ГОМАЛАГІ́ЧНЫХ РАДО́Ў ЗАКО́Н зменлівасці,

паралелізм у спадчыннай зменлівасці роднасных груп арганізмаў. Сфармуляваны М.І.Вавілавым (1920) на падставе вывучэння зменлівасці прыкмет у відаў і родаў злакаў і інш. сямействаў культ. раслін сусв. генафонду. Паводле гомалагічных радоў закону, чым бліжэй па паходжанні віды паміж сабой, тым большае падабенства (гамалогія) у зменлівасці іх прыкмет. Гэтыя заканамернасці даюць магчымасць прадказаць існаванне ў прыродзе адпаведных формаў ці прадбачыць магчымасць атрымліваць іх штучна. Выкарыстоўваючы гомалагічных радоў закон, Вавілаў выявіў цэнтры паходжання культ. раслін, дзе сканцэнтравана найб. разнастайнасць спадчынных формаў. Прыкладам практычнага выкарыстання гомалагічных радоў закону ў селекцыі з’яўляецца стварэнне аднанасенных сартоў цукр. буракоў. Гомалагічных радоў закон пацверджаны ў мікраарганізмах і жывёлах, у якіх вызначаны паралелізм зменлівасці марфал. і біяхім. прыкмет.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДА ДАЛІНЫ ЦЫВІЛІЗА́ЦЫЯ,

старажытная цывілізацыя 3—2-га тыс. да н.э. ў даліне р. Інд (ПнЗ Пакістана). Гал. цэнтрыХарапа і Махенджа-Дара. Аснова гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля. Да 2300 да н.э. цывілізацыя дасягнула высокага ўзроўню развіцця, у гарадах упершыню выкарыстаны сеткавы прынцып планіроўкі, шырока ўжывалася сістэма дрэнажу, выраблялася абпаленая цэгла. Выяўлены грамадскія сховішчы прадуктаў харчавання, у Махенджа-Дара раскапаны лазні, зала сходаў. Шырока выкарыстоўваліся іерагліфічнае пісьмо, стандартныя меры вагі і даўжыні, вырабляліся тэракотавыя жаночыя статуэткі. Да 1700 да н.э. ў культуры цывілізацыі стаў прыкметны заняпад, якому садзейнічалі частыя навадненні, выкліканыя разлівамі Інда. Канчаткова І.д.ц. загінула ў выніку ўварванняў звонку.

Да арт. Інда даліны цывілізацыя. Махенджа-Дара. Скульптура барадатага жраца.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎШЧЫНСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. Закладзены ў в. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Пл. 15 га. Займае раўнінны прамавугольны ўчастак. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом (разбураны ў 1914). Перад гал. фасадам быў парадны двор з манументам у цэнтры (захаваўся пастамент) і гасп. пабудовамі па баках.

Садова-паркавая тэрыторыя падзелена на 2 амаль роўныя часткі, злучаныя алеяй па восі сіметрыі кампазіцыі. Паўн. ч. абмежавана з трох бакоў алеямі граба звычайнага і падзелена рэгулярнай сеткай дарожак на 8 прамавугольных участкаў з пасадкамі пладовых дрэў. Паўд. ч. пад пладовым садам і ахоўнымі пасадкамі. У парку пераважна мясц. пароды дрэў.

В.​Р.​Анціпаў.

Казлоўшчынскі парк. Схема планіроўкі.

т. 7, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБА́ЙН (англ. combine літар. злучэнне),

агрэгат з некалькіх рабочых машын, прызначаных адначасова выконваць поўны цыкл рознахарактарных аперацый. Пачаткам такога цыкла можа быць здабыванне сыравіны, канцом — выпуск прадукцыі.

Аб’яднанне некалькіх паслядоўных аперацый у К. паскарае вытв. працэс і павышае прадукцыйнасць працы за кошт выключэння міжаперацыйных страт часу, матэрыялаў і шматлікіх паўтарэнняў пагрузачна-разгрузачных, трансп. і інш. работ. К. бываюць рухомыя (самаходныя, прычапныя) і стацыянарныя. Найб. пашыраны рознага тылу К. ў с.-г. вытв-сці, напр., бульба-, збожжа-, канопле-, корма-, кукуруза-, сіласаўборачны К. (гл. адпаведныя арт.), ільноўборачны (гл. ў арт. Ільноўборачныя машыны).Выкарыстоўваюцца К. ў горнай справе (гл. Горны камбайн), атрымалі пашырэнне кухонныя К. (гл. ў арг. Кухонныя прылады і прыстасаванні), музычныя К. (музычныя цэнтры).

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛЬСКІ ПЕРАШЫ́ЕК.

Паміж Фінскім зал. Балтыйскага м. і Ладажскім воз., у Ленінградскай вобл. Расіі. Сярэдняя выш. да 50 м, найбольшая — да 173 м (Лембалаўскае ўзв.). Пераважае градавы рэльеф. Складзены на Пн з гранітаў і гнейсаў, у цэнтры і на Пд — з ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Пераразае р. Вуокса; шматлікія азёры ледавіковага паходжання. Пераважаюць хваёвыя лясы. На К.п. — гарады Выбарг, Прыазёрск, Усевалажск; на ўзбярэжжы Фінскага зал. — дачныя пасёлкі і курорты. Турызм.

