1) устанаўленне аўтарства непадпісанага або псеўданімнага літ., навук., маст. твора, вызначэнне яго прыналежнасці да пэўнага гіст. часу, нац. школы; адна з важных праблемтэксталогіі і мастацтвазнаўства. У літаратуразнаўствевял. роля адводзіцца атрыбуцыі помнікаў стараж. пісьменства, якія распаўсюджваліся пераважна ананімна, і атрыбуцыі твораў бесцэнзурнай л-ры. Для бел.літ.-знаўства атрыбуцыя мае асаблівае значэнне ў сувязі са спецыфічнымі ўмовамі развіцця л-ры ў дасав. перыяд (афіцыйная забарона друкавання кніг на бел. мове, малалікасць нац. перыёдыкі, рукапіснае і вуснае бытаванне многіх твораў ці ананімнасць выданняў). Асн. кірункі навук. атрыбуцыі: аналіз дакумент. матэрыялаў (аўтографаў, перапіскі, дзённікаў, мемуараў аўтара і яго сучаснікаў); супастаўленне ідэйна-вобразнага зместу твора з ідэйнай пазіцыяй магчымага аўтара; аналіз мовы і стылю тэксту. Побач з тэрмінам «атрыбуцыя» ў навуцы карыстаюцца таксама тэрмінам эўрыстыка.
М.І.Мушынскі.
2) У археалогіі атрыбуцыя — выяўленне асноўных, істотных, вызначальных уласцівасцяў, прыкмет аб’екта даследавання, без якіх ён траціць сэнсавую нагрузку. Пры археал. і гіст. даследаваннях атрыбуцыю праводзяць з дапамогай параўнальна-гістарычнага, параўнальна-тыпалагічнага і інш. метадаў. Высвятленне атрыбутыўных рысаў патрабуе гіст. падыходу. У археалогіі выкарыстоўваецца атрыбуцыя стараж. рэчаў, археал. помнікаў, комплексаў, культур. Найвышэйшай ступені дасягае атрыбуцыя этнічнай прыналежнасці гіст. помнікаў, калі археал. крыніцы ператвараюцца ў гіст. факты і з’яўляецца магчымасць вывучаць гісторыю пэўнага этнасу (племянной групы, народнасці, нацыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЯ ДУ́МКА,
стан масавай свядомасці, які адлюстроўвае адносіны грамадства або яго часткі да з’яў і працэсаў сац.-паліт. і сац.-культ. рэчаіснасці, да дзейнасці пэўных асоб, груповак, арг-цый і г.д. Можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай і рэгулятыўнай функцыях; у залежнасці ад зместу выказванняў у ацэначных, аналітычных і канструктыўных меркаваннях. Грамадская думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сац. груп, суполак, сац. ін-таў у грамадстве, выпрацоўвае пэўныя нормы грамадскіх паводзін; выяўленні нар. характару. Носьбітам (суб’ектам) грамадскай думкі можа выступаць грамадства ў цэлым, а таксама розныя сац. і паліт. групоўкі. Найб. актыўнымі каналамі фарміравання і выяўлення грамадскай думкі ў дэмакр. грамадстве з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфестацыі грамадзян, а таксама рэферэндумы, выбары органаў улады, сацыялагічныя апытанні насельніцтва. Навук. распрацоўка праблем грамадскай думкі пачалася ў 2-й пал. 19 ст.франц. сацыёлагам Г.Тардам, у 20 ст. — амер. сацыёлагамі А.Хоўэлам, У.Ліпманам і інш. У Беларусі тэндэнцыя развіцця грамадскай думкі даследуецца Ін-там сацыялогіі АН Беларусі, недзярж. арг-цыяй «Грамадская думка», інш. сацыяльнымі групамі.
