славянскія асветнікі, стваральнікі слав. азбукі, прапаведнікі хрысціянства. Браты; нарадзіліся ў г. Салунь (цяпер Салонікі, Грэцыя). Большасць вучоных лічаць іх балгарамі.
Кірыла (да прыняцця манаства ў 869 — Канстанцін; каля 827—14 2.869). Атрымаў адукацыю пры двары імператара Міхаіла ў Канстанцінопалі, прыняў сан святара і стаў бібліятэкарам патрыярха Фоція. Пазней прызначаны настаўнікам філасофіі, за што празваны Філосафам. У пач. 860-х г. з дыпламат.-рэліг. місіяй наведаў хазар у грэч. калоніі Херсанес (Крым).
Мяфодзій (815—6.4.885). Быў на ваен. службе і 10 гадоў кіраваў адной з падуладных Візантыі славяна-балг. абласцей, потым ігумен манастыра Паліхрон на беразе Мармуровага мора.
У 863 К. і М. запрошаны ў Маравію для пропаведзі хрысціянства на слав. мове. Прыбылі сюды са створанай імі слав. азбукай і ўласнымі перакладамі рэліг. кніг на слав. мову, царк. службу вялі па-славянску. З-за незадаволенасці ням. місіянераў, якія ў сваёй службе выкарыстоўвалі латынь, былі вымушаны пакінуць Маравію. У 867 па запрашэнні папы Мікалая I прыбылі ў Рым, дзе абаранялі права славян на родную мову ў літургіі. Пасля смерці ў Рыме Кірылы Мяфодзій пасвячоны ў сан епіскапа. У 882—884 жыў у Візантыі і Маравіі, дзе працягваў прапаведніцкую і асветніцкую дзейнасць. Імёны К. і М. сталі сімвалам культурнай еднасці і самастойнасці славян. Назва стараж.слав. азбукі кірыліца паходзіць ад імя Кірыла. Браты фактычна сталі стваральнікамі літ.стараслав. мовы, зразумелай тады ўсім слав. народам. На Беларусі пра дзейнасць К. і М. ведалі ўжо з 11 ст. праз творы Чарнарызца Храбра «О письменах» і праз жыціі К. і М. Асветнікі кананізаваны правасл. царквой як Роўнаапостальныя К. і М., настаўнікі Славенскія. 11 мая (с. ст.) — Дзень св. К. і М., які ў Балгарыі, а з 1986 і ў слав. рэспубліках б.Сав. Саюза, у т. л. на Беларусі, адзначаецца як дзень слав. пісьменства і культуры. Ушаноўваюцца як святыя і каталіцкай царквой. У Балгарыі існуе ордэн К. і М., якім на Беларусі ўзнагароджаны П.Броўка, Н.Гілевіч, В.Нікіфаровіч.
Літ.:
Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;
Бернштейн С.Б. Константин-философ и Мефодий. М., 1984;
Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКА́Я ПЯХО́ТА,
род сіл ВМФ, прызначаны і спецыяльна падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў у складзе марскіх дэсантаў і выканання розных баявых задач у прыморскіх (часам прырэчных) раёнах. Ёсць ва ўзбр. сілах многіх марскіх дзяржаў.
Папярэднікам М.п. былі абардажныя каманды (гл.Абардаж). Рэгулярная М.п. ўпершыню створана ў Англіі (1664), потым у Расіі (1705), ЗША (1775). На тэр. Беларусі ў пач. вайны 1812 у абарончых баях каля Віцебска ўдзельнічалі рас. маракі Гвардз. флоцкага экіпажа. У польска-сав. вайну 1919—20 на Палессі дзейнічаў штурмавы атрад, потым дэсантная рота ў складзе польск. Пінскай флатыліі. У 1920—30-я г. ў польск. М.п. прызываліся жыхары Зах. Беларусі, частка іх у пач. 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ў абароне балт. ўзбярэжжа Польшчы (у т. л. кулямётчык Я.Брыль). У 1940—41 роту М.п. мела сав. Пінская ваен. флатылія (7.7.1941 разам з воінамі 75-й стралк. дывізіі вяла абарончыя баі каля в. Альшаны Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У час Бел. аперацыі 1944 сав. Дняпроўская ваен. флатылія высадзіла 12 развед. і тактычных дэсантаў (усяго больш за 2,8 тыс.чал., найб. дэсант — 550 чал. — пры вызваленні г. Пінска). У Вял.Айч. вайну сярод сав. марскіх пехацінцаў вызначыліся беларусы П.Ф.Вансецкі, І.А.Макіёнак і інш., у сав.-яп. вайну 1945 — В.А.Кот і Ц.А.Пачтароў.
