група аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, у якіх адсутнічае сапраўдны міцэлій. Вядома каля 500 відаў, што належаць да 3 класаў — аскаміцэты, базідыяльныя грыбы і недасканалыя грыбы (дэйтэраміцэты). Пашыраны ў глебе, прадуктах, у раслін, жывёл і чалавека. Клеткі Д. шарападобнай, авальнай або цыліндрычнай формы, бясколерныя ці пігментаваныя, нерухомыя, даўж. 5—10 мкм і больш. Размнажаюцца пераважна пачкаваннем, некат. віды — дзяленнем. Д. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у глебе, фарміраванні яе структуры і ўрадлівасці. Многія выклікаюць спіртавое браджэнне. Багатыя бялком, вітамінамі групы B. Выкарыстоўваюцца ў вінаробстве, піваварэнні, хлебапячэнні, сельскай гаспадарцы (гл.Дрожджы кармавыя, Дражджавая вытворчасць) і інш.; піўныя Д. — у медыцыне пры гіпавітамінозе B1, парушэннях абмену рэчываў, фурункулёзе і інш. Патагенныя формы Д. выклікаюць хваробы чалавека і жывёл — бластамікозы, кандыдамікозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ АФІ́НСКІ МАРСКІ́ САЮ́З,
саюз стараж.-грэч. гарадоў, размешчаных пераважна на астравах і берагах Эгейскага м., на чале з Афінамі. Пасля распаду ў выніку Пелапанескай вайны 1-га Афінскага марскога саюза (гл.Дэлоскі саюз) прыкладна з 395 да н.э. рабіліся спробы па яго ажыўленні. Адноўлены ў 378—377 да н.э. пасля вызвалення ад спартанскага панавання. Чл. саюза (каля 75) мелі поўную аўтаномію. Гарады, размешчаныя ў М.Азіі, не ўключаліся ў склад саюза. Са стратай Спартай пануючага становішча ў Пелапанескім саюзе, супраць якога ў першую чаргу і была накіравана дзейнасць Д.а.м.с., з яго сталі выходзіць многія члены. Пасля завяршэння міжсаюзнай вайны 357—355 да н.э. саюз да 337 да н.э. захоўваў нязначны паліт. ўплыў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУК ((Hooke) Роберт) (18.7.1635, в-аў Уайт, Вялікабрытанія — 3.3.1703),
англійскі прыродазнавец, вучоны-энцыклапедыст, архітэктар. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1663). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1653—54), дзе ў 1655—60 быў асістэнтам Р.Бойля. З 1665 праф. Лонданскага ун-та, адначасова ў 1677—83 сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва. Адкрыў закон, які названы яго імем (гл.Гука закон). Пабудаваў паветр. помпу (1659), сканструяваў і ўдасканаліў многія прылады, напр., мікраскоп, з дапамогай якога ўстанавіў клетачную будову тканак (увёў тэрмін «клетка»). Устанавіў (разам з К.Гюйгенсам) пастаянныя пункты тэрмометра — раставанне лёду і кіпення вады. У «Трактаце аб руху Зямлі» (1674) выказаў гіпотэзу прыцягнення і даў агульную карціну руху планет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ВІЧ (Сяргей Фёдаравіч) (н. 20.6.1942, в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, мастак. Скончыў Вышэйшую школу МУС Рэспублікі Беларусь (1981). Зб-кі вершаў «Спасцігнуў я тайну» (1991), паэм «Люстэрка лёсу» (1993), паэт.-празаічных твораў «Нясу свой крыж» (1995), «Горкая кропля» (1997) вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, вобразнасцю, метафарычнасцю. Аўтар больш як 30 паэм, сярод іх «Зона», «Адкрыты ліст», «Маналог», «Лёс лесу» і інш.Многія яго вершы пакладзены на музыку (кампазітары Я.Глебаў, І.Лучанок, В.Іваноў, Л.Захлеўны і інш.). Як мастак працуе ў жанрах пейзажа («Вясна», «Курапаты», «Лагойшчына»), тэматычнай карціны («Трэба выжыць, Беларусь», «Мама-выратавальніца», «Чарнобыльская пастка», «Першамай-86») — усе 1990-я г. Работы прасякнуты любоўю да Радзімы, актуальныя па тэматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕЛА́ЙЦІС ((Donelaitis) Крысціёнас) (1.1.1714, в. Лаздзінеляй, Усх. Прусія, цяпер Калінінградская вобл., Расія — 8.2.1780),
літоўскі паэт, заснавальнік жанру байкі ў літ. л-ры. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1740). З 1743 святар лютэранскага прыхода. Найб. значны твор — паэма «Поры года» (1765—75, апубл. 1818; перакладзены на многія мовы свету). У ёй шматгранна і рэалістычна паказаў працу, побыт, нар. звычаі, маляўнічую прыроду Літвы, раскрыў сац. супярэчнасці, стварыў яркія самабытныя характары. У яго байках (захавалася 6, апубл. ў 1824) крытыка чалавечых заган, пратэст супраць сац. і нац. прыгнёту. На бел. мову асобныя творы Д. пераклаў А.Зарыцкі.
Тв.:
Бел.пер. —Чатыры пары года. 2 выд.Мн., 1983;
Рус.пер. — Времена года: Басни. Л., 1960.
