РЭЛАКСА́ЦЫЯ АКУСТЫ́ЧНАЯ,

працэс узнаўлення ў асяроддзі раўнавагі тэрмадынамічнай, якая парушана з-за змены ціску і т-ры пры праходжанні гукавой хвалі; неабарачальны працэс. Пры Р.а. энергія гукавой хвалі памяншаецца (адбываецца паглынанне гуку); рэлаксацыя суправаджаецца дысперсіяй (гл. Дысперсія хваль).

Найпрасцейшы від Р.а. — рэлаксацыя ўнутрымалекулярнага ўзбуджэння (адбываецца, напр., у двухатамных ці шмататамных газах, у якіх энергія паступальнага руху малекул у гукавой хвалі пераходзіць у энергію, што звязана з вагальнымі і вярчальнымі ступенямі свабоды малекул). Інш. віды рэлаксацыі: структурная ў вадкасцях (акустычная хваля ініцыіруе змену блізкага парадку ў размяшчэнні малекул вадкасці); хім. (пад уздзеяннем гуку зрушваецца раўнавага ў хім. рэакцыі). Адзін з відаў Р.а. у цвёрдым целе — рэлаксацыя розных дэфектаў крышталічнай рашоткі (звязана з рухам дэфектаў пад уздзеяннем мех. напружанняў у пругкай хвалі). Пры распаўсюджванні гуку ў паўправадніках і металах парушаецца раўнаважнае размеркаванне электронаў праводнасці, што таксама прыводзіць да рэлаксацыі. У палімерах, гумах і розных вязкапругкіх асяроддзях назіраецца значная дысперсія скорасці гуку, што звязана з рэлаксацыяй механізма высокай эластычнасці.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 13, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́НЬКА (Armillaria),

род базідыяльных грыбоў парадку агарыкальных. Каля 12 відаў. Касмапаліты. На Беларусі трапляюцца апенька сапраўдная, або восеньская (A. mellea), апенька марнеючая (A. tabescens) і апенька скараспелая, або ранняя (A. praecox). Факультатыўныя паразіты (на старых або аслабленых дрэвах), часцей існуюць як сапратрофы. Растуць групамі на пнях, ствалах, каля дрэў у хвойных і лісцевых лясах. Ядомыя (спажываюцца смажаныя, вараныя, салёныя, сушаныя і марынаваныя).

Шапка ў маладых апенек выпуклая, пазней плоская, гладкая або лускаватая, сухая, зрэдку слізістая, дыям. да 12 см, жоўта-бурая або жаўтавата-карычневая. Пласцінкі жоўта-белыя, бураватыя. Ножка з добра выяўленым кольцам, рэдка без яго. Апенькай часта наз. грыбы інш. родаў, напр. ядомая апенька летняя (Kuehneromyces mutabilis), а таксама ядавітыя апенька несапраўдная серна-жоўтая (Nematoloma fasciculare) і апенька несапраўдная цагельна-чырвоная (N. sublateritium).

В.​С.​Гапіенка.

Апенькі: 1 — летняя; 2 — восеньская.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ ВО́ІНСКІЯ,

злачынствы супраць устаноўленага парадку нясення воінскай службы, якія ўчыняюцца ваеннаслужачымі Узбр. Сіл, а таксама ваеннаабавязанымі ў час праходжання імі збораў. Крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за непадпарадкаванне, невыкананне загаду, супраціўленне начальніку або прымушэнне яго да парушэння службовых абавязкаў, пагрозу начальніку і гвалтоўныя дзеянні супраць яго, абразу падначаленым начальніка або начальнікам падначаленага, парушэнне статутных правіл паміж ваеннаслужачымі, самавольныя адлучка і пакіданне часці або месца службы, дэзерцірства, ухіленне ад воінскай службы праз членашкодніцтва ці інш. спосабам, прамотванне, страта, знішчэнне ці пашкоджанне ваен. маёмасці, парушэнне правіл абыходжання са зброяй, рэчывамі і прадметамі, што маюць павышаную небяспеку для навакольных, выдаванне ваен. тайны, злоўжыванне ўладай, перавышэнне або бяздзейнасць улады, самавольнае пакіданне поля бою, добраахвотная здача ў палон, марадзёрства, насілле над насельніцтвам у раёне ваен. дзеянняў, дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі і інш.