Сучасная М.п. мае на ўзбраенні плаваючыя танкі і бронетранспарцёры, уласныя проціпаветр. і процітанк. ўстаноўкі і артылерыю (уся баявая тэхніка самаходная, павышанай праходнасці). Часці М.п. высаджваюцца на бераг з дэсантных караблёў і катэраў (у т. л. на паветр. падушцы) або дэсантуюцца верталётамі карабельнага і берагавога базіравання пры агнявой падтрымцы караблёў і марской авіяцыі. Найб. кантынгент (корпус) М.п. маюць ЗША (каля 175 тыс.чал., 1998).
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958;
Камалов Х.Х. Морская пехота в боях за Родину. 2 изд. М., 1983;
Dyskant J.W. Flotilla rzeczna Marynarki Wojennej, 1919—1939. Warszawa, 1994.
У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.
Да арт.Марская пяхота. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў 75-й стралковай дывізіі і маракоў 6-й асобнай роты марской пяхоты Пінскай ваеннай флатыліі, якія загінулі 7.7.1941 пры абароне в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК (ад позналац. parricus абгароджанае месца),
зямельны ўчастак з натуральнай або спец. пасаджанай расліннасцю, з дарогамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаныдля адпачынку, прагулак, гульняў. П., як і сады, ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры і з’яўляюцца асн. элементамі азелянення і садова-паркавага мастацтва. Могуць размяшчацца ў масавай гар. забудове, у буйных лесапаркавых зонах або водна-зялёных дыяметрах, якія аб’ядноўваюць унутрыгарадскую і прыгарадную сістэмы азелянення. Бываюць малыя (да 10 га), сярэднія (10—30 га) і вял. (больш за 30 га). Паркавую кампазіцыю ствараюць масівы дрэў, алеі, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, баскеты, дэкар. расліны, кветнікі і інш.Вял. значэнне мае выкарыстанне архітэктуры малых формаў. Парадным месцам П. з’яўляецца партэр.
П. былі вядомы ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш. Дэкаратыўнасцю вызначаліся П. феад. эпохі ў Японіі, Кітаі, Індыі і інш. Перыяду класіцызму характэрны рэгулярны паркфранц. тыпу з дакладнай геам. планіроўкай (П. у Версалі, Францыя, 17 ст.). Уплыў рамантызму выявіўся ў пейзажных паркахангл. тыпу, якім уласціва свабодная планіроўка тэрыторыі і маляўнічая кампазіцыя аб’ектаў (П. Стоу у Англіі, 18 ст.). У 18 ст. ствараліся палацава-паркавыя ансамблі Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія), Пецяргофа, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя П.), пейзажныя П. ў Паўлаўску (Ленінградская вобл.), Уманскі дэндрапарк«Сафіеўка» (Украіна).
На Беларусі найб. старадаўнія П., што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Узоры рэгулярных П. — Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, П. у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя П. (гл.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.). У 19 ст. з’явіўся новы тып П. — грамадскі «гарадскі сад» (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). З 1920-х г. ствараюцца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя (імя М.Горкага ў Мінску) і спартыўныя (у Баранавічах Брэсцкай вобл.), паркі мемарыяльныя, заалагічныя (у Гродне). Гл. таксама Садова-паркавае мастацтва.
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;
Косаревский И.А. Искусство паркового пейзажа. М., 1977;
Горохов В.А., Лунц Л.Б. Парки мира. М., 1985;
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989.
В.Р.Анціпаў, Г.С.Ларкін.
Дзіцячы парк імя М.Горкага ў Мінску.Парк Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія). 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЦЮ́Д (франц. étude літар. — вывучэнне),
1) у выяўленчым мастацтве — твор (часта невял. памераў), выкананы з натуры з мэтай яе вывучэння і найб. поўнага ўзнаўлення маляўнічага багацця свету. Спрыяе ўдасканаленню прафес. майстэрства мастака. Э. (жывапісны, скульпт., графічны) з’яўляецца часткай творчай лабараторыі, служыць дапаможным матэрыялам пры рабоце над буйным маст. творам.
Высокамаст. Э. стваралі зах.-еўрап. і рус. мастакі А.Вато, П.П.Рубенс, Ж.А.Д.Энгр, В.Барысаў-Мусатаў, М.Дабужынскі. А.Іваноў.
