баявыя дзеянні войск Паўн., з 1.9.1941 Карэльскага франтоў, Паўн. флоту і Беламорскай флатыліі ў Вял.Айч. вайну на Кольскім п-ве, у паўн. Карэліі, на Баранцавым, Белым і Карскім морах супраць узбр. сіл гітлераўскай Германіі і саюзнай ёй Фінляндыі. Мэта — не дапусціць захопу праціўнікам Кольскага п-ва з незамярзаючым портам Мурманск і Кіраўскай чыгункай, забяспечыць абарону паўн. марскіх камунікацый. У выніку гераічнай абароны сав. войскі не дазволілі праціўніку ізаляваць СССР ад знешніх сувязей праз паўн. парты і перарэзаць Паўн. марскі шлях на Д. Усход, забяспечана дастаўка ў СССР праз Мурманскі порт ваенных грузаў марскімі канвоямі саюзнікаў. У кастр. 1944 узбр. сілы СССР выгналі захопнікаў з сав. Запаляр’я. Прэзідыум Вярх. Савета СССР заснаваў 5.12.1944 медаль «За абарону Савецкага Запаляр’я» (больш за 307 тыс. узнагароджаных). 7.5.1985 Мурманску прысвоена званне «Горад-герой».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРАЗІ́ХА, ваўчок (Orobanche),
род кветкавых раслін сям. заразіхавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах трапляюцца 9 відаў: З. галінастая (O. ramosa), белая (O. alba), эльзаская (O. alsatica), гваздзіковая (O. caryophyllacea), блакітнаватая (O. coerulescens), парэзнікавая (O. libanotidis), кумская, або сланечнікавая (O. cumana), высокая (O. elatior), бледнакветкавая (O. pallidiflora).
Адна-, двух- і шматгадовыя бесхларафільныя травяністыя расліны. Сцёблы тоўстыя, мясістыя, простыя або галінастыя, каля асновы звычайна клубне- ці булавападобнапатоўшчаныя, з прысоскамі (гаўсторыямі) — відазмененымі каранямі, якімі З. прысмоктваецца да каранёў раслін, на якіх яна паразітуе. Лісце чаргаванае або супраціўнае, лускападобнае. Кветкі з трубчастым, двухгубым вяночкам рознага колеру, сабраны ў коласа- ці гронкападобныя суквецці. Плод — 2—3-створкавая шматнасенная каробачка. Лек. і харч. расліны, некат. віды (напр., З. галінастая) — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ У СФЕ́РЫ ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА І І́НШАЙ ГАСПАДА́РЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ,
злачынствы, якія парушаюць правільнае функцыянаванне нар. гаспадаркі, прадпрымальніцтва, сферы гандлю, аказання паслуг, выкарыстання прыродных рэсурсаў і інш.
Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: перадача або адпраўка спажыўцу недабраякаснай, некамплектнай або нестандартнай прадукцыі; рэалізацыя прадукцыі, забруджанай радыенуклідамі больш за дапушчальныя ўзроўні; ілжэпрадпрымальніцтва; выманьванне крэдыту або датацый; ілжывае банкруцтва; злоснае банкруцтва; спекуляцыя; парушэнне парадку ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці; парушэнне антыманапольнага заканадаўства; нядобрасумленная канкурэнцыя; незаконнае карыстанне таварнымі знакамі; дыскрэдытацыя ці незаконнае выкарыстанне дзелавой рэпутацыі канкурэнта; распаўсюджванне лжывай інфармацыі аб прадукцыі; зрыў публічных таргоў; камерцыйны подкуп; падман пакупнікоў і заказчыкаў; выпуск у продаж недабраякасных тавараў; выраб, захоўванне з мэтай продажу або продаж моцных спіртных напіткаў хатняй выпрацоўкі; парушэнне правіл гандлю; парушэнне ветэрынарных правіл; занятак забароненымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці; утойванне ці заніжэнне прыбытку і даходаў; браканьерства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНІ ДОЎГ,