М.​Р.​Белавусаў.

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

асобы, якія знаходзяцца на тэрыторыі ваюючай дзяржавы і не належаць да яе камбатантаў. Прававое становішча М.н. рэгулюецца 4-й Гаагскай канвенцыяй 1907, 4-й Жэнеўскай канвенцыяй 1949, Дадатковымі пратаколамі 1 і 2 да Жэнеўскіх канвенцый 1949. Паводле гэтых актаў бакі, якія ваююць, абавязваюцца захоўваць адзін з асн. прынцыпаў права ў дачыненні да вайны: забарону весці вайну супраць грамадз. насельніцтва.

Асобы, што належаць да М.н., маюць права на гуманныя адносіны без дыскрымінацыі паводле расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, веравызнання або інш. перакананняў, нац. або сац. паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння або валодання інш. статуса ці інш. неспрыяльнай прыкметы. Забараняецца напад узбр. сіл дзяржаў, што ваююць, непасрэдна на М.н., выкарыстанне імі зброі невыбіральнага характару, вынікам чаго з’яўляецца гібель М.н., напад на яго або асобных цывільных асоб у парадку рэпрэсалій. Недатыкальнымі з’яўляюцца таксама сродкі выжывання М.н.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕАГУ́ЛЬНАЯ ПРАЦО́ЎНАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,

мерапрыемствы сав. улады па абавязковым прыцягненні да працы ўсіх працаздольных грамадзян сав. Расіі, якія праводзіліся ў 1918—20. Мела на мэце забеспячэнне рабочай сілай патрэб гаспадаркі і абароны ва ўмовах грамадз. вайны і інтэрвенцыі; цесна звязана з палітыкай «ваеннага камунізму». У.п.п. абвешчана ў Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (студз. 1918), дэкрэтам СНК РСФСР ад 5.10.1918 уведзена для прадстаўнікоў буржуазіі, Кодэксам законаў аб працы ад 10.12.1918 — для ўсяго працаздольнага насельніцтва. Дэкрэты СНК ад 12.4.1919 і 27.4.1920 забаранялі самавольны пераход на іншую працу і сурова каралі за прагулы. Паводле дэкрэта СНК ад 29.1.1920 «Аб парадку ўсеагульнай працоўнай павіннасці» ствараліся Гал. (старшыня Ф.Э.Дзяржынскі) і мясц. к-ты па правядзенні У.п.п., усё працаздольнае насельніцтва, незалежна ад пастаяннай работы, прыцягвалася да выканання розных прац. заданняў. З увядзеннем новай эканамічнай палітыкі У п.п. спыніла дзеянне. На тэр. Беларусі скасавана ў 1922.

т. 16, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТО́НСКАЯ МО́ВА,

адна з фіна-угорскіх моў (прыбалтыйска-фінская падгрупа); мова эстонцаў. Пашырана ў Эстоніі, часткова ў Швецыі, Расіі, ЗША, Канадзе. Мае 3 дыялектныя групы: паўн.-эст., паўд.-эст. і паўн.-ўсх., або прыбярэжную. Э.м. ўласцівы: у фанетыцы — фаналагічная значнасць ступеней даўжыні, што ахоплівае ўсе доўгія галосныя, дыфтонгі, зычныя і спалучэнні зычных, гал. націск у слове на 1-м складзе, дадатковы на 3-м; у марфалогіі — 14 склонаў назоўніка, ва ўтварэнні якіх удзельнічаюць паслялогі, адсутнасць катэгорыі роду ў дзеяслова — катэгорыі трывання; у сінтаксісе — сувязь слоў у сказе выражаецца пераважна грамат. формамі асобных слоў і службовымі словамі, часам з дапамогаю парадку слоў і інтанацыі; у лексіцы — запазычанні са слав., балт. і герм. моў. Першыя запісы на Э.м. (асобныя сказы і глосы) з 13 ст. Першая друкаваная кніга — 1535. Пісьменства на аснове лац. алфавіта.

