НЕЙТРАЛІТЭ́Т (ням. Neutralitāt ад лац. neuter ні той, ні іншы) у міжнародным праве, палітыка няўдзелу ў вайне, у мірны час — адмаўленне ад удзелу ў ваен. блоках. Нейтральная дзяржава мае правы на недатыкальнасць яе тэрыторыі, грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у ваен. дзеяннях тых бакоў, якія ваююць, і маёмасці, якая не аднесена да ваен. кантрабанды. Нейтральная дзяржава можа абараняць свой Н. з дапамогай зброі (Н. узброены).

Н. у час вайны — прававое становішча дзяржавы, пры якім яна не ўдзельнічае ў вайне і не аказвае непасрэднай дапамогі тым, хто ваюе. Краіна можа зрабіць спец. заяву аб Н., хоць гэта неабавязкова. Правы і абавязкі нейтральных дзяржаў у час вайны, а таксама бакоў, якія ваююць, адносна нейтральных дзяржаў, а таксама фіз. асоб як нейтральных, так і тых дзяржаў, што ваююць, рэгламентуюцца Гаагскімі канвенцыямі 1907 аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў на выпадак сухапутнай і марской войнаў. У гэтых дакументах забараняюцца любыя ваен. дзеянні, якія б маглі разглядацца як садзейнічанне бакам, што ваююць. Н. пастаянны — прававое становішча дзяржавы, паводле якога яна абавязана ўстрымлівацца ад вайны (апрача выпадкаў самаабароны), у мірны час — праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах і кааліцыях, не заключаць пагадненняў, накіраваных на ўцягванне яе ў вайну. Пастаянна нейтральнымі дзяржавамі з’яўляюцца Швейцарыя (з 1815), Аўстрыя (з 1955), Мальта.

І.​М.​Таніева.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ І ПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ,

філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць стан і структуру прадмета ці з’явы, а таксама іх развіццё. Адлюстроўваюць супрацьлеглыя, але ўзаемазвязаныя ўласцівасці матэрыяльных аб’ектаў; утвараюць адзінае цэлае. Неперарыўнасць праяўляецца ў адноснай цэласнасці і стабільнасці розных сістэм, кожная з якіх складаецца з дыскрэтных (перарывістых) элементаў, у бясконцасці іх сувязей, паступовасці, павольным пераходзе з аднаго стану ў другі. Перарыўнасць азначае дыскрэтнасць пабудовы і стану аб’ектаў, іх існаванне ў часе і прасторы ў канкрэтных формах, відах і г.д.; яна падкрэслівае перарывы паступовасці, наяўнасць рэзкіх пераходаў з аднаго якаснага стану ў другі, скачкападобнасць змен. Адмаўленне неперарыўнасці прыводзіць да атаясамлівання змяненняў у прыродзе з бясконцай серыяй катастроф, а ў грамадскім развіцці — з рэвалюцыямі; ігнараванне перарыўнасці азначае, што прырода і грамадства знаходзяцца ў нейкім застойным стане, што не адпавядае рэчаіснасці. Дыялектычны падыход да разумення Н. і п. раскрывае сутнасць руху, яго супярэчлівасць; рух выступае ў якасці адзінства Н. і п., змяненняў стану і месцазнаходжання цела ў прасторы і часе. Супярэчнасці ў адносінах паміж Н. і п. разглядалі стараж.-грэч. філосафы Зянон Элейскі, Платон, Арыстоцель, якія ў форме апарый спрабавалі вырашыць пытанне аб супярэчлівасці руху. Навук. інтэрпрэтацыя Н. і п. адкрывае шлях да больш поўнага і адэкватнага адлюстравання спецыфічных уласцівасцей і адносін аб’ектаў навакольнага свету ў навук. гіпотэзах, канцэпцыях, тэорыях.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),

сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯТЫ́ЗМ (ад грэч. patris айчына),

