галіна машынабудавання, спецыялізаваная на вытв-сці лятальных апаратаў, авіяц. рухавікоў, бартавых і інш. сістэм і абсталявання для авіяцыі. Адна з самых навукаёмістых галін прам-сці з высокай ступенню кааперавання і канцэнтрацыі вытв-сці. Узнікла ў пач. 20 ст. Як буйная галіна прам-сці развілася ў перыяд 1-й і асабліва 2-й сусв. войнаў. Масавая вытв-сцьавіяц. тэхнікі пачалася ў 1918. Толькі ў ЗША і Вялікабрытаніі было выпушчана больш за 36 тыс. самалётаў і 54 тыс. авіярухавікоў (1918). Паскоранымі тэмпамі развівалася напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны. Авіяцыйная прамысловасць СССР забяспечыла фронт баявымі і трансп. самалётамі пераважна новых тыпаў (знішчальнікі С.А.Лавачкіна, А.Л.Мікаяна, А.С.Якаўлева, штурмавікі С.У.Ільюшына, бамбардзіроўшчыкі Ільюшына, У.М.Петлякова, А.М.Тупалева). Выпуск самалётаў у СССР склаў у 1941—1-й пал. 1945 больш за 125,6 тыс. За перыяд 2-й сусв. вайны Англія выпусціла 125 тыс., Германія каля 120 тыс., ЗША каля 300 тыс. самалётаў. У пасляваен. гады авіяцыйная прамысловасць асвоіла выпуск рэактыўных самалётаў са звышгукавымі скарасцямі. Зпач. 1950-х г. пачаўся выпуск грамадз. рэактыўных самалётаў. Развівалася верталётабудаванне: верталёты канструкцыі М.Л.Міля, М.І.Камава (СССР), І.І.Сікорскага (ЗША) і інш. У 1960—80-я г. ў авіяцыйнай прамысловасці СССР быў створаны шэраг прынцыпова новых узораў авіяц. тэхнікі: знішчальнікі са зменлівай стрэлападобнасцю крылаў, паскораных узлёту і пасадкі, звышгукавы бамбардзіроўшчык канструкцыі П.В.Сухога Су-24, штурмавік Су-25, знішчальнікі МіГ-29, МіГ-31, Су-27 і інш.; велікагрузныя транспартныя самалёты Іл-76Т, АН-124, «Руслан», АН-225, «Мрыя» (канструктарскае бюро А.К.Антонава), баявыя і трансп. верталёты (у т. л. Мі-26 з найбольшай у свеце грузападымальнасцю — 20 т) і інш. У 1960-я г. авіяцыйная прамысловасць развітых краін распрацавала праграмы вытв-сці звышгукавых пасаж. самалётаў «Канкорд» (Францыя сумесна з Англіяй), Ту-144 (СССР), які прайшоў выпрабавальную эксплуатацыю. У 1970-я г. з’явіліся шырокафюзеляжныя пасаж. самалёты-аэробусы А300, А310, А320 і інш. сумеснай вытв-сці Францыі, Вялікабрытаніі і інш.зах.-еўрап. краін (у кансорцыуме «Эрбас індастры»), Іл-86 (СССР). Вырашана шмат навук.-тэхн. праблем, атрыманы каштоўныя тэхналогіі пры стварэнні арбітальных апаратаў шматразовага выкарыстання «Спэйс Шатл» (ЗША) і «Буран» (СССР), экранапланаў (ракетаносны эксперым. экранаплан «Лунь», СССР; даўж. 73 м, вага да 300 т) і інш. У канцы 1980-х г. у СССР пачаліся падрыхтоўка і асваенне серыйнай вытв-сці самалётаў новага пакалення з высокай эканоміяй паліва — Іл-96—300, Ту-204, Іл-114, пад’ёмных, пад’ёмна-маршавых, турбінных рухавікоў і інш.З краін б.СССРнайб. развіта авіяцыйная прамысловасць у Рас. Федэрацыі. У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты ТУ-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж.авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. А.). Распрацавана праграма стварэння ўласнага пасаж. самалёта ў кааперацыі зРас. Федэрацыяй (1994).
Сусветны лідэр у авіяцыйнай прамысловасці — ЗША, дзе авіяцыйная прамысловасць вядзе пачатак ад майстэрняў братоў Райт. Масавая вытв-сць самалётаў разгорнута ў 1918. Інтэнсіўны рост пачаўся ў 1936. У 1939 выпушчана каля 3,9 тыс. самалётаў, у 1944 больш за 96 тыс. Пасля 2-й сусв. вайны ЗША сталі буйнейшым экспарцёрам ваен. тэхнікі, з канца 1950-х г. — грамадзянскай авіяц. тэхнікі. У 1960-я г. авіяцыйная прамысловасць ЗША ператварылася ў авіяракетную прам-сць. У 1970-я г. ажыццяўляліся буйныя праграмы вытв-сці баявых самалётаў, створаны авіясістэма сачэння і навядзення («АВАКС»), касм. карабель «Спэйс Шатл», наладжана буйнасерыйная вытв-сць шырокафюзеляжных пасаж. самалётаў і інш. Па праграмах 1980-х г. ажыццяўляліся вытв-сць знішчальнікаў F-15, F-16, F-18 і інш., стратэг. бамбардзіроўшчыка B-1B, распрацоўка малапрыкметнага стратэг. бамбардзіроўшчыка B-2, знішчальніка AT і інш., выпуск пасаж. самалётаў «Боінг» 727, 737, 747 757, 767, L-1011, DC-9 і DC-10, MD-80 і інш. Вядучыя самалёта- і верталётабуд. фірмы: «Боінг», «Мак-Донел-Дуглас», «Локхід», «Рокуэл», «Джэнерал дайнэмікс», «Груман», «Нортрап», «Х’юз гелікаптэрс і інш.; фірмы—вытворцы рухавікоў: «Джэнерал электрык», «Прат энд Уітні», «Аўка Лайкамінг», «Алісан», «Гарэт тэрбін энджын». Высокаразвітая авіяцыйная прамысловасць у Англіі, Францыі, ФРГ, Канадзе, Японіі і інш. індустрыяльных краінах. Вядучыя еўрап. краіны ажыццяўляюць сумесныя праграмы распрацоўкі і вытв-сці грамадз. і ваен. авіятэхнікі новага пакалення, у т. л. і паветрана-касм. самалёта. Пашыраецца міжнар. кааперацыя паміж авіяц. фірмамі розных краін і кантынентаў. На мяжы 1980—90-х г. кошт гадавой прадукцыі авіяцыйная прамысловасць замежных краін (без б.СССР) ацэньваўся амаль у 160 млрд.дол. (зулікам прадукцыі ракетна-касм. сектара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАПУТНЫЯ ВОЙСКІ.
Як адзін засн. відаў Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца найб. шматлікімі, многафункцыянальнымі па спосабах вядзення баявых дзеянняў, аснашчэнні ўзбраеннем і ваен. тэхнікай. Прызначаны для вырашэння задач па адбіцці ўдараў наземных груповак праціўніка і іх ліквідацыі ў выпадку агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь. Баявы патэнцыял сухапутных войск (СВ) дазваляе самастойна або ва ўзаемадзеянні зВПС і войскамі ППА наносіць агнявыя ўдары на вял. глыбіню; эфектыўна дзейнічаць пры ўтрыманні занятых раёнаў, рубяжоў і аб’ектаў, разгроме груповак войск праціўніка, якія могуць уклініцца ў нашу тэрыторыю. У іх склад уваходзяць: механізаваныя войскі (мотастралковыя і танк. часці); ракетныя войскі і артылерыя; злучэнні і вайск. часці ППА (зенітныя, зенітныя ракетныя, зенітныя ракетна-артыл., радыётэхнічныя), якія з’яўляюцца родамі войск; спец. войскі (злучэнні і вайск. часці сувязі, разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, інжынерныя, радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, навігацыйна-тапагр., гідраметэаралагічныя, інфарм. і тэхн. забеспячэння); злучэнні і вайск. часці тылу. Аснову складаюць аператыўныя групоўкі (аб’яднанні) на Зах. і Паўн.-зах. аперацыйных напрамках, здольныя ва ўмовах мірнага часу выканаць задачы па лакалізацыі і нейтралізацыі ўзбр. канфлікту, а пры неабходнасці весці лакальную вайну, забяспечваць своечасовае аператыўна-стратэг. разгортванне ўсіх узбр. сіл, усёй ваен. арганізацыі дзяржавы. Яны складаюцца з механізаваных злучэнняў, баз захавання, злучэнняў і вайск. часцей родаў войск і спец. войск, вайск. часцей і падраздзяленняў тэхн. і тылавога забеспячэння. Аператыўнае камандаванне ажыццяўляе кіраўніцтва падначаленымі злучэннямі і вайск. часцямі, якое таксама каардынуе дзейнасць войск, вайск. фарміраванняў і падраздзяленняў МУС, Мін-ва па надзвычайных сітуацыях, Пагран. войск, КДБ, інш.дзярж. органаў і арганізацый па выкананні задач у галіне абароны краіны, якія знаходзяцца ў зоне іх адказнасці. Асобныя злучэнні і вайск. часці родаў войск і спец. войск, тэхн. забеспячэння, вучэбныя вайск. часці, інш. часці і ўстановы, што ўваходзяць у склад СВ, прызначаны для выканання баявых задач, а таксама для аператыўнага (баявога), тэхн., тылавога забеспячэння баявых дзеянняў і падрыхтоўкі спецыялістаў.
Камандаванне СВ сфарміравана на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Дырэктывы міністра абароны ў студз. 2002 на базе 5-га гвардз. армейскага корпуса. На яго ўскладзены задачы падтрымання на неабходным узроўні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, непасрэднага кіраўніцтва штодзённай дзейнасцю і баявой падрыхтоўкай органаў кіравання, аб’яднанняў, злучэнняў і вайск. часцей, а таксама кіраўніцтва тэр. абаронай. Будаўніцтва і развіццё СВ ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прынцыпамі забеспячэння ваен. бяспекі дзяржавы, выкладзенымі ў канцэпцыі нац. бяспекі (2001), Ваен. дактрыне Рэспублікі Беларусь (2002), і на аснове праграмных дакументаў — Канцэпцыі будаўніцтва Узбр. Сіл да 2010, Праграмы завяршэння рэфармавання Узбр. Сіл на 2001—05 і Плана будаўніцтва Узбр. Сіл да 2006. Гал. мэта рэфармавання — стварэнне боегатовых і здольных да разгортвання ў пэўныя тэрміны аб’яднанняў, злучэнняў, вайск. часцей і арганізацый СВ аптымальнай структуры, складу і колькасці, якія валодаюць дастатковым патэнцыялам стрымлівання і могуць процістаяць любой ваен. пагрозе. Адна з важных задач рэфармавання — ажыццяўленне якасных пераўтварэнняў, якія гарантуюць нарошчванне баявых магчымасцей, удасканаленне арганізац.-штатных структур, аснашчэнне сучасным узбраеннем і ваен. тэхнікай (УВТ), удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, паляпшэнне якасных паказчыкаў укамплектаванасці асабовага складу, павышэнне баявой вывучкі ваеннаслужачых, зладжанасці злучэнняў і вайск. часцей. Як адзін засн. спосабаў павелічэння сумарнага баявога патэнцыялу войск прадугледжана павышэнне эфектыўнасці сістэмы кіравання (органаў і пунктаў кіравання, сродкаў сувязі і аўтаматызаванага кіравання войскамі). Важнае значэнне надаецца распрацоўцы і ўкараненню новых падыходаў, прынцыпаў кіравання і метадаў кіраўніцтва. З мэтай падтрымання ў баявым стане, развіцця і ўдасканалення УВТ праведзена іх мадэрнізацыя з адначасовай планамернай і паэтапнай заменай на новыя перспектыўныя ўзоры шляхам распрацоўкі, вытв-сці (самастойна або ў кааперацыі зінш. дзяржавамі). Вядуцца н.-д. і доследна-канструктарскія работы па стварэнні элементаў і сістэм новага УВТ, зарыентаваныя на рэалізацыю такіх перспектыўных кірункаў будаўніцтва СВ, як развіццё ракетных войск і артылерыі, сіл і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, разведкі, сувязі. Зулікам развіцця ваен. майстэрства і вопыту лакальных войнаў перагледжаны многія палажэнні тактыкі і дзеянняў злучэнняў і часцей, спосабы выкарыстання СВ у цэлым. Распрацаваны і ўведзены ў дзеянне новыя сучасныя праграмы баявой падрыхтоўкі мотастралковых, танк., мабільных падраздзяленняў, а таксама падраздзяленняў родаў войск, праграмы камандзірскай падрыхтоўкі афіцэраў і прапаршчыкаў, курсы стральбы і ваджэння баявых машын. Кардынальна перапрацаваны нарматывы па баявой падрыхтоўцы. СВ паспяхова дзейнічалі ў час комплексных аператыўна-тактычных вучэнняў «Нёман—2001», «Бярэзіна—2002», «Чыстае неба—2003», «Шчыт Айчыны—2004 г.». Кадры для СВ рыхтуюць Ваен. акадэмія Рэспублікі Беларусь, Аб’яднаны навуч. цэнтр па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, а таксама шэраг ваен. кафедраў (ф-таў) цывільных ВНУ і інш. Кіраўніцтва СВ ажыццяўляе камандуючы Сухапутнымі войскамі, які непасрэдна падпарадкоўваецца міністру абароны Рэспублікі Беларусь. Камандуючыя СВ Рэспублікі Беларусь: Ю.В.Партноў (2001—03), С.С.Смольскі (з 2003).
