АЎТАМАШЫНІ́СТ,

сістэма аўтаматычнага кіравання рухам паяздоў. Грунтуецца на параўнанні сапраўднага часу перамяшчэння поезда з праграмным, які абмежаваны дапушчальнымі скарасцямі, інтэнсіўнасцю тармажэння і інш. Асн. частка аўтамашыніста — ЭВМ, якая па паказаннях датчыкаў скорасці поезда і шляху, што ён прайшоў, выбірае аптымальны рэжым руху. Выкарыстоўваецца пераважна на чыгунках з невял. інтэрваламі часу паміж паяздамі і на метрапалітэне.

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЖЭ́ (Berger),

карставая бездань у Зах. Альпах, у масіве Веркор, на тэр. Францыі. Уваход на выш. 1460 м, глыб. 1248 м (адна з найглыбейшых на Зямлі). На глыб. больш за 200 м бездань пераходзіць у пячору (Вялікую галерэю), якая апускаецца па нахіле слаёў. У глыбіні — вял. каньён, вадаспад Урагана. Спадзістая апошняя ч. заканчваецца водным сіфонам.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРК ((Burke) Роберт О’Хара) (1821, Сент-Клеранс, графства Голуэй, Ірландыя — 28.6.1861),

англійскі даследчык Аўстраліі. У 1860 узначаліў экспедыцыю па пошуку трасы для трансаўстралійскага тэлеграфа. Накіраваўся з Мельбурна на Пн і дасягнуў вусця р. Фліндэрс на беразе зал. Карпентарыя, упершыню перасек аўстралійскі мацярык у мерыдыянальным напрамку. Загінуў на зваротным шляху. Імем Бёрка названа адкрытая ім рака.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУС РА́НКІНА,

адзінка тэрмадынамічнай тэмпературы. Абазначаецца °Ra. Роўны градусу Фарэнгейта. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: абсалютны нуль (0 °Ra) і т-ра трайнога пункта вады (491,688 °Ra). Прапанаваны шатл. фізікам У.​Дж.​Ранкінам. Выкарыстоўваецца ў некат. краінах, напр., у ЗША, дзе вымяраюць т-ру па шкале Фарэнгейта. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КАМБІНА́Т БУДМАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Створаны ў 1950 на базе цагельнага, кафляна-плітачнага і вапнавага прадпрыемстваў. З 1958 буйное механізаванае прадпрыемства па выпуску будматэрыялаў. Асн. прадукцыя (1996): цэгла сілікатная і вонкавая каляровая, арміраваныя панэлі з ячэістага і шчыльнага сілікатабетону, ячэістыя блокі, вапна будаўнічая, плітка аддзелачная каляровая сілікатабетонная, уцяпляльнік газасілікатны, чарапіца палімерпясчаная. Гасп. сувязі з Літвой і Расіяй.

т. 5, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАЁМІСТАСЦЬ транспартнага сродку,

сумарны аб’ём памяшканняў (судна, вагона, самалёта, аўтамабіля і інш.) для размяшчэння грузаў. Вымяраецца ў кубічных метрах. Тэарэтычна вызначаецца па абводах грузавых памяшканняў. У суднаў адрозніваюць таксама зерневую (для сыпкіх грузаў), стосавую (для штучных грузаў) і грузаёмістасць для вадкіх грузаў. Удз. грузаёмістасць — аб’ём (або плошча) грузавых памяшканняў на адзінку грузападымальнасці.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБАРЭ́ВІЧ (Якаў Рыгоравіч) (3.12.1905, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 1971),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1952), праф. (1953). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1932). З 1959 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па ветэрынарнай гінекалогіі, акушэрстве і штучным асемяненні.

Тв.:

Акушерство, гинекология и искусственное осеменение сельскохозяйственных животных. Л., 1967 (у сааўт.).

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН Крыма,

цясніна ў Крымскіх гарах, на паўн. схіле Ай-Петрынскай Яйлы, на Украіне. Даўж. каля 3 км, шыр. 2—4 м, глыб. да 350 м. Эразійна-тэктанічнага паходжання; утварыўся ў вапняках. Па дне цячэ р. Аўзун-Узень. Парогі, вадаспады, паглыбленні, т.зв. катлы і ванны (больш як 150). Помнік прыроды. Турызм.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЛЕ́Т (франц. doublet ад double двайны),

1) адзін з 2 аднолькавых прадметаў; другі экзэмпляр якой-н. рэчы ў калекцыі, музеі, б-цы і інш. 2) Падроблены каштоўны камень, склеены з 2 частак, з якіх толькі верхняя з’яўляецца сапраўднай.

3) 2 выстралы запар па адной цэлі з двухствольнага ружжа.

4) У музыцы — падвойны рэгістр у аргане.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГЕЛЬМІНТЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + гельмінты),

комплекс лячэбна-прафілакт. мерапрыемстваў па знішчэнні гельмінтаў (паразітычных чарвей) на ўсіх стадыях іх развіцця ў арганізме чалавека ці жывёлы і ў навакольным асяроддзі (глеба, гной). Праводзіцца з лячэбнай, прафілакт. і дыягнастычнай мэтамі з выкарыстаннем проціглісных (антыгельмінтных) сродкаў (гексахлорэтан, піперазін, насенне гарбузоў, філіксан і інш.), высокай т-ры і хірург. аперацый.

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)