Літ.:
Тард Г. Общественное мнение и толпа: Пер. с фр.М., 1902;
Тернер Дж. Структура социологической теории: Пер. с англ.М., 1985;
Горшков М.К. Общественное мнение: История и современность. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае вытворныя і дыферэнцыялы функцый, а таксама іх дастасаванні. Разам з інтэгральным злічэннем складае курс матэматычнага аналізу (ці аналізу бясконца малых).
Аформілася ў самастойную матэм. дысцыпліну пасля прац І.Ньютана і Г.Лейбніца, якія сфармулявалі асн. палажэнні Д.з. і паказалі ўзаемна адваротны характар аперацый дыферэнцавання і інтэгравання. Выклікала з’яўленне новых галін матэматыкі: тэорыі шэрагаў, дыферэнцыяльнай геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйнага злічэння. Грунтуецца на паняццях: рэчаісны лік, функцыя, ліміт, бясконца малая, неперарыўнасць і інш., якія атрымалі сучасны змест у ходзе развіцця і абгрунтавання аналізу бясконца малых; цэнтральныя паняцці Д.з. — вытворная і дыферэнцыял — і распрацаваны ў Д.з. апарат, які звязаны з імі, даюць сродкі даследавання функцый (у т. л. некалькіх пераменных), лакальна падобных на лінейныя функцыі або паліномы. Асн. дастасаванні Д.з. звязаны з даследаваннем функцый з дапамогай вытворных: знаходзіць выпукласць і ўвагнутасць графіка функцыі, прамежкі нарастання і спадання функцый, іх найбольшае і найменшае значэнне (гл.Экстрэмум), пункты перагіну і асімптоты, а таксама розныя ліміты функцый (напр., віду 0/0, ∞/∞ ; гл.Нявызначаны выраз), якія не паддаюцца вылічэнню інш. метадамі. Метады Д.з. маюць шматлікія дастасаванні ў даследаваннях актуальных праблем матэматыкі, прыродазнаўчых і тэхн. навук.
Літ.:
Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1994;
Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГНО́СТЫКА ПЛА́ЗМЫ,
сукупнасць метадаў вызначэння параметраў (характарыстык) плазмы; раздзел фізікі плазмы, які вывучае фіз. асновы гэтых метадаў і распрацоўвае іх. Да параметраў плазмы адносяцца шчыльнасць часціц, т-ра (сярэдняя энергія часціц), інтэнсіўнасць выпрамянення, характарыстыкі эл. і магн. палёў і інш. Вынікі Д.п. выкарыстоўваюцца пры правядзенні эксперым. даследаванняў, а таксама для кантролю за станам плазмы і кіравання працэсамі ў плазменных устаноўках.
Д.п. бярэ пачатак у астрафіз. даследаваннях. Лабараторная Д.п. сфарміравалася як самаст. дысцыпліна ў працах па вывучэнні газавых разрадаў (гл.Электрычныя разрады ў газах). Большасць метадаў Д.п. бескантактныя: носьбіты інфармацыі — палі і выпрамяненні ў наваколлі плазмы, для характарыстык якіх папярэдне ўстаноўлена залежнасць ад параметраў плазмы. Пасіўныя метады заснаваны на рэгістрацыі выпрамяненняў і патокаў часціц з плазмы або вымярэнні характарыстык навакольных палёў; актыўныя — на вымярэнні знешняга выпрамянення, якое праходзіць праз плазму, а таксама водгуку плазмы на яго. Найб. пашыраны: зондавы, аптычны (у т. л.фатагр., ценявы, інтэрфераметрычны, галаграфічны і інш.), спектраскапічны, мікрахвалевы, рэнтгенаўскі, лазерны, карпускулярны і цеплафіз. метады.
На Беларусі даследаванні па Д.п. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-тах фізікі, цепла- і масаабмену Нац.АН, НДІ прыкладных фіз.праблемБДУ.