агульная запазычанасць дзяржавы па непагашаных знешніх пазыках, абавязацельствах, крэдытах і нявыплачаных па іх працэнтах. Адрозніваюць доўгатэрміновы З.д. (больш як адзін год) і кароткатэрміновы З.д. — менш за адзін год. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця да дзяржаў-даўжнікоў адносяцца тыя, у каго 3 паказчыкі перавышаюць разліковыя ўзроўні ў сярэднім на працягу 3 гадоў. Паказчыкамі крэдытнай бяспекі з’яўляюцца адносіны агульнай сумы доўгу да валавога нац. прадукту (калі яны не перавышаюць 50%), адносіны агульнай сумы доўгу да гадавога аб’ёму экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 27,5%), адносіны плацяжоў да пагашэння і абслугоўвання знешняга доўгу да экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 30%). Дзяржава нясе безумоўныя і абсалютныя абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні свайго З.д. Гл. таксама Дзяржаўны доўг, Пазыкі дзяржаўныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НЕС ((Inness) Джордж) (1.5.1825, каля г. Ньюберг, ЗША — 3.8.1894),
амерыканскі жывапісец. Вучыўся ў Нью-Йорку. У 1840-я г. рабіў дакладныя. крыху стракатыя пейзажы Новай Англіі («Стары млын», 1849). Паездкі ў Італію і Францыю, уплывы творчасці К.Ларэна, К.Каро, майстроў барбізонскай школы дазволілі І. выпрацаваць у 1850—60-я г. ўласную манеру пейзажнага жывапісу, у якой спалучаліся класічная манументальнасць кампазіцыі, мяккая элегічнасць настрою і рэаліст. дакладнасць матыву («Даліна Лакавана», 1855; «Даліна Дэлавэра», 1865). Пазней І. звярнуўся да больш інтымнага бачання прыроды, ствараў зменлівасць святло-паветр. асяроддзя пры розным надвор’і ці ў розныя гадзіны сутак («Хмара», каля 1870; «Дубы восенню», «Навальніца набліжаецца», каля 1880). Адначасова ў яго творчасці ўзмацніліся тэндэнцыі сімвалізму, містычнай нявызначанасці («Сёстры ў садзе», каля 1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫ ПО́ШУК,
працэс адшукання дакументаў (кніг, артыкулаў, патэнтаў і інш.) у базе даныхінфарм. сістэмы; раздзел інфарматыкі, які ўключае метады і сродкі збору, перапрацоўкі і захоўвання інфармацыі для забеспячэння наступнага доступу да яе.
Бывае рэтраспектыўны (па разавых запытах) і выбіральны, ці адрасны (па пастаянных запытах карыстальнікаў, напр., аб новых паступленнях; праводзіцца перыядычна). Працэдура І.п. складаецца з перакладу дакументаў і запытаў на ўнутр.інфармацыйную мову сістэмы і ўстанаўлення паміж перакладамі семантычнай адпаведнасці. Важны навук. кірунак тэорыі І.п. — даследаванне мадэлей інтэлектуалізацыі працэсаў пошуку (праблемы мадэлявання структур даных, семантычнага аналізу і сінтэзу тэкстаў, навігацыі ў гіпертэкставых базах даных вял. аб’ёму) з мэтай павышэння яго эфектыўнасці за кошт больш глыбокага пранікнення ў сэнс інфармацыі.
Літ.:
Михайлов АИ., Черный АИ., Гиляревский Р.С. Основы информатики. 2 изд. М., 1968;
Липницкий С.Ф., Ярмош Н.А. Моделирование интеллектуальных процессов в инженерных информационных системах. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФУЗО́РЫІ (Infusoria, або Ciliophora),
тып высокаарганізаваных прасцейшых. 2 класы: раснічныя і сысучыя, больш за 1100 родаў, каля 7000 відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і прэсных вадаёмах, некат. віды — у глебе і імхах.