А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Артылерыйскі разлік на тактычных занятках.Падраздзяленне мотастралкоў на палявых занятках.Танкавае падраздзяленне на маршы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ЯДЗЕРНЫХ РЭАКТАРАЎ
Даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў пачаліся ў 1960, калі ў Ін-це энергетыкі АН Беларусі было створана Аддзяленне атамнай энергетыкі (узначаліў А.К.Красін). Тэарэт. работы выконваліся ў лабараторыях атамнай энергетыкі (Красін) і фіз. разлікаў (В.А.Навумаў), эксперым. — на доследным рэактары ІРТ-1000 (здадзены ў эксплуатацыю ў 1962). У 1965 створаны Ін-тядз. энергетыкі АН Беларусі (ІЯЭ), дзе былі сканцэнтраваны работы па фізіцы ядз. рэактараў. У ім вяліся доследныя работы па стварэнні новых тыпаў ядз. рэактараў: уран-гідрыдцырконіевага для перасоўнай АЭС «Памір-630 Д», хуткіх газаахаладжальных (N2O4) тыпу БРІГ і БРГ, спецыялізаваных ядз.-хім. рэактараў.
Першы рэактар фіз. магутнасці (крытычны стэнд) «Ружа» створаны ў 1965. На ім праведзены даследаванні аднародных уран-водных сістэм з палівам 10%, 36% і 75% абагачэння па 235U у шырокім дыяпазоне змяненняў адносін канцэнтрацыі ядзер вадароду і урану-235 (В.А.Лявадны, Ю.І.Чуркін, А.І.Ярашэвіч). Для эксперым. абгрунтавання фізікі рэактара «Памір» на ўсіх стадыях яго праектавання былі створаны рэактары фіз. магутнасці «Эдэльвейс», «Крышталь», на якіх выкананы комплекс даследаванняў «халодных» і «гарачых» UO2—ZrHn — крытычных сістэм з палівам 21%, 36% і 45% абагачэння па 235U (І.А.Едчык, А.П.Малыхін, У.У.Сапожнікаў, С.М.Сікорын, А.І.Ярашэвіч). Распрацаваны ці ўдасканалены розныя метады вымярэнняў асн. нейтронна-фіз. параметраў рэактарных сістэм: метад цвёрдых трэкавых дэтэктараў ядзер (І.У.Жук, Малыхін), метады аналізу шумоў рэактара (Лявадны, Сапожнікаў), метады неразбуральнага кантролю наяўнасці нейтронна-паглынальных і падзельных матэрыялаў у асн. элементах актыўных зон (Сапожнікаў, Сікорын). Створаны вымяральныя ўстаноўкі для спектраметрыі гама-выпрамянення, размеркавання шчыльнасці дзяленняў у актыўных зонах рэактараў і параметраў кінетыкі рэактараў.
У 1970—80-я г. ў ІЯЭ створаны розныя мадыфікацыі рэактараў фіз. магутнасці БТС-1 — БТС-5 з хуткацеплавымі крытычнымі зборкамі для даследаванняў па фізіцы энергет. хуткіх рэактараў, што ахалоджваюцца дысацыіруючым газам і паравадзяной сумессю (М.М.Груша, І.Р.Серафімовіч, Чуркін, Ярашэвіч) і крытычны стэнд «Астра» для даследаванняў віхравых рэактараў з мікрацвэламі (Лявадны, С.У.Макін). Распрацаваны метады рашэння кінетычнага ўраўнення пераносу нейтронаў і ўліку тэрмалізацыі нейтронаў у Pn-набліжэнні канечна-рознасным метадам (А.П.Сямашка, Ю.К.Шчокін), удасканалены метады альбеда (В.П.Слізоў), імавернасці першых сутыкненняў (А.І.Додзь), Монтэ-Карла (С.Р.Розін). Праведзены тэарэт. даследаванні па ацэнцы сячэнняў узаемадзеяння нейтронаў з ядрамі падзельных, сыравінных і канстр. матэрыялаў ва ўсім дыяпазоне энергій нейтронаў рэактарнага спектра (В.А.Коньшын, У.М.Маслаў, Ю.У.Парадзінскі, Я.Ш.Сухавіцкі), створаны новыя матэм. мадэлі і праграмы разліку ядз.-фіз. канстантаў. Для дыфузійнага разліку цеплавых ядз. рэактараў зулікам выгарання паліва і ўтварэння прадуктаў дзялення распрацаваны інжынерны разліковы комплекс «Гера» (В.А.Навумаў), які пераўтвораны ў комплекс «Кратэр» (Я.М.Дунец, Б.А.Літвіненка, В.А.Навумаў, І.Я.Рубін). Для апісання гетэрагенных эфектаў у ячэйках ядз. рэактараў ва ўсёй вобласці энергіі нейтронаў створана 95-групавая дыфузійная праграма «Рытм» (Навумаў, Рубін). Праведзены разліковыя даследаванні фізікі ядз.-хім. рэактараў і шматмэтавых рэактараў для адначасовай выпрацоўкі электраэнергіі, цяпла і радыяцыйна-хім. прадукцыі (Красін, Літвіненка, І.А.Савушкін).
У ІЯЭ была створана база для разліковых і эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў розных тыпаў, ін-т стаў адным з буйнейшых цэнтраў па гэтай галіне ў СССР. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 і наступнага распаду СССР даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў на Беларусі былі істотна згорнуты. Спынены ўсе эксперым. даследаванні на рэактарах фіз. магутнасці, з якіх выгружаны падзельныя матэрыялы; менш інтэнсіўна вяліся работы па стварэнні новых метадаў фіз. разліку ядз. рэактараў. У наш час, дзякуючы міжнар. грантам, у Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» паводле праграмы эксперым. даследаванняў па трансмутацыі доўгажывучых прадуктаў дзялення і малодшых актынідаў вядуцца тэарэт. работы па ўдасканаленні ядз.-фіз. канстантаў у пашыраным дыяпазоне энергій нейтронаў (да 200 МэВ) і разлікова-эксперым. работы па фізіцы падкрытычных сістэм, што кіруюцца паскаральнікамі часціц высокіх энергій. Створана і даследуецца з 1999 цеплавая падкрытычная зборка «Яліна»; ствараецца бустэрная (каскадная), якія кіруюцца генератарам нейтронаў (В.В.Бурнос, А.І.Кіявіцкая, І.Р.Серафімовіч, Ю.Г.Фокаў, С.Я.Чыгрынаў), што дазволіць праводзіць эксперым. даследаванні ў шырокім дыяпазоне спектра нейтронаў. З 1998 пачаты работы па рэканструкцыі аднаго з рэактараў фіз. магутнасці (С.І.Гульнік, С.Г.Мандзік, Сікорын), па завяршэнні якіх значна пашырыцца аб’ём эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў.
Літ.:
Определение критических загрузок однородных систем UO2 — ZrH1,89 и UO2 — H2O с топливом 21 % и 36% обогащения по 235U // Вопр. атомной науки и техники. Сер. Физика ядерных реакторов. 1991. Вып. 1;
Экспериментальные исследования по физике передвижной АЭС «Памир» // Проблемы использования атомной энергии: Сб. докл. науч. семинара, посвящ. 85-летию акад. А.К.Красина. Мн., 1996;
Расчетные возможности программного комплекса КРАТЕР для определения нейтронно-физических характеристик тепловых ядерных реакций // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1996. №1.
А.І.Ярашэвіч.
Рэактар фізічнай магутнасці «Крышталь» — поўнамаштабная мадэль рэактара перасоўнай АЭС «Памір-630Д».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛО́ГІЯ (ад геа... + ...логія),
навука аб саставе, будове і гісторыі развіцця зямной кары і Зямлі, заканамернасцях утварэння і пашырэння горных парод, мінералаў, падземных вод і радовішчаў карысных выкапняў. Забяспечвае выяўленне і ацэнку мінер.-сыравінных рэсурсаў. Мае вял. гнасеалагічнае значэнне, паколькі аб’ект яе вывучэння — Зямля. Геалогія — адна з фундаментальных навук аб прыродзе Зямлі і Сусвету. Вылучаюць 3 кірункі геалогіі: апісальны (апісанне мінералаў, горных парод, геал. цел і інш.), дынамічны (вывучэнне геал. працэсаў і іх эвалюцыі), гістарычны (гісторыка-геал. рэканструкцыі). Геалогія падзяляецца на мінералогію, петраграфію, літалогію, стратыграфію, палеанталогію, палеагеаграфію, тэктоніку, гідрагеалогію, таксама геалогію антрапагену (гл.Чацвярцічная геалогія), інж., рэгіянальную, марскую, геалогію карысных выкапняў і інш.
Працэсы геал. мінулага даследуюцца на падставе вывучэння сучасных працэсаў зулікам эвалюцыі Зямлі (прынцып актуалізму). Геалогія карыстаецца метадамі назірання, картаграфавання, свідравання, комплексам геафіз. метадаў, касмічнай і аэрафотаздымкі, аптычнымі, электронна-мікраскапічнымі, рэнтгенаўскімі, спектральнымі, хім., ізатопнымі і інш. Цесна звязана згеагр. навукамі — геамарфалогіяй, фіз. геаграфіяй, кліматалогіяй, гідралогіяй, геадэзіяй, а таксама з навукамі, што вылучыліся з яе — геафізікай і геахіміяй. Геалогія шырока выкарыстоўвае дасягненні фізікі, хіміі, біялогіі, матэматыкі і інш. Геалогія ўзнікла ў працэсе практычнай дзейнасці чалавека, які з глыбокай старажытнасці выкарыстоўваў у побыце каменне, ваду падземных крыніц, руды. Першыя звесткі пра мінералы, горныя пароды, падземныя воды і пошукі карысных выкапняў ёсць у пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, стараж. рукапісах Кітая, працах ант. вучоных Грэцыі і Рыма: Піфагора, Герадота, Арыстоцеля, Плінія Старэйшага. Перыяд да 18 ст. адметны назапашваннем разнастайных фактаў аб саставе горных парод і мінералаў, падземных вод, геал. з’явах. У 18 — 1-й пал.ст. М.В.Ламаносаў (Расія), Ж.Кюўе, Л.Элі дэ Бамон, А.Браньяр (Францыя), Л.Бух, А.Г.Вернер (Германія), У.Сміт, А.Седжвік, Р.І.Мурчысан, Ч.Лаель, Дж.Гетан (Вялікабрытанія), А.Грэслі (Швейцарыя) сістэматызавалі разрозненыя геал. звесткі, прапанавалі шэраг асноватворных уяўленняў геалогіі, заклалі фундамент геал. навукі, якая аформілася ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.