Літ.:
Диагностика плазмы. [Вып. 1—7], М., 1963—90;
Кузнецов Э.И., Щеглов Д.А. Методы диагностики высокотемпературной плазмы. 2 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА,
незалежная грамадская арг-цыя, якая спрыяе развіццю гандл.-эканам. і навук.-тэхн. сувязей паміж рознымі краінамі. У развітых краінах Гандлёвая палата з’яўляецца адной з формаў аб’яднання гандл.-прамысл. колаў, займаецца высвятленнем кан’юнктуры ў гандлі і прам-сці, пошукам рынкаў збыту і інш. Паводле прававога становішча гандлёвыя палаты могуць быць прыватнымі асацыяцыямі, што ўтвараюцца на аснове добраахвотнага членства (т.зв. прыватна-прававыя), або дзярж. арг-цыямі (т.зв. публічна-прававыя). Першая Міжнар. Гандлёвая палата (Парыж) засн. ў 1920 як міжнар. няўрадавая арг-цыя, што аб’ядноўвае дзелавыя колы і асобныя фірмы многіх краін. Асн. яе задача — садзейнічанне паляпшэнню ўмоў гандлю паміж рознымі краінамі і вырашэнню міжнар.эканам.праблем. Існуюць нац. і змешаныя (2 краіны) гандлёвыя палаты.
На Беларусі Гандлёвая палата створана ў 1972 на базе Аддз. Усесаюзнай Гандл.-прамысл. палаты СССР. У 1991 — Гандлёвая палата БССР, з 1994 — Бел.гандл.-прамысл. палата. Асн. кірункі дзейнасці: расшырэнне гандл.-эканам. сувязей з замежнымі дзяржавамі; арганізацыя і правядзенне выставак; пошук партнёраў для дзелавога супрацоўніцтва; аперацыі па патэнтаванні вынаходстваў; экспертыза тавараў, выдача сертыфікатаў аб іх паходжанні, распрацоўка і рэгістрацыя таварных знакаў; падрыхтоўка кадраў па знешнеэканам. зносінах і менеджменту і інш. Мае 6 абл. аддзяленняў і выставачны комплекс «Мінскэкспа». На пач. 1995 яе членамі былі больш за 800 прадпрыемстваў і арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КЕНС ((Dickens) Чарлз) (7.2.1812, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 9.6.1870),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў прыватнай школе, працаваў клеркам, парламенцкім стэнографам. рэпарцёрам. Шырокую вядомасць прынёс яму першы твор «Нарысы Боза» (1833—36). Серыя спарт. нарысаў пра дзівака і няўдачніка містэра Піквіка ператварылася ў камічную эпапею — раман «Пасмяротныя запіскі Піквікскага клуба» (1837). У раманах «Прыгоды Олівера Твіста» (1838), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1839) адлюстраваў заняпад духоўнасці і маралі ў віктарыянскай Англіі; сац. праблемы разглядаліся ў іх сувязі з маральна-этычнымі, праз крытэрыі дабра і зла. Традыцыі «рамана выхавання», рэаліст. асэнсаванне рэчаіснасці, увага да вечных маральных праблем характэрны для раманаў «Домбі і сын» (1848) і «Дэвід Коперфілд» (аўтабіяграфічны, 1849—50). Паглыбленне ў сутнасць жыцця адбывалася разам з узмацненнем сімволікі і сатыр. трактоўкі вобразаў у раманах «Халодны дом» (1853), «Цяжкія часы» (1854), «Крошка Дорыт» (1857). Аўтар гіст. рамана «Барнабі Радж» (1841), сац.-псіхал. раманаў з элементамі дэтэктыва «Вялікія спадзяванні» (1861), «Наш агульны сябар» (1865), «Таямніца Эдвіна Друда» (1870, незакончаны). На бел. мове выдадзены раманы Дз. «Домбі і сын» (1938) і «Вялікія спадзяванні» (1940). Паводле яго твораў т-р імя Я.Коласа паставіў спектакль «Жорсткі свет» (1953).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕШТАЛЬТПСІХАЛО́ГІЯ (ад ням. Gestalt форма, цэласнасць + псіхалогія),
