твор станковага жывапісу, які мае самаст.маст. значэнне, вылучаецца завершанасцю, адзінствам формы і зместу. У адрозненне ад інш. відаў жывапісу К. непасрэдна не звязана з пэўным інтэр’ерам, сістэмай дэкарыравання ці культавым прызначэннем. Складаецца з асновы (дрэва, палатно, кардон, метал і інш.), грунту, фарбавага слоя. Некалькі К., аб’яднаных адной тэмай, у залежнасці ад іх колькасці складаюць дыпціх, трыпціх, паліпціх. Часам тэрмін «К.» ўжываюць як сінонім паняцця жанр. З’явілася ў Стараж. Грэцыі ў 4 ст. да н.э. У еўрап. мастацтве вядома з 12 ст., на Беларусі — з 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НА (ад грэч. klinō нахіляю),
клінальная зменлівасць у біялогіі, паступовае павелічэнне або змяншэнне (колькасны градыент) якой-н. адзнакі, уласцівасці ўнутры папуляцыі або віду; адно з выяўленняў унутрывідавой геагр. зменлівасці. Тэрмін прапанаваны англ. біёлагам Дж.Хакслі (1939). Можа закранаць колькасныя прыкметы (напр., павелічэнне памераў цела пазваночных у больш высокіх шыротах) і якасныя (напр., адноснае павелічэнне колькасці «чорнай» формы двухкрапінкавай божай кароўкі ў параўнанні з «чырвонай» формай пры нарастанні кантынентальнасці клімату). Развіваецца ў выніку ўзаемадзеяння натуральнага адбору, які прыстасоўвае кожную папуляцыю да лакальнага асяроддзя, з патокам генаў, што вядзе да уніфікацыі папуляцый віду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛОНАМЕ́ТРЫЯ,
электрахімічны метад аналізу і фіз.-хім. даследаванняў, заснаваны на вымярэнні колькасці электрычнасці (эл. зараду), якая прайшла праз электралізёр пры электрахім. рэакцыі рэчыва.
Адрозніваюць прамую К. — непасрэдна вызначаюць электрахімічна актыўныя рэчывы, і кулонаметрычнаецітраванне — у даследуемы раствор дадаюць, электрахімічна актыўны рэагент, прадукт электрахім. пераўтварэння якога хімічна ўзаемадзейнічае з рэчывам, што вызначаюць. Выкарыстоўваюць для вызначэння таўшчыні метал. пакрыццяў і аксідных плёнак, для аналізу многіх неарган. (напр., металы) і арган. рэчываў (напр., араматычныя аміны, фенолы), даследаванняў кінетыкі і механізму хім. рэакцый і інш.Гл. таксама Фарадэя законы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА МІКРААРГАНІ́ЗМАЎ,
сукупнасць жыццяздольных мікраарганізмаў на пажыўным асяроддзі, якая знаходзіцца ў стане размнажэння або закончыла яго. Адрозніваюць К.м. чыстую (складаецца з арганізмаў аднаго віду), змешаную (складаецца з некалькіх відаў, што вылучаюцца з вады, глебы, паветра і інш.) і электыўную (назапашвальную, у якой з вял.колькасці форм расце пераважна адзін від). Для К.м. неабходны вадкія і цвёрдыя пажыўныя асяроддзі, спец. апаратура, якая падтрымлівае аптымальныя для росту мікраарганізмаў фіз.-хім. ўмовы (аэрацыя, газавае асяроддзе, кіслотнасць, т-ра і інш.). Выкарыстоўваецца для вывучэння мікраарганізмаў, у мікрабіял. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКТА́МЫ,
арганічныя рэчывы; унутраныя цыклічныя аміды амінакіслот. Маюць у цыкле групоўку —C(O)—NR— (R — атам вадароду H ці арган. радыкал). Паводле колькасці атамаў у цыкле адрозніваюць α-Л. (3 атамы), β-Л. (4 атамы), γ-Л. (5 атамаў) і г.д. Л. — крышт. рэчывы. Добра раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках (гл.Капралактам). Паводле хім. уласцівасцей падобныя да амідаў карбонавых кіслот. Многія Л. — біялагічна актыўныя рэчывы (напр., β-Л. ўваходзяць у састаў лактамных антыбіётыкаў, у прыватнасці пеніцылінаў). У прам-сці выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці поліамідных валокнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГАТУ́РА (ад позналац. ligatura сувязь, злучэнне),
1) знак любой сістэмы пісьменнасці ці фанет. транскрыпцыі, утвораны шляхам спалучэння элементаў двух графем ці транскрыпцыйных знакаў. Напр., дацкае, ісланд., нарв. æ, ням. β. Такога тыпу Л. часта выкарыстоўваліся ў скорапісе, для ўпрыгожання, арнаменталізацыі тэкстаў (гл.Вязь).
