РУДЭ́НКА (Алена Мікалаеўна) (н. 6.10.1961, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2000). Скончыла БДУ (1985). З 1985 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1989 у Мінскім лінгвістычным ун-це, з 1995 — у БДУ. Даследуе пытанні сучаснай бел. літ. мовы, яе гісторыю, этымалогію лексікі, слав. мовы, агульнае мовазнаўства. Аўтар кн. «Інтэлектуальныя абазначэнні: функцыянаванне і матывацыя» (1994, з А.​А.​Кожынавай), «Сістэмны рух і гуманітарныя навукі» (1996, з М.​А.​Сакаловай), «Дзеясловы з семантыкай разумовых працэсаў у беларускай мове» (2000), падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па бел. мове для школы і інш.

Тв.:

Белорусский язык для русскоязычных. Мн., 1994 (разам з А.​А.​Кожынавай, А.​Г.​Тарасевіч).

М.​Н.​Крыўко.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАФЛАВІ́Н, вітамін B2,

водарастваральны вітамін групы B, C17H20O6N4. У арганізме чалавека не сінтэзуецца (паступае з прадуктамі харчавання). Будову Р. вызначылі ў 1935 шляхам хім. сінтэзу адначасова П.Карэр і Р.І.Кун. Удзельнічае ў абмене рэчываў шляхам пераўтварэння ў флавінавыя каферменты (флавінмонануклеатыд і флавінадэніндынуклеатыд), якія забяспечваюць актыўнасць важнейшых акісляльна-аднаўленчых ферментаў, што рэгулююць рэакцыі бялковага, вугляводнага, тлушчавага і энергет. абмену. Неабходны для праяўлення актыўнасці інш. вітамінаў (D, B6, фоліевай к-ты).

Недахоп Р. ў арганізме выклікае агульную слабасць, пахудзенне, тармажэнне росту, запаленне скуры, малакроўе, парушэнне зроку, сардэчнай дзейнасці і інш. Сутачная патрэбнасць для дарослага чалавека — 1,5—2,5 мг. Найб. Р. ў печані, нырках, яйках, дражджах, малочных прадуктах і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГЛА́МЕНТЫ ПЯТРА́ І,

заканадаўчыя акты Рас. дзяржавы 1-й чвэрці 18 ст. Вызначалі структуру і задачы устаноў, створаных у працэсе пераўтварэнняў, што праводзіліся ў гэты перыяд. Да іх адносяцца: ваен. статуты («Ваенны артыкул», 1716, «Статут воінскі сухапутны», 1716, «Марскі статут», 1720), «Генеральны рэгламент» для калегій (1720), «Духоўны рэгламент» для Сінода (1721), «Рэгламент Галоўнага магістрата» (1721), «Рэгламент Адміралцейства» (1722). Распрацоўваліся Пятром І сумесна з кіраўнікамі дзярж. устаноў і прадстаўнікамі саслоўяў (дваранства, купецтва, духавенства). Нормы, запазычаныя з зах.-еўрап. заканадаўстваў, дастасоўваліся да ўмоў Расіі. Садзейнічалі цэнтралізацыі дзярж. апарату, пераадоленню рэшткаў феад. сепаратызму, умацаванню арміі і флоту. Разам з тым служылі ўмацаванню эксплуатацыі прыгонных сялян і работных людзей, пашыралі правы і прывілеі пануючых саслоўяў.

т. 13, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЕЦЫ́ЗМ [грэч. soloikismos ад назвы г. Солы (Soloi), грэч. калоніі ў М. Азіі, жыхары якой дрэнна гаварылі па-атычнаму],

1) у паэтыцы — няправільны моўны зварот, свядома выкарыстаны для стварэння «нізкага» стылю. Адрозніваюць віды С.: плеаназм, эналага, эліпсіс, анакалуф.

2) У лінгвістыцы — сінтакс. памылка ў дапасаванні, кіраванні, парадку слоў, ужыванні дзеепрыметных і дзеепрыслоўных зваротаў, будове складаных сказаў і інш. Напр.: «Добрае надвор’е спрыяла для правядзення ўборачных работ» (замест «Добрае надвор’е спрыяла правядзенню ўборачных работ»), «Прыйшоўшы на працу, у мяне забалела галава» (замест «Калі я прыйшоў на працу, у мяне забалела галава»). Сінтакс. памылкі часта ўзнікаюць пад уплывам мясц. гаворак або інш. моў. Напр.: «Суседзі прыехаўшы» (замест «Суседзі прыехалі»).

І.​К.​Германовіч.

т. 14, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІПСІ́ЗМ (ад лац. solus адзін + ipse сам),

гранічная форма суб’ектыўнага ідэалізму, паводле якой несумненнай рэальнасцю прызнаецца толькі суб’ект, а аб’ектыўны свет існуе выключна ў свядомасці індывіда. Знаходзіцца ў супярэчнасці з жыццёвым вопытам і штодзённай дзейнасцю чалавека, таму ў завершаным выглядзе сустракаецца надзвычай рэдка (напр., у франц. філосафа і ўрача К.​Брунэ). Асобныя рысы С. характэрны для суб’ектыўнага ідэалізму (Дж.​Берклі, І.​Фіхтэ), эмпірыякрытыцызму (Э.​Мах), іманентнай філасофіі (В.​Шупе, Р.​Шуберт-Зольдэрн), прадстаўнікі якіх імкнуцца пазбягаць гранічных форм С. шляхам сінтэзу суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ідэалізму. Тэрмін «С.» выкарыстоўваюць таксама ў этыцы для абазначэння крайняга эгаізму, эгацэнтрызму ці т.зв. практычнага С. (паводле вызначэння франц. экзістэнцыяліста Г.​Марселя). Прадстаўнік практычнага С. — М.​Штырнер.