Літ.:

Каск А. Эстонский язык // Основы финно-угорского языкознания. М., 1975.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 18, кн. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДАЎСТВА АБ ШЛЮБЕ І СЯМ’І.

Складаецца з нарматыўных актаў, якія рэгулююць адносіны паміж грамадзянамі на аснове шлюбу, замацоўваюць правы і абавязкі членаў сям’і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і нормамі міжнар. права, забяспечваюць ахову мацярынства і бацькоўства, законных правоў і інтарэсаў дзяцей, спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці. Асн. заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы сямейнага права, — Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, прыняты 9.7.1999 і ўведзены ў дзеянне 1.9.1999. Ён складаецца з 7 раздзелаў (241 артыкул).

У раздзеле «Агульныя палажэнні» сфармуляваны задачы заканадаўства аб шлюбе і сям’і, умацавання сям’і як натуральнай і асн. ячэйкі грамадства на прынцыпах агульначалавечай маралі, роўнасці, павагі і ўзаемадапамогі членаў сям’і. Раздзел «Шлюб» вызначае парадак і ўмовы ўзяцця шлюбу, заключэння шлюбнага дагавора, правы і абавязкі мужа і жонкі, парадак спынення шлюбных адносін, парадак і вынікі ўстанаўлення паходжання дзяцей ад бацькоў, якія знаходзяцца або не знаходзяцца ў шлюбе паміж сабой. Раздзел «Сям’я» ўстанаўлівае падставы ўзнікнення правоў і абавязкаў сям’і, адказнасць за выхаванне дзяцей, асабістыя немаёмасныя праваадносіны ў сям’і (вызначэнне прозвішча, грамадзянства, месца жыхарства дзяцей, выхаванне, забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, догляду і нагляду за імі), маёмасныя праваадносіны бацькоў і дзяцей (кіраванне справамі і маёмасцю непаўналетніх і непрацаздольных дарослых дзяцей, парадак выплаты або спагнання аліментаў, падставы спынення аліментных абавязацельстваў); вызначае парадак і прававыя вынікі ўсынаўлення дзіцяці, мэты і вынікі ўстанаўлення апекі і апякунства, пытанні выхавання дзяцей у прыёмнай сям’і, патранатнага выхавання дзяцей — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў. У раздзеле «Ахова дзяцінства» абвяшчаецца роўнасць і прыярытэт правоў дзяцей, вызначаюцца сац. (права на жыццё, годныя ўмовы жыцця, абарону здароўя, правы на адукацыю і працу, адпачынак і вольны час) і матэрыяльныя (на матэрыяльнае забеспячэнне, на жыллё) правы дзяцей. У раздзеле «Акты грамадзянскага стану» вызначаюцца парадак рэгістрацыі нараджэння, заключэння шлюбу, устанаўлення бацькоўства, усынаўлення, смерці, змены імя і інш. У спец. раздзеле ўстанаўліваецца парадак прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і ў адносінах да замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама парадак прымянення заканадаўства аб шлюбе і сям’і замежных дзяржаў і адпаведных міжнар. дагавораў.

