САКАЛО́Ў Дзмітрый Іванавіч (1788, С.-Пецярбург — 1.12.1852),

расійскі геолаг. Чл. Пецярбургскай АН (1839). Скончыў Горны кадэцкі корпус у Пецярбургу (1805), дзе і выкладаў да 1841, адначасова (у 1822—44) — праф. Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па геалогіі, мінералогіі і палеанталогіі, у т. л. «Дапаможнік па мінералогіі» (ч. 1—2, 1832) і «Курс геагнозіі» (ч. 1—3, 1839). Абгрунтаваў вылучэнне чырвонакаляровых адкладаў Перадуралля ў самаст. сістэму (у 1841 англ. вучоны Р.​І.​Мурчысан назваў яе пермскай). Кіраваў работамі па геал. здымцы горных акруг Урала. Падрыхтаваў горна-геал. раздзел «Слоўніка царкоўнаславянскай і рускай мовы» (1847). Рэдактар «Горного журнала». Адзін з заснавальнікаў Мінералагічнага т-ва ў Пецярбургу (з 1817). З Дзямідаўскія прэміі Пецярбургскай АН.

т. 14, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШО́ША,

рака ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна. Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 304 км². Выцякае з воз. Шо за 1,4 км на ПдУ ад в. Надазер’е, упадае ў воз. Пліса з У, за 2 км на ПдЗ ад в. Прудаўё. Цячэ па Ушацка-Лепельскім узв., у вярхоўі і сярэднім цячэнні па лясістай мясцовасці. Асн. прытокі: Чысцянка і Лучайка (злева). Даліна скрынкападобная, звілістая, шыр. 500 м — 2 км, месцамі да 4 км. Пойма вузкая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае, слабаразгалінаванае, шыр. ад 3—5 м у верхнім цячэнні да 12 м у сярэднім і ніжнім. Берагі стромкія, абрывістыя. У сярэднім цячэнні прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 17, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУ́ЛА»,

бел. нар. гульня. Гуляюць дзве каманды. Кожная выбірае вядучага. Ён моцна б’е палкай з загнутым канцом па буле (драўляным шары) і гоніць яе па зямлі ў бок праціўніка, каманда памагае яму. Праціўнікі стараюцца перахапіць і вярнуць булу да ўмоўленай мяжы.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРУГАВА́Я»,

«Кружкі», бел. нар. танец, вальсападобная полька. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Пашырана амаль па ўсёй Беларусі. Выконваецца парамі (4—8). Танцоры, трымаючыся за рукі, рухаюцца па крузе, круцячыся і прыпяваючы. Вядома і як адна з фігур танца «Кола».

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНАСТЫЦЫ́ЗМ (ад грэч. gnōstikos пазнавальны),

агульная назва рэліг.-філас. вучэнняў, якія спалучаюць тэалогію ранняга хрысціянства, элементы стараж.-ўсх. рэлігій, ідэі філасофіі (неаплатанізм, неапіфагарэізм) і інш. Узнік у 1 ст. ва ўсх. ч. Рымскай імперыі, росквіт прыпадае на 2 ст. Найб. значныя прадстаўнікі — Васілід, Гераклеан, Карпакрат Александрыйскі, Валянцін. Вылучаюць хрысціянскі гнастыцызм (1—3 ст.), вядомы па творах раннехрысціянскіх ерасеографаў і па творах з г. Наг-Хамады; язычніцкі гнастыцызм той жа эпохі; мандэізм (2—3 ст., ад арамейскага манда-гносіс) — самаст. развіццё гнастацызму на семіцка-вавілонскай глебе (захаваўся да нашых дзён у Іраку). Чалавек паводле гнастыцызму — асн. цэнтр сусв. працэсу. Ён, хоць і з’яўляецца стварэннем цёмных сіл свету, па сваёй субстанцыі не належыць яму. Гэта яго боская субстанцыя часта прымае форму самаст. іпастасі «Першачалавека», або «Антропаса». Душа чалавека іншародная целу і па сваёй сутнасці належыць надкасм. сферы (Васілід). Разам з дуалізмам душы і цела ў гнастыцызме існуе і трыхатамічнае раздзяленне чалавека на «духоўнае», «душэўнае» і «цялеснае». З гнастыцызмам звязана ўзнікненне маніхейства.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ СМАЛЕ́НСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.

