ПАЛАЎЧЭ́НЯ (Гаўрыіл Антонавіч) (1.5.1907, в. Лескі Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 5.6.1988),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Ваен. акадэмію бранятанк. і механіз. войск (1944), Харкаўскі с.-г. ін-т (1956). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Калінінскім франтах. Нам. камандзіра танк. батальёна капітан П. вызначыўся ў студз. 1942 у баях на тэр. Цвярской вобл. (Расія): на танку прарваўся на 12 км у тыл ворага, знішчыў 12 гармат, 6 агнявых кропак і шмат жывой сілы праціўніка, вызваляў г. Андрэапаль, Таропец. Да 1953 у Сав. Арміі.

Г.А.Палаўчэня.

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІ́ЦТВА,

старажытны від працоўнай дзейнасці чалавека, звязаны са здабычай дзікіх жывёл. На працягу многіх гіст. эпох забяспечвала чалавека сродкамі існавання. З цягам часу яго мэты і змест мяняліся, узнікалі новыя формы. З развіццём грамадства і ўдасканаленнем паляўнічых прылад П. паступова ператварылася ў прамысловую форму. З часоў Кіеўскай Русі прадукцыя П. экспартавалася. На тэр. Беларусі ў 15—16 ст. мясц. сабалінае футра прадавалася партыямі па 100—200 шт. у Мінску, Навагрудку, Полацку і інш. Асабліва шмат здабывалася баброў. На сучасным этапе П. засталося ў асобных мадэрнізаваных формах, перанятых паляўнічай гаспадаркай, навук. асновай якой служыць паляўніцтвазнаўства.

т. 12, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГВА́Й (Paraguay, на мове гуарані — крыніца мора),

рака ў Бразіліі і Парагваі, правы прыток р. Парана, на асобных участках служыць мяжой паміж Парагваем, Бразіліяй і Аргенцінай. Даўж. каля 2500 км, пл. басейна 1,2 млн. км². Вытокі ў паўн.-зах. ч. Бразільскага пласкагор’я, цячэ па глыбокай забалочанай упадзіне Пантанал і нізіннай ч. прыроднай вобласці Гран-Чака. Гал. прытокі: Пількамайо, Рыо-Бермеха (справа). Рэчышча пераважна звілістае, шмат пясчаных меляў і астравоў. Разводдзе ў маі—чэрвені. Сярэдні расход вады каля 4 тыс. м³/с. П. — гал. трансп. магістраль Парагвая. Суднаходная ад г. Карумба (Бразілія). На П. гарады Кансепсьён, Асунсьён (Парагвай).

т. 12, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎНЫ САЮ́З,

аб’яднанне некалькіх генетычна не звязаных (няроднасных) моў, у структуры якіх з’явіліся рысы падабенства ў выніку ўзаемадзеяння моў пры пэўных сац.-гіст., геагр. і інш. умовах. У мовах, што ўваходзяць у М.с., шмат аднолькавых слоў, запазычаных мовамі-суседзямі адна ў адной, падабенства граматычных канструкцый. М.с. звычайна суправаджаецца этнагр. агульнасцю: падабенствам фальклору, прыкладнога мастацтва, адзення, сродкаў невербальнай камунікацыі (жэстаў, мімікі). Прыкладам М.с. з’яўляецца балканскі М.с. — балг., македонская, алб., навагрэч., сербская і харвацкая, румынская мовы. Тэрмін «М.с.» упершыню ўвёў М.​С.​Трубяцкой (1923).

Літ.:

Нерознак В.П. Языковые союзы // Лингвистическая типология. М., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ХАВА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПнЗ ад г. Полацк, каля г. Наваполацк. Пл. 0,43 км², даўж. каля 1,7 км, найб. шыр. 330 м, найб. глыб. 20,7 м, даўж. берагавой лініі каля 4,8 км. Пл. вадазбору 4,7 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, параслі лесам. Ёсць шмат заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, пад хмызняком, на Пн забалочаныя. Падводная ч. катлавіны складаецца з паўн. (глыб. да 4,5 м) і паўд. (глыб., 20,7 м) плёсаў, злучаных пралівам глыб. 3 м. Ложа да глыб. 2 м выслана пяском, ніжэй — сапрапелем.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАНА́ДЫ,