У выпадку адсутнасці ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і парадку рэгулявання асобных відаў сямейных адносін выкарыстоўваюцца нормы Грамадз. кодэкса Рэспублікі Беларусь. Нарматыўныя акты па пытаннях шлюбных і сямейных адносін могуць прымаць Прэзідэнт, Урад і інш. органы дзярж. кіравання. 17.1.2001 прыняты дэкрэт Прэзідэнта «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі і афармлення скасавання шлюбу». Указам Прэзідэнта ад 21.1.1998 зацверджаны «Асноўныя напрамкі дзяржаўнай сямейнай палітыкі Рэспублікі Беларусь». Пастановамі Савета Міністраў ад 28.10.1999 зацверджаны палажэнні: аб органах апекі і апякунства ў Рэспубліцы Беларусь, аб парадку кіравання маёмасцю падапечных, аб прыёмнай сям’і. Пленум Вярх. суда Рэспублікі Беларусь прыняў пастановы «Аб судовай практыцы па справах аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў» (26.9.2002), «Аб судовай практыцы па справах аб усынаўленні (удачарэнні)» (20.12.2000) і інш. Міністэрствамі адукацыі і фінансаў зацверджана «Інструкцыя аб парадку пакрыцця расходаў на ўтрыманне дзяцей, якія змешчаны ў дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы на дзяржаўнае забеспячэнне, а таксама ў апякунскую, прыёмную сям’ю» (кастр. 2002). Нормы, якія рэгулююць сямейныя адносіны, ёсць у міжнар. канвенцыях аб спагнанні за мяжой аліментаў (у Рэспубліцы Беларусь уведзена ў дзеянне 28.9.1996), аб абароне дзяцей і супрацоўніцтве ў адносінах міжнар. ўсынаўлення (у Беларусі ўведзена ў дзеянне 1.11.2003) і інш.

Літ.:

Иванов В.С. Основы права Республики Беларусь. Мн., 1998;

Пенкрат В.И. Семейное право Мн., 1998;

Функ Я.И. Брачный договор: Имуществ. отношения супругов, их участие в хозяйств. обществах и товариществах. 2 изд. Мн., 2003.

А.​А.​Папова.

т. 18, кн. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ (Caryophyllaceae),

сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.

Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА НЕ́ТРАЎ,

комплекс арганізацыйных, тэхнічных, эканам., прававых і інш. мерапрыемстваў, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне зямных глыбінь; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: выкананне ўстаноўленага заканадаўствам парадку давання нетраў у карыстанне і недапушчэнне самавольнага карыстання імі, паўнату геал. вывучэння, бяспечнае вядзенне работ па выкарыстанні нетраў (ахова атмасферы, водаў, зямной паверхні і інш. аб’ектаў ад шкоднага ўплыву работ); прывядзенне парушаных зямельных участкаў у стан, прыдатны для далейшага выкарыстання; найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне запасаў карысных выкапняў і спадарожных ім кампанентаў; прадухіленне забруджвання нетраў пры падземным захоўванні, пахаванні адходаў і скіданні сцёкавых водаў; бяспечнае карыстанне нетрамі для насельніцтва і навакольнага асяроддзя. На Беларусі ахова нетраў знаходзіцца на стадыі арганізацыі і юрыд. афармлення. Дзярж. кантроль за аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем ажыццяўляюць органы дзярж. горнага нагляду і інш. Парадак карыстання і аховы нетраў суб’ектамі гаспадарання незалежна ад формаў уласнасці, падпарадкавання і прыналежнасці замацаваны ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб нетрах (праект; 1995).

т. 2, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКАРПАРА́ЦЫЯ (ад позналац. incorporatio далучэнне),

1) уключэнне ў свой склад, далучэнне.

2) Прадастаўленне ў адпаведнасці з законам групе асоб статуса юрыд. асобы, карпарацыі.

3) Сістэматызаванне законаў дзяржавы, размяшчэнне іх у вызначаным парадку (храналагічным, алфавітным, па галінах права) без змены зместу законаў.

4) У мовазнаўстве — спосаб сувязі значымых і службовых кампанентаў у адзінае моўнае цэлае, якое знешняй формай нагадвае складанае слова, а зместам — словазлучэнне ці сказ; характэрная рыса інкарпараваных моў. У такіх словах-сказах колькасць кампанентаў абумоўлена зместам выказвання, а парадак размяшчэння кампанентаў выражае ўстойлівыя сінтакс. адносіны паміж імі. Напр., у славесным комплексе мовы хупа (абарыгены Паўн. Амерыкі) te-se-e-ya-te — «Я пайду» цэнтр. лексічны кампанент ya абазначае «ісці», пач. кампанент te мае грамат. значэнне (паказвае. што дзеянне разгортваецца ў пэўнай прасторы), e — займеннік «я», элемент se паказвае, што дзеянне развіваецца, канчатак te выражае будучы час. Значымыя члены такіх славесных комплексаў выконваюць адначасова функцыі слоў і членаў сказа.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 7, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)