К.Каровін. І.Левітан, І.Рэпін, В.Сурыкаў, М.Урубель і інш. Значнае месца займаў Э. у творчай практыцы мастакоў 19 — пач. 20 ст. К.Альхімовіча, С.Богуш-Сестранцэвіча. А.Гараўскага. А.Каменскага. Ф.Рушчыца і інш., творчасць якіх звязана з Беларуссю. У Нац.маст. музеі Беларусі зберагаюцца Э. мастакоў Л.Альпяровіча («Жанчына каля мора». «Пейзаж». «Пралля»). С.Жукоўскага («Уладзімірка», «Пейзаж з рэчкай») і інш. Вядомы Э. бел. мастакоў-пейзажыстаў А.Астаповіча, А.Бархаткова. В.Бялыніцкага-Бірулі. М.Дучыца, І.Карасёва, У.Кудрэвіча, І.Рэя, М.Тарасікава. В.Цвіркі і інш., скульптараў А.Анікейчыка, А.Глебава. А.Заспіцкага. Г.Мурамцава і інш. Пейзажныя Э. і Э.-нацюрморт нярэдка з’яўляюцца самаст. творамі.
2) У музыцы — жанр інструментальнай, радзей вак. музыкі. прызначаны ўдасканальваць майстэрства выканаўцы, канцэнтраваць яго ўвагу на авалодванні пэўнымі тэхн. прыёмамі.
Творы эцюднага характару вядомы з 15 ст. У 19 ст. пачаў распрацоўвацца як самаст. жанр. Развіваўся ў 2 кірунках: вучэбна-пед. (зборнікі М.Клеменці, І.Крамера, Р.Крэйцэра. Д.Попера, П.Радэ, К.Чэрні) і канцэртна-віртуозным (І.Брамс, Ф.Мендэльсон-Бартольдзі, Ф.Ліст, Н.Паганіні, Ф.Шапэн, Р.Шуман). На мяжы 19—20 ст. паявіліся Э. рус. кампазітараў А.Арэнскага. А.Лядава. С.Ляпунова. С.Рахманінава, А.Скрабіна. У 20 ст. вызначыліся новыя шляхі яго развіцця. абумоўленыя трактоўкай выразных і тэхн. магчымасцей фп. (К.Дэбюсі, А.Месіян. С.Пракоф’еў, І.Стравінскі, К.Шыманоўскі). Створаны новыя разнавіднасці Э.: для сольнага інструмента з аркестрам (Д.Міё), розных паводле складу інстр. ансамбляў (Б.Чайкоўскі). аркестра (Стравінскі).
Бел. кампазітары пісалі Э. дляфп. (Л.Абеліёвіч, С.Аксакаў. У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, П.Падкавыраў, Э.Тырманд, У.Чараднічэнка), для скрыпкі (Абеліёвіч), фагота (Багатыроў), цымбалаў (І.Жыновіч, В.Войцік).
3) У літаратуры — невялікі празаічны або вершаваны твор, у якім у самым агульным. эскізным выглядзе адлюстраваны нейкі адзін жыццёвы момант. У дачыненні да празаічных твораў у бел. л-ры ў гэтым значэнні часцей выкарыстоўваецца тэрмін абразок. У бел. паэзіі Э. сустракаецца ў творчасці М.Танка («Эцюд»), Г.Бураўкіна («Эцюд рэўнасці»), А.Грачанікава (цыкл з чатырох вершаў «Эцюды») і інш. Часам гэтым тэрмінам вызначаюць жанравыя асаблівасці літ.-знаўчых даследаванняў («Эцюды аб прозе» Ф.Куляшова).
4) У тэатры — імправізаванае ці раней распрацаванае практыкаванне, якое складаецца з некалькіх сцэн. дзеянняў і мае на мэце развіваць і ўдасканальваць акцёрскую тэхніку. Адзін з метадаў работы над вобразам.
Л.Ф.Салавей (у выяўл. мастацтве), І.Дз.Назіна (у музыцы), В.П.Рагойша (у літаратуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАГО́ГА (ад грэч. synagogē сход, месца сходу), бет-кнесет (іўрыт, літар. — дом сходу),
шул (ідыш, літар. — школа), культавы будынак у іудаізме, прызначаныдля набажэнстваў і рытуальнага чытання Торы. Часам тэрмін «С.» выкарыстоўваецца для абазначэння іудзейскай абшчыны.