Тэарэт. асновы сучаснай геалогіі складаюць вучэнні аб глабальнай тэктоніцы пліт (гл.Тэктанічныя гіпотэзы), платформах і геасінкліналях, фацыях і фармацыях, літагенезе, магматызме, рудаўтварэнні, падземных водах і інш. Уклад у развіццё геалогіі зрабілі А.Дз.Архангельскі, М.Бертран, С.М.Бубнаў, А.Вегенер, У.І.Вярнадскі, І.М.Губкін, Дж.Дана, А.М.Заварыцкі, Э.Зюс, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, Ф.Ю.Левінсон-Лесінг, Г.Ф.Мірчынк, Дз.В.Наліўкін, У.А.Обручаў, Э.Ог, А.П.Паўлаў, Ф.Дж.Петыджан, М.М.Страхаў, Я.С.Фёдараў, А.Я.Ферсман, В.Я.Хаін, Дж.Хол, М.С.Шацкі, Г.Штыле, А.Л.Яншын і інш.
На Беларусі геал. вывучэнне тэрыторыі вядзецца зпач. 19 ст.: рабіліся маршрутныя апісанні, даследаваліся асобныя радовішчы карысных выкапняў (А.Э.Гедройц, Р.П.Гельмерсен, М.І.Крыштафовіч, Г.Б.Місуна, В.М.Севяргін, П.А.Туткоўскі і інш.). Планамернае вывучэнне геал. будовы пачалося з 1927, калі быў арганізаваны геал.ін-т у складзе Інбелкульта. У 1937 створана Геал. ўпраўленне для кіравання геолага-здымачнымі і геолага-пошукавымі работамі. Пасля Вял.Айч. вайны праведзена сярэднемаштабная, часткова дэталёвая геал. і гідрагеал. здымка, выконваліся геафіз. даследаванні, пошукава-разведачныя работы, накіраваныя на выяўленне радовішчаў карысных выкапняў. Высветлена геал. будова і гісторыя геал. развіцця, тэктоніка тэр. Беларусі, дэталёва даследаваны петраграфія і мінералогія крышт. фундамента, літалогія і геахімія платформавага чахла. Разведаны запасы калійных і каменнай солей, прэсных і мінер. падземных вод і ёдабромных расолаў, сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў. Выяўлены радовішчы нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, жал. руд, фасфарытаў, даўсаніту, сіліцытаў, рэдкіх металаў і інш. Вядуцца значныя інж.-геал. і геаэкалагічныя даследаванні. Вялікі ўклад у вывучэнне нетраў зрабілі: арганізатар геал. службы на Беларусі М.Ф.Бліадухо, бел.навук. школы, заснаваныя Г.І.Гарэцкім (геалогія антрапагену), А.С.Махначом (літалогія і геахімія даантрапагенных адкладаў), К.І.Лукашовым (геахімія навакольнага асяроддзя), Р.Г.Гарэцкім (геатэктоніка), Г.В.Багамолавым (гідрагеалогія), А.В.Мацвеевым (вывучэнне сучасных геал. працэсаў і геамарфалогія), Э.А.Ляўковым (неагеадынаміка), а таксама У.А.Багіна, Г.І.Ількевіч, П.А.Леановіч, В.І.Пасюкевіч, П.З.Хоміч і інш. Вытворчыя і н.-д.геал. работы праводзяць ВА«Беларусьгеалогія» і «Беларусьнафта», Геолагаразведачны беларускі навукова-даследчы інстытут, Інстытут геалагічных навук (ІГН) Нац.АН Беларусі, Беларускае дзяржаўнае навукова-даследчае геалагічнае прадпрыемства (Белгеа), Бел.дзярж.ін-тінж. вышуканняў («Геасервіс») і інш. Кадры па геалогіі рыхтуюць БДУ і Гомельскі дзярж.ун-т. Геал. даследаванні і іх каардынацыю ажыццяўляюць таксама Геалагічны міжнародны кангрэс, Міжнар. саюз геал. навук, Беларускае геалагічнае таварыства, Бел.нац. камітэт геолагаў. Асн.перыяд. выданні: «Літасфера», «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» : інш.
Літ.:
Аллисон А., Палмер Д. Геология: Наука о вечно меняющейся Земле: Пер. с англ.М., 1984;
Уотсон Дж. Геология и человек: Введение в прикладную геологию: Пер. с англ.Л., 1986;
Махнач А.С., Вазнячук Л.М. Геалагічнае мінулае Беларусі. Мн., 1959;
Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;
История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;
Геология Белоруссии: Достижения и пробл.: Сб науч. тр.Мн., 1988;
Гарэцкі Р.Г. і інш. Праблемы вывучэння літасферы Беларусі // Літасфера. 1994. № 1;
Гарецкий Р.Г., Каратаев Г.И. Основные проблемы экологической геологии // Там жа. 1995. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЯ КАРЦІ́НА СВЕ́ТУ,
мадэль прыроды (Сусвету), пабудаваная зулікам агульных паняццяў, гіпотэз, прынцыпаў, законаў і тэорый фізікі на пэўным этапе яе развіцця. У Ф.к.с. канкрэтызуецца змест філас. катэгорый (матэрыя, рух, прастора і час, рэчыва, поле фізічнае), вызначаюцца структурныя элементы матэрыі (элементарныя часціцы, атамы, малекулы), высвятляецца характар узаемасувязей паміж асобнымі з’явамі і механізм узаемадзеяння матэрыяльных аб’ектаў. Вядомы карціны свету: механічная (МКС), электрадынамічная (ЭДКС) і квантавапалявая (КПКС). Кожная з іх грунтуецца на адной ці некалькіх фундаментальных фіз. тэорыях.
У МКС матэрыя (рэчыва) мае дыскрэтную будову (атам — найдрабнейшая непадзельная частка рэчыва); прастора і час абсалютныя, не звязаныя з матэрыяй і паміж сабой; асн. від руху — механічны; узаемадзеянне — гравітацыйнае; асн. тэорыя — класічная механіка. У ЭДКС з’яўляюцца новыя паняцці і ўяўленні: рэчыва дыскрэтнае, поле неперарыўнае, прастора і час адносныя і звязаныя паміж сабой (гл.Адноснасці тэорыя); новыя віды руху: цеплавы, эл.-магн. (распаўсюджанне эл.-магн. хваль); новае ўзаемадзеянне — электрамагнітнае; асн. тэорыі: электрадынаміка, электронная тэорыя, статыстычная фізіка. У КПКС рэчыва і поле —2 віды матэрыі (гл.Дапаўняльнасці прынцып, Карпускулярна-хвалевы дуалізм); новыя віды ўзаемадзеянняў — слабае (электраслабае) і моцнае, абодва маюць абменны характар (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц), асн. тэорыі: квантавая механіка, квантавая тэорыя поля, квантавая хромадынаміка, квантавая электрадынаміка. Усе Ф.к.с. звязаны паміж сабой адпаведнасці прынцыпам: МКС і ЭДКС уваходзяць у КПКС як прыватныя гранічныя выпадкі, што апісваюць вызначанае кола з’яў.
Ф.к.с. абагульняе звесткі пра ўвесь Сусвет і падзяляе дасягальную для навук. даследаванняў прастору разам з матэрыяльнымі аб’ектамі на мега-, макра- і мікрасвет. Мегасвет уключае Метагалактыку і галактыкі; макрасвет — зоркі, планеты і іх сістэмы, Зямлю і ўсе целы на ёй; мікрасвет — малекулы, атамы і элементарныя часціцы (гл.Макрасвет і мікрасвет). У склад мега- і макрасвету ўключаюцца таксама эл.-магн. і гравітацыйнае палі. Згодна з дасягненнямі астраноміі і касмалогіі, якія грунтуюцца на астр. назіраннях, даных эксперым. фізікі і фіз. тэорыях, Сусвет узнік каля 13 млрд. гадоў назад у выніку Вялікага выбуху (гл.Сінгулярнасць касмалагічная). У пачатковым плазменным шары (пры т-ры 109—1011К і шчыльнасці масы-энергіі 1094г/см³) узніклі фатоны, электроны, нейтрына і іх антычасціцы, а таксама пратоны і нейтроны, крыху пазней — ядры дэйтэрыю і гелію, літыю і берылію. Гэтая сфера імкліва расшыралася, а выпрамяненне хутка астывала. Праз некалькі гадзін утварэнне гелію і інш. элементаў спынілася, пасля чаго прыкладна 1 млн. гадоў адбывалася простае расшырэнне Сусвету і яго ахаладжэнне. Калі т-ра панізілася да некалькіх тысяч кельвінаў, электроны і ядры пачалі злучацца ў атамы (пераважна электроны і пратоны ў атамы вадароду). Сусвет у гэту эпоху складаўся на 75% з вадароду, на 25% з гелію і невял. колькасці інш. элементаў. Прыкладна праз 1 млрд. гадоў у выніку гравітацыйнага прыцягнення воблакі газу, які расшыраўся, пачалі сціскацца, праз 2—3 млрд. гадоў і пасля Вялікага выбуху ўзніклі квазары і пачалося фарміраванне галактык. У маладых галактыках адбываўся працэс зоркаўтварэння: адносна невял. халодныя воблакі вадароду сціскаліся і спараджалі першыя зоркі. Утвараліся зорныя скопішчы і зорныя асацыяцыі, а таксама матэрыяльнае міжзорнае асяроддзе, якое запаўняла прастору. Праз мільярды гадоў некаторыя з зорак пачалі ўзрывацца, выкідваючы ўтвораны ў іх вуглярод, кісларод і ўсе хім. элементы. Разам з іншымі ўзнікла і наша Галактыка, якая форму дыска набыла праз 5 млрд. гадоў пасля выбуху і бачыцца як Млечны Шлях (уключае больш за 100 млрд. зорак). Узніклі таксама групы і скопішчы галактык (маюць па некалькі тысяч галактык) і ў цэлым Метагалактыка (некалькі мільярдаў галактык) з запоўненым асобнымі відамі матэрыі міжгалактычным асяроддзем. Усярэдненая шчыльнасць рэчыва ў галактыках склала ρгал = 3∙10−31г/см³. Праз 8 млрд. гадоў пасля Вялікага выбуху (каля 4,6 млрд. гадоў таму) узнікла Сонца, а пазней пад уздзеяннем воблака распаленай плазмы, што ўзнікла пры выбуху звышновай зоркі, утварылася Сонечная сістэма. Цэнтральнае яе цела — звычайная зорка-карлік, вакол якой абарачаецца 9 вял. планет. Найбліжэйшая да Сонца зорка — Альфа Цэнтаўра (адлегласць 4,38 св. гадоў), галактыка — Андрамеды туманнасць (700 кпк). На адлегласці 149,6 млн.км вакол Сонца са скорасцю 29,8 км/с рухаецца Зямля (абарачаецца вакол восі за 23 гадз 56 мін 4 с). З Зямлі простым вокам можна бачыць каля 3 тыс. зорак. На адлегласці каля 384,4 тыс.км вакол Зямлі абарачаецца яе спадарожнік Месяц. Усе матэрыяльныя аб’екты Сусвету, у т. л. аб’екты жывой прыроды на Зямлі, створаны з адных і тых жа хім. элементаў, якія ўзніклі на розных этапах эвалюцыі зорак і маюць узрост 5—10 млрд. гадоў, што з’яўляецца пацвярджэннем матэрыяльнага адзінства Сусвету.
