ПЛЮВІЁГРАФ (ад лац. pluvia дождж + ...граф),

прылада для вымярэння колькасці, працягласці і інтэнсіўнасці вадкіх ападкаў. Уключае прыёмнік ападкаў пл. 500 см² і злучаную з ім цыліндрычную пасудзіну з паплаўком, на якім ёсць стрэлка з пяром. Ападкі, што трапляюць у пасудзіну, падымаюць паплавок і адначасова пяро самапісца вычэрчвае крывую (верт. лінія на ёй адпавядае колькасці ападкаў, гарыз. — часу іх выпадзення).

Плювіёграф.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНАЯ КНІ́ЖКА,

асноўны дакумент аб прац. дзейнасці работніка. Вядзецца на ўсіх работнікаў, якія працуюць у наймальніка больш як 5 дзён. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь у П.к. заносяцца звесткі пра работніка, пра выконваемую ім работу, а таксама пра заахвочванні і ўзнагароды за поспехі ў працы. Пры звальненні П.к. выдаецца работніку. Запіс аб прычынах звальнення ў П.к. робіцца ў адпаведнасці з фармулёўкамі дзеючага заканадаўства.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДУРЫ́ I,

цар Урарту ў 2-й пал. 9 ст. да н.э., сын Лутыпры. Сучаснік асірыйскага цара Салманасара III, у надпісах якога пра падзеі 833 да н.э. ўпамінаецца пад імем Седуры. Да нашага часу дайшлі таксама надпісы С. на асірыйскай мове на пабудаванай ім крапасной сцяне г. Тушпа (цяпер г. Ван, Турцыя). С. вёў войны з Асірыяй і, верагодна, значна ўмацаваў Урарцкае царства.

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СУХА́Я ІГО́ЛКА»,

тэхніка паглыбленай гравюры на метале, заснаваная на прадрапванні штрыхоў іголкай. Для гравюр, выкананых у тэхніцы «С.і.», характэрна асаблівая аксаміцістасць штрыхоў (што набліжае іх да малюнка), якія ўзнікаюць за кошт пакінутых іголкай завусеніц (т.зв. барбы). «С.і.» часта дапаўняе тэхніку афорта, але ў параўнанні з ім дае менш адбіткаў. Вядома з 15 ст. Як самаст. тэхніка пашырана з 19 ст.

т. 15, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЫРАКО́МЛЯ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 70 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Булгакі, Вайніловічы, Грахольскія, Кандратовічы, Пуцяты. Мае ў чырв. полі сярэбраны знак у выглядзе лац. літары W (як у гербе «Габданк»), на ім сярэбраны крыж. Клейнод — над прылбіцай з каронай такі ж знак з крыжам. Вядомы з сярэдзіны 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 15, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛІЁН (ад лац. talio адплата, адпаведная злачынству),

прынцып пакарання, які склаўся ў стараж. грамадстве і быў успрыняты феад. правам. Заключаўся ў прызначэнні пакарання вінаватаму ў строгай адпаведнасці з нанесенай ім шкодай («вока за вока», «зуб зуб»). Знайшоў адлюстраванне ў кодэксе Хамурапі, стараж.-яўр. праве, рымскіх Законах XII табліц і часткова ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, які прадугледжваў членашкодніцкія пакаранні.

т. 15, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫВІ́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,

парадак разбору і вырашэння судом цывільных спраў, а таксама парадак выканання пастаноў судоў і некаторых інш. органаў, устаноўлены нормамі цывільнага працэсуальнага права. Уключае рэгламентаваную законам дзейнасць судоў па ажыццяўленні правасуддзя, дзейнасць суд. выканаўцы, усіх удзельнікаў судаводства і звязаных з ім юрыд. адносін, што ўзнікаюць у працэсе судаводства. Крыніцамі Ц.п. з’яўляюцца Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь і Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.

т. 17, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗЕ́ЦКАЯ Людміла Яўгенаўна (н. 25.9.1959, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (2001). Скончыла Віцебскі мед. ун-т (1982), працуе у ім з 1986 (з 2001 праф. кафедры, адначасова заг. курса павышэння кваліфікацыі спецыялістаў). Навук. працы па гінекалагічнай эндакрыналогіі, генітальным эндаметрыёзе.

Тв.:

Эндометриоидная болезнь (этиопатогенез, диагностика и лечение). Вигебск, 2000 (разам з Л.​Я.​Супрун).

т. 18, кн. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ Анатоль Яўхімавіч (н. 10.12.1939, г. Старыя Дарогі Мінскай вобл.),

бел. грамадска-культурны дзеяч, калекцыянер. Скончыў БДУ (1967) і з 1969 выкладае ў ім. Старшыня грамадска-асв. клуба «Спадчына» (з 1984). Сабраў вял. калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкар.-прыкладнога мастацтва, арганізоўвае выстаўкі гэтых твораў, выдае каталогі, даведачную л-ру і артыкулы пра бел. мастацтва. Ініцыятар і арганізатар устанаўлення помніка М.​Багдановічу ў Яраслаўлі (1994).

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНДВА́ХТА (ад галанд. brandwacht вартавы карабель),

1) карабель, які нясе вартавую службу на ўваходзе (выхадзе) на рэйд (у гавань, канал) і падтрымлівае ўстаноўлены рэжым плавання (рэгуляванне руху суднаў, выкананне ім мытных, каранцінных, рэйдавых і інш. правілаў).

2) Пост на беразе або на судне, прызначаны сачыць за пажарнай бяспекай на тэр. порта.

3) Несамаходнае судна — жыллё для экіпажа земснарадаў, вадалазных станцый, пошукавых партый, партовых рабочых і інш.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)