Ю́ГЕНДСТЫЛЬ (Jugendstil),

назва стылю мадэрн у нямецкім мастацтвазнаўстве і маст. крытыцы. Паходзіць ад назвы мюнхенскага час. «Jugend» («Моладзь»), што прапагандаваў гэты стыль.

т. 18, кн. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУТО́ВІЧ Янка (Іван Іосіфавіч; 24.1.1904, в. Шутавічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 9.12.1973),

бел. грамадскі і культурны дзеяч, літаратуразнавец. Скончыў віленскія бел. гімназію (1924), ун-т (1934). У час вучобы ва ун-це прымаў удзел у працы Бел. студэнцкага саюза, Бел. навук. т-ва, Т-ва прыяцеляў беларусаведы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, рэдагаваў час. «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі». Адзін з кіраўнікоў Бел. нац. аб’яднання (гл. Беларуская хрысціянская дэмакратыя). Працаваў у Бел. друкарні імя Ф.​Скарыны. У 1935—39 адказны рэдактар і выдавец час. «Калоссе». У 1936 кіраваў агульным Школьным сакратарыятам. Быў зняволены польскімі ўладамі, вызвалены сав. войскамі ў 1939. З восені 1939 займаўся асв. і выдавецкай дзейнасцю, з 1940 працаваў у Бел. музеі ў Вільні (з 1941 дырэктар). У 1944 рэпрэсіраваны, вызвалены ў 1956, рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Вільнюсе. Друкаваўся з 1927. Выступаў з артыкуламі пра Я.​Драздовіча, Ш.​Руставелі, Т.​Шаўчэнку, рыхтаваў матэрыялы пра М.​Гарэцкага, А.​Гурыновіча, М.​Забэйду-Суміцкага, Я.​Карскага, А.​Уласава, Бел. музей у Вільні. У 1940 пад яго рэд. у Вільні выдадзена кн. «Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці (10.1.1915—10.1.1940)». Выявіў у архіве рукапіс рамана Гарэцкага «Віленскія камунары». Рукапісны і ўласны архіў Ш. захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

А.​М.​Вабішчэвіч.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЎК (лац. Lupus),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 2,3 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — красавік, май. Гл. Зорнае неба.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́ННІК (лац. Horologium),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,9 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — лістапад. Гл. таксама Зорнае неба.

т. 4, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕЛЬДМА́РШАЛ (ням. Feldmarschall),

вышэйшае воінскае званне ў арміях шэрагу дзяржаў. Тытул Ф. з’явіўся ў Тэўтонскім ордэне ў 14 ст., пазней існаваў у Прусіі і інш. герм. дзяржавах. У 17 ст. ў Расіі і Аўстрыі ўведзена званне (чын) ген.-Ф., якое надавалася вышэйшым нач. (галоўнакамандуючым) сухап. армій за асаблівыя заслугі ў час вайны. У Рас. імперыі было больш за 60 ген.-Ф., сярод іх М.Л.Кутузаў, І.Ф.Паскевіч, І.​У.​Гурка (гл. ў арт. Гуркі), Дз.А.Мілюцін. У некат. дзяржавах званне Ф. (ген.Ф.) захавалася ў 20 ст.; у час 2-й сусв. вайны існавала ў Вялікабрытаніі (з 1736), Германіі. У інш. краінах званню (чыну) Ф. адпавядала званне маршал (напр., у Францыі, Польшчы, Кітаі); у СССР у 1935—91 існавала званне Маршал Сав. Саюза.