З канца 9 ст. К.п. — частка тэр. Русі. У пач. 17 в. захоплены Швецыяй. У 1721 адышоў да Расіі. У 1918—40 большая яго ч. ў складзе Фінляндыі. Пасля сав.-фінл. вайны 1939—40 паводле мірнага пагаднення ад 12.4.1940 адышоў да СССР.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІКІ́ЙСКАЯ АРМЯ́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

княства, потым царства на тэр. Кілікіі ў 1080—1375. Сталіца — г. Сіс. Узнікла ў выніку масавых уцёкаў у Кілікію армян (у т. л. знаці) пасля заваявання Арменіі туркамі-сельджукамі і візантыйцамі. Тут правіла дынастыя Рубенідаў (назва ад імя першага князя Рубена). Да 1182 ваявала з Візантыяй.

Найб. росквіту дасягнула пры Левоне II (з 1198 цар). Развіваліся рамёствы, гандаль, культура (цэнтры — гарады Сіс, Тарс, Мамедыя і інш.), сельская гаспадарка. З 1-й пал. 13 ст. васал манг. правіцеляў (ільханаў) Ірана. У 1375 заваявана мамлюкамі.

Літ.:

Микаелян Г.Г. История Киликийского армянского государства. Ереван, 1952.

В.​У.​Адзярыха.

Да арт. Кілікійская армянская дзяржава. Трыпціх-рэлікварый. Серабро з пазалотай. 1293.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯЖНО́.

Княжное возера, у Віцебскім р-не, у бас. р. Шэвінка, за 20 км на ПнЗ ад Віцебска. Пл. 0,66 км², даўж. 1,5 м, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 6,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 53,2 км³. Схілы катлавіны на Пн і У выш. да 15 м, на Пд і З—5—8 м, на Пд і Пн разараныя, астатнія пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, участкамі на Пн узвышаюцца да 0,6 м, у залівах сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае. У цэнтры 4 астравы агульнай пл. 1 га. Дно выслана ілам і сапрапелем. Зарастае да глыб. 2,5 м. Упадаюць 2 ручаі і р. Гаражанская, выцякае ручай у воз. Заронава.

т. 8, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры сярэдзіны 19 ст. Пабудаваны за 1,5 км ад г. Косава (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) паводле праекта арх. Ф.Яшчалда (1838), буд-ва завершана пад кіраўніцтвам У.​Марконі. Быў абкружаны паркам (не захаваўся) і з’яўляўся цэнтрам кампазіцыі. Мураваны палац з элементамі класіцызму мае сім. кампазіцыю. Гал.цэнтры 2-павярховы, па баках 1-павярховы) і 2 бакавыя 2-павярховыя аб’ёмы, размешчаныя ніжэй, злучаны вузкімі пераходамі з высокімі стральчатымі аркамі. Вуглы гал. аб’ёму корпуса фланкіраваны гранёнымі вежамі, а бакавых — контрфорсамі, падобнымі да вежаў. У дэкар. аздабленні выкарыстаны зубчастыя завяршэнні аб’ёмаў, стральчатыя аркі праёмаў і нішаў, машыкулі і інш. У палацы размалёўка мастака Ф.​Жмуркі. Захаваўся часткова.

Л.​В.​Трэпет.

Косаўскі палац.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЕ́ЦКАЯ КАТЛАВІ́НА,

міжгорная катлавіна на Пд Зах. Сібіры, у Кемераўскай вобл. Расіі, паміж Кузнецкім Алатау на ПнУ, Салаірскім кражам на ПдЗ і Горнай Шорыяй на Пд. Пл. 70 тыс. км², даўж. 400 км, шыр. 120 км. Хвалістая алювіяльная раўніна, выш. 200—500 м расчлянёна густой сеткай далін рэк Том, Іня і інш. прытокаў р. Об; у цэнтры — горныя кражы (выш. да 740 м), складзеныя з базальтаў. У межах катлавіны — Кузнецкі вугальны басейн. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. каля -18 °C, ліп. 18—20 °C. Гадавая колькасць ападкаў 350—500 м. На ПнЗ разнатраўе — кавыльныя стэпы на вышчалачаных чарназёмах, бярозава-асінавыя колкі, на У — піхтава-асінавая тайга. Пашырана земляробства (пшаніца, авёс, жыта, бульба).

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАВА (Ала Канстанцінаўна) (н. 3.5.1937, Мінск),

бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1973). Скончыла БДУ (1960). З 1961 у ІМЭФ АН Беларусі, з 1993 у навук.-метадычным цэнтры «Гульні і цацкі». Навук. працы па стараж. бел. скульптуры, сучасным бел. нар. мастацтве. Адзін з аўтараў артыкулаў для «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 9, М., 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—3, 1987—89), зб-каў «Помнікі старажытнабеларускай культуры» (1984), «Помнікі культуры. Новыя адкрыцці» (1985) і інш.

Тв.:

Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Старажытнабеларуская скульптура. Мн., 1991;

Народная спадчына — дашкольнікам. Мн., 1998 (у сааўт.);

La sculpture sur bois en RSS de Biélorussie // Le bois dans l’architecture et la sculpture slaves. Paris, 1981.

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)