РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІ ДАГАВО́Р 1724.

Паводле дагавора, падпісанага 23 чэрв. ў г. Стамбул, Турцыя пагаджалася з далучэннем да Рас. імперыі тэрыторый на зах. узбярэжжы Каспія, якія былі заняты рас. арміяй у выніку Персідскага паходу 1722—23, а Расія — на далучэнне да Асманскай імперыі зямель у Закаўказзі і Паўн.-Зах. Іране, якія былі захоплены тур. войскамі ў пач. 18 ст.

т. 13, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕМАСТЭРЫЛЯ́НТЫ (ад хема... + лац. sterilis бясплодны),

хімічныя рэчывы са стэрылізавальным дзеяннем. У якасці Х. для стэрылізацыі насякомых выкарыстоўваюць антыметабаліты (парушаюць сінтэз нуклеінавых к-т. абменныя працэсы), алкілавальныя рэчывы (выклікаюць парушэнні ў храмасомах), некат. антыбіётыкі, алкалоіды і інш. У выніку большасць шкоднікаў адкладваюць нежыццяздольныя яйцы. Выкарыстоўваюцца ў барацьбе са шкоднымі насякомымі (малярыйным камаром, яблыневай пладажэркай, тараканамі і інш.).

т. 17, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛ у геалогіі,

1) цыклічнасць рэльефаўтварэння — заканамернае чаргаванне шэрагу рэльефаўтваральных працэсаў, абумоўленых перыядычнасцю геал. працэсаў (гал. чынам тэктанічных рухаў) і ваганняў клімату. У выніку адбываецца чаргаванне розных генерацый рэльефу — тэктанічнага, кантрастнага, дэнудацыйнага і выраўнаванага (пенепленізаванага). Адначасова ўтвараюцца серыі або фармацыі карэлятыўных гэтым генерацыям марскіх і кантынент. адкладаў.

2) Цыкл складкавасці — цыкл развіцця платформ. Гл. ў арт. Тэктанічны цыкл.

т. 17, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯН ЯНЬ (?—781),

кітайскі дзярж. дзеяч, міністр. У 780 правёў падатковую рэформу: скасаваў трохступеньчатае абкладанне (зямельны і прамысл. падаткі, прац. павіннасці) і замяніў іх адзіным грашовым падаткам, які залежаў ад памераў маёмасці. У выніку прыдворных інтрыг асуджаны на смяротнае пакаранне (прымушаны да самазабойства). Уведзеная ім сістэма падаткаабкладання (са зменамі) праіснавала ў Кітаі да сярэдзіны 17 ст.

т. 18, кн. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л III (Vittorio Emanuele; 11.11.1869—28.12.1947),

апошні кароль Італіі [1900—46]. У 1922 пасля «Маршу на Рым» Б.Мусаліні прызначыў яго кіраўніком урада. Падтрымліваў фаш. дыктатуру ў Італіі. У 1943 пад пагрозай масавых хваляванняў у краіне адхіліў Мусаліні ад улады (т.зв. дварцовы пераварот 25.7.1943). Каб захаваць манархію, 5.6.1944 перадаў уладу свайму сыну Умберта, 9.5.1946 адрокся ад прастола. У выніку рэферэндуму 18.6.1946 Італія абвешчана рэспублікай.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАДА́ ў геамарфалогіі,

агульная назва невысокіх, выцягнутых узвышшаў рознага памеру і паходжання. У ледавіковых абласцях (Бел. Паазер’е) утварыліся марэнныя грады (марэны) з нагрувашчванняў ледавіковых адкладаў і озавыя (озы). У абласцях пашырэння пясчаных адкладаў (Бел. Палессе, Каракумы, узбярэжжа Балтыйскага м.) узніклі пясчаныя грады ветравога паходжання (дзюны, барханы). У выніку размыву нахіленых у адзін бок пластоў горных парод рознай цвёрдасці ўтварыліся куэставыя грады (куэсты).

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНГЕЛЬДЫ ІМА́НАЎ (1873, Тургайская вобл., Казахстан — 18.5.1919),

адзін з кіраўнікоў нац.-вызв. паўстання ў Казахстане ў 1916. У час Сярэднеазіяцкага паўстання 1916 узначаліў атрады ў Тургайскім і суседніх паветах. У кастр. 1917 стварыў партыз. атрад, які выступіў супраць урада, сфарміраванага партыяй Алаш. Адзін з арганізатараў сав. улады ў Тургайскай вобл., першых у Казахстане часцей Чырв. Арміі. Загінуў у выніку антысав. мяцяжу.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНАЕ ПРОЦІЦЯЧЭ́ННЕ, Міжпасатнае проціцячэнне,

паверхневыя кампенсацыйныя цячэнні ў нізкіх шыротах акіянаў паміж Паўн. і Паўд. пасатнымі цячэннямі. Развіваюцца ў штылявой зоне ў выніку мерыдыянальнай нераўнамернасці ветравога поля. Напрамак з З на У. У Атлантычным і Ціхім акіянах размешчаны на 3—10° паўн. ш., у Індыйскім — на 9—10° паўд. ш. У асобных выпадках назіраюцца да глыб. 300 м.

т. 18, кн. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВО́ЗДЗЕЎ Міхаіл Спірыдонавіч, рускі геадэзіст і падарожнік 1-й пал. 18 ст. Вучыўся ў маскоўскай навігацыйнай школе (1716) і Марской акадэміі (1719). З 1732 на боце «Св. Гаўрыіл» пад камандай І.Фёдарава здзейсніў плаванне да берагоў Берынгава прал. У выніку былі даследаваны і нанесены на карту часткі азіяцкага і амер. ўзбярэжжаў гэтага праліва.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАДЗІ́Н (ад гетэра... + грэч. dynamis сіла),

маламагутны высокачастотны генератар электрычных ваганняў з самаўзбуджэннем. Схема гетэрадзіна бывае лямпавая, напр. з гептодам, і паўправадніковая. Стварае ваганні дапаможнай частаты, якія змешваюцца са знешнімі (карыснымі) высокачастотнымі, у выніку атрымліваюцца ваганні пастаяннай рознаснай (прамежкавай) частаты. Выкарыстоўваецца ў пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў, гетэрадзінных частатамерах, радыёвымяральных прыладах і інш.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)