маральны і паліт. прынцып, змест якога — любоў да ўсяго айчыннага, ад мясцовасці. дзе чалавек нарадзіўся, яго народа, мовы, культуры і да дзяржавы, грамадзянінам якой ён з’яўляецца. У паліт. сэнсе — адданасць усяму, што звязана з суверэнітэтам сваёй дзяржавы, яе незалежнасцю і самастойнасцю, бездакорным выкананнем грамадзянскага абавязку. Паняцце «П.» вядома з глыбокай старажытнасці, сфармулявана ў антычныя часы. У бел. духоўнай культуры існуе з пачатку яе гісторыі і выяўлялася пераважна ў маст.-эстэтычнай форме, напр., у дзейнасці Ефрасінні Полацкай, творах Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Міколы Гусоўскага. Выразны характар П. маюць прадмовы і пасляслоўі Ф.​Скарыны да яго перакладаў Бібліі. Патрыят. настроі найб. абуджаліся з нарастаннем нац.вызв. і адраджэнцкага руху на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., што асабліва выявілася ў маст. л-ры і публіцыстыцы (Ф.​Багушэвіч, М.​Багдановіч, Я.​Купала, Я.​Колас і інш.). Асабліва яскрава П. праявіўся ў перыяд Вял. Айч. вайны, калі бел. народ паказваў масавы гераізм і самаахвярнасць пры абароне сваёй Радзімы. У СССР праводзілася ідэалогія агульнасав. П. з устаноўкай на росквіт і ўзаемнае ўзбагачэнне нац. культур. З распадам СССР, усталяваннем незалежнасці і дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь паўстала задача далейшага развіцця бел. нац. культуры і нац. самасвядомасці, адной з гал. частак якой з’яўляецца П.

М.​І.​Крукоўскі.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАХВАЛА́ ВІ́ТАЎТУ», «Похвала о великом князи Витовте», «Сказание о великом князи Витовте»,

помнік бел. літаратуры 15 ст.; адзін з першых твораў бел. свецкай панегірычнай (гл. Панегірык) прозы. Напісана невядомым аўтарам ў канцы 1420-х г. у Смаленску. Вядома ў 4 рэдакцыях: 1-я (1428) — прыватны дзелавы запіс-пасляслоўе, змешчаны ў кнізе слоў Ісаака Сірына (што перапісана ў Смаленску); 2-я (летапісная, каля 1430) — асобны твор панегірычнага жанру, напісаны на аснове папярэдняй як своеасаблівае ідэйна-маст. завяршэнне 1-га бел.-літоўскага летапіснага зводу, захавалася ў асобных спісах Беларуска-літоўскага летапісу 1446; 3-я (новая, 1-я пал. 16 ст.) — аб’яднаны скарочаны тэкст летапіснай «П.В.» з уступнай часткай т.зв. Смаленскай хронікі, збераглася ў спісах кароткай (гл. Красінскага летапіс) і пашыранай (гл. Альшэўскі летапіс) рэдакцыях 2-га бел.-літ. летапіснага зводу — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»; 4-я (рус. скарочаная, 16 ст.) змешчана ў розных гіст. зборніках, што бытавалі ў Расіі ў 16—18 ст. У творы ўслаўляецца вял. кн. Вітаўт як мудры і ўсемагутны валадар, гаспадар ВКЛ, які карыстаецца высокім міжнар. аўтарытэтам, ідэалагічна абгрунтоўваецца аб’яднаўчая палітыка князя на ўсх.-слав. землях. Напісана на падставе сапр. гіст. фактаў урачыста-ўзнёслым стылем з выкарыстаннем стараж.-рус. літ. традыцый, кніжных выразаў і зваротаў, без рытарычнай шматслоўнасці.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАГРУПО́ЎКІ МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ,

хімічныя рэакцыі, у выніку якіх змяняецца ўзаемнае размяшчэнне атамаў у малекуле, пазіцыя і кратнасць кратных сувязей. Большасць П.м. прыводзіць да змянення саставу рэчыва і суправаджаецца вылучэннем ці далучэннем малекул вады, галагенавадародаў і інш. П.м., якія адбываюцца без змены саставу рэчыва, наз. ізамерызацыяй.

Асн. тыпы П.м.: міжмалекулярныя, пры якіх група атамаў або атам, што мігрыруе, поўнасцю аддзяляецца ад адной малекулы і далучаецца да аднаго з атамаў такой жа інш. малекулы; унутрымалекулярныя, пры якіх група (атам) мігрыруе ад аднаго да другога атама ў межах адной малекулы рэчыва. П.м. наз. па рэчывах, што ўдзельнічаюць у іх, або па імю вучонага, які адкрыў рэакцыю, напр., пінакалінавая перагрупоўка — унутрымалекулярнае ператварэнне 1,2-дыолаў (пінаконаў), пераважна трацічных, у кетоны (пінакаліны) пад уздзеяннем кіслот (напр., сернай), якая суправаджаецца міграцыяй аднаго з замяшчальнікаў да суседняга атама вугляроду; перагрупоўка Бекмана — ізамерызацыя аксімаў у аміды кіслот пад уздзеяннем кіслотных агентаў (серная к-та, олеум), адкрыта ням. хімікам Э.​О.​Бекманам (1886). Многія П.м. выкарыстоўваюць у прамысл. працэсах, напр., перагрупоўку Бекмана — у вытв-сці капрону, бензідзінавую перагрупоўку — для атрымання азафарбавальнікаў.