Дакладны час узнікнення С. не высветлены. Паводле талмудычных крыніц, у 5 ст. да н.э. ў Палесціне легендарны іудзейскі святар Ездра з мэтай адраджэння нац. самасвядомасці яўр. народа ва ўмовах іншаземнага заваявання стварыў згуртаванне вучоных і знаўцаў нар. традыцый, якое атрымала назву Вял. С. Магчыма, у гэты час узніклі і збудаванні С. Патрэбнасць у С. звязана з усталяваннем традыцыі чытання Пяцікніжжа па суботах і святочных днях. Да пач.н.э. С. існавалі ва ўсіх рэгіёнах рассялення яўр. насельніцтва. Найб. іх колькасць (480) знаходзілася ў Іерусаліме. Акрамя Палесціны С. будавалі ў г. Дамаску, Александрыі, Антыёхіі, Эфесе, Карынфе, Афінах, Рыме. Гал. месца ў С. займае святы каўчэг (арон-кадзеш), у якім захоўваюцца скруткі Торы (Сефер-Тора); ён знаходзіцца каля ўсх. сцяны. Вернікі моляцца на ўсх. напрамак С. (мізрах) — у бок Іерусаліма. Тора чытаецца са спец. ўзвышэння — бімы. У артадаксальных С. жанчынам адводзіцца асобнае месца (часта галерэя). Часам у С. і яе прыбудовах знаходзяцца ўстановы, якія адыгрываюць важную ролю ў абшчынным жыцці: школы, дабрачынныя арг-цыі, рабінскі суд, зала сходаў і інш.
На фарміраванне арх. аблічча С. паўплывалі традыцыі і прыёмы культавага дойлідства Міжземнамор’я эпохі элінізму і Рым. імперыі. Асновай першых будынкаў С. стаў базілікальны план, у аснове якога прасторнае памяшканне, падзеленае калонамі на падоўжныя нефы. З боку ўвахода і па баках рабілі порцікі з каланадай. Гал. (алтарная) сцяна арыентавалася на Іерусалім (у еўрап., у т. л.бел., яўрэяў на У), каля яе невял. ўзвышэнне (альмэ-мор). У цэнтры залы — кафедра (біма). У некат. С. меўся арган. Алтары багата ўпрыгожвалі разьбяным арнаментам, узорамі маст. кавальства і ліцця з расл. і зааморфнымі матывамі. Па меры рассялення яўрэяў па краінах Еўропы, С. набывалі стылёвыя рысы пэўных народаў і эпох.
На бел. землях С. з’явіліся ў 14 ст. Будавалі С. драўляныя і мураваныя. Архітэктура бел. С. ўвасабляе стылізаваны і пераасэнсаваны вобраз жытла, каўчэга. Усе С. складаюцца з цэласнага, значных памераў аб’ёму пад дахам, блізкім да шатровага (у гарадах Ашмяны Гродзенскай, Столін Брэсцкай абласцей, 18 ст.). Слонімская сінагога арганічна ўпісалася ў гар.арх. ансамбль стылю барока. Архітэктура некат. мураваных С. з рысамі абарончага дойлідства (Быхаўская сінагога). С. ў г. Іўе (Гродзенская вобл.) эклектычная, складаецца з 3 будынкаў для розных слаёў насельніцтва — гандляроў, рамеснікаў і купцоў. Найб. арыгінальныя драўляныя С., якім уласціва адзінства вобраза, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, у аснове якога — пераход рытуальнага памяшкання ў шатровы, часта складанай формы, дах. Формы абыходных галерэй, прыбудоў паўтараюць у мініяцюры форму асн. аб’ёму (С. ў Заблудаве, цяпер Падляскае ваяв., Польшча; не захавалася). С. былі ў гарадах Гродна, Глыбокае, Нароўля, г.п. Сапоцкін, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на і інш. Да 1917 ва ўсх. Беларусі былі 704 С. У сувязі з антырэліг. дзейнасцю сав. улад у 1936 засталася 71 С. Шмат С. знішчана ням.-фаш. акупантамі ў Вял.Айч. вайну. У пач. 1990-х г. на Беларусі дзейнічалі 2 С., на 1.1.2001—8 С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКА Андрэй Тадэвуш Банавентура (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),
палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв.паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.