рака ў Індыі. Даўж. 880 км, пл. басейна 132 тыс. км². Вытокі ва Усх. Гатах, цячэ па паўн.-ўсх. частцы Дэканскага пласкагор’я. Упадае ў Бенгальскі зал., утварае з рэкамі Брахмані, Байтарані і інш. агульную дэльту (пл. каля 15 тыс. км²). Сярэдні расход вады 2730 м³/с, у час летніх паводак да 50 тыс. м³/с. Частыя навадненні. М. нясе шмат наносаў. Зімой, у час засухі, М. — вузкая мелкая рака (расход вады каля 30 м³/с). Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Гідравузел Хіракуд. Суднаходная на 150 км ад вусця. На М. — г. Катака.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕ́ВІЦКІ БОЙ 1943,

бой падраздзяленняў партыз. палкоў 208-га імя Сталіна, 277-га, брыгад 130-й «Помста», 120-й, 345-га атрада з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Мацевічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. 18 жн. ў Вял. Айч. вайну. 15 жн. батальён 700-га ахоўнага палка гітлераўцаў заняў вёску дзеля набыцця с.-г. прадукцыі. Ноччу 18 жн. партызаны акружылі вёску і раптоўным нападам знішчылі некалькі аўтамашын, шмат жывой сілы ворага; за 1 гадз бою захапілі зброю і амуніцыю акупантаў, 2 перасоўныя радыёстанцыі, каля 60 коней, боепрыпасы, нарабаванае ў насельніцтва харчаванне.

У.​С.​Пасэ.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1633,

выступленне полацкіх гараджан супраць падваяводы Яна Лісоўскага і гар. рады ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. 11.6.1633 на пасяджэнні магістрата Лісоўскі патрабаваў, каб гараджане тэрмінова адрамантавалі вежу Ніжняга замка або далі дрэва на яе рамонт, каб усе жыхары Запалоцця перасяліліся ў Верхні замак, а таксама намерыўся ўвесці войскі ў замак. Гараджане адмовіліся выконваць патрабаванні, перашкаджалі падваяводу і магістрату ўмацоўваць Ніжні замак. У ноч на 13.6.1633 рас. войскі авалодалі Запалоццем і Ніжнім замкам, але Верхняга замка не здолелі ўзяць. Пасля падыходу войск Рэчы Паспалітай разам з рас. войскам горад пакінула шмат жыхароў.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАВЫ́ ТОК,

ток, які спажываецца з эл. сеткі электрарухавіком у момант пуску. Можа ў шмат разоў пераўзыходзіць намінальны ток рухавіка, таму патрабуе абмежавання.

У асінхронных рухавікоў з фазным ротарам для абмежавання сілы П.т. ў ланцуг ротара паслядоўна ўключаюць пераменны токаабмежавальны рэзістар (пускавы рэастат). Сілу П.т. магутных сінхронных і асінхронных рухавікоў часам абмяжоўваюць рэактарамі электрычнымі (у выглядзе шпуль індуктыўнасці). Абмежаванне П.т. неабходна і для змяншэння пускавога моманту паводле ўмоў мех. трываласці валоў і інш. частак механізмаў або для дасягнення больш плаўнага пуску рухавіка ва ўмовах вытв. працэсу. Для розных мэт і ўмоў існуе разнастайная пускарэгулявальная апаратура.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЧНА-ПЫ́РНІКАВЫЯ ГІБРЫ́ДЫ,

расліны, атрыманыя скрыжаваннем пшаніцы з пырнікам. Першае скрыжаванне правёў у 1930-я г. М.В.Цыцын з мэтай стварэння больш дасканалых форм пшаніцы. Атрыманы П.-п.г. шмат- і аднагадовыя, зерневага і кармавога кірункаў. Лепшыя аднагадовыя зернекармавыя формы па ўраджаі сена перавышаюць азімае жыта на 45—55%, віка-аўсяную сумесь на 25—35%. Шматгадовыя зернекармавыя гібрыды (новы 56-храмасомны від) вызначаюцца высокай устойлівасцю супраць грыбковых хвароб і маразоў. Шматкветныя і шматзерневыя галінастакаласовыя формы (42-храмасомны від) даюць зерне з высокімі хлебапякарнымі якасцямі, марозаўстойлівыя. На Беларусі вырошчвалі ў 1960-я Г.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)