Літ.:
Довейка К. Кристионас Донелайтис: Пер. с лит. Вильнюс, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІФАМІЦЭТА́ЛЬНЫЯ (Hyphomycetales),
парадак недасканалых грыбоў. Вядома каля 7500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 2 тыс. відаў, трапляюцца ў розных экалагічных згуртаваннях. Паразіты або сапратрофы. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці антыбіётыкаў (напр., аспергіл, пеніцыл) і іншых рэчываў біял. барацьбы з хваробамі с.-г. культур (трыхадэрма). Многія выклікаюць плямістасць, завяданне, гнілі раслін. Прычыняюць страты сельскай і лясной гаспадарцы.
Міцэлій шматклетачны. Канідыяносцы адзіночныя або сабраны ў карэміі і спарадахіі. Размнажаюцца канідыямі. У многіх гіфаміцэтальных у цыкле развіцця адзначаны склерацыйныя стадыі. Вылучаюць асн. экалагічныя групы гіфаміцэтальных: глебавыя (віды з родаў аспергіл, пеніцыл, літэрнарыя і інш.), паразіты раслін (віды з родаў цэркаспора, вертыцыл, кладаспорый, гельмінтаспорый, ботрыцыс і інш.), водныя (віды з родаў ангвіласпора, трыкладыум і інш.), драпежныя (напр., артаботрыс, дактылярыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ, палявая астраномія,
раздзел практычнай астраноміі, які для патрэб геадэзіі і картаграфіі распрацоўвае метады вызначэння геагр. каардынат пунктаў і азімутаў ліній на зямной паверхні з дапамогай астр. назіранняў. Многія яе спосабы вызначэнняў шыраты, часу і азімута засн. на вымярэнні зенітных адлегласцей свяціл; даўгата вызначаецца з рознасці паміж знойдзеным мясц. зорным часам і грынвіцкім часам для сярэдняга моманту назіранняў. Пункт на мясцовасці, геагр. каардынаты і азімут напрамку якога на другі пункт знойдзены з дапамогай астр. назіранняў, наз.астр. пунктам. Геадэзічная астраномія займаецца апісаннем і тэорыяй астр. прылад, неабходных пры вызначэнні астр. каардынат пунктаў, распрацоўкай спосабаў вызначэння часу, шыраты, даўгаты і азімута, метадаў астр. вымярэнняў у палявых умовах і апрацоўкі даных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАРО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, у якіх на наземных органах (у кветках, суквеццях, пладах, на лісці) фарміруюцца невял. зялёныя раслінкі, клубеньчыкі, цыбулінкі, пупышкі і інш., што потым падаюць на зямлю і развіваюцца ў новую асобіну. Пашыраны пераважна ў тундрах, стэпах, на высакагорных альпійскіх лугах, дзе расліны за кароткі вегетацыйны перыяд не могуць прайсці поўны цыкл развіцця і насенне не выспявае. На Беларусі з Ж.р. растуць метлюжок цыбульны, цыбуля (агародная, прычасночная, вінаградная), зубніца клубняносная, скочкі атожылкавыя; як лек. і дэкар. пакаёвую расліну вырошчваюць каланхоэ. Да Ж.р. належаць і многія насельнікі мангравых лясоў, у якіх насенне прарастае яшчэ ў няспелых пладах. У гэтай з’явы ёсць вонкавае падабенства з «прарастаннем на корані» збожжавых злакаў, у якіх пачынаюць расці спелыя зярняўкі, што страцілі фізіял. сувязь з мацярынскай раслінай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРАНДЫ́СТЫ, брысоцінцы,
палітычная групоўка перыяду Французскай рэвалюцыі 1789—99. Вылучыліся ў 1791—92 як левая меншасць (136 дэп.) Заканад. сходу. Лідэры: шэраг дэпутатаў ад дэпартамента Жыронда (адсюль назва), у т. л. П.В.Верньё, Ж.П.Брысо, А.Кандарсэ і інш. Абапіраліся на буйную і ч. сярэдняй гандл.-прамысл. буржуазіі. Выступалі за актыўную знешнюю палітыку і поўную свабоду гандлю, супраць дваранска-раялісцкай контррэвалюцыі. Пасля прыходу да ўлады ў выніку звяржэння манархіі 10.8.1792 перайшлі на кансерватыўныя пазіцыі, складалі правае крыло Канвента, спаборнічалі з мантаньярамі (гл.Гара). Да кастр. 1792 многія Ж. ўваходзілі ў Якабінскі клуб. Страцілі ўладу ў выніку нар. паўстання ў Парыжы 31.5—2.6.1793; у кастр. 1793 частка Ж. пакарана смерцю. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 далучыліся да контррэвалюцыянераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІІ́ СВЯТЫ́Х»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 17 ст. Перакладзены з польскай мовы. Першакрыніца — «Жыціі святых» П.Скаргі. Вядомы тры скарочаныя бел. пераклады. Найб. поўны (141 жыціе) створаны ў 2-й пал. 17 ст., відаць, у Магілёве, захаваў многіяліт. асаблівасці арыгінала. Бел. перакладчыкі выбіралі творы пра найб. вядомых «святых», часам уносілі змены ў тэксты (апускалі выпады супраць праваслаўных і пратэстантаў, пахвалы рымска-каталіцкаму касцёлу і інш.). Творы ў зборніку маюць сярэдневяковы рэліг.-аскетычны, дыдактычны характар, схематычныя вобразы, але дзякуючы багаццю зместу, даходлівасці выкладу былі папулярныя сярод бел., польскіх і ўкр. чытачоў.
Літ.:
Гудзий Н.К. Переводы «Żywotów śwętych» Петра Скарги в Юго-Западной Руси. Киев, 1917;