Літ.:
Степин В.С. Становление научной теории. Мн., 1976;
Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Еремеева А.И. Астрономическая картина мира и ее творцы. М., 1984;
Лейзер Д. Создавая картину Вселенной: Пер. с англ.М., 1988;
Большая детская энциклопедия: Вселенная. М., 1999;
Паркер Б. Мечта Эйнштейна: В поисках единой теории строения Вселенной: Пер. с англ. СПб., 2001;
Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2001.
А.І.Болсун, У.М.Сацута.
Фізічная карціна свету: спрошчаная прасторава-часавая дыяграма ўтварэння Сусвету паводле найбольш абгрунтаваных тэорый.Фізічная карціна свету: форма нашай Галактыкі і месца ў ёй Сонечнай сістэмы (1 — Сонца і Сонечная сістэма; 2 — цэнтральнае патаўшчэнне; 3 — шаравыя скопішчы ў гало; 4 — пласт пылу таўшчынёй у 400 св. гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАБЛЕМЫ ЦЕПЛА- І МАСААБМЕНУ
Даследаванні ў галіне цепла- і масаабмену на Беларусі пачаліся ў 1927 з арганізацыяй н.-д. лабараторыі, рэарганізаванай у 1929 у Бел.НДІ прам-сці. У ін-це вяліся даследаванні па камернай сушцы паперы, рацыянальным выкарыстанні кацельных і цеплавых установак, атрыманні вапны з рыхлага мелу. У даваенны перыяд цеплавыя і масаабменныя працэсы вывучаліся ў БПІ, Мінскім НДІбуд. матэрыялаў, Ін-це торфу; з 1952 — у Ін-це энергетыкі АН Беларусі. Уклад у развіццё навукі аб цепла- і масаабмене зрабіў А.В.Лыкаў, які з 1956 узначальваў Ін-т энергетыкі (з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену). У выніку яго дзейнасці створана матэм. тэорыя пераносу энергіі і рэчыва, сфармулявана сістэма ўраўненняў узаемазвязанага цепла- і масапераносу, вывучаны цепла- і масаабмен у фіз. сістэмах (капілярна-сітаватых целах, гетэрагенных асяроддзях) зулікам эфекту канчатковасці хуткасці распаўсюджвання субстанцыі, якая пераносіцца, пастаноўка і рашэнне звязаных задач цеплаабмену. Пад кіраўніцтвам П.С.Куца далей развіты тэорыя і тэхналогія высокаінтэнсіўных метадаў сушкі розных матэрыялаў.
Працэсы цепла- і масаабмену ў дысперсных сістэмах інтэнсіўна даследаваліся з канца 1950-х г. С.С.Забродскім і яго вучнямі — В.А.Барадуляй, М.В.Антанішыным. Для атрымання зададзеных уласцівасцей дысперснай сістэмы распрацаваны мадыфікацыі псеўдазвадкаванага слоя: кіпячы, фантануючы, пульсуючы, электратэрмічны. У Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі даследаваліся сістэмы ахаладжэння атамных і цеплавых электрастанцый, вывучаліся пытанні эфектыўнасці цеплаперадачы ў цеплаабменных апаратах пры наяўнасці хім. рэакцый у цепланосьбіце (А.К.Красін, А.А.Міхалевіч, В.Б.Несцярэнка, Л.І.Калыхан). У наш час асн.навук. даследаванні праводзяцца ў Ін-це цепла- і масаабмену імя Лыкава, Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» Нац.АН Беларусі, Бел.нац.тэхн. ун-це.
У галіне свабодна-канвектыўнага цеплаабмену пад кіраўніцтвам А.Р.Мартыненкі праведзены комплекс работ па аэратэрмаоптыцы: выкананы даследаванні гідрадынамікі і цеплаабмену шырокага класа зрухавых цячэнняў вадкасцей і газаў пры розных межавых умовах у каналах складанай формы, струменях. Выяўлены заканамернасці экалагічнага ўздзеяння вежавых градзірань выпарнога тыпу, прызначаных для ахаладжэння вады, якая цыркулюе на ТЭЦ і АЭС. Практычныя вынікі ўкаранёны на Мінскай ТЭЦ-4. Пад кіраўніцтвам Л.Л.Васільева распрацаваны цеплавыя трубы і цеплаабменнікі на іх аснове, што дазволіла рашыць задачы інтэнсіўнага награвання, ахаладжэння і тэрмастабілізацыі вырабаў, якія працуюць у космасе, дзе ўзнікаюць вял. пераменныя цеплавыя нагрузкі. Выкананы даследаванні па макракінетыцы сітаватых электродаў — своеасаблівых хім. рэактараў у выглядзе двух- і трохфазных сістэм з электрахім. пераўтварэннямі, што дазволіла прапанаваць апісанне і распрацаваць аптымізаваныя варыянты канструкцыі электродаў (А.В.Лыкаў, Б.М.Смольскі, І.Р.Гурэвіч). Пад кіраўніцтвам Р.І.Салаухіна выкананы комплекс даследаванняў працэсаў пераносу ў нераўнаважных асяроддзях: вывучаны газадынамічныя працэсы і з’явы цепла- і масапераносу ў лазерна-актыўных асяроддзях. Выкананы даследаванні вагальнай рэлаксацыі малекулярных газаў у вельмі нераўнаважных умовах; створаны метады і апаратныя сродкі для выкарыстання нераўнаважнай плазмы, з’яў звышадыябатычнага гарэння ў сістэмах ачысткі паветра і вадкіх асяроддзяў ад арган. дамешкаў, для атрымання азону, даследаваны працэсы пераносу пры фільтрацыйным гарэнні і новыя тыпы гарэлачных прылад (С.А.Жданок). Выяўлены і апісаны заканамернасці палёў скарасцей і ўнутр. гравітацыйных хваль у вадкасцях звял. значэннямі малекулярнага ліку Прандтля (Б.А.Калавандзін). Выкананы тэарэт. даследаванні ў галіне фізікі плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы, разлічаны оптыкафіз. параметры шматзараднай плазмы і характарыстыкі пераносу ў іанізаваных асяроддзях (М.А.Ельяшэвіч, Г.С.Раманаў, Ю.А.Станкевіч, К.Л.Сцяпанаў). Разгледжаны выпадкі ўздзеяння лазернай (паверхневай) і электроннай (аб’ёмнай з максімумам на глыбіні пад паверхняй) крыніц цяпла на кампазіцыйныя матэрыялы, што дазволіла ствараць новыя цеплаахоўныя матэрыялы (М.У.Паўлюкевіч, С.І.Шабуня). Створаны магутныя газадынамічныя ўстаноўкі (плазматроны, паскаральнік плазмы), на якіх выкананы даследаванні і выпрабаванні цеплаахоўных матэрыялаў для касм. і лятальных апаратаў, тэхнал. выкарыстанняў плазменных патокаў (С.К.Краўчанка, В.У.Торапаў, М.С.Траццяк). Распрацаваны метады разліку хуткасці вынасу масы цеплаахоўных матэрыялаў цеплавымі патокамі, якія ўзнікаюць пры ўваходзе касм. апаратаў у атмасферу. Пад кіраўніцтвам З.П.Шульмана выкананы комплекс даследаванняў па канвектыўным цепла- і масапераносе ў рэалагічна складаных сістэмах. Створаны тэхналогіі вытв-сці супертонкіх мінеральных валокнаў і прамога атрымання сталі з жалезарудных акатышаў, комплекснай перапрацоўкі металазмяшчальных адходаў і пазапячнога атрымання легіраваных сплаваў (А.М.Лакцюшын). Распрацаваны тэхналогіі перапрацоўкі парашкападобных і цвёрдых рэчываў для сінтэзу тугаплаўкіх злучэнняў у плазме дугавога разраду, перапрацоўкі фасфатнай сыравіны, таксічных і радыеактыўных адходаў (А.Л.Масэ), тэхналогіі нанясення зносаўстойлівых ахоўных пакрыццяў (Н.М.Дарожкін). Створаны асновы вылічальнай тэрмаграфіі. Развіты метады тэрмаметрыі складаных біял. сістэм і чалавека, што дазволіла прапанаваць новыя метады і апаратурныя сродкі для мед. дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі многіх хвароб (У.Л.Драгун, С.А.Філатаў). Выкананы даследаванні цеплафіз. уласцівасцей газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; створаны метады вымярэнняў цеплавых, акустычных і інш. параметраў, якія дазваляюць стварыць базы даных па цеплафіз. уласцівасцях рэчываў (А.Г.Шашкоў, В.І.Крыловіч, С.А.Танаева).
У Бел.нац.тэхн. ун-це пад кіраўніцтвам А.-В.І.Вейніка і У.І.Цімашпольскага створана навук. школа цеплафізікаў па вывучэнні працэсаў цепла- і масаабмену ў металургіі. Распрацаваны асновы цеплавой тэорыі ліцця, прапанаваны метады разліку працэсаў зацвердзявання, нагрэву і тэрмічнай апрацоўкі металу.
Літ.:
Лыков А.В. Теплообмен: Справочник. М., 1973;
International Encylopedia of Heat and Mass Transfer. New York, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́БЫЛЬСКАЯ КАТАСТРО́ФА 1986,
адна з найбуйнейшых у свеце аварый на атамных электрастанцыях. Адбылася 26.4.1986 на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС, Украіна, каля мяжы з Беларуссю) у ходзе праектных выпрабаванняў сістэм бяспекі. У выніку 2 магутных выбухаў разбураны рэактар 4-га энергаблока, рэактарны блок і машынная зала. Пры гэтым верхняя накрыўка рэактара масай каля 2000 т апынулася на верхняй частцы шахты рэактара пад вуглом 15° да вертыкалі. Распаленыя абломкі бетону і графіту выкідваліся вонкі праз адтуліны ў даху будынка, адначасова ў навакольнае асяроддзе выкідваліся радыенукліды. У выніку вакол суседняга рэактара (3-га блока) і турбінных блокаў узнікла каля 30 ачагоў пажару. З адкрытай актыўнай зоны рэактара і асабліва ў выніку пажару графітавай муроўкі на працягу 10 дзён у атмасферу выкідвалася вял. колькасць радыеактыўных рэчываў у выглядзе газаў, аэразоляў і макрачасціц. На працягу першых 10 сут выкінуты ў атмасферу матэрыял у выглядзе струменя мяняў свае напрамкі ў адпаведнасці з напрамкам ветру, шырока распаўсюджваўся над тэр. большай ч. Еўропы. Найб. інтэнсіўнымі былі яго выпадзенні над тэр. Беларусі, Украіны і Расіі. Выпадзенні мелі месца таксама ў большасці краін Еўропы, але ў цэлым там узроўні забруджвання былі малыя. Пэўная колькасць радыенуклідаў рассеялася па ўсім Паўн. паўшар’і, у невялікай колькасці яны зафіксаваны нават у Японіі і ЗША. Для ізаляцыі разбуранага рэактара і прадухілення паступлення радыеактыўнага матэрыялу ў навакольнае асяроддзе ў ліст. 1986 над 4-м энергаблокам узведзена ахоўнае збудаванне — аб’ект «Укрыццё» (саркафаг). Каля 70% радыеактыўных рэчываў, што ў выніку Ч.к. трапілі ў атмасферу еўрап. часткі б.СССР, выпала на тэр. Беларусі; 23% яе тэрыторыі (46,5 тыс.км²) было забруджана цэзіем-137 больш за 37 кБк/м²; на Украіне з такой жа шчыльнасцю забруджвання 28,5 тыс.км² — 4,8% яе тэрыторыі; у Расіі 35,2 тыс.км² — 0,5% яе тэрыторыі. На забруджанай тэр. Беларусі пражывала 2,2 млн.чал. (каля 20% насельніцтва). З больш як 18 тыс.км² сельгасугоддзяў (22%) згасп. абарачэння з-за забруджвання выключана 2,64 тыс.км². У бел. сектары 30-кіламетровай зоны ад ЧАЭС створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Кіраўніцтва СССР і БССР доўгі час замоўчвала і ўтойвала ад грамадскасці памеры радыеактыўнага заражэння на тэр. Беларусі ў выніку Ч.к., што стварыла рэальную пагрозу жыццю і здароўю вял. колькасці насельніцтва. У сувязі з адсутнасцю пэўны час належных захадаў па ліквідацыі наступстваў Ч.к. ў шэрагу населеных пунктаў Гомельскай вобл. адбыліся мітынгі і забастоўкі (гл.Гомельская забастоўка 1990). Экалагічнае ўздзеянне Ч.к. паставіла б.СССР перад неабходнасцю вырашэння новых, выключна складаных і буйнамаштабных праблем, якія датычылі практычна ўсіх сфер грамадскага жыцця, многіх аспектаў навукі і вытв-сці, культуры і маралі. У ліп. 1989 Вярх. СаветБССР прызнаў усю тэр. Беларусі зонай экалагічнага бедства і, выкарыстоўваючы навук. патэнцыял вядучых устаноў і ведамстваў, прыняў Дзярж. праграму пераадолення наступстваў Ч.к. на 1990—95 і на перыяд да 2000, у 1991 — законы «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» і «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», у 1998 — Закон «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва». Зулікам глабальнага характару катастрофы, пагрозы яе вынікаў здароўю насельніцтва (у радыусе 30 км ад ЧАЭС) да 1.1.1987 з 188 нас. пунктаў эвакуіравана 115 174 чал., у т. л. на Беларусі 23,6 тыс., на Украіне 91,4 тыс., у Расіі 174 чал. За 15 гадоў пасля аварыі з зон забруджвання на Беларусі выселена больш за 135 тыс.чал., поўнасцю адселена 415 нас. пунктаў. Адсяленне жыхароў у асн. завершана. З больш як 5 тыс.чал., што пражывалі ў зоне наступнага адсялення, жаданне выехаць выказалі каля 2 тыс. Для перасяленцаў з 1986 пабудавана 64 836 кватэр, або 4519,4 тыс.м² жылля. Адначасова вырашалася задача ўзвядзення пасёлкаў, у іх пабудавана агульнаадук. школ на 44 072 месцы, дзіцячых дашкольных устаноў на 18 470 месцаў, амбулаторна-паліклінічных устаноў на 20 922 наведванні за змену, бальніц на 4160 ложкаў. З мэтай забеспячэння чыстым палівам насельніцтва забруджаных радыенуклідамі раёнаў пракладзена больш за 1898 км сетак газаправодаў, пабудавана 1847 км сетак водазабеспячэння, праведзена добраўпарадкаванне нас. пунктаў, жывёлагадоўчых ферм, механізаваных двароў і інш. аб’ектаў.