Літ.:
Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;
Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАВА МЯЦЕ́Ж 1917,
карнілаўшчына, узброенае выступленне рас.вярх. галоўнакамандуючага Л.Г.Карнілава супраць Часовага ўрада 25—31.8(7—13.9).1917 з мэтай устанаўлення ваен. дыктатуры ў Расіі. Пачаўся пасля заключэння ў жн. 1917 паміж ваен. міністрам А.Ф.Керанскім і Карнілавым сакрэтнага пагаднення пра замену ўрадавымі войскамі збальшавізаваных часцей Петраградскага гарнізона і наступным утварэнні больш моцнага Часовага ўрада ва ўмовах пагаршэння становішча на фронце (захоп Рыгі герм. войскамі) і актывізацыі курсу бальшавікоў на ўзяцце ўлады шляхам узбр. паўстання. Паводле загаду Карнілава карпусы генералаў А.М.Крымава і Дз.П.Баграціёна рушылі з Магілёва ў бок сталіцы. 26.8(8.9).1917 Часовы ўрад абвінаваціў Карнілава ў імкненні выйсці за межы дамоўленасці, загадаў яму здаць пасаду галоўнакамандуючага і неадкладна прыбыць у Петраград, які быў аб’яўлены на ваен. становішчы. У адказ Карнілаў абвінаваціў Часовы ўрад у тым, што ён трапіў пад уплыў бальшавікоў і дзейнічае на карысць герм.ген. штаба. 28.8(10.9).1917 цэнтр. выканаўчыя к-ты Саветаў у Петраградзе выказаліся ў падтрымку ўрада ў барацьбе супраць Карнілава. Былі створаны цэнтр для ліквідацыі мяцяжу (К-тнар. барацьбы з контррэвалюцыяй) і грамадскія антыкарнілаўскія к-ты. Аднымі з галоўных кіраўнікоў і арганізатараў барацьбы з карнілаўшчынай выступілі бальшавікі. Яны пачалі мабілізацыю рабочых і салдат, атрады якіх сканцэнтраваліся пад Петраградам, Нарвай, Ноўгарадам, Псковам. Супраць карнілаўскіх войск былі накіраваны салдаты рэв. часцей петраградскага гарнізона, маракі Балт. флоту, чырвонагвардзейцы. Бальшавіцкія агітатары растлумачвалі салдатам і казакам карнілаўскіх часцей контррэв. сэнс карнілаўшчыны. У гэтых умовах войскі Крымава і Баграціёна пачалі далучацца да ўрадавых сіл (узбр. сутыкненняў практычна не было), усе іх часці былі вернуты на месцы сваёй дыслакацыі. Пасля ліквідацыі пагрозы ўзбр. барацьбы была створана Надзвычайная следчая камісія для высвятлення акалічнасцей удзелу ў мяцяжы вышэйшых кіраўнікоў арміі. 30.8(12.9).1917 вярх. галоўнакамандуючым прызначаны Керанскі, а яго нам. — ген. М.В.Аляксееў, які выехаў у Магілёў для перагавораў з Карнілавым. 1(14).9.1917 магілёўскі гарнізон абвясціў аб падтрымцы Часовага ўрада. Генералы Карнілаў, А.С.Лукомскі, І.П.Раманоўскі, С.А.Маркаў, І.Г.Эрдэлі, А.І.Дзянікін былі арыштаваны. Іх трымалі ў турме г. Быхаў, адкуль яны 20.11.1917 уцяклі на Дон.
Калі стала вядома пра выступленне Карнілава, у буйнейшых гарадах Беларусі пачалі ўтварацца антыкарнілаўскія к-ты. Выканком Зах. фронту ў Мінску звярнуўся з адозвай да арміі і насельніцтва з патрабаваннем падпарадкоўвацца толькі Часоваму ўраду, выказаўся за неабходнасць арышту Карнілава, устанавіў кантроль за адпраўкай войск на Петраград. З прадстаўнікоў Франтавога к-та, выканкомаў Мінскага Савета і гар. думы быў створаны Часовы рэв.к-тЗах. фронту (старшыня — эсэр А.М.Кажэўнікаў, нам. — бальшавік К.І.Ландар). Усе распараджэнні к-та рабіліся ад імя ваен. камісара Зах. фронту меншавіка У.В.Жданава. К-т сканцэнтраваў у сваіх руках агульнае кіраўніцтва ўсімі рэв. арг-цыямі Зах. фронту. Каб захаваць спакой і знізіць небяспеку, былі абмежаваны дэмакр. свабоды, уведзена цэнзура і ўсталяваны нагляд за друкарнямі Мінска, прыняты захады па недапушчэнні выкарыстання Карнілавым войск Зах. фронту, кантралявалася перамяшчэнне войск на ўсіх вузлавых станцыях Мінскай ваен. акругі. У Віцебску супраць Карнілава дзейнічала ваен. бюро. Антыкарнілаўскія к-ты (пераважна з эсэраў і меншавікоў) былі створаны і ў Гомелі, Магілёве, Оршы, Бабруйску, Мазыры і інш. Бальшавікі, аўтарытэт якіх вырас у сувязі з ліквідацыяй мяцяжу, абвінавацілі Часовы ўрад і вышэйшае ваен. камандаванне у тых жа злачынствах, што і Карнілава.
Літ.:
Иоффе Г.З. «Белое дело»: Генерал Корнилов. М., 1989;
Сяменчык М.Я. Карнілаўшчына на Беларусі: На шляхах да гіст. праўды // Пытанні гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі: Зб. арт.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРТАРЫ́ЙСКІЯ.