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЯ́НАЯ КІСЛАТА́, хлорыставадародная кіслата,

раствор хлорыстага вадароду ў вадзе; моцная аднаасноўная неарганічная к-та, НСІ. Ёсць у страўнікавым соку жывёл і чалавека.

Бясколерная празрыстая вадкасць (тэхн. С.к. жоўта-зялёнага колеру з-за прымесей жалеза, хлору і інш.). Канцэнтраваная С.к. (макс. канцэнтрацыя пры 20 °C 40% НСІ па масе, шчыльн. 1198 кг/м³) дыміць у паветры. С.к. ўзаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з металамі, якія маюць адмоўныя нармальныя патэнцыялы, з аксідамі і гідраксідамі металаў (утварае хларыды). У прам-сці атрымліваюць адыябатычнай ці ізатэрмічнай абсорбцыяй хлорыстага вадароду вадой. Выкарыстоўваюць у гідраметалургіі, для ачысткі паверхні металаў пры пайцы і луджэнні, для атрымання хларыдаў металаў (цынку, марганцу, жалеза і інш.), пры вытв-сці каўчукоў, соды, хлору і інш.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЯ́НКА (Salsola),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў пустынях і паўпустынях Еўразіі, Афрыкі, заносныя ў Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 3 віды С.: пантыйская (S. pontica), руская, або курай, паташнік, ці попельнік (S. ruthenica), і ўзгоркавая (S. collina). Трапляюцца ўздоўж дарог, чыгунак, на пустках, каля жылля.

Аднагадовыя травы, невял. дрэвы, кусты ці паўкусты. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя, растапырана-галінастыя, цвёрдаапушаныя. Лісце невял., вузкае, мясістае, суцэльнае, чаргаванае, на верхавінцы звычайна шыпаватае. Кветкі малапрыкметныя, адзіночныя ў пазухах лісця або ў коласападобных ці мяцёлчатых суквеццях, двухполыя. Плод — сухі арэшак. Корм для вярблюдаў, авечак, коз; некат. віды выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў. Дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Салянка звычайная.

т. 14, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАГО́РСКІ ЦЭЛЮЛО́ЗНА-КАРДО́ННЫ КАМБІНА́Т Пабудаваны ў г. Светлагорск Гомельскай вобл. ў 1968

(1-я чарга па выпуску гафрыраванага кардону і вырабу з яго тары). У складзе камбіната паступова ўведзены ў эксплуатацыю: з-д бісульфітнай цэлюлозы на магніевай аснове, кардонна-папяровая ф-ка, ф-ка фільтравальнага кардону для харч. вадкасцей, вытв-сці — суцэльнага склеенага кардону, папяровых мяшкоў, папяровых сотаў і вырабаў з іх. З 1993 — адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (2001): 2-, 3-, 5- і 8-слойны гафракардон і скрынкі з яго розных памераў і канфігурацый; кардон каробачны склеены, кардон для фільтрацыі харч. вадкасцей (сокаў, віна, каньяку, шампанскага, піва і інш.),

папяровыя мяшкі, пакеты, шпагат, соты і вырабы з іх.

т. 14, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛА́НЫ,

крэменевадароды, група хім. злучэнняў крэмнію з вадародам агульнай ф-лы SinH2n+2 (n = 1—8); аналагі алканаў (гл. Насычаныя злучэнні). Ланцугі, утвораныя атамамі крэмнію няўстойлівыя; вышэйшы вядомы член гомалагічнага раду С. — октасілан Si8H18.

Монасілан SiH4 (tкіп -112 °C, шчыльн. 680 кг/м³) і дысілан Si2H6 — бясколерныя газы, астатнія — бясколерныя лятучыя вадкасці з непрыемным пахам, атрутныя. Раствараюцца ў этаноле, бензіне, серавугляродзе. Пірафорныя (гл. Пірафорныя рэчывы). Вельмі лёгка акісляюцца (для С. з n ≥ 3 рэакцыя адбываецца з моцным выбухам) і гідралізуюцца з утварэннем крэмнію дыаксіду і вадароду. Монасілан атрымліваюць раскладаннем трыэтаксісілану (C2H5O)3SiH пры 20—80 °C у прысутнасці натрыю, астатнія С. — раскладаннем сіліцыдаў металаў к-тамі і шчолачамі. Выкарыстоўваюць SiH4 для атрымання паўправадніковага крэмнію.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ГІ (англ. buggy),

найпрасцейшая аўтамашына. Складаецца з рамы на чатырох колах, рухавіка, рулявой калонкі і тармазной сістэмы. Збіраецца аматарамі ў аўтаклубах, выкарыстоўваецца для кальцавых гонак на трасах даўж. да 1 км з моцна перасечаным рэльефам.

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)