АЛАХАБА́Д,

горад у паўн. ч. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, пры зліцці рэк Ганг і Джамна. 650 тыс. ж. (1981). Транспартны вузел. Харчасмакавая прам-сць, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Рэліг. цэнтр індуізму, дзе раз у 12 гадоў адбываюцца масавыя індуцкія рэлігійныя фестывалі «Кумбх-мела», святкаванні збана нектару бессмяротнасці (у рэках веруючыя змываюць з сябе грахі і хваробы). Каменная калона цара Ашокі (каля 242 да н.э., выш. за 10 м), інш. гіст. помнікі. Ун-т.

Алахабад. Рэлігійны фестываль «Кумбх-мела».

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНО́БЛЬ (Grenoble),

горад на ПдУ Францыі ў Альпах, пры зліцці рэк Ізер і Драк. Адм. ц. дэпартамента Ізер і гал. горад гіст. вобласці Дафінэ. 154 тыс. ж., з прыгарадамі каля 400 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Электратэхн., хім., папяровая., харч. прам-сць, вытв-сць пальчатак. Каля Грэнобля буйныя ГЭС. Ун-т, ін-т ядзерных даследаванняў. Музеі Стэндаля (нарадзіўся ў Грэноблі), прыгожых мастацтваў. Арх. Помнікі 11—17 ст. Цэнтр альпінізму і зімовых відаў спорту. Месца правядзення Х зімовых Алімпійскіх гульняў (1968).

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎР (Le Havre),

горад на Пн Францыі, марскі аванпорт Парыжа, у вусці р. Сена. Засн. ў 1517. 197 тыс. ж., з прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1994). Адзін з найб. партоў краіны (грузаабарот больш за 50 млн. т, з іх 60% нафта). Прам-сць: суднабудаванне і інш. галіны машынабудавання, нафтаперапр., хім., цэм., баваўняная, харч., каляровая металургія. Акіянаграфічны ін-т. Арх. помнікі 17—18 ст. Каля Гаўра ў царкве абацтва Гравіль-Сент-Анарын (11—14 ст.) — музей сярэдневяковай скульптуры і археалогіі.

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЙТАН (Brighton),

горад на Пд Вялікабрытаніі, на беразе праліва Ла-Манш. Засн. ў 1750. З 1782 тут была рэзідэнцыя прынца Уэльскага, пазней караля Георга IV. 143 тыс. ж. (1989). Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн.), харч., мэблевая, паліграф., швейная, фармацэўтычная. Ун-т. Прыморскі кліматычны курорт. Мяккі, умерана вільготны клімат спрыяльны для лячэння органаў дыхання, руху і апоры, расстройстваў нерв. сістэмы. Шматлікія санаторыі, атэлі, вілы, палацы. Арх. помнікі 18 — пач. 19 ст., у т. л. Каралеўскі павільён (1811).

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖЭ́СКІ (Вітольд Часлававіч) (25.11.1913, с. Рутанка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.10.1984),

бел. вучоны ў галіне сац. гігіены і аховы здароўя. Д-р мед. н. (1969). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1936). З 1936 працаваў у Расіі, у 1961—82 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па гісторыі земскай хірургіі.

Тв.:

Земская хирургия // Клинич. хирургия. 1963. № 12;

Роль губернских земских больниц в организации медицинской помощи населению // Сов. здравоохранение. 1968. № 1.

Літ.:

Плешавеня А. Асабісты фонд // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 2.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДЫ (санскр. веда літар. веды),

ведычная літаратура, помнікі стараж.-індыйскай літаратуры (канец 2-га — 1-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Напісаны на стараж.-інд. (ведыйскай) мове. Адлюстроўваюць рэліг. ўяўленні і міфалогію стараж. інд. грамадства. Складаюцца з 4 зборнікаў гімнаў, малітваў і ахвярных формул і паэт строф: «Рыгведа» (Кніга гімнаў), «Самаведа» (Веда мелодый), «Яджурведа» (Веда ахвярапрынашэнняў), «Атхарваведа» (Веда заклінанняў), а таксама з тэалагічных трактатаў (брахманы, араньякі і упанішады). Веды — крыніца звестак па сац.-эканам. і культ. гісторыі стараж. Індыі.

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕРМО́Н-ФЕРА́Н (Clermont-Ferrand),

горад у цэнтр. ч. Францыі. Адм. ц. дэпартамента Пюі-дэ-Дом і гал. горад гіст. вобласці Авернь. Склаўся з 2 гарадоў: Клермон (вядомы з часоў стараж. Рыма) і Феран (атрымаў правы горада ў 13 ст.). 254 тыс. ж. з прыгарадамі (1990). Трансп. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр гумава-тэхн. і шыннай прам-сці. Развіта таксама металаапр., маш.-буд., тэкст., швейная, паліграф., харч. прам-сць. Ун-т (з 1810). Арх. помнікі 12—18 ст. Паблізу — бальнеалагічны курорт Руая.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦА (Krynica),

бальнеалагічны і кліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Новы-Сонч, на схілах Бяскідаў (у складзе Карпат), «жамчужына польскіх курортаў». Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Ахаванасць схіламі гор, укрытых хвойным лесам, крыніцы каштоўных мінер. вод (вядомыя з 18 ст.), мясц. тарфяныя гразі выкарыстоўваюцца як асн. лек. фактары пры захворваннях органаў стрававання, дыхання, сасудаў і сэрца, мочапалавой сістэмы, парушэннях абмену рэчываў. База для навук. устаноў Кракаўскай мед. акадэміі. Буйны цэнтр турызму, адпачынку і зімовага спорту. Помнікі драўлянай архітэктуры. Мастацкі музей.

т. 8, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГО́РЫНЫ,

археалагічныя помнікі (паселішча каменнага і могільнік бронзавага вякоў, гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі) каля в. Загорыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. У ніжнім гарызонце паселішча знойдзены мезалітычныя крамянёвыя прылады працы, мікраліты, зброя і кераміка позняга мезаліту і ранняга неаліту (7—4-е тыс. да н.э.), у верхнім — позняга неаліту і бронз. веку (3—2-е тыс. да н.э.). Выяўлены рэшткі неаліт. стаянкі і грунтавых пахаванняў культуры шнуравой керамікі Палесся. На гарадзішчы 12—13 ст. знойдзены рэшткі посуду і касцей чалавека.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІ-САД,

горад у Югаславіі, у Рэспубліцы Сербія. Каля 300 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Дунай. Адзін з важнейшых прамысл. цэнтраў Югаславіі, гал. эканам. цэнтр Ваяводзіны. Прам-сць: маш.-буд. (рачныя судны, самалёты, станкі, с.-г. машыны, эл.-тэхн. абсталяванне), хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, харчовая. Штогадовыя с.-г. кірмашы; пастаянная с.-г. выстаўка краіны. Ун-т. Музеі і маст. галерэі. Арх. помнікі 14—18 ст. Гіст. цэнтр сербскай культуры. Значна разбураны авіяцыяй НАТО у 1999.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)