Чартарыскія, Чартарыжскія, княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Паводле генеалагічнай традыцыі вялі радаслоўную ад кн. Канстанціна Альгердавіча (?—1390); пры гэтым спасылаліся на сваяцтва з вял.кн.Альгердам, пацверджанае польскім каралём Уладзіславам III граматай ад 14.6.1442. Аднак гісторыкі 19 ст. выказвалі сумненні ў верагоднасці гэтай граматы і схіляліся да версіі пра іх бел. паходжанне. Прозвішча атрымалі ў 15 ст. ад свайго маёнтка Чартарыйск на р. Стыр на Палессі (Луцкі пав. Валынскага ваяв.). Княжацкі тытул Ч. зацверджаны на Люблінскім сойме 1569, у Аўстрыі ў 1785, у Каралеўстве Польскім у 1819. На Беларусі ў розны час валодалі Лагойскам, Глускам, Карэлічамі, Шкловам і інш. У канцы 16 ст. перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва. Пачынальнікам роду Ч. лічыцца кн. Васіль (? — пасля 1417), уладальнік маёнтка Чартарыйск; яго сынамі былі Іван (? — каля 1460), Аляксандр (? — пасля 1477) і Міхаіл (? — да 1489). Патомства Аляксандра (лагойская галіна роду) у мужчынскім родзе згасла ў 16 ст. Ад унукаў Міхаіла (валынская галіна) паходзяць 2 асн. лініі роду Ч.: ад Аляксандра Фёдаравіча (? — 1571) — чартарыйская лінія (скончылася ў 1606), ад Івана Фёдаравіча (? — 1567) — клеванская лінія. Ад унука Івана Фёдаравіча — Мікалая Юрыя Ч. (? — 1662) — пайшлі 2 новыя галіны роду: старэйшая клеванская (яе прадстаўнікі ў наш час жывуць у Польшчы і краінах Зах. Еўропы), і малодшая карэцкая (згасла ў 1810). Асаблівае значэнне ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай Ч. мелі ў 18 ст., калі ўзначальвалі моцную групоўку магнатаў — фамілію, якая ў 2-й чвэрці — 2-й пал. 18 ст. спрабавала правесці рэформы дзярж. і эканам. ладу Рэчы Паспалітай, арыентавалася на Расію, а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай узначаліла магнацкую апазіцыю. Гал. рэзідэнцыя Ч. была ў г. Пулавы (Люблінскае ваяв.). Найб. вядомыя: Васіль (? — пасля 1417), сын кн. Канстанціна Альгердавіча. З 1393 пры двары Ягайлы, валодаў Лагойскам. Іван (? — каля 1460), сын Васіля. Адзін з удзельнікаў змовы і забойства вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча (1440), уваходзіў у раду вял. князя Свідрыгайлы. Аляксандр (? — пасля 1477), сын Васіля. Канюшы вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440. Удзельнічаў у яго забойстве, таму вымушаны быў уцячы ў Маскву. У 1461 вярнуўся ў ВКЛ і атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра IV Лагойск, Асташын, Камянец. Міхаіл (? — да 1489), сын Васіля. Пасля забойства вял. князя Жыгімонта Кейстутавіча эмігрыраваў у Венгрыю. У 1444 вярнуўся, у 1445—51 маршалак дворны вял. князя Свідрыгайлы. Праціўнік экспансіі Польшчы на Валынь. У 1452 разам з братам Іванам дапамог сілам ВКЛ заняць Луцк, прызначаны намеснікам Брацлаўскім. Сямён (? — пасля 1524), сын Аляксандра, намеснік камянецкі ў 1507—18, староста чачэрскі і прапойскі, валодаў Лагойскам. Казімір (1674—31.8.1741), сын Міхаіла Юрыя, падчашы ВКЛ у 1699—1707 і 1709—12, падскарбі вялікі ВКЛ у 1707—09 (прызначаны Станіславам Ляшчынскім), падканцлер ВКЛ у 1712—24, кашталян віленскі з 1724). У час бескаралеўя 1696—97 прыхільнік на каралеўскі трон франц. прынца Франсуа Луі дэ Канці. У 1706 перайшоў на бок Станіслава Ляшчынскага, пазней супрацоўнічаў з Аўгустам II і Аўгустам III. У 1730-я г. арганізаваў магнацкую групоўку Ч. і звязаных з імі іншых родаў (фамілію), якая разлічвала з дапамогай Расіі ўмацаваць дзярж. лад Рэчы Паспалітай. Міхаіл Фрыдэрык (26.4.1696—13.8.1775), сын Казіміра, паліт. кіраўнік фаміліі ў 1740—70-я г. Падстолі ВКЛ у 1720—22, кашталян віленскі ў 1722—24, падканцлер ВКЛ у 1724—52, канцлер ВКЛ з 1752; староста гродзенскі, гомельскі, купішскі. Пасля смерці Аўгуста II (1733) прыхільнік Станіслава Ляшчынскага, у 1736 пагадзіўся з Аўгустам III. У 1744—50 спрабаваў рэфармаваць дзярж. лад Рэчы Паспалітай, абапіраючыся на падтрымку Расіі і Аўстрыі. Пасля смерці Аўгуста III (1763) у 1764 пад аховай рас. войск арганізаваў у Вільні Генеральную канфедэрацыю ВКЛ, скіраваную супраць К.