Ва ўсёй зоне забруджвання назіраецца рост сардэчна-сасудзістых, страўнікава-кішэчных, нервова-псіхічных захворванняў, хвароб апорна-рухальнага апарату і органаў дыхання. Растуць захворванні на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей (у 1966—85 іх было 21). Менавіта рак шчытападобнай залозы разглядаецца яе непасрэдны вынік Ч.к. З 1993 вядзецца Бел.дзярж. рэгістр асоб, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі з прычыны катастрофы на ЧАЭС. У яго занесены даныя пра больш як 250 тыс. чал.
На пач. 2001 на Беларусі налічвалася 9985 інвалідаў, у якіх устаноўлена прычынная сувязь захворванняў з вынікамі Ч.к., з іх 1835 дзяцей і падлеткаў. Штогод міжведамаснымі саветамі па ўстанаўленні прычыннай сувязі захворванняў з вынікамі катастрофы на ЧАЭС разглядаецца каля 3 тыс. спраў. Паглыбленае мед. абследаванне кожны год праходзяць больш за 1 млн.чал. Намаганнямі органаў дзярж. кіравання, грамадскіх чарнобыльскіх арг-цый, вучоных і спецыялістаў шэраг праблем удалося вырашыць. Створана заканадаўчая і нарматыўна-прававая база практычна па ўсіх кірунках дзейнасці па пераадоленні вынікаў Ч.к. Да 1991 выдаткі, звязаныя з пераадоленнем наступстваў Ч.к., нёс урад СССР; пасля распаду СССР увесь цяжар фін. выдаткаў лёг на Беларусь. Паводле падлікаў сумарныя страты на Беларусі ад Ч.к. ў 1986—2015 складуць каля 235 млрд.дол. ЗША (у цэнах на 1.6.1992 — амаль 32 бюджэты рэспублікі за 1985). У бюджэце Беларусі расходы на чарнобыльскую праграму складаюць значную частку. Прынята Дзярж. праграма па пераадоленні вынікаў катастрофы на ЧАЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010. Паводле рашэння ўрада Украіны Чарнобыльская АЭС афіцыйна закрыта 15.12.2000. Аднак вырашэнне чарнобыльскіх наступстваў для жыхароў Беларусі яшчэ доўгі-доўгі час будзе складанай і балючай праблемай.
Літ.:
Чарнобыль: Погляд праз дзесяцігоддзе: [Давед.]. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка да спектакляў драм т-раў; абавязковы кампанент сцэнічнага мастацтва. Істотна ўплывае на форму і змест спектакля, ідэйны сэнс драм. твора, на яго рытм і тэмп, надае дзеянню інтанац. адзінства, падкрэслівае кульмінацыі, характарызуе дзейных асоб, стварае пэўную эмац. атмасферу, канкрэтызуе час і месца дзеяння. Т.м. падзяляюць на ўнутрысцэн., прадугледжаную драматургам і абумоўленую сітуацыяй (песні, танцы, сігналы, фанфары), а таксама музыку, вынесеную за рамкі сцэн. дзеяння («па-за сцэнай»), якая вылучаецца абагульненым сэнсам і канцэнтруе ідэю пастаноўкі ў цэлым (уступы, антракты, застаўкі, фіналы). Для сучаснага т-ра характэрна музыка, што выконвае функцыі каментарыя і падтэксту, сэнсавай і эмац нюансіроўкі, «мікраструктурнасць» муз. пабудоў, разамкнутасць фрагментаў цытаванай музыкі, выкарыстанне магнітафонных запісаў, увядзенне сінтэзатара. Магчымасць выкарыстання музыкі ўсіх часоў і народаў і стварэнне ўласнай гукавой сферы спектакля можа прыводзіць да падбору музыкі, т.зв. абсалютызаванага муз. афармлення, ці абмежавання толькі шума-муз. эфектамі і гукапісам. Важную ролю адыгрываюць суадносіны запісанай і «жывой» музыкі, а таксама сучаснай быт. і эстр. (масавай) музыкі.
Гісторыя Т.м. ўзыходзіць ад сінкрэтызму нар. абрадаў і відовішчаў да сінтэтычнасці ант. і стараж.-ўсх. драмы, ад літургіі і містэрыі сярэдневякоўя да нар. драмы. У прафес.еўрап. т-ры да сярэдзіны 18 ст. музыка свабодна пераносілася з аднаго спектакля ў другі. Пытанне пра непасрэдную сувязь музыкі са зместам п’есы ўзняў Г.Лесінг («Гамбургская драматургія», 1769). У 19 ст. Т.м. ўяўляла сабой пераважна закончаныя муз. нумары для сімф. аркестра ці вак.-інструментальныя. Сярод найб. значных музыка Л.Бетховена, Ф.Мендэльсона, Р.Шумана, Э.Грыга, Ж.Бізэ, М.Глінкі, П.Чайкоўскага. На мяжы 19—20 ст. у Т.м. ўзнік новы кірунак, прадстаўнікі якога (рэжысёры К.Станіслаўскі, У.Меерхольд, Э.Крэг) выступілі за стварэнне музыкі не да п’есы, а да канкрэтнай пастаноўкі, зулікам яе спецыфікі і асаблівасцей, што прывяло да пошукаў новых гукавых фарбаў, выкарыстання арыгінальнай інструментоўкі, арганічнасці ўвядзення муз. эпізоду ў драму. Сярод дасягненняў Т.м. 20 ст. — калектыўныя творы членаў франц.«Шасцёркі», ням. аўтараў К.Орфа, К.Вейля, Г.Эйслера, П.Дэсаў да твораў Б.Брэхта. Сярод буйных партытур сав. Т.м. — музыка С.Пракоф’ева, Ю.Шапорына, Ц.Хрэннікава. А.Хачатурана, Г.Свірыдава і інш.
На Беларусі вядома пра выкарыстанне музыкі ў паказах школьных і спектаклях прыватнаўласніцкіх т-раў, указанні на муз. эпізоды сустракаюцца ў творах Сімяона Полацкага (17 ст.) і Ф.У.Радзівіл (18 ст.). Развіццё бел.нац.т-ра звязана знар. музыкай (пастаноўкі І.Буйніцкага, п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча). У 1920—30-я г. на далейшае развіццё Т.м. паўплывала дзейнасць БДТ-1 (меў хор і балетную трупу), БДТ-3, БДТ-2, з якімі звязана дзейнасць кампазітараў А.Аленіна, А.Грачанінава, А.Красева, У.Крукава, Л.Маркевіча, Р.Пукста, Н.Сакалоўскага, У.Тэраўскага. 1930—40-я г. адметныя паяўленнем у т-рах значных буйнамаштабных партытур да спектакляў; музыка Я.Цікоцкага («Бацькаўшчына» К.Чорнага, 1932, «Паўлінка» Я.Купалы, 1944), В.Залатарова («Канец дружбы» К.Крапівы, 1934), Цікоцкага і І.Любана («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча, 1938; усе ў БДТ-1), Любана («Несцерка» В.Вольскага ў БДТ-2, 1941). У 1950—70-я г.здрам.тэатр. калектывамі супрацоўнічалі У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, Ю.Бяльзацкі, Г.Вагнер, Я.Глебаў, С.Картэс, Пукст, М.Русін, Ю.Семяняка, Цікоцкі, А.Туранкоў і інш.З 1970-х г. пашырыўся падбор фрагментаў з розных муз. твораў павялічылася выкарыстанне запісанай музыкі. Праца бел. кампазітараў у галіне Т.м. з яе спецыфічнымі патрабаваннямі, выразнай, бачнай вобразнасці абумовіла асаблівую відовішчнасць, яркасць, тэатральнасць іх твораў буйной формы — опер, балетаў, сімфоній, сюіт і інш. Музыку да спектакляў розных бел. т-раў стварылі таксама С.Бельцюкоў, У.Браілоўскі, В.Войцік, А.Залётнеў, В.Іваноў, В.Кандрасюк, У.Кандрусевіч, Б.Насоўскі, А.Рананскі, Дз.Смольскі, Р.Уласюк і інш. У 1980-х г. вылучылася Т.м. А.Янчанкі, І.Лучанка, якая з’яўляецца выразным сродкам характарыстыкі дзейных асоб, робіць вял. эмац. ўздзеянне. У 1990—2000-я г. пастаўлены шэраг драм. спектакляў з адметнай Т.м.: музыка У.Кур’яна да спектакля «Тутэйшыя» Я.Купалы (1990), створаная з яго ўдзелам музыка да спектакля «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча (1993), дзе ў якасці цытат-украпін выкарыстаны фрагменты музыкі М.К.Агінскага, Ф.Шапэна, С.Манюшкі, таксама ўдзельнічае «жывы» камерна-інстр. ансамбль, музыка В.Капыцько да спектакляў «Князь Вітаўт» (1997) і «Чорная панна Нясвіжа» (2000) А.Дударава (усе ў Нац.акад. т-ры імя Я Купалы). Традыц.муз. спектаклі для дзяцей і юнацтва (Бел.рэсп.т-р юнага гледача, лялечныя т-ры). Плённа ў гэтай сферы працуе Кандрусевіч. Многія творы Т.м. набылі самастойнае жыццё на канцэртнай эстрадзе, тэлебачанні і радыё (вальс і мазурка Багатырова з музыкі да драмы «Маскарад» М.Лермантава, песні Семянякі з музыкі да спектакля «Узнятая цаліна», арк. сюіта Э.Зарыцкага з музыкі да камедыі «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра, вальс Картэса з музыкі да спектакля «Мой бедны Марат» А.Арбузава і інш.).