кірунак зах. псіхалогіі, які ўзнік у Германіі ў 1-й трэці 20 ст. і прытрымліваўся прынцыпу цэласнасці пры аналізе складаных псіх. працэсаў. Першаснымі, асн. элементамі псіхікі гештальтпсіхалогія лічыць своеасаблівыя цэласныя структуры, вобразы (гештальты), абапіраючыся на ўяўленні аб «гештальтякасці» як уласцівасці цэлага, якое захоўваецца пры змяненні асобных яго частак (напр., мелодыя, што прайграецца ў розных танальнасцях і інш.). Паводле гештальтпсіхалогіі, аналіз частак не можа прывесці да разумення цэлага, паколькі цэлае вызначаецца не сумай, а ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю яго асобных частак. Заснавальнікамі і гал. прадстаўнікамі гештальтпсіхалогіі з’яўляюцца М.Вертгаймер, В.Кёлер, К.Кофка, К.Дункер, К.Левін і інш. Напачатку гештальтпсіхалогія склалася на аснове даследавання зрокавага ўспрымання, потым пашырыла свае ідэі на вывучэнне мыслення, памяці, псіхалогіі развіцця асобы і сац. групы, на даследаванне фіз., фізіял. і нават эканам.праблем. Гештальтпсіхалогія ўнесла ў псіхал. навуку структурны прынцып, а гэта, паводле рас. псіхолага Л.Выгоцкага, «вялікая непахісная заваёва тэарэтычнай думкі».
Літ.:
Коффка К. Основы психического развития: Пер. с нем. М.; Л., 1934;
Вертгеймер М. Продуктивное мышление: Пер. с нем. М., 1987;
Гештальт’94: Сб. материалов Моск. Гештальтин-та за 1994 г.Мн., 1995;
Köhler W. Gestalt-psychology. New York, 1929;
Koffka K. Principles of gestalt psychology. New York, 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЭКАНО́МІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1931 у Мінску. Аддзелы (1997): заканамернасцей развіцця эканам. адносін; эфектыўнасці вытв. патэнцыялу; рыначнай інфраструктуры; рэгіянальнай эканомікі; эколага-эканам.праблем; эканомікі навукі.
Асн. кірункі даследаванняў: арг-цыя вытворчасці; удасканаленне сістэмы планавання; паскарэнне навук.-тэхн. прагрэсу; пытанні рэфармавання адносін уласнасці і стварэння змешанай эканомікі; удасканаленне фін. крэдытных адносін. Мэта даследаванняў — распрацоўка нац.-дзярж. мадэлі рыначнай эканомікі Беларусі і адэкватнага ёй дзейснага механізму гаспадарання. Аспірантура з 1945. Выдадзены працы: «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму, 1900—1917» (1963); «Эканоміка Савецкай Беларусі, 1917—1967» (1967), «Тэхнічны прагрэс і пытанні эканомікі» (1969); «Вытворчыя аб’яднанні: Рэгіянальны аспект арганізацыі» У.С.Фацеева (1987); зб. «Рыначнае рэфармаванне эканомікі Беларусі» (вып. 1—2, 1996—97); «Эканоміка Беларусі: шляхі стабілізацыі і сацыяльна-эканамічнага абнаўлення» (1995); «Інвестыцыйная палітыка Беларусі: (Аналіз, праблемы, прапановы)», «Інфляцыя. прырода, сутнасць і рэгуляванне, «Праблемы рэфармавання беларускай эканомікі» І.М.Абрамава, В.С.Булко, І.В.Калеснікавай (усе 1996) і інш. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі В.М.Лубяка, В.С.Нямчынаў, І.А.Пятровіч, Ф.С.Марцінкевіч, чл.-кар. М.І.Вядута, Ф.А.Дронаў; працуюць акад.Нац.АН Беларусі Г.М.Лыч, чл.-кар. П.Г.Нікіценка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАПАЛІТЫ́ЗМ (ад грэч. kosmopolitēs грамадзянін свету),