Існавала ў 1922—23 і 1925—27. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве і Савету па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Смаленскім губ. аддзеле нар. асветы. Супрацоўнічала з Беларускім студэнцкім зямляцтвам у Смаленску. Задачы: арганізацыя ў Смаленскай губ. нац. школ, клубаў, інш. культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва. У чэрв. 1923 скасавана. Адноўлена ў 1925. У 1925/26 навуч. г. адкрыты 2 бел. школы і 2 пункты па ліквідацыі непісьменнасці. З 1926/27 навуч. г. пад кіраўніцтвам секцыі ў Руднянскім, Рослаўскім і інш. паветах працавала 21 бел. школа (652 вучні) і гурткі па вывучэнні бел. мовы; у 1927/28 навуч. г. — 37 школ. Да канца 1927 у сувязі з адсутнасцю сродкаў скасаваны ўсе нац. секцыі, у т. л. беларуская. Функцыі нац. секцый і кіраўніцтва нац. школамі перададзены інспектару па справах нац. меншасцяў губ. аддзела нар. асветы.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́ЖНЫЯ ГО́НКІ,

скарасны бег на лыжах, від лыжнага спорту. Праводзяцца на перасечанай мясцовасці, у мужчын на 10, 15, 30, 50 і 70 км, эстафета 4 × 10 км; у жанчын на 5, 10 і 20 км, эстафета 4 × 5 км.

Першыя спаборніцтвы па Л.г. праведзены ў 1767 (Нарвегія) на дыстанцыі 4 мілі (6,4 км). У Расіі адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург) на дыстанцыі ​1/4 вярсты (0,27 км).

Першыя спаборніцтвы па Л.г. на Беларусі прайшлі ў 1920 (г. Віцебск) і ў 1921 (Мінск, гонка на 5 вёрст). У 1926 адбылася Усебел. лыжная эстафета па гарадах БССР. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1926, зімовыя спартакіяды, у праграме якіх ёсць Л.г., — з 1962. З 1969 разыгрываецца Кубак Беларусі. Бел. спартсмены па Л.г.: Р.​Ачкіна — бронз. прызёр X Алімп. гульняў (1968, г. Грэнобль, Францыя), чэмпіёнка свету ў эстафеце (1966), чэмпіёны СССР — В.​Камоцкі, С.​Сяргееў, Т.​Маркашанская, сярэбраныя прызёры зімняй Сусв. універсіяды (1999, Славакія) у эстафеце Я.​Амосенка, С.​Далідовіч, М.​Семяняка, А.​Трагубаў.

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЫРЫ́ Каюм (сапр. Насыраў Габдэлкаюм Габдэлнасыравіч; 14.2.1825, в. Верхнія Шырданы Зеленадольскага р-на, Татарстан — 2.9.1902),

татарскі вучоны-асветнік, пісьменнік. Вучыўся ў медрэсэ ў Казані (1841—55). З 1855 вольны слухач Казанскага ун-та. Заснавальнік першай руска-тат. школы ў Казані. Складальнік граматыкі тат. мовы, слоўнікаў, у т. л. «Татарска-рускага слоўніка» (1875), правілаў правапісу, першых кніг для чытання на рус. мове «Рускае чытанне» (1889), падручнікаў па рус. граматыцы (1891), па матэматыцы, геаграфіі, л-ры, гісторыі, прыродазнаўстве, земляробстве, «Штогадовага настольнага календара» (1871—97). Выдаў працы па тат. фальклоры і этнаграфіі: «Павер’і і абрады казанскіх татар...» (1880), «Узоры народнай літаратуры казацскіх татар» (1896), «Казкі казанскіх татар у супастаўленні з казкамі іншых народаў» (1900, з П.​Л.​Паляковым). Аўтар «Аповесці аб сарака везірах» (1868), аповесцей «Авіцэна» (1872), «Кабуснама» (1881), павучальна-дыдактычнай «Кнігі для субяседнікаў па літаратуры» (1884), навук.-папулярных твораў для дзяцей «Вольнай часінай» (1860). Яго навелы садзейнічалі развіццю нац. маст. прозы.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произведения. Казань, 1977.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРШЧЭ́ЎШЧЫНСКІ ВІНАКУ́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1887—1914 у маёнтку Гаршчэўшчына Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл.). З жыта, ячменю і бульбы вырабляў і ачышчаў спірт-сырэц, з якога гатавалася гарэлка. Меў паравую машыну (з 1890), у 1895 — паравы кацёл. У 1910 і 1913 працавала па 55 рабочых. У 1900 і 1910 выпускалася па 61—65 тыс. вёдзер гарэлкі.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СЕР (Asser) Тобіяс (28.4.1838—29.7.1913),

галандскі дзярж. дзеяч, юрыст. Скончыў Амстэрдамскі ун-т (1860). Праф. міжнар. і камерцыйнага права. Адзін з заснавальнікаў Ін-та міжнар. права ў Генце (1871, Бельгія). Распрацаваў законы аб грамадзянскіх правах, выдачы злачынцаў і інш. Аўтар прыкладных прац па міжнар. праве, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў канферэнцый у Гаазе 1899 і 1907 па міжнар. праве. Нобелеўская прэмія міру (1911, сумесна з А.Фрыдам).

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)