Літ.:
Глумов А. Музыка в русском драматическом театре. М., 1955;
Музыка в драматическом театре. Л., 1976;
Таршис Н. Музыка спектакля. Л., 1978;
Ювченко Н. «Монтаж» — или партитура? // Сов. музыка. 1978. № 11;
Яе ж. Музыка ў пастаноўках першых беларускіх савецкіх драматычных тэатраў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук 1980. № 2;
Яе ж. Музыка ў сучасным драматычным спектаклі: (на прыкладзе пастановак тэатра імя Я.Коласа) // Мастацтва Беларусі. 1983. № 5;
Яе ж. Музыка ў пастаноўках драматычных тэатраў // Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993;
Яе ж. Музыка ў пастаноўках драматычных тэатраў // Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТЫГРАФІЯ
Першыя стратыграфічныя даследаванні на Беларусі праведзены ў 1840-я г. ўдзельнікамі спец. экспедыцыі па Еўрапейскай Расіі на чале зангл. вучоным Р.Мурчысанам, якія выявілі адклады дэвонскай (Зах. Дзвіна і Дняпро) і мелавой (р. Сож) сістэм. Да канца 19 — пач. 20 ст.рус. і бел. вучоныя прадоўжылі даследаванні, што тычыліся ў асноўным адкладаў чацвярцічнай сістэмы (А.Э.Гедройц, М.І.Крыштафовіч, Г.Б.Місуна і інш.). Зрэдку вывучаліся больш стараж. ўтварэнні кембра-сілурыйскага, дэвонскага і мелавога ўзросту, якія залягалі на паверхні сярод ледавіковых парод у выглядзе «адорвеняў» або агаляліся па берагах рэк (М.А.Антановіч, Р.П.Гельмерсен, А.Н.Карнажыцкі, А.П.Карпінскі, К.А.Мілашэвіч, Э.І.Эйхвальд і інш.). Пры вывучэнні керну свідравін былі выяўлены адклады дэвону ў Мінску (Я.У.Апокаў, П.А.Туткоўскі), юры ў Магілёве (А.М.Жырмунскі), мелу і палеагену ў Гомелі (П.Я.Армашэўскі) і інш. У 1920-я г. на падставе гэтых матэрыялаў складзены першыя стратыграфічныя схемы верхнемелавых і трацічных утварэнняў усх. часткі тэр. рэспублікі (Г.Ф.Мірчынк, Б.К.Тарлецкі і інш.). Мэтанакіраваныя стратыграфічныя даследаванні на Беларусі вяліся пасля стварэння на базе геолага-глебазнаўчай падсекцыі Інбелкульта Геал. ін-та (1927, першы дырэктар М.Ф.Бліадухо). Да 1941 у вывучэнні стратыграфіі актыўна ўдзельнічалі бел. даследчыкі (М.Я.Кавалёў, А.В.Красоўскі, В.І.Маеўскі, С.С.Малярэвіч, М.М.Цапенка і інш.). У сярэдзіне 1930-х г. М.Ф.Бліадухо абагульніў усе вядомыя на той час матэрыялы па стратыграфіі Беларусі.
У пасляваенныя гады пачалася дзярж. здымка тэр. рэспублікі маштабу 1:200 000. Прабурана шмат глыбокіх апорных свідравін, адноўлены пошукі карысных выкапняў (нафты, каменнай і калійных солей, вугалю, буд. матэрыялаў, мінеральных вод і інш.). Вынікі гэтых работ у пач. 1960-х г. дазволілі распрацаваць і часткова палеанталагічна абгрунтаваць стратыграфічныя схемы адкладаў амаль усіх геал. сістэм на тэр. Беларусі. У іх складзе акрамя аддзелаў, ярусаў і пад’ярусаў па некаторых сістэмах (дэвонскай і інш.) вылучаны і больш дробныя стратоны — гарызонты, світы. Стратыграфічныя схемы падзелу ўтварэнняў архейскага і пратэразойскага ўзросту (крышт. фундамент) склалі Я.М.Махлін, А.С.Махнач, А.М.Пап, адкладаў верхняга пратэразою — А.П.Брунс, А.С.Махнач і інш., кембрыю — А.С.Махнач, ардовіку і сілуру — Т.М.Аліхава, А.С.Махнач і інш., дэвону — В.К.Галубцоў, Р.М.Пістрак, А.В.Фурсенка і інш., карбону — В.К.Галубцоў, Г.І.Кеда і інш., пярмі і трыясу — В.К.Галубцоў, Ф.Я.Лапчык, З.М.Неўмяржыцкая і інш., юры — І.В.Міцяніна, мелу — В.С.Акімец, палеагену і неагену — С.С.Маныкін, чацвярцічнай сістэмы — Л.М.Вазнячук, Н.А.Махнач, М.М.Цапенка і інш.
У 1970 — пач. 1980-х г. створаны новыя рэгіянальныя стратыграфічныя схемы платформавага чахла і крышт. фундаменту Беларусі, прынятыя на Бел. міжведамаснай стратыграфічнай нарадзе (Гомель, 1981) і зацверджаныя Міжведамасным стратыграфічным камітэтам (МСК) СССР (Ленінград, 1982). Яны былі больш літа- і біястратыграфічна абгрунтаваныя і больш дэталёвыя за папярэднія. У рэгіянальнай частцы схем былі вылучаны гарызонты, падгарызонты і слаі згеагр. назвамі, біястратыграфічныя зоны, а ў мясц. частцы схем — світы, падсвіты, серыі. У распрацоўку гэтых схем і далейшае іх удасканаленне (2003) зулікам даных вывучэння рэчыўнага складу, радыялагічных датаванняў (калій-аргонавым, уран-свінцовым і інш. метадамі) і геафіз. асаблівасцей значны ўклад зрабілі В.І.Абраменка, Т.Г.Абухоўская, Л.Ф.Ажгірэвіч, В.С.Акімец, М.В.Аксаментава, Я.І.Аношка, А.А.Архіпава, В.І.Аўхімовіч, Г.А.Белавусава, А.Ф.Бурлак, В.Я.Бяссонава, Ф.Ю.Велічкевіч, М.В.Вераценнікаў, В.К.Галубцоў, Б.М.Гурскі, К.І.Давыдзік, Э.К.Дземідзенка, Л.Ц.Дубініна, Р.А.Зінава, Г.У.Зінавенка, В.П.Зярніцкая, Г.І.Ількевіч, П.Ф.Каліноўскі, Л.А.Карымава, З.М.Кліменка, С.А.Кручак, А.Г.Лапцэвіч, Л.С.Ліннік, Г.І.Літвінюк, Л.П.Логінава, Э.А.Ляўкоў, Т.І.Майсеева, К.М.Манкевіч, Л.І.Матрунчык, А.М.Матузка, А.С.Махнач, М.А.Махнач, А.В.Мацвееў, М.Дз.Міхайлаў, В.М.Мотуз, Л.І.Мурашка, У.І.Назараў, І.В.Найдзянкоў, Н.С.Некрата, Л.У.Піскун, В.І.Пушкін, Т.Б.Рылова, А.Ф.Санько, У.І.Таўсташэеў, Г.К.Хурсевіч, У.І.Шкуратаў, Я.К.Яловічава, Т.В.Якубоўская і інш. Вынікі гэтых прац з’яўляюцца стратыграфічнай асновай для геал. карціравання, пошукавых і разведачных работ на розныя карысныя выкапні. Стратыграфічныя даследаванні на Беларусі праводзяцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі, Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це РУП «Белгеалогія», Бел.дзярж. і Мінскім пед. ун-тах. Для каардынацыі стратыграфічных даследаванняў пры Бел.геал. т-ве дзейнічае Стратыграфічны камітэт. У галіне стратыграфіі навукова-даследчыя і вытв. арганізацыі Беларусі супрацоўнічаюць згеал. арганізацыямі Расіі, Украіны, Польшчы і інш. краін.
Літ.:
История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;
Материалы по стратиграфии Белоруссии. М., 1981;
Геология Беларуси. Мн., 2001;
Стратиграфия и палеонтология геологических формаций Беларуси. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДАЛЬ
Унутраны гандаль забяспечвае абарачэнне і рух тавараў са сферы вытворчасці ў сферу спажывання, вызначае эканам. ўзаемаадносіны паміж іх вытворцамі, прадаўцамі і спажыўцамі. Праз сферу гандлю ажыццяўляецца рыначнае ўзгадненне таварнай прапановы з пакупніцкім попытам, адбываецца паступленне бягучых грашовых сродкаў і розных відаў падаткаў у бюджэт, што садзейнічае стабілізацыі фін. становішча дзяржавы, дынамічнаму развіццю ўсіх сфер жыццядзейнасці грамадства. Гэта разгалінаваная сетка гандл. арганізацый і прадпрыемстваў грамадскага харчавання з высокакваліфікаванымі кадрамі, неабходным абсталяваннем і складской гаспадаркай дае 12% валавога ўнутр. прадукту Беларусі. У яе рознічным гандлі і грамадскім харчаванні працуе 420 тыс.чал., або 9,7% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы. Прававое становішча, прынцыпы і парадак дзейнасці гандл. прадпрыемстваў вызначаюцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб гандлі» (1997). Кіраўніцтва дзярж. гандлем ажыццяўляе Мін-ва гандлю, у спажывецкай кааперацыі — Бел.рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»). Яны праводзяць у жыццё дзярж. палітыку ў галіне ўнутр. гандлю і грамадскага харчавання, рэгулююць адносіны, звязаныя з абаронай правоў спажыўцоў, ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства аб гандлі і рэкламнай дзейнасці. Гандл. прадпрыемствы і арганізацыі розных тыпаў дзейнічаюць у сістэме многіх іншых мін-ваў, Бел. чыгункі, Бел.дзярж. канцэрна па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прам-сці («Беллегпрам»), мясц. выканаўчых і распарадчых органаў і інш.