Літ.:

Темникова Т.И., Семенова С.Н. Молекулярные перегруппировки в органической химии. Л., 1983.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Да арт. Перагрупоўкі малекулярныя: пінакалінавая перагрупоўка (R — аднолькавыя ці розныя арганічныя радыкалы).

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РЫ ГО́ДА,

перыяды года (вясна, лета, восень, зіма), змена і паслядоўнасць якіх абумоўлены рухам Зямлі вакол Сонца і нахілам яе восі да плоскасці арбіты (пад вуглом 66°33). Нахіл восі і пастаянства яе напрамку ў прасторы прыводзяць да таго, што ў адзін перыяд года Сонца асвятляе больш Паўн. паўшар’е, у другі — Паўд. паўшар’е і адбываецца змена П.г. Астранамічны пачатак П.г. ў Паўн. паўшар’і супадае з момантамі праходжання Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (20 або 21 сак.), пункт летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрв.), пункт асенняга раўнадзенства (23 вер.) і пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). З-за эліптычнасці зямной арбіты і нераўнамернасці руху Зямлі вакол Сонца П.г. маюць неаднолькавую працягласць. У Паўн. паўшар’і астр. працягласць вясны 92,8 сут.; лета 93,6; восені 89,8; зімы 89 сут. П.г. ў прыродзе могуць не супадаць з каляндарнымі, што залежыць ад перамяшчэння паветр. мас атмасферы. Таму побач з астр. вылучаюцца феналагічныя сезоны, якія не маюць цвёрдых каляндарных межаў і вызначаюцца ўмовамі надвор’я, рознымі феналагічнымі з’явамі. На Беларусі (56—51° паўн. ш.) вясна пачынаецца ў канцы сак. і цягнецца да сярэдзіны мая, лета канчаецца ў сярэдзіне вер., зіма пачынаецца ў сярэдзіне лістапада.

Да арт. Поры года. Рух зямлі па арбіце і асветленасць яе паверхні сонечнымі прамянямі ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАГА́НДА (лац. propaganda падлягае распаўсюджванню),

дзейнасць, накіраваная на папулярызацыю і ўкараненне ў грамадскай свядомасці пэўных ідэй, поглядаў, вобразаў. Праводзіцца з дапамогай розных форм і метадаў (вусная, друкаваная, ілюстрацыйная, кіно-, радыё- і тэлепрапаганда). Важнае месца займае П. навук. ідэй і дасягненняў, дзярж. палітыкі (знешняй і ўнутр.), здаровага ладу жыцця. Вядучая роля адводзіцца паліт. П., якая ўключае намаганні паўплываць на стан свядомасці індывідаў, сац. або нац. груп. З’яўляецца адной з перадумоў функцыянавання паліт., дзярж. улады.

Тэорыя П. бярэ пачатак у ідэях Платона і Арыстоцеля, якія распрацоўвалі пытанні ўздзеяння слова на фарміраванне чалавечай душы і сістэму метадаў пераканання людзей. Паняцце «П.» сфармулявана ў 1622 Ватыканам, які стварыў «Кангрэгацыю распаўсюджвання веры» для пашырэння ўплыву каталіцызму праз місіянерскую дзейнасць і барацьбу з ерасямі. Кангрэгацыя выкарыстоўвала абстрактна-гуманістычныя лозунгі «ўдасканальвання чалавека», але надавала слову «П.» канкрэтную ідэалаг. арыентацыю. Для П. характэрна супярэчнасць паміж дэклараваным і сапраўдным зместам, што абумовіла негатыўнае яе ўспрыманне. Пасля 2-й сусв. вайны паліт. П. стала пастаянным кірункам дзярж. дзейнасці, што выявілася ў стварэнні мін-ваў і цэнтраў П., арг-цыі навук. даследаванняў і адпаведных устаноў. Прапагандысцкія службы выкарыстоўваюць увесь набыты вопыт па маніпуліраванні чалавечай свядомасцю. П. ператварылася ў важны інструмент дзярж. палітыкі, распрацоўкі і пошуку варыянтаў вырашэння канкрэтных сац,эканам., паліт. праблем.