2) Спалучанае напісанне двух (гл.Дыграф) і большай колькасці літар, якія перадаюць адзін гук; напр., бел. дж, дз., польск. sz, cz, ням. sch.
3) Злітнае напісанне двух ці некалькіх пісьмовых знакаў. Трапляецца ў слав. азбуцы, у замежных шрыфтах (напр., Æ — злітны абрыс A і E).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКЁР (франц. liqueur),
моцны салодкі алкагольны напітак; сумесь водна-спіртавых раствораў экстрактаў пахучых і смакавых рэчываў рознай расліннай сыравіны, а таксама рафінаванага цукру, лімоннай к-ты, памякчанай вады.
Паводле колькасці спірту (у аб’ёмных працэнтах — моц) і цукру (у грамах на 100 мл напітку — цукрыстасць) адрозніваюць Л. моцныя (моц 35—45, цукрыстасць 32—50) і дэсертныя (адпаведна 25—30, 39—47), крэмы (20—23, 39—43), пуншы (15—20, 34—43), аперытывы (15—35, 5—30). У краінах Зах. Еўропы і ЗША усе Л. часта наз. кардыяламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць у сабе літый, або яго злучэнні. Літый знаходзіцца ў рудах пераважна ў форме мінералаў; у невял. колькасці ізаморфных дамешкаў уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў (слюд, турмалінаў і інш.). Гал. літыйзмяшчальныя мінералы, якія маюць прамысл. значэнне: спадумен (6—7% LiO2), петаліт (3,5—4,9%), амбліганіт (8—10%), а таксама літыевыя слюды: лепідаліт (4—6% LiO2), цынвальдыт (3—3,5%). Трапляюцца ў гранітах, пегматытах і грэйзенах. Буйнейшыя радовішчы Л. р. ў Канадзе, ЗША, Паўд. Радэзіі, Паўд. -Зах. Афрыцы, Бразіліі, Расіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛЬНІК,
1) лічбавы механізм, з дапамогай якога выконваюцца арыфм. аперацыі. Мае сістэму зубчастых колаў (аднаразрадных рэгістраў), злучаных міжразраднымі пераносамі. Пры запаўненні аднаго разраду бліжэйшы вышэйшы рэгістр павялічвацца на 1, а дадзены пераводзіцца ў нулявое становішча. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці, на транспарце, у камунальнай гаспадарцы для ўліку работы розных машын і прылад, падліку колькасці рэчыва, энергіі, пройдзенага шляху і інш.Гл. таксама Лічыльнік электрычны.
2) Прылада для рэгістрацыі імпульсаў у розных сродках аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш. Часта выкарыстоўваецца як блок лічбавай выліч. машыны. Гл. таксама Лічыльнікі ядзернага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ЧАКА́ННЕ, сярэдняе значэнне,
лікавая характарыстыка выпадковай велічыні X. Абазначаецца MX або EX. Характарызуе размяшчэнне значэнняў велічыні X і роўнае сярэдняму значэнню яе размеркавання. З вялікіх лікаў закона вынікае, што сярэдняе арыфм. значэнне велічыні X пры павелічэнні колькасці выпрабаванняў набліжаецца да MX. Паняцце М.ч. ўзнікла ў 18 ст. ў сувязі з тэорыяй азартных гульняў: калі выйгрышы гульца прымаюць значэнні X1, X2, ..., Xn з імавернасцямі p1, p2, ..., pn, дзе p1 + p2+ ... + pn = 1, то яго чаканы выйгрыш за гульню роўны MX = Xlp1 + X2p2 + ... + Xnpn (адсюль назва).