Развіццю знешняга і ўнутр. гандлю на тэр. Беларусі здаўна спрыяла выгаднае геагр. становішча. З часоў Кіеўскай Русі тут праходзіла значная частка шляху з «варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, укр. землямі, Зах. Еўропай. Вылучэнне ў 5—8 ст.з сельскіх промыслаў асобных відаў рамёстваў (металургічнага, ювелірнага, ганчарнага, ткацкага, гарбарнага і інш.) спрыяла ўзнікненню пастаяннага і ўстойлівага гандлю таварамі рамеснікаў у абмен на прадукцыю земляробства, жывёлагадоўлі, збіральніцтва, рыбалоўства і палявання. У 12—1-й пал. 13 ст. буйныя гарады сталі цэнтрамі ўнутр. і знешняга гандлю. Яны мелі рынкі, на якіх абменьвалі і прадавалі прадукты харчавання, рамесныя вырабы, замежныя тавары. У 9—13 ст. Беларусь мела гандл. зносіны з Візантыяй, Арабскім Усходам, Зах. Еўропай, усходнеслав. княствамі. У гэты перыяд зтэр. Беларусі экспартавалі пераважна мёд, воск, лён, зброю і інш. тавары, якія прадаваліся на рынках Еўропы, Візантыі, Усходу. У 13—1-й пал. 17 ст. ў ВКЛ, як і ў цэлым у Еўропе, адбывалася бурнае развіццё рамеснай вытворчасці, што суправаджалася расшырэннем гандл. адносін паміж горадам і вёскай, паміж рознымі рэгіёнамі, зінш. краінамі. Гар. купцы скуплялі ў навакольных вёсках прадукцыю земляробства, промыслаў і прадавалі яе на гар. рынках у час кірмашоў, наладжвалі пастаянны гандаль на латках і ў крамах. Ва ўсіх гарадах і мястэчках 1—2 разы на тыдзень наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах яшчэ і 1—3 кірмашы на год, на якія, апрача мясцовых, прыязджалі і замежныя купцы. У 15—16 ст. купцы, як і рамеснікі, стваралі свае прафес. аб’яднанні — купецкія гільдыі, або брацтвы, па тыпу цэхаў. Купецкія аб’яднанні імкнуліся да манапольнага права гандлю ў сваім горадзе і на яго перыферыі, бралі на сябе абавязацельствы верна служыць свайму гораду і прыносілі яму прысягу, будавалі грамадскія будынкі і ўтрымлівалі храмы. Усталёўваліся рэгулярныя гандл. сувязі гарадоў не толькі з вёскамі і мястэчкамі, але і паміж сабой. Купцы бел. гарадоў гандлявалі з польскімі, чэшскімі, германскімі і інш. землямі, збалт. краінамі, Залатой Ардой і Расіяй, дасягалі Візантыі, Турцыі і краін Усходу. Актывізацыі гандлю ў 18 — пач. 19 ст. спрыялі адраджэнне сельскай гаспадаркі і рамесніцкай вытворчасці, развіццё мануфактур, расшырэнне таварна-грашовых адносін, паляпшэнне сродкаў зносін. У гарадах (Мінск, Шклоў, Зэльва, Гродна, Кобрын) праводзіліся буйныя міжрэгіянальныя кірмашы, адкрываліся магазіны па продажы мануфактурных вырабаў. У 19 ст. на Беларусі сфарміраваліся мясц. (губернскія) рынкі, цесна звязаныя паміж сабой і агульнарас. рынкам. Напр., на мінскім рынку, апрача продажу збожжа, малочных прадуктаў, мяса, рыбы, гандлявалі вырабамі шкляной прамысловасці, паперай, кардонам, с.-г. тэхнікай і інш. Буйнымі гандл. цэнтрамі былі Магілёў, Віцебск, Гомель, Гродна, Брэст, Пінск. У структуры рознічнага гандлю пераважалі дробныя крамы і ларкі, на долю якіх у 1900 прыпадала 88,5% усёй рознічнай сеткі. У 1913 у Мінскай, Магілёўскай і ў бел. паветах Віцебскай вобл. налічвалася 218 гандл. дамоў з капіталам 2,2 млн.руб. Развіваўся і біржавы гандаль. У 1909 у Мінску ўзнікла лясная біржа, а напярэдадні 1-й сусв. вайны ў Віцебску — таварная. У 1913 на Беларусі зарэгістраваны 1094 кірмашы па продажы лесу, свойскіх жывёл і лёну. За 1900—13 рознічны тавараабарот на Беларусі павялічыўся на 70,5%. і дасягнуў 163 млн.руб. Каля 80% рознічнага тавараабароту даваў прыватны гандаль.
У перыяд 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі настаў востры таварны голад на харч. прадукты і інш. тавары першай неабходнасці, рэзка скарацілася вытворчасць прадметаў спажывання, а гандл.-эканам. сувязі зунутр. губернямі Расіі мелі эпізадычны характар. Цяжкасці зхарч. прадуктамі актывізавалі каап. рух. Толькі ў Магілёўскай губ. ў 1917 узнікла 446 спажывецкіх т-ваў. Ствараліся губернскія, павятовыя і валасныя харч. камітэты. З утварэннем БССР у студзені 1919 створаны Наркамхарч БССР, у распараджэнне якога перайшлі нацыяналізаваныя гандл. прадпрыемствы, склады, абсталяванне, тавары. Буйны аптовы гандаль быў сканцэнтраваны ў руках дзяржавы. У 1921—22 пачалі дзейнічаць дзярж.гандл. фірмы «Захадлес», Камерцыйны аддзел Савета нар. гаспадаркі БССР і гандл. органы яго ўпраўленняў, «Дзяржгандальбел», «Віцебскгандаль», «Белмедгандаль», «Цэнтрземсклад». У вёсцы арганізацыя рознічнага гандлю была ўскладзена на спажывецкую кааперацыю. Існаваў і прыватны гандаль, на долю якога ў 1923—24 прыпадала 11% аптовага і 71% рознічнага тавараабароту. У 1925/26 рознічны тавараабарот рэспублікі на 9% перасягнуў узровень 1913. Да 1930-х г. прыватны гандаль быў амаль выцеснены сацыяліст. сектарам. Калі ў 1923/24 удзельная вага дзярж. і каап. гандлю ў рознічным тавараабароце БССР складала 28,7%, то ў 1932—99,9%; удзельная вага прыватнага гандлю скарацілася адпаведна з 71,3 да 0,1%. У 1928 агульны тавараабарот гандлю ў параўнанні з 1913 павялічыўся ў 1,8 раза, а ў 1940 — у 3,2 раза. Для забеспячэння прамысловасці сыравінай, а насельніцтва харч. прадуктамі ўведзены абавязковыя пастаўкі с.-г. прадукцыі; таварная прадукцыя, якая заставалася ў калгасах пасля абавязковых паставак, прадавалася дзяржаве ці кааперацыі па цэнах, вышэйшых за нарыхтоўчыя, частка яе рэалізавалася на калгасных рынках. Узнікла новая форма сав. гандлю — калгасны гандаль. Вядучым стаў дзярж. гандаль, доля якога ў рознічным тавараабароце ў 1940 дасягнула 63%, каап. і калг. сектары давалі 37%. У гады Вял.Айч. вайны матэрыяльна-тэхн. база сав. гандлю на Беларусі была амаль знішчана. Агульныя страты, прычыненыя дзярж. гандлю, склалі 0,7 млрд.руб., кааперацыі — 1,9 млрд.руб. (у дзярж. цэнах 1941). Да канца 1940-х г. тавараабарот на душу насельніцтва на 8% перасягнуў узровень 1940. Гэтаму садзейнічалі адмена ў 1947 картачнай сістэмы на харч. і прамысл. тавары, зніжэнне цэн у 1949 і 1950 на многія тавары нар. спажывання, рост аплаты працы насельніцтва.
Развіццё эканомікі БССР у пасляваен. гады забяспечыла хуткі рост прамысл. і с.-г. вытворчасці, прырост нац. даходу, што стварыла матэрыяльныя перадумовы для развіцця гандлю. Больш хуткімі тэмпамі развіваўся дзярж. гандаль, на долю якога ў 1973 прыпадала амаль 2/3 рознічнага тавараабароту. За 1950—75 удзельная вага магазінаў у тавараабароце дзярж. і каап. гандлю вырасла з 64,7 да 80,5%, пабудаваны сучасныя гандл. прадпрыемствы. Колькасць магазінаў і палатак павялічылася з 15 да 25 тыс. У спажывецкай кааперацыі на сельскую гандл. сетку прыпадала амаль 2/3 усіх магазінаў (1975). З’явіліся новыя метады абслугоўвання, у т. л. самаабслугоўванне. У 1974 на самаабслугоўванні працавала 51,5% магазінаў Мін-ва гандлю БССР, на долю якіх прыпадала 64,7% рознічнага тавараабароту, у спажывецкай кааперацыі — адпаведна 77,4 і 83,9%. Прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання забяспечваліся сучасным гандл., халадзільным і тэхнал. абсталяваннем, паляпшалася іх складская гаспадарка з 99 тыс. у 1965 да 150 тыс. у 1975 павялічылася колькасць работнікаў дзярж. гандлю, спажывецкай кааперацыі — адпаведна з 44 да 60 тыс.чал. У сістэме Мін-ва гандлю БССР утвораны канторы па аптовым гандлі прадметамі спажывання: «Белабутакгандаль», «Белтэкстыльгандаль», «Белгандальадзенне», «Белмясарыбагандаль», «Белбакалея», «Белгаспгандаль», «Белкультгандаль», «Белгалантарэя». Рознічная сетка дзярж. гандлю была прадстаўлена сістэмай мясц. органаў гандлю ў гарадах. Аб’яднанне «Белювеліргандаль» ажыццяўляла рознічны гандаль праз сетку універсальных і спецыялізаваных магазінаў, аддзелы і органы рабочага забеспячэння абслугоўвалі рабочых некаторых мін-ваў і інш. Адкрываліся аптовыя магазіны па продажы сродкаў вытворчасці, дзейнасць якіх каардынавалі Гал. ўпраўленне матэрыяльна-тэхн. забеспячэння БССР і «Белсельгастэхніка». У гандл. сетцы спажывецкай кааперацыі БССР працавала 16 тыс. магазінаў і палатак, якія давалі каля 40% ад тавараабароту дзярж. і каап. гандлю. Дзяржава ажыццяўляла функцыі эканам. рэгулявання калгаснага гандлю, доля якога складала каля 2% ад рэсп. тавараабароту.
У 1970—80-я г., калі ў СССР у цэлым знізіліся паказчыкі развіцця эканомікі ў параўнанні з папярэднім дзесяцігоддзем, на Беларусі тэмпы зніжэння былі некалькі меншыя, чым у інш. саюзных рэспубліках. Колькасць насельніцтва ў гэты перыяд дасягнула даваеннага ўзроўню, гар. насельніцтва зраўнялася з сельскім, а потым і перавысіла яго, выраслі нац. даход рэспублікі, вытворчасць тавараў нар. спажывання, рэальныя даходы насельніцтва, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі. Гэта абумовіла рост тавараабароту рознічнага гандлю, які павялічыўся з 5,2 млрд.руб. у 1970 да 9,9 млрд.руб. у 1980, тавараабарот на душу насельніцтва вырас у 1,8 раза. Калі ў 1970 у разліку на душу насельніцтва прададзена харч. тавараў на суму 314 руб., а нехарч. — на 265 руб., то ў 1980 рэалізавана прадуктаў харчавання на 524 руб., а нехарч. тавараў — на 553 руб. Аднак захоўваўся значны разрыў паміж аб’ёмам пакупак гар. і сельскага насельніцтва. Аб’ём тавараабароту каап. гандлю за гэты перыяд павялічыўся ў 1,6 раза, а яго доля ў агульным тавараабароце краіны знізілася з 33,8% да 33,7%. Рэалізацыя тавараў сельскім спажыўцам у разліку на душу насельніцтва ў 1980 склала 674 руб. пры сярэднім па краіне аб’ёме сярэднедушавога спажывання 1680 руб. Гэты разрыў быў абумоўлены больш нізкімі даходамі сельскага насельніцтва, дыспрапорцыямі ў размеркаванні таварных рэсурсаў паміж гандлюючымі сістэмамі, вузкасцю асартыменту тавараў, высокімі трансп. расходамі і інш. Колькасць магазінаў за дзесяцігоддзе павялічылася на 3752 адзінкі пры росце гандл. плошчы з 1221 м² у 1970 да 1863 тыс.м² у 1980. У 1,4 раза вырасла колькасць работнікаў рознічнага гандлю і склала ў 1980 (зулікам грамадскага харчавання) 264,2 тыс.чал. Узмацнялася спецыялізацыя гандл. сеткі, зніжаліся выдаткі абарачэння, павышалася рэнтабельнасць, аднак пры гэтым стала павялічвацца неадпаведнасць паміж пакупніцкім попытам і прапановай тавараў нар. спажывання, павялічыўся аб’ём незадаволенага попыту.
