матэматычныя суадносіны, якія вылучаюць сапраўдны рух ці стан мех. сістэмы з усіх кінематычна магчымых (не забароненых накладзенымі на сістэму сувязі). Выражаюцца роўнасцямі, куды ўваходзяць варыяцыі каардынат, скарасцей і паскарэнняў пунктаў сістэмы (гл.Варыяцыйнае злічэнне). Даюць магчымасць атрымаць ураўненні і заканамернасці руху (або стану раўнавагі) сістэмы з аднаго агульнага палажэння і вызначыць пэўныя фіз. ўласцівасці, што характарызуюць сапраўдны рух (або ўмовы раўнавагі) сістэмы. Выкарыстоўваюцца ў механіцы суцэльных асяроддзяў, тэрмадынаміцы, эл.-дынаміцы, квантавай механіцы, тэорыі адноснасці і інш.
Варыяцыйныя прынцыпы механікі падзяляюцца на дыферэнцыяльныя і інтэгральныя. Дыферэнцыяльныя характарызуюць уласцівасці сапраўднага руху сістэмы ў кожны момант часу. Прыдатныя да сістэм з любымі галаномнымі і негаланомнымі сувязямі (гл.Сувязі механічныя). Найб. агульны прынцып статыкі несвабодных мех. сістэм — прынцып віртуальных (магчымых) перамяшчэнняў: для раўнавагі мех. сістэмы з ідэальнымі сувязямі сума элементарных работ усіх актыўных сіл пры розных магчымых перамяшчэннях роўная нулю
. Інтэгральныя варыяцыйныя прынцыпы механікі характарызуюць уласцівасці руху сістэмы за канечны прамежак часу і сцвярджаюць, што на сапраўдных траекторыях руху (у параўнанні з магчымымі) пэўныя фіз. велічыні (напр., энергія) дасягаюць экстрэмальных значэнняў (гл.Найменшага дзеяння прынцып). Матэматычна запісваюцца як роўнасць нулю варыяцыі функцыянала ад некаторай функцыі, якая характарызуе энергію сістэмы. Складаюць метадалагічную аснову для пабудовы матэм. мадэлей сістэм у эл.-дынаміцы, робататэхніцы, механіцы машын.
Літ.:
Маркеев А.П. Теоретическая механика. М., 1990;
Полак Л.С. Вариационные принципы механики. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЙК ((Dyck) Антоніс ван) (22.3.1599, г. Антверпен, Бельгія — 9.12.1641),
фламандскі мастак. Вучыўся ў Амстэрдаме (1609—10). Сярод ранніх твораў (да 1618) партрэты і карціны на рэліг. і міфалагічныя сюжэты («Я.Вермёлен», «Распяцце св. Пятра», «Юпітэр і Антыёпа»). Працуючы памочнікам П.П.Рубенса, зазнаў яго ўплыў («Іаан Хрысціцель і Іаан Евангеліст», 1618). У канцы 1620 — пач. 1621 мастак англ. караля Якава I. Творы гэтага часу («Сямейны партрэт», «Ф.Снейдэрс з жонкай», «Св. Марцін») вызначаліся імкненнем да стварэння адухоўленага вобраза, цікавасцю да эмацыянальнага і інтэлектуальнага жыцця чалавека. З канца 1621 жыў у Італіі, дзе выпрацаваў і давёў да дасканаласці тып барочнага параднага партрэта («Кардынал Г.Бентывольё»), У партрэтах генуэзскай знаці («Маркіз А.Дж.Брыньё-ле-Сале і яго жонка Пааліна Адорна», «Дама з дзяўчынкай») адчуваецца ўплыў венецыянскай школы жывапісу. У 1627—32 жыў у Антверпене; з 1630 прыдворны мастак эрцгерцагіні Ізабелы. У гэты перыяд стварыў лепшыя працы: партрэты Марыі Луізы дэ Тасіс, жывапісца П.Снаерса, серыя афортаў «Іканаграфія». Рэліг. кампазіцыям 1620-х г. уласціва пэўная аднастайнасць («Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Мадонна дэль Разарыо», «Аплакванне Хрыста»), З 1632 у Лондане, прыдворны мастак Карла I. У творах таго часу («Карл I на паляванні», «Конны партрэт Карла I», «Дзеці Карла I», «Дж.Сцюарт, герцаг Рычмандскі», «Ф.Уортан») акцэнтаваў увагу на вытанчаным арыстакратызме вобразаў. Апошнім працам характэрна сухасць каларыту, стандартнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЯНТ ((Bryant) Уільям Кален) (3.11.1794, Камінгтан, штат Масачусетс, ЗША — 12.6.1878),
амерыканскі паэт-рамантык. З 1829 рэдактар нью-йоркскай газеты «Evening Post» («Вячэрняя пошта»). Пейзажная і філас. лірыка (паэма «Танатопсіс», у пер. з грэч. «Карціна смерці», 1817; зб-кі «Вершы», 1821 і 1832; «Фантан», 1842; «Лясны гімн», 1860; «Між дрэў», 1874; «Рака часу», 1878) здабыла Браянту славу «амерыканскага Вордсварта». Узоры паліт. лірыкі — паэма «Гібель Рабства» (1865). Аўтар падарожных нататкаў, тэарэтычных артыкулаў пра паэзію. Пераклаў з грэч. мовы «Іліяду» (1870) і «Адысею» (1872) Гамера.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Зенкевич М. Из американских поэтов. М., 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНДЫКА́ЦЫЯ (ад лац. vindicatio абарона, ахова),