С.Радзівіла Пане Каханку, і дамогся яго выгнання з краіны. Аднак Кацярына II, каб не ўзмацняць фаміліі, арганізавала ў 1767 Радамскую канфедэрацыю на чале з Радзівілам. Да антырас. Барскай канфедэрацыі ён не далучыўся, але выступаў супраць выкарыстання рас. войск для яе падаўлення. Удзельнічаў у дэлегацыі, якая падпісала трактат аб прызнанні 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1763—64 як галава фаміліі падтрымліваў кандыдатуру свайго пляменніка Адама Казіміра на трон Рэчы Паспалітай. Адам Казімір (1.12.1734—19.3.1823), сын Аўгуста Аляксандра, гл.Чартарыйскі А.К. Адам Ежы (14.1.1770—15.7.1861), Сын Адама Казіміра, гл.Чартарыйскі А.Е. Канстанцін Адам (28.10.1773—20.3.1860), сын Адама Казіміра, гл.Чартарыйскі К.А. Уладзіслаў (3.7.1828, Варшава — 23.6.1894), сын Адама Ежы, польскі паліт. дзеяч. Лідэр кансерватыўнай плыні польскай эміграцыі («Атэль Ламбер») пасля смерці бацькі. У час паўстання 1863—64 прадстаўнік на Захадзе польскага Нац. ўрада, супрацоўнічаў з партыяй «белых». Старшыня гіст.-літаратурнага т-ва ў Парыжы. Пераехаў у Галіцыю, у 1876 заснаваў у Кракаве Музей Чартарыйскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́Р,
1) афіцыйны сход епіскапаў і інш. прадстаўнікоў хрысц. цэркваў, які склікаецца з мэтай распрацоўкі палажэнняў веравучэння, богаслужэння, дысцыплінарных норм і мер барацьбы з ерасямі. Па традыцыі першым С. лічыцца сустрэча апосталаў у Іерусаліме. Бываюць памесныя, на якіх збіраюцца іерархі асобных краін ці рэгіёнаў, і ўсяленскія саборы. У каталіцызме памесны С. наз.сінодам.
2) Гал. храм горада ці манастыра, дзе богаслужэнне праводзіць вышэйшая асоба (патрыярх, архіепіскап і інш.), таксама храм, прызначаныдля сумеснага богаслужэння духавенствам з некалькіх цэркваў. Саборны храм у епархіяльным горадзе наз. кафедральным. Архітэктура С. звычайна вызначаецца ’манументальнасцю форм, адлюстроўвае асн. тэндэнцыі пануючага арх. стылю. Сярод найб. яскравых узораў саборнай архітэктуры: Канстанцінопальскі Сафійскі сабор (532—537), С. ў гарадах Вормс, Майнц, Трыр, Шпаер (Германія), Саламанка (Іспанія; усе раманскі стыль), Светыцхавелі(Грузія, 1010—29), Ланскі сабор, Кёльнскі сабор, Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Шартрскі сабор, С. ў Мілане (Італія), Кентэрберы (Вялікабрытанія; усе готыка), Рыжскі Домскі сабор (раманагатычны стыль з рысамі барока), Рымскі сабор святога Пятра, С. Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (Італія, абодва рэнесанс), св. Хрыстафора ў Гаване, св. Гала ў г. Санкт-Гален (Швейцарыя), Успенскі ў Смаленску (усе барока), Ісакіеўскі сабор і Казанскі сабор у Пецярбургу, св. Паўла ў Лондане, кафедральны ў Вільнюсе (усе класіцызм) і інш. Вылучаюцца помнікі стараж.-рус. і сярэдневяковага дойлідства — Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор, саборы Крамля Маскоўскага, Пакроўскі С., што на Рове ў Маскве (гл.Васіля Блажэннага храм) і інш.
На Беларусі С. вядомы з 11 ст.Найб. значныя з іх: Полацкі Сафійскі сабор (11—17 ст.), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Пакроўскі С. у Віцебску (усе класіцызм), Барысаўскі Васкрасенскі сабор (псеўдарус. стыль) і інш. У Мінску кафедральным правасл. С. з’яўляецца Святадухаўскі сабор (у будынку Мінскага касцёла і кляштара бернардзінак). Гал. храмы манастыроў: Успенскі С. Жыровіцкага Успенскага манастыра, Крыжаўзвіжанскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і інш. Зрэдку С. наз. храм, які мае некалькі прыдзелаў (алтароў).