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ, радыёлакатар, радар,

радыёэлектронная сістэма, што забяспечвае знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў (цэлей) і інш. характарыстык з дапамогай адбітых ад іх (выпрамяняемых імі) радыёхваль; сродак радыёлакацыі. Асн. паказчыкі Р.с.: далёкасць дзеяння, дакладнасць вызначэння і вымярэння каардынат цэлей і параметраў іх руху; распазнавальная здольнасць па далёкасці, скорасці і інш. велічынях; перашкодаўстойлівасць; скрытнасць работы і інш.

Першыя Р.с. для выяўлення самалётаў з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1936). У СССР вытв-сць Р.с. пачалася ў 1939. У склад Р.с. ўваходзяць: радыёперадатчык; антэна-фідэрная сістэма (гл. Антэна, Фідэр), радыёпрыёмнік; індыкатар, на экране якога фіксуюцца даныя аб аб’екце; кіравальнае прыстасаванне, што ўзгадняе ўзаемадзеянне асн. вузлоў. Атрыманыя даныя апрацоўваюцца на ЭВМ. Далёкасць дзеяння вызначаецца ўмовамі распаўсюджвання радыёхваль, магутнасцю радыёперадатчыка і адчувальнасцю радыёпрыёмніка. Адрозніваюць Р.с. наземныя (перасоўныя і стацыянарныя), карабельныя і бартавыя (на самалётах, ракетах і інш.). Выкарыстоўваюцца для кіравання рухам і пасадкай лятальных апаратаў, вызначэння каардынат аб’ектаў, курсу і скорасці перамяшчэння караблёў, самалётаў і інш., таксама для патрэб астраноміі, геадэзіі, метэаралогіі і інш.

Літ.:

Аверьянов В.Я. Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978;

Ширман Я.Д., Манжос В.Н. Теория и техника обработки радиолокационной информации на фоне помех. М., 1981.

В.​І.​Вараб’ёў.

Радыёлакацыйная станцыя: а — знешні выгляд; б — структурная схема: 1 — рэфлектар; 2 — выпрамяняльнік; 3 — механізм варочання і нахілу; 4 — паказальнік азімута; 5 — паказальнік вугла месца.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЗНАВА́ННЕ ВО́БРАЗАЎ,

раздзелы кібернетыкі і інфарматыкі. Вывучае і распрацоўвае спосабы, метады і сістэмы (у т. л. на аснове ЭВМ) ідэнтыфікацыі аб’ектаў (з’яў, працэсаў, жывых істот, сітуацый і інш.) або іх класіфікацыі. Працэс Р.в. заснаваны на супастаўленні прыкмет (уласцівасцей) аб’ектаў, што даследуюцца, з прыкметамі (уласцівасцямі) вядомых аб’ектаў (эталонаў, шаблонаў).

Пры рашэнні задач Р.в. выбіраецца правіла (вырашальная функцыя) на аснове істотных сукупнасцей прыкмет (літар, фігур, контураў і інш.), што складаюць вобраз аб’екта, вырашаецца клас, да якога дадзены аб’ект адносіцца. Напр., пры распазнаванні відарысаў прыкметамі могуць быць яркасці элементарных участкаў, на якія раскладзены відарыс. Работы ў галіне Р.в. складаюць аснову для распрацоўкі інфарм. тэхналогій у эканоміцы, прам-сці, ваен. справе, фізіцы, геахіміі, метэаралогіі, біялогіі і медыцыне, тэхніцы і інш.

На Беларусі работы па Р.в. вядуцца з 1960-х г. у Ін-тах тэхн. кібернетыкі, фізікі, матэматыкі, прыкладной фізікі, прыкладной оптыкі, навук.-тэхн. цэнтры «Экамір» Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ту Дж.Т., Гонсалес Р. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978;

Васильев В.И. Распознающие системы: Справ. 2 изд. Киев, 1983;

Тимохин В.И. Применение ЭВМ для решения задач распознавания образов. Л., 1983;

Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. Мн., 2000.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)