ідэалогія т. зв. сусветнага грамадзянства; тэорыя, якая адмаўляе нац. традыцыі і культуру, дзярж. і нац. суверэнітэт у імя адзінства ўсяго чалавецтва. Канкрэтныя гіст. ўмовы вызначалі спецыфіку ідэй К. на розных этапах гіст. развіцця. К. кінікаў Антысфена і Дыягена Сінопскага адлюстроўваў адмоўнае стаўленне да поліса. Касмапалітычныя погляды кірэнаікаў выражаліся ў словах «ubi bene, ibi patria» («дзе добра, там і айчына»). Філасофія стаіцызму разглядала ўсіх людзей як грамадзян адзінай сусв. дзяржавы — Касмаполіса. Ідэал сусв. грамадзянства перыяду Адраджэння быў накіраваны супраць феад. раздробленасці дзяржаў (Дантэ, Т.Кампанела), а асновай касмапалітычных поглядаў эпохі Асветніцтва служылі ідэі вызвалення індывіда ад феад. путаў (Ф.Петрарка, Ф.Рабле, М.Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі і інш.). Г.Лесінг, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, І.Кант, І.Фіхтэ лічылі, што ідэя сусв. грамадзянства закладзена ў прыродзе чалавека і ажыццяўляецца на аснове развіцця навукі і маральнага ўдасканальвання чалавека. Шырокае распаўсюджанне ідэі К. атрымалі ў 20 ст. ў выніку паглыблення ўзаемасувязі і ўзаемаўплыву нац. культур, нарастання глабальных праблем, звязаных з існаваннем усяго чалавецтва. Яны адлюстроўваюцца ў выглядзе разнастайных сац.паліт. арыентацый — ад сцвярджэння ідэі неабходнасці збліжэння народаў і дзяржаў (напр., ідэя стварэння сусв. дзяржавы або сусв. федэрацыі дзяржаў) да адмаўлення незалежнасці, нац. культуры і традыцый народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НДЗІ, аль-Кіндзі Абу Юсуф Якуб ібн Ісхак (латынізаванае Аль-кіндус; Alchindus, канец 8 ст., Куфа, Ірак — паміж 860 і 879), арабскі вучоны, філосаф, першы прадстаўнік усх. арыстоцелізму. У сваіх працах спалучаў філас. думку араб. ўсходу з ант. філасофіяй, наблізіўся да неаплатанізму. Аўтар пераказу твораў шэрагу грэч. філосафаў і каментарыяў да «Катэгорый» і «Другой аналітыкі» Арыстоцеля, «Элементаў» Эўкліда і «Альмагесту» Пталамея. Пад уплывам поглядаў мутазілітаў імкнуўся пагадзіць ідэі і светапогляд грэч. філосафаў з асновамі ісламу, за што праследаваўся. Распрацаваў канцэпцыю аб 3 ступенях навук. пазнання: ад логікі і матэматыкі праз прыродазнаўчыя навукі да праблем філасофіі. Прапанаваў тэорыю пра 5 прасубстанцый (матэрыя, форма, рух, прастора і час). Абгрунтаваў канцэпцыю аб 4 відах розуму (актуальны, патэнцыяльны, набыты і які праяўляецца). Яго філас. погляды паўплывалі на развіццё сярэдневяковай араб. і еўрап. філасофіі. Напісаў каля 200 навук. прац (захавалася больш за 40 трактатаў).
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о количестве книг Аристотеля и о том, что необходимо для усвоения философии;
О первой философии;
Книга о пяти сущностях;
Объяснение ближней действующей причины возникновения и уничтожения // Избр. произв. мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М., 1961.
Літ.:
Григорьян С.Н. Средневековая философия народов Ближнего и Среднего Востока. М., 1966.