РАДЗІ́М,
легендарны родапачынальнік радзімічаў. Паводле летапісных паданняў, былі на «ляхах» два браты — Радзім і Вятка, якія прыйшлі са сваімі родамі і аселі: першы на Сажы, другі на Ацэ, ад іх і пайшлі радзімічы і вяцічы. На думку некат. даследчыкаў, слова «Р.» — скарочаная форма ад уласнага імя Радзімір, або Радзімер. Даследчык А.І.Папоў лічыў, што назва «радзімічы» належала першапачаткова дынастычнаму роду, а потым пашырылася на племянныя групы і землі, якія яны займалі.
т. 13, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ПУС ладажскі
(Coregonus albula ladogensis),
кілец,
рыба сям. сіговых атр. ласосепадобных. Хуткарослая буйная форма рапушкі еўрапейскай. Пашырана ў Анежскім і Ладажскім азёрах. Трымаецца чародамі далёка ад берагоў, пераважна на глыбіні. Характэрны кармавыя міграцыі. На Беларусі інтрадукаваны (1950—62) у Браслаўскую і Нарачанскую групы азёр і ў Лукомскае возера. Нар. назвы: рыпукса, рыпуса.
Даўж. да 46 см, маса да 1,5 кг. Ад рапушкі адрозніваецца выгінам бакавой лініі. Корміцца пераважна планктонам, часам дробнай рыбай (корушкай). Аб’ект развядзення.
т. 13, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАЙГІ́НСКАЯ ГРАДА́ (ОЗ),
геамарфалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчана паміж вёскамі Свайгіні і Замэчак Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Тыповая форма ледавіковага рэльефу, озавая града даўж. 4 км, шыр. 100 м, выш. да 20 м, пл. 0,4 км², выцягнута з Пн на Пд. Складзена пераважна з пяску, жвіру, марэннага супеску і дробных валуноў. Утварылася каля 20—17 тыс. г. назад у выніку намнажэння флювіягляцыяльных адкладаў у вузкай шчыліне ледавіка.
В.Ф.Вінакураў.
т. 14, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПТЭ́Т (ад лац. septem сем),
1) ансамбль з 7 выканаўцаў.
2) Муз. твор для 7 выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў); адзін з відаў камернай музыкі (як і квартэт, квінтэт і секстэт). Для С. характэрна санатна-цыклічная форма, пашыраны інш. цыклічныя (сюіта) і нецыклічныя формы. Найб. вядомыя септэты Л.Бетховена, І.Гумеля, П.Хіндэміта, І.Стравінскага. Вакальныя С. пераважна ўваходзяць у оперы. У бел. музыцы прадстаўлены ў творчасці Я.Касалапава, П.Падкавырава, М.Русіна.
Т.А.Дубкова.
т. 14, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ (ад аўта... + грэч. morphē форма),
глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах «аўтаномнага» балансу вільгаці (толькі атм. ўвільгатненне) і рэчыва (адсутнасць прыносу). Такімі глебамі з’яўляюцца чарназёмы, шэразёмы, падзолістыя. Марфалагічны профіль аўтаморфных глебаў не мае каляровых прыкметаў агляення, часам у ім трапляюцца жалезістыя канкрэцыі і пунктацыі марганцу, што сведчыць аб кароткатэрміновым лішкавым увільгатненні. С.-г. расліны на такіх глебах не пашкоджваюцца вымаканнем. На Беларусі да аўтаморфных глебаў належаць дзярнова-карбанатныя глебы, бурыя лясныя глебы, падзолістыя глебы і дзярнова-падзолістыя глебы.
т. 2, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТАІ́НЫ, цвітэр-іоны,
унутраныя солі хім. злучэнняў, якія маюць карбаксільную групу (-COOH) і чацвярцічны атам азоту ці трацічныя атамы кіслароду і серы, напр. (CH3)3N+CH2COO−; біпалярныя іоны арган. злучэнняў. Нейтральныя малекулы, у якіх процілеглыя эл. зарады прасторава раз’яднаны. Існуюць у прыродзе як форма амінакіслот у крышталях і водных растворах, як прамежкавыя рэчывы азоцістага абмену многіх раслін і жывёл. Сінт. бетаіны — паверхневаактыўныя рэчывы; выкарыстоўваюцца як эмульгатары палімерызацыі, дыспергатары, антыстатыкі, змочвальнікі ў папяровай, гарбарнай, тэкст. і металаапр. прам-сці.
т. 3, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАСАВА́ННЕ ў мовазнаўстве,
падпарадкавальная сувязь, пры якой форма залежнага слова (кампанента) прыпадабняецца да формы галоўнага ў родзе, ліку і склоне. Грамат. паказчык Д. — канчатак; характэрная асаблівасць — змяненне формы асн. кампанента патрабуе адпаведных змяненняў у форме дапасаванага (напр., рыжы ліс, рыжага ліса і г.д). Адрозніваюць поўнае Д. (залежны кампанент цалкам дубліруе форму галоўнага і не мае самаст. грамат. значэння) і няпоўнае Д. (ахоплівае толькі асобныя формы галоўнага, напр., на станцыі «Маскоўская», з прафесарам Пятровай).
Т.Р.Рамза.
т. 6, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ВАЛЮ́ТНЫ САЮ́З,
форма інтэграцыі краін-членаў Еўрапейскага саюза (ЕС) у валютна-фін. сферы. Рашэнне аб стварэнні саюза абвешчана Маастрыхцкім дагаворам 1992. План паэтапнага пераходу да Е.в.с. прадугледжваў «эканамічную канвергенцыю» і стабілізацыю валютных курсаў, абмежаванне інфляцыі і доўгатэрміновых працэнтных ставак. нац. запазычанасці і межаў дэвальвацыі нац. валют. Яго рэалізацыя прадугледжвае стварэнне ў 1998 Еўрап. цэнтр. банка, у якім будуць прадстаўлены нац. цэнтр. банкі, і ўвядзенне ў абарачэнне адзінай грашовай адзінкі з 1.1.1999 ва ўсіх краінах ЕС.
Л.І.Шмыгава.
т. 6, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ГА (англ. jig),
1) старадаўні нар. танец кельцкага паходжання. Спачатку парны танец (у маракоў пашыраны як сольны танец жартоўнага характару). У 17—18 ст. папулярны салонны танец у краінах Зах. Еўропы. Пазней бытаваў пераважна ў народзе. Муз. памер 6/8, 9/8, 12/8. Тэмп хуткі.
2) 3 17 ст. муз. п’есы розных тыпаў (у асн. 3-, 6-, 9-, 12-дольныя); заключная частка сюіты. Муз. форма «Ж.» выкарыстана ў балеце «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага; у сюітах многіх бел. кампазітараў.
т. 6, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНА-ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ГАСПАДА́РКА,
катэгорыя запаведных тэрыторый, у межах якіх актыўна праводзіцца работа па акліматызацыі, зберажэнні і аднаўленні запасаў дзічыны. У іх строга рэгулюецца паляванне (з навук. і спарт. мэтамі), абмежавана лясная гаспадарка, практыкуюцца біятэхн. мерапрыемствы (напр., клетачнае расплоджванне, прыручэнне жывёл). З.-п.г. — форма ахоўных тэр., характэрная толькі для б. СССР, дзе існавалі З.-п.г.: Завідаўская, Каўказская (Расія), Крымская, Азова-Сівашская (Украіна), Кургальджынская (Казахстан), Энгурэс (Латвія), Белавежская пушча з 1983 з філіялам Целяханская (Беларусь).
Э.Р.Самусенка.
т. 6, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)