Памеры ад 10 мкм да 3 мм. Форма цела разнастайная. Бываюць рухомыя і прымацаваныя, адзінкавыя і каланіяльныя арганізмы. Цела ўкрыта радамі раснічак, ёсць клетачны рот (цытастом). Размнажэнне пераважна бясполае (дзяленне на дзве часткі, адначасовае множнае дзяленне, пачкаванне) і полавае (кан’югацыя). Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі і прасцейшымі. У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Многія І. — каменсалы (гл.Каменсалізм) і паразіты інш. жывёл. Некат. І. выклікаюць захворванні рыб (іхтыяфтырыусы, трыхадзіны), чалавека і жывёл (балантыдый колі). Водныя І. ўдзельнічаюць у біял. ачышчэнні сцёкавых вод, многія — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУ́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Ісык-Кульскай вобл., Кыргызстан, ва ўсх.ч. Цянь-Шаня. Засн. ў 1948 (у сучасных межах з 1976) для аховы месцаў гнездавання і зімовак вадаплаўных і водна-балотных птушак. Пл.больш за 17 тыс.га, з іх 15 тыс.га прыпадае на акваторыю воз. Ісык-Куль (у т. л. водна-балотныя ўгоддзі міжнар. значэння). Запаведнік складаецца з 9 адасобленых участкаў вакол возера. На ўвільготненых месцах звычайныя густыя зараснікі абляпіхі, талу, тамарыску, барбарысу і карагачу, падводныя лугі харавых водарасцей. У фауне стэпавы тхор, ласка, барсук і інш., акліматызавана андатра, у гарах — марал, горны казёл, трапляецца снежны барс, з птушак — фазан, арлан-белахвост, белая чапля, чырвананосы нырэц, лысуха, лебедзь-шыпун. Запаведнік уключаны ў праграму «Чалавек і біясфера».
...ІТ (ЫТ) (грэч. itis), суфікс, які выкарыстоўваецца для ўтварэння назоўнікаў — назваў запаленчых захворванняў або працэсаў, напр., артрыт, гідрадэніт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МБА (сінгальскае Каламбу),
сталіца Шры-Ланкі. 2026 тыс.ж. (1993). Марскі порт у вусці р. Келані (90% імпарту і каля 50% экспарту краіны). Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. У К. і яго наваколлі больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў Шры-Ланкі: харч. (па перапрацоўцы чаю, алейні), гарбарна-абутковыя, суднарамонтныя, па перапрацоўцы каўчуку; мех. майстэрні, 2 нафтаперапр., шынны з-ды, сталепракатны цэх. Млынкамбінат. Рамёствы па вырабах з металаў і высакародных камянёў. АН (з 1976). Дзярж.ун-т, Будыйскі ун-т. Нац. музей, галерэя мастацтваў.
Упершыню згадваецца ў 5 ст., у сярэднія вякі вядомы пад назвай Калантота, важны гандл. цэнтр у бас. Індыйскага ак. Пры партуг. панаванні (16—17 ст.) пабудаваны ваен. форт (1520). У 1656 заваяваны галандцамі. З 1796 каланізаваны англічанамі, з 1815 адм. ц. іх калоніі Цэйлон. З 1948 сталіца дзяржавы Цэйлон, з 1972 — Рэспублікі Шры-Ланка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПАВА ПЯЧО́РА, Капавая пячора, Шульган-Таш,
адна з найб. пячор на Паўд. Урале, на правым беразе р. Белая, у Башкортастане. Агульная даўжыня больш за 2 км. Утварылася ў вапняках і даламітах дэвонскага ўзросту. Калідоры і гроты размешчаны двума паверхамі. Кальцытавыя нацёчныя ўтварэнні. У 1959 заолаг А.В.Румін выявіў тут малюнкі эпохі палеаліту. У 1960—71 гэтыя выявы вывучаў О.М.Бадэр. На 2-м паверсе К.п. маюцца малюнкі мамантаў, коней, насарогаў. Даўж. фігур ад 44 да 112 см. Выявы ўяўляюць сабой цалкам зафарбаваныя чырв. фарбай сілуэты або грубыя контуры. Наяўнасць фігур мамантаў і насарогаў дазваляе датаваць малюнкі гэтага паверха эпохай верхняга палеаліту. У задніх залах 1-га паверха К.п. выяўлены выявы геам. характару ў выглядзе лесвіц (хацін?), трохвугольнікаў, касых ліній і антрапаморфных фігур; яны, верагодна, таксама адносяцца да эпохі палеаліту.
Выявы мамантаў, коней і насарога ў Капавай пячоры.