у цывільным праве іск уласніка або асобы, якая валодае маёмасцю на законных падставах, аб выпатрабаванні яго з чужога незаконнага валодання. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, патрабуючы маёмасць па віндыкацыі, уласнік мае права таксама патрабаваць ад асобы, якая ведала або павінна была ведаць, што яе валоданне не заснавана на законе, вяртання або выплаты ўсіх даходаў, што гэтая асоба атрымала або павінна была атрымаць за ўвесь час валодання; ад уладальніка, які не ведаў і не павінен быў гэта ведаць, — усіх даходаў, атрыманых ім з таго часу, калі яму стала вядома пра неправамернасць яго валодання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАШО́ВА (Аляксеева-Белашова) Кацярына Фёдараўна
(2.12.1906, С.-Пецярбург — 9.5.1971),
рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар.АМСССР (1964). Вучылася ў Ленінградскім вышэйшым мастацка-тэхн. ін-це (1926—32). Працавала пераважна ў галіне станковай скульптуры («Партрэт старога», 1944; «Мроі», 1957; «Абуджэнне», 1967). Стварыла рамантычны і адначасова драматычны вобраз А.С.Пушкіна («А.С.Пушкін», 1957; помнік А.С.Пушкіну ў Пушкінскіх Гарах, 1959). Гераізм народа адлюстраваны ў многіх работах ваен. і пасляваен. часу («Няскораная», 1943; «Партызан», 1944; «Зоя», 1948, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКАЛІ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ, буколіка (ад грэч. bukolikos пастухоўскі),
жанр антычнай паэзіі эліністычнага і рымскага часу (3 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.) — невял. вершы, у якіх апяваліся ўцехі вясковага жыцця, праца і каханне пастуха на ўлонні прыроды (такія вершы наз.ідылія або эклога). Маст. вытокі жанру ў нар. песнях сіцылійскіх пастухоў пра каханне, якое прывяло напаўміфічнага пастуха Дафніса да гібелі. Пачынальнік грэч. Букалічная паэзія — Феакрыт, ідыліі якога цесна звязаны з нар. песнямі, міфамі; рымскай — Вергілій (цыкл вершаў «Буколікі»). Букалічная тэма атрымала развіццё ў стараж.-грэч. рамане («Дафніс і Хлоя» Лонга), у новаеўрап. л-ры 14—18 ст. (гл.Пастараль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́КСА (Adoxa),
род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.
Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТАВЫЯ КНІ́ГІ,
спецыяльныя кнігі ў судах ВКЛ і Польшчы ў 14—18 ст. У ВКЛ афіцыйна ўведзены Статутам ВКЛ 1529. Да сярэдзіны 16 ст. ўсе запісы рабіліся ў адной кнізе паводле часу паступлення спраў у суд. Паводле Статута ВКЛ 1566 зацверджаны земскі і гродскі суды з асобнымі актавымі кнігамі, якія падзяляліся на паточныя (запісваліся скаргі істцоў, пярэчанні адказчыкаў, данясенні судовых чыноўнікаў), запісавыя (запісваліся акты натарыяльнага характару і афіц. дакументы — прывілеі вял. князёў, пастановы соймаў і соймікаў) і дэкрэтавыя (запісваліся судовыя пастановы, працэсуальныя дзеянні суда і бакоў). Трыбуналы, каптуровыя і інш. суды ВКЛ вялі ўласныя актавыя кнігі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,
мовы, у якіх граматычныя значэнні выражаюцца не формамі слоў (як у сінтэтычных мовах), а гал. чынам службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй і інш. Да аналітычных моў належаць англ., франц., новаперс., балг. і інш. мовы. Аналітычныя спосабы часткова выкарыстоўваюцца і сінтэтычнымі мовамі, у т. л. і бел., напр. пры ўтварэнні складаных формаў ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («самы цікавы», «больш прыгодны», «надзвычай вясёлы», «найбольш поўна»), будучага і прошлага часу дзеясловаў («буду пісаць», «пайшоў быў»), загаднага ладу («давай спяваць», «няхай квітнее»), складаных тыпаў выказніка («працаваць аграномам», «станавіцца мацнейшым»). Гл. таксама Тыпалагічная класіфікацыя моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАКЕФА́ЛІЯ (ад аўта... + грэч. kephale галава),
аўтакефальная царква, у праваслаўі самастойная, арганізацыйна незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха царква. Першыя аўтакефальныя цэрквы ўзніклі ў 4 ст. ў працэсе адасаблення патрыярхій і мітраполій у правінцыях Візантыі (Александрыі, Антыёхіі, Палесціне). Сёння ў свеце існуе 15 аўтакефальных правасл. цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэхаславацкая, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі). Аўтакефальныя цэрквы не маюць адзінага цэнтра і кіраўніка. Ні адзін з патрыярхаў не мае якіх-н. адм. пераваг у параўнанні з іншымі кіраўнікамі аўтакефаліі. Гл. таксама Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Епархія.