3) У іканаграфіі С. — кампазіцыйна пабудаваная выява некалькіх асоб ці мноства святых, Сіл нябесных, аб’яднаных паводле прынцыпу іх узаемасувязі. Напр., С. апосталаў, С. архангела Міхаіла, С. бел. святых (пасля кананізацыі С. Новапакутнікаў Мінскай епархіі напісаны і асвячоны аднайм. абраз; 1999, іканапісец П.Жараў), а таксама складаныя іканапісныя сюжэты (напр., С. архангела Міхаіла, С. Маці Божай, С. Іаана Прадцечы).
Літ.:
Соборы мира: Пер. с англ.М., 1998.
Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Сабор. П.Жараў. Сабор Новапакутнікаў Мінскай епархіі.Успенскі сабор у г. Уладзімір (Расія).Сабор святога Паўла ў Лондане.Сабор у г. Бразілія. 1970.Сабор-крэпасць у г. Трыр (Германія).Крыжаўзвіжанскі сабор у г. Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАПУ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ,
від узброеных сіл, прызначаныдля вядзення баявых дзеянняў на сушы. У большасці дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, С.в. з’яўляюцца найб. шматлікім, разнастайным па ўзбраенні і спосабах баявых дзеянняў відам узбр. сіл.
У стараж. часы С.в. складаліся з пяхоты і кавалерыі. Значнае развіццё С.в. атрымалі ў Стараж. Рыме (створаны легіёны, маніпулы, цэнтурыі, кагорты і інш.). У 8—14 ст. у краінах Еўропы гал. родам С.в. была конніца (гл.Рыцарскае войска). З 14 ст. ўзрастала роля пяхоты як асн. роду С.в., з’явілася артылерыя. У 17 — пач. 18 ст. ў большасці еўрап. дзяржаў створаны інж. часці і злучэнні, у т. л. ў ВКЛ Корпус інжынераў (1789), у сярэдзіне 19 ст. — войскі сувязі. У 1-ю сусв. вайну С.в. складалі асн. масу ўзбр. сіл еўрап. краін; яны мелі на ўзбраенні магазінныя вінтоўкі са штыком, станковыя і ручныя кулямёты, скарастрэльныя гарматы, мінамёты, бронеаўтамабілі, з 1916 — танкі (гл.Танкавыя войскі) і інш. Войскі былі аб’яднаны ў арміі, у склад якіх уваходзілі карпусы і дывізіі. У канцы вайны С.в. папоўніліся бранятанкавымі, хім., аўтамабільнымі войскамі і войскамі проціпаветранай абароны. У 2-ю сусв. вайну С.в. колькасна пераўзыходзілі інш. віды войск (у СССР складалі каля 80% асабовага складу ўзбр. сіл); бранятанк. і механізаваныя войскі сталі гал. ударнай сілай С.в. Пасля вайны павялічвалася роля ракетнай зброі, сродкаў ППА і інш. У 2-й пал. 20 ст. С.в. некат. краін аснашчаны ядз. зброяй.
Сучасныя С.в. развіваюцца на базе найноўшай ваен. тэхнікі і дасягненняў ваен. навукі. Найб. шматлікія і падрыхтаваныя С.в. маюць краіны НАТО, Кітай, Расія і інш. У склад С.в. Рэспублікі Беларусь уваходзяць мотастралковыя войскі, мабільныя сілы, ракетныя войскі і артылерыя, войскі ППА С.в. (род войск), а таксама часці і падраздзяленні спец. войск (развед., інж., хім., сувязі, радыёэлектроннай барацьбы і інш.), тэхн. і тылавога забеспячэння. Арганізацыйна складаюцца з асобных механізаваных брыгад, брыгад мабільных сіл і інш. злучэнняў (часцей), якія ўваходзяць у склад адпаведнага аператыўнага камандавання (Заходняга і Паўночна-Заходняга). Камандаванню С.в. таксама падначалены падраздзяленні тэр. абароны, спец. аперацый і інш.
Літ.:
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;
Павловский И.Г. Сухопутные войска. М., 1977;
Боевая летопись белорусских полков. Мн., 1994;
Краснознаменный Белорусский военный округ. 2 изд. М., 1983;
Коломоец Ф. Сколько «штыков» должна иметь белорусская армия // Армия. 1996. № 1.
Ю.В.Партноў, С.М.Абрамаў.
Да арт.Сухапутныя войскі: 1 — танкавае падраздзяленне на маршы; 2 — агонь вядзе разлік процітанкавай гарматы; 3 — навядзенне пантоннага моста; 4 — воіны інжынерных войск рыхтуюць да запуску зарад з устаноўкі размініравання УР-83П.