара» (1969, Дзярж. прэмія імя Хамзы 1973), кнігах вершаў і паэм «99 мініяцюр» (1962), «Калыханка сонца» (1971), «Маё слова да вас» (1978) і інш.найб. важныя грамадска-паліт. і маральна-этычныя праблемы, шляхі гіст. развіцця ўзб. народа, яго культ. рост, духоўнае багацце. Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.Базарэвіч, А.Клышка, Ю.Свірка, К.Цвірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙРО́БІ (Nairobi),
горад, сталіца Кеніі. Размяшчаецца на пласкагор’і, на выш. 1,7 тыс.м. З прылеглай тэрыторыяй утварае сталічную акругу Найробі. 2 млн.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.гандл.-прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., тэкст., гарбарна-абутковая, хім., папяровая, шкляная, металург., металаапр., цэм., шынная. Нац.ун-т. Музеі, у т. л. Нацыянальны (уключае буйнейшую ў свеце калекцыю афр. матылёў). Тэатры. Макміланаўская б-ка. Нац. цэнтр дагіст. і палеанталагічных даследаванняў. Шпіталь імя Дж.Кеніяты. Штаб-кватэра Сакратарыята ААН па праграме навакольнага асяроддзя. За 8 км на Пд — нац. парк Найробі.
Засн. ў 1899 у сувязі з буд-вам чыгункі. У 1907—63 адм. цэнтр брыт. калоніі Кенія. У 1920—40-я г. ў Н. размяшчалася англ.ваен. база. З 1963 сталіца незалежнай Кеніі (з 1964 Рэспублікі Кенія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СТАР ІСКАНДЭ́Р,
рускі пісьменнік 15 ст. Верагодны аўтар «Аповесці пра ўзяцце Царграда туркамі ў 1453 г.». У пасляслоўі аднаго са спісаў «Аповесці» ёсць імя аўтара — Н.І. Пра сябе ён паведамляе, што ў маладосці трапіў у палон да туркаў, прыняў іслам, удзельнічаў у многіх паходах. Ён запісваў усё бачанае у час аблогі і ўзяцця Канстанцінопаля султанам Мехмедам II, а таксама сабраў звесткі пра абарону горада. У «Аповесці» выкладзена гісторыя Канстанцінопаля ад часоў яго заснавання, асабліва падрабязна расказваецца пра аблогу візант. сталіцы туркамі і яе ўзяцце. Аўтар імкнецца паказаць непазбежнасць гібелі Канстанцінопаля, які ўвязнуў у граху, і адначасова ўслаўляе мужнасць яго абаронцаў. Твор спалучае шмат сапраўдных звестак і сюжэтны вымысел і ўяўляе сабой адзіны тэкст, які вызначаецца высокім літ. майстэрствам. На думку большасці даследчыкаў, «Аповесць» — пазнейшая апрацоўка запісаў Н.І.
Літ.:
Древнерусская литература: Источниковедение. Л., 1984. С. 84—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕВА (Тарасевіч) Таццяна Пятроўна
(4,5.1924, г. Бранск, Расія — 13.11.1993),
расійская піяністка, кампазітар, педагог. Засл. арт. Расіі (1955). Нар.арт.СССР (1983). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. (1947, клас А.Гальдэнвейзера) і кампазіцыі (1950), з 1959 выкладала ў ёй (з 1965 праф.). З 1945 салістка Маскоўскай філармоніі. Яе выкананню былі ўласцівы высокая культура і майстэрства, тэхн. свабода. У рэпертуары фп. творы І.С.Баха, Л.Бетховена, Ф.Шапэна, Р.Шумана, І.Стравінскага, П.Чайкоўскага, А.Скрабіна, С.Рахманінава, Дз.Шастаковіча і інш. Аўтар 2 канцэртаў для фп. з арк. (1950, 1963), сімф. твораў, транскрыпцый і пералажэнняў для фп. і інш. 1-я прэмія Міжнар. конкурсу на лепшае выкананне твораў Баха (Лейпцыг, 1950). Дзярж. прэмія СССР 1951. Міжнар. прэмія імя Шумана 1971 (ГДР).
Літ.:
Григорьев Л., Платек Я. Современные пианисты. 2 изд. М., 1990. С. 244—246.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́СКІ Георгій Рыгоравіч (21.1.1903, г. Гомель — 19.6.1987),
расійскі мастак. Нар.маст. Расіі (1965). Правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў Гомельскай студыі імя М.Урубеля (1919—21), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях і Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1921—30). Зазнаў уплыў А.Дайнекі. У пейзажах імкнуўся перадаць рытм сучаснага жыцця праз яркае каларыстычнае вырашэнне ў спалучэнні з абагульненасцю кампазіцыі. Сярод твораў: «Беларускі пейзаж» (1947), «Верхняя Волга» (1949), «Вясёлка», «Ля берагоў Далёкага Усходу», «Порт Адэса» (цеплаход «Расія»), «Пейзаж з маяком» (усе 1950), «Падмаскоўная зіма» (1951), «Рыбінскае мора» (1953—54), «Парусны спорт. Пестава» (1954), «Падмаскоўе. Люты», «Падмаскоўная ракада» (абодва 1957), «Азёрны край» (1958), «Над снягамі», «Калгас «Загор’е» (абодва 1959—60), «Каля магілы сябра» (1963—64), трыпціха «На Поўначы» (1957). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1951.