У 1980-я г., нягледзячы на значныя тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці прамысл. і с.-г. прадукцыі, шырокае развіццё кааператываў і індывід.-прац. дзейнасці тавараабарот у супастаўных цэнах вырас толькі на 50% і ў 1990 дасягнуў 18,7 млрд.руб. (гл.табл. 1). З 46,9% да 44,92% у тавараабароце знізілася доля харч. тавараў (цукру, кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў, круп, кансерваў, рыбапрадуктаў і інш.); адпаведна павялічылася доля продажу нехарч. тавараў, найперш дарагіх, складанай быт. тэхнікі і буд. матэрыялаў. Значна павялічыліся памеры незадаволенага попыту. Колькасць прадпрыемстваў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання ў 1990 дасягнула 42,9 тысячы. Гандл. плошча ў разліку на 1000 жыхароў склала 231 м². У сістэме рознічнага гандлю арганізацыі дзярж. сектара складалі 32,8%, прыватнага — 67,2, з іх спажывецкай кааперацыі — 67,2%. Высокімі тэмпамі развіваўся аптовы гандаль. У 1990 аптовыя прадпрыемствы дзярж. гандлю забяспечвалі каля 60% рознічнага тавараабароту. Адставанне тэмпаў аб’ёму тавараабароту ад прапановы тавараў было абумоўлена наяўнасцю і перавышэннем афіц. і «скрытага» вывазу тавараў над увозам (адмоўнае сальда склала 3,9 млрд.руб.), заключэннем бартэрных здзелак і вывазам тавараў за межы рэспублікі па абменных аперацыях, ростам цэн і зберажэнняў ва ўстановах ашчаднага банка, дэфіцытам тавараў, пераарыентацыяй буйнога опту згандл. функцый на размеркавальныя. Для абароны ўнутранага рынку ў 1990 уведзены талоны на тавары першай неабходнасці. У гэты перыяд адбывалася зніжэнне долі спажывецкай кааперацыі ў агульным аб’ёме тавараабароту (да 33,1% у 1990).
У 1990-я г., ва ўмовах развіцця рыначных пачаткаў у эканоміцы, росту кошту жыцця і цэн на спажывецкія тавары, адбываліся істотныя змены ў галіне гандлю, пашыралася прыватызацыя і арэнда гандл. прадпрыемстваў, дэцэнтралізаваўся аптовы гандаль, ажыццяўлялася палітыка стварэння роўных умоў для існавання дзярж. і прыватных структур. У выніку рэфармавання кіравання гандлем гандл. арганізацыям прадастаўлена дадзена* самастойнасць у выбары форм уласнасці, павялічыўся аб’ём таварнай прапановы, абнавіўся асартымент айч. тавараў, палепшылася якасць абслугоўвання. У 2000 у гандл. сетцы прадпрыемстваў рознічнага гандлю працавала 25,9 тыс. магазінаў з агульнай гандл. плошчай 2,7 млн.м², у т. л. 5,3 тыс. магазінаў дзярж. і 20,5 тыс. — прыватнай формы ўласнасці, з іх 13,5 тыс. — спажывецкай кааперацыі (гл.табл. 2). Аб’ём продажу гандл. прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці вырас з 6,4 млрд.руб. у 1990 да 3119 млрд.руб. (зулікам дэнамінацыі) у 2000, або 74% ад агульнага тавараабароту (гл.табл. 1). Пераўтварэнне форм уласнасці ў гандлі ажыццяўлялася шляхам стварэння акц. т-ваў, продажу магазінаў на аукцыёнах і па конкурсе, выкупу арандаванай маёмасці прац. калектывамі. Створана канкурэнтнае асяроддзе ў выглядзе традыц. арганізаванай сеткі, неарганізаванай сеткі (рэчавыя і харч. рынкі), фірменных магазінаў і электроннага гандлю. Разам з тым з-за недасканаласці заканад. базы і адсутнасці належнага кантролю за якасцю абслугоўвання насельніцтва былі ліквідаваны некаторыя прагрэс. формы гандлю, адвольна мянялася спецыялізацыя гандл. прадпрыемстваў і іх інфраструктура. У агульным аб’ёме продажу значна павялічылася доля харч. тавараў (62% у 2000 супраць 45% у 1990) пры зніжэнні спажывання больш якасных і разнастайных прадуктаў. Урадавая падтрымка гандлю ажыццяўлялася шляхам выдзялення мэтавых крэдытаў прадпрыемствам дзярж. гандлю спажывецкай кааперацыі для закладкі на міжсезонны перыяд прадуктаў харчавання, стварэння адпаведных запасаў да школьнага сезона, павышэння стаўкі за карыстанне крэдытамі.
Перыяд з 2000 адзначаецца стабілізацыяй сітуацыі на спажывецкім рынку і тэндэнцыяй да ўстойлівага развіцця гандл. сферы. У 2003 у краіне працавала 26,7 тыс. магазінаў рознічнага гандлю з агульнай плошчай 2560 тыс.м². Дзярж. магазіны складалі 16,3% ад агульнай колькасці магазінаў. Дзейнічала 22,2 тыс. прыватных магазінаў згандл. плошчай 2073 м², у т. л. 11,2 тыс. магазінаў спажывецкай кааперацыі плошчай 1040 м² (гл.табл. 2). Рознічны тавараабарот (у фактычна дзеючых цэнах) у 2003 складаў 15 170 млрд.руб., у т. л. прадпрыемстваў дзярж. формы ўласнасці 2791 і прыватнай — 12 103 млрд.руб., з іх 1541 млрд.руб. у спажывецкай кааперацыі (гл.табл. 3). Доля дзярж. формы ўласнасці ў тавараабароце склала 18,4%, прыватнай — 79,8% і замежнай — 1,8%. У 2003 гандл. сетка галіны ўключала 26,7 тыс. магазінаў (з іх 10,3 тыс. ў сельскай мясцовасці), 9 тыс. арганізацый грамадскага харчавання, 1949 агульнагандл. складоў, 296 рынкаў на 70 тыс. месц. Пры гэтым 84% магазінаў і 67% аб’ектаў грамадскага харчавання працавала на недзярж. форме ўласнасці. Прырост аб’ёму рознічнага тавараабароту ў параўнанні з 2000 склаў 9,9%. Па большасці таварных пазіцый быў збалансаваны аб’ём попыту насельніцтва з аб’ёмам таварнай прапановы; пры гэтым захоўвалася асартыментна якасная незбалансаванасць таварных рэсурсаў з характарам попыту насельніцтва. Аб’ём куплі тавараў у індывід. прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гандаль на рэчавых, змешаных, харч. рынках і ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях, павялічыўся за 2000—03 у 4,4 раза і склаў 35,5% ад агульнага аб’ёму тавараабароту. Удзельная вага прадуктаў харчавання ў агульным аб’ёме тавараабароту ў 2003 склала 62%, або 5,5 трлн. руб., што ў супастаўных цэнах на 8,1% больш, чым у 2002. Павялічыўся продаж спажывецкіх тавараў доўгатэрміновага карыстання, у т. л. тэлевізараў на 48,6%, пральных машын — на 22, электрапыласосаў — на 62, легкавых аўтамабіляў — на 31, матацыклаў — на 133, фотаапаратаў — на 68%. Удзельная вага тавараў айч. вытворчасці ў агульным аб’ёме продажу склала 75,5%, а па адзенні і абутку 84—90%. У 2002 у краіне дзейнічала 10 229 арганізацый аптовага гандлю, у якіх працавала 128,9 тыс.чал. Абарот аптовага гандлю склаў 10 051 млрд.руб., таварныя запасы на канец года склалі 787,4 млрд.руб., што адпавядала 29 дням гандлю гэтымі таварамі. Павялічыўся продаж асобных відаў прадукцыі (тавараў) арганізацыямі аптовага гандлю, у т. л. піламатэрыялаў на 44%, каўбасных вырабаў — на 59, алею — на 48,5, цукру — на 50, макаронных вырабаў — на 61, круп — на 52, рыбы і рыбапрадуктаў — на 25%. З мэтай актывізацыі дзейнасці гандл. арганізацый праводзяцца выстаўкі продажу тавараў, укараняюцца аўтаматызаваныя комплексы для ўліку руху тавараў і грашовых сродкаў, ажыццяўляюцца меры па ўмацаванні аптовага звяна, павышэнні забяспечанасці насельніцтва гандл. плошчамі, ліцэнзаванні рознічнага гандлю на рынках, укараненні сучасных гандл. тэхналогій, стварэнні гандлёва-культ. цэнтраў і комплексаў, сістэмы гандл. абслугоўвання сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, абароны правоў спажыўцоў і інш.
Літ.:
Михневич Л.М. Торговля Белоруссии (1900—1970 гг.). Мн., 1973;
Проблемы развития товарных рынков в Республике Беларусь: Сб. науч. трудов. Мн., 1997;
Петрович М.В. Государственное регулирование потребительского рынка. Мн., 2001;
Шелег Н.С. Потребительский рынок Беларуси: этапы, проблемы, перспективы. Мн., 2001;
Качуровский Е.П., Астапченко Ю.Л. Беларусь: новая торговая политика. Мн., 2002;
Проходченко О.И. Белорусский потребительский рынок: спрос, предложение и цели. Мн., 2002;
Торговля в экономической системе: теория и практика. Мн., 2002.
Р.П.Валевіч.
Табліца 1 Асноўныя паказчыкі рознічнага гандлю
1990
1995
20001
2002
2003
Рознічны тавараабарот (у фактычна дзеючых цэнах), млрд.руб. у т. л. па формах уласнасці2
18,7
46 853
4197
11 910
15 170
дзяржаўная
12,3
17 634
1044
2 433
2791
прыватная
6,4
29 107
3119
9292
12 103
з яе
спажывецкая кааперацыя
6,2
7531
584
1314
1541
купля ў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гандаль на рэчавых, змешаных, харчовых рынках і ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях
0,2
8692
1178
4313
5764
замежная
—
112
34
185
276
Колькасць прадпрыемстваў рознічнага гандлю (на канец года)
29,1
30,0
30,8
29,6
31,1
Колькасць прадпрыемстваў грамадскага харчавання (на канец года)
13,8
9,3
8,7
8,8
8,7
Колькасць занятых у рознічным гандлі і грамадскім харчаванні, тыс.чал.
305,3
378,1
409,1
438,5
452,0
1 Вартасныя паказчыкі за 2000 прыведзены зулікам дэнамінацыі (памяншэння ў 1000 разоў).
2 Даныя па формах уласнасці прыведзены ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Табліца 2 Гандлёвая сетка прадпрыемстваў рознічнага гандлю (на канец года)
1990
1995
2000
2002
2003
Усяго магазінаў, тыс.
22,3
23,2
25,9
24,9
26,7
Іх гандлёвая плошча, тыс.м²
2367
2522
2695
2544
2560
у т. л. па формах уласнасці дзяржаўная ўласнасць, колькасць магазінаў, тыс.
6,7
5,6
5,3
4,8
4,4,
удзельная вага дзяржаўных магазінаў у агульнай іх колькасці, у %
30,0
24,2
20,5
19,3
16,3
прыватная ўласнасць, колькасць магазінаў, тыс.
15,6
17,6
20,5
20,0
22,2
у т. л. спажывецкая кааперацыя, колькасць магазінаў, тыс.
15,6
14,1
13,5
11,6
11,2
замежная, колькасць магазінаў, тыс.
—
0,0
0,1
0,1
0,1
Усяго палатак, тыс.
6,8
6,8
4,9
4,7
4,4
з іх з дзяржаўным гандлем
2,7
2,2
2,4
2,5
2,5
Табліца 3 Размеркаванне рознічнага тавараабароту па формах уласнасці ў 2003
млрд.руб.
У працэнтах да выніку
Рознічны тавараабарот, усяго
15 170
100
у т. л. па формах уласнасці
дзяржаўная
2791
18,4
рэспубліканская
1612
10,6
камунальная
1179
7,8
прыватная
12 103
79,8
змешаная ўласнасць без замежнага ўдзелу
1164
7,7
змешаная ўласнасць з замежным удзелам
433
2,8
замежная
276
1,8
Мінск. Універмаг «Беларусь».Гандