ДРУГА́Я СІГНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

якасна адметная, уласцівая толькі чалавеку форма вышэйшай нервовай дзейнасцісістэма моўных сігналаў. Паняцце ўвёў І.П.Паўлаў (1932). З’яўляецца ў працэсе эвалюцыі ў цеснай сувязі з сац.-прац. фактарам як істотны дадатак да першай сігнальнай сістэмы, якая базіруецца на непасрэдным успрыняцці навакольнага асяроддзя (раздражняльнікаў) праз органы пачуццяў. Словы, што вымаўляюцца, чуюцца і бачацца, з’яўляюцца адцягненым, апасродкаваным вобразам канкрэтных прадметаў і з’яў рэальнага свету, сігналы першасных сігналаў. Яны надзяляюць чалавека здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мышлення, да навук. творчасці. Д.с.с. развіваецца ў ходзе антагенезу, паступова займае дамінуючае становішча. Нейрафізіял. структура мовы ўключае стадыю аферэнтнага сінтэзу, на аснове якой складаецца рашэнне выказаць якую-н. думку. Разам з гэтым фарміруецца і акцэптар выніку дзеяння — апарат, які праграміруе мэту і кантралюе яе рэалізацыю шляхам пастаяннай карэкцыі слоў, што выключае магчымыя памылкі ў выказванні думкі.

У.​М.​Калюноў.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГЕ́ЙМСКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА сістэма дыферэнцыраванага навучання ў Германіі ў пач. 20 ст. Распрацавана ням. педагогам І.​А.​Зікінгерам і прапанавана пры рэфармаванні нар. школ у г. Мангейм (адсюль назва). У аснову пакладзены прынцып адпаведнасці вучэбнай нагрузкі і метадаў навучання індывід. здольнасцям і магчымасцям вучняў. На аснове псіхаметрычных абследаванняў і характарыстык вучняў размяркоўвалі па 4 т.зв. радах класаў: асн. класы (8 гадоў навучання) — для дзяцей з сярэднімі здольнасцямі; пераходныя або класы замежных моў (6 гадоў навучання) — для найб. здольных вучняў, якія могуць працягваць навучанне ў рэальных школах і гімназіях; класы развіцця (для малаздольных) і дапаможныя класы (для разумова адсталых) — па 4 гады навучання. М.ш.с. мела шмат прыхільнікаў у Германіі, некаторыя яе палажэнні выкарыстоўваліся ў Бельгіі, Даніі, Францыі, Швейцарыі, Польшчы, ЗША, Расіі. Асобныя элементы сістэмы выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. тэорыі і практыцы.

В.​С.​Болбас.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл. Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б. СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.

Літ.:

Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;

Правда истории: память и боль. Мн., 1991;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1993.

В.​І.​Мянькоўскі.

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯЦЭНТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА СВЕ́ТУ,

вучэнне, паводле якога Зямля і інш. планеты рухаюцца вакол Сонца (дакладней, вакол агульнага цэнтра мас усёй сістэмы). Прыйшла на змену геацэнтрычнай сістэме свету. Стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету М.Капернік у сваім творы «Пра абарачэнне нябесных свяціл» (1543) матэматычна абгрунтаваў ідэю руху Зямлі і інш. планет вакол Сонца, вызначыў паслядоўнасць размяшчэння планет і іх адносную аддаленасць ад Сонца. Асн. палажэнні геліяцэнтрычнай сістэмы свету адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні дакладнага прыродазнаўства.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,

найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.

Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 10​2) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4∙10​2 + 7∙10​1 + 3∙10​0 = 473. Гл. таксама Лічэнне.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вілейска-Мінская водная сістэма 1/17; 2/543; 3/78—79, 80, 86, 142, 219, 474; 4/79, 130, 506; 5/63, 314, 370; 6/560; 7/226, 231, 248, 395, 494; 8/389; 9/205, 253; 12/32

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК,

сістэма адзінак фіз. велічынь, дзе за асн. адзінкі прыняты фундаментальныя фіз. пастаянныя (зарад і маса спакою электрона, скорасць святла ў вакууме і інш.). Памер асн. адзінак у Н.с.а. вызначаецца з’явамі прыроды, што адрознівае яе ад інш. сістэм адзінак, у якіх выбар адзінак абумоўлены патрабаваннямі практыкі (як, напр., у Міжнароднай сістэме адзінак). П.Дзірак, М.Планк, англ. вучоны Д.​Хартры і інш. прапанавалі некалькі Н.с.а., якія, на думку стваральнікаў, незалежныя ад фіз. працэсаў і прыдатныя для любых момантаў часу і месцаў у Сусвеце.

У Н.с.а. Планка (1906) у якасці асн. адзінак выбраны Больцмана пастаянная, гравітацыйная пастаянная і скорасць святла ў вакууме, лікавыя значэнні якіх прыняты роўнымі 1. У гэтай сістэме адзінка даўжыні роўная 4,03∙10​−35м, масы — 5,42∙10​−8 кг, часу — 1,34∙10​−43с, т-ры — 3,63∙10​32 К. Характэрная асаблівасць усіх Н.с.а — вельмі малыя адзінкі даўжыні, масы і часу і агромністыя адзінкі т-ры, у выніку чаго гэтыя сістэмы нязручныя для практычных вымярэнняў, аднак знаходзяць выкарыстанне ў атамнай фізіцы, квантавай механіцы і інш. раздзелах тэарэт. фізікі.

Літ.:

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988. С. 335—338;

Чертов А.Г. Физические величины. М., 1990. С. 31—33.

А.​І.​Болсун.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

адзіная сетка цеплавых электрастанцый (ДРЭС і ЦЭЦ), трансфарматарных падстанцый і ліній электраперадач, размешчаных на тэр. Беларусі; аснова нац. энергетыкі. Уключае 22 электрастанцыі агульнай устаноўленай магутнасцю каля 7 млн. кВт, 1200 падстанцый, больш за 250 тыс. км ліній электраперадач усіх напружанняў.

Пачала фарміравацца ў 1930 з пракладкі першых ліній электраперадач ад Асінаўскай ДРЭС (цяпер Беларуская ДРЭС). У 1950-я г. з ростам электраэнергетыкі электрастанцыі аб’яднаны ў мясц. энергет. сістэмы: Цэнтральную, Паўд., Паўн.-Заходнюю. У 1962 з уводам у дзеянне лініі электраперадачы Бярозаўская ДРЭС — Баранавічы — Мінск мясц. энергасістэмы злучаны ў Беларускую энергетычную сістэму, у складзе якой 6 абл. электрасістэм.

Сярод электрастанцый Беларускай энергетычнай сістэмы найбольшыя Лукомская ДРЭС (2400 тыс. кВт), Бярозаўская ДРЭС (940 тыс. кВт), Мінская ЦЭЦ-4 (1030 МВт); ёсць інш. буйныя ЦЭЦ у Мінску, Наваполацку, Віцебску, Светлагорску, Гомелі і інш. гарадах. У складзе Беларускай энергетычнай сістэмы 25 буйных кацельняў і каля 2000 км цеплавых сетак. У 1994 выпрацавана 31,4 млрд. кВтгадз электраэнергіі. З электрастанцый і інш. электрасістэм электраэнергія паступае ў агульную сетку, аснова якой — лініі электраперадач напружаннем 220, 330 і 750 кВ. Пасля электраэнергія перадаецца ў размеркавальныя сеткі напружаннем 0,4, 6, 10, 35 кВ. Беларуская энергетычная сістэма звязана з энергасістэмамі Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі лініямі электраперадач напружаннем 330 і 750 кВ; частка электраэнергіі ў яе паступае з Літвы і Расіі.

А.​У.​Вержбаловіч.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСТО́ЛЬНАЯ ВЫДАВЕ́ЦКАЯ СІСТЭ́МА,

камп’ютэрная сістэма, прызначаная для аўтаматызаванай апрацоўкі тэкставай і ілюстрацыйнай (чорна-белай і каляровай) інфармацыі пры вырабе фотаформы або арыгінал-макета паліграф. выдання (кнігі, часопіса, газеты і інш.). Звычайна размяшчаецца на адным рабочым месцы і прызначана для выкарыстання ў выдавецтве або сярэднім паводле аб’ёму выдавецка-паліграф. комплексе.

Складаецца з персанальнай ЭВМ (ПЭВМ) з клавіятурай, дысплеем, маніпулятарам тыпу «мыш» і прыстасаваннямі для электронных носьбітаў інфармацыі, спецыялізаванага матэм. забеспячэння (праграмы аўтам. набору і вёрсткі ў пакетным і дыялогавым рэжыме) і дадатковага перыферыйнага абсталявання. Падрыхтоўка выданняў на Н.в.с. ўключае: набор тэкстаў з дапамогай тэкставых рэдактараў, апрацоўку ілюстрацый з дапамогай графічных рэдактараў, вёрстку выданняў і раздрукоўку матэрыялу (на паперы ці плёнцы ў выглядзе арыгінал-макета). Для апрацоўкі тэкстаў звычайна выкарыстоўваецца стандартная ПЭВМ, для вёрсткі і апрацоўкі ілюстрацый — удасканаленая ПЭВМ ці спецыялізаваныя графічныя станцыі. У якасці дадатковага абсталявання (арганізацыйна-тэхнал. забеспячэння) выкарыстоўваюць: сканеры для ўводу ілюстрацый ці тэксту, прынтэры ці фотанаборныя аўтаматы для раздрукоўкі матэрыялу і вываду інфармацыі на святлоадчувальную плёнку. Існуе больш за 100 варыянтаў Н.в.с., пабудаваных паводле модульнага прынцыпу. Стварэнне гарнітур-кегляў ажыццяўляецца праграмным шляхам, магчыма іх практычна неабмежаваная колькасць. Інфармацыя пра шрыфты закладзена ў памяць ЭВМ. У параўнанні з ранейшымі тэхналогіямі Н.в.с. дазваляе больш аператыўна і якасна рыхтаваць выданні.

Літ.:

Шкаев А.В. Настольные издательские системы: Справ. М., 1994;

Тимофеев Я.Я. Издательство на моем столе. М., 1993.

С.​А.​Макаёнак.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Еўрапейская сістэма знакаў і дарожных паказальнікаў 4/587

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)