ПАДУА́НСКАЯ ШКО́ЛА,

філас. кірунак 14—16 ст., які развіваў ва ун-тах Паўн. Італіі (Падуі, Мантуі, Ферары, Балонні) традыцыі арыстоцелізму ў авераісцкай інтэрпрэтацыі (гл. Авераізм) або ў тлумачэнні Аляксандра Афрадыйскага (грэч. каментатар Арыстоцеля). Звязана з дзейнасцю праф. Падуанскага ун-та П’етра д’Абана, які замацаваў у італьян. ун-тах прыродазнаўчую праблематыку і арыстоцелізм у трактоўцы араб. філосафаў і Марсілія Падуанскага, які адстойваў аддзяленне палітыкі ад царк аўтарытэту і рэліг. маралі. Да П.ш. належалі праф. Падуанскага і Балонскага ун-таў Анджэла д’Арэца, Паала Венета, Гаэтана да Цьене, Нікалета Вернія, П’етра Трапаліна, Марка Антоніо Зімара, Алесандра Акіліні, Агасціна Ніфа. На філас. думку некаторых прадстаўнікоў позняга перыяду П.ш. паўплывалі ідэі тамізму. Для П.ш. характэрны рысы сярэдневяковага вальнадумства. Прыняўшы дзвюх ісцін тэорыю, філосафы П.ш. развівалі палажэнні, матэрыялістычныя па сваёй тэндэнцыі і непрымірымыя з вучэннем царквы: своеасаблівы сенсуалізм у гнасеалогіі, уяўленне аб нястворанасці чалавечага роду і яго калект. бессмяротнасці, аб адзінстве бессмяротнай душы чалавецтва і смяротнасці індывід. душы, вучэнне аб несвабодзе волі чалавека, аб натуральным дэтэрмінізме. П.ш. мела ўплыў на італьян філосафаў Дж.Бруна, Дж.​Ваніні, П.​Пампанацы і інш.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́Н (перс. вобласць, правінцыя),

адм.-тэр. адзінка ў Іране з 1937. На чале Астана стаіць астандар (ген.-губернатар), які падначальваецца міністру ўнутр. спраў. Астан падзяляецца на некалькі шахрастанаў (раёнаў).

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНО́ГРАФ (ад актына... + ...граф),

прылада для бесперапыннага аўтаматычнага запісу інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі. Складаецца з прыёмніка (часцей тэрмаэл. актынометр), які варочаецца геліястатам за сонцам, і рэгістратара-гальванографа (самапісны высокаадчувальны гальванометр).

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЧКА СВЯТАСЛА́ВІЧ,

віцебскі князь 12 ст. Сын Святаслава Усяславіча. Меў удзел у Полацкай зямлі (верагодна, Віцебск або частку Віцебскай воласці), праз які ў 1167 прайшлі наўгародскія паслы ў Кіеў.

т. 4, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫ́РАВАНЫ ТАРЫ́Ф,

мытны тарыф, які дазваляе аддаваць перавагу пэўным таварам і ствараць ім ільготныя мытныя ўмовы або не прапускаць іх у залежнасці ад таго, у якой краіне яны выраблены.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМФАРАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць камфарны эфірны алей, гал. кампанент якога — камфора. Да К.р. належаць базілік, камфоравае дрэва, піхта сібірская (з яе ігліцы атрымліваюць барнілацетат, які перапрацоўваюць у камфару).

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́СЦЬ (карыслівы намер),

у крымінальным праве адзін з матываў злачынства, які выяўляецца ў імкненні да нажывы, абагачэння праз учыненне злачынства. Адносіцца да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей (напр., у выпадку забойства).

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТА..., мата... (ад лац. motor які прыводзіць у рух), састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнні словам: «маторны» (напр., мотаблок, мотапіла); «матарызаваны» (напр., мотапяхота); «матацыклетны» (напр., мотабол, мотаролер).

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОТАБЕ́НА (ад лац. nota bene заўваж добра),

знак ці N.B. на палях кнігі, дакумента і да т.п., які служыць для таго, каб звярнуць увагу на гэтае месца ў тэксце.

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСВЕ́ДЧАННЕ,

афіцыйны дакумент, які засведчвае асобу прад’яўніка і яго прававы статус або сцвярджае пэўныя факты і правы. Напр., пашпарт, П. работніка дзярж. органа, установы, ваеннаслужачага, дэпутата, пенсіянера і інш.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)