т. 16, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria; 24.5.1819, Лондан — 22.1.1901),

каралева Вялікабрытаніі і Ірландыі [1837—1901], імператрыца Індыі [1876—1901]. Апошняя прадстаўніца Гановерскай дынастыі. Час яе праўлення наз. «віктарыянскай эрай» (падзяляецца на 3 перыяды). Першы (ранневіктарыянскі) перыяд быў адметны сац. напружаннем (гл. Чартызм, барацьба супраць хлебных законаў). У сярэдневіктарыянскі (1846—73) пашырыўся эканам. лібералізм, устанавілася прамысл. і гандл. манаполія Англіі ў свеце, зменшылася сац. напружанасць. У познавіктарыянскі час Вялікабрытанія стала найб. моцнай сярод еўрап. дзяржаў. Вяліся калан. войны з краінамі Азіі і Афрыкі; завяршылася заваяванне Індыі. У л-ры, мастацтве з’явіўся новы «віктарыянскі» стыль, яго пераймалі ў інш. краінах. У гонар Вікторыі названы гарады, рэкі, астравы, тэрыторыі і правінцыі ў краінах, якія ўваходзілі ў склад Брыт. імперыі.

Вікторыя.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЛА-ВАЛО́ Алексантэры (Аляксандр Пятровіч; нарадзіўся 27.1.1900, С.-Пецярбург),

мастак. У 1919—30 жыў на Беларусі. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», час. «Беларускі піянер», «Беларуская работніца і сялянка», «Плуг» і інш.; сатыр. малюнкі змяшчаў у час. «Дубінка» (1927). Аформіў кнігі Я.​Коласа «Новая зямля», А.​Александровіча «Угрум», П.​Труса «Ветры буйныя», А.​Вольнага «Табе», М.​Нікановіча «Вясновы прамень», К.​Чорнага «Хвоі гавораць» і інш. Аўтар станковых лінарытаў «Ахвяра віна» (1921), «Кастрычнік у космасе» (1925), «Атэлье» (1927). Мастак-канструктар павільёна Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (МОПР) для 1-й Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930, Мінск). Жыве ў Фінляндыі.

Л.​Дз.​Налівайка.

А.Ахола-Вало. Вокладка кнігі П.​Труса «Ветры буйныя».

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАН Алег (сапр. Пушкін Алег Аляксеевіч; н. 5.1.1938, г. Смаленск, Расія),

бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1960), Літ. ін-т імя М.​Горкага (1969), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1978). Працаваў на Бел. тэлебачанні, кінастудыі «Беларусьфільм». З 1993 у час. «Нёман». Друкуецца з 1963. Піша на рус. мове. Асн. тэмы: жыццё гараджаніна ў першым пакаленні, побыт людзей правінцыяльных гарадоў Беларусі (кн. прозы «У час развітання», 1975, «У гасцях і дома», «Знаёмы», абедзве 1977, «Рысы і абліччы», 1985, «Па абодва бакі прахадной», 1987, «Самастойнае жыццё», 1990). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Сумленны, разумны, нежанаты» і «Хочаце любіце, хочаце не», п’есы «Салгалі Богу, салгалі» (1993). Перакладае на рус. мову творы бел. пісьменнікаў.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЖЫ́НКІ,

старадаўні земляробчы звычай у беларусаў і інш. славянскіх народаў, звязаны з пачаткам жніва. Яго абрадавы сэнс быў скіраваны на тое, каб забяспечыць добры збор ураджаю. Звычайна З. спраўлялі ў суботу вечарам; перад гэтым прыбіралі хату і двор, стол засцілалі белым абрусам, клалі бохан хлеба с соллю. Зажынальніцай выбіралі жанчыну «лёгкую на руку», каб усё жніво прайшло спраўна. Ў першы выхад на ніву нажыналі невял. сноп жыта, перавязвалі яго чырвонай стужкай, неслі дахаты і ставілі на покуці (зерне з яго пасля дамешвалі да насення). У дзень З. рыхтавалася святочная вячэра, у час якой сям’я з’ядала хлеб і сыр, прынесеныя з поля. У наш час З. адзначаюць як свята першага снапа.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.​Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.​Хадкевіча. У 1623 Я.​Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.​Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.​Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.​Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.​Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.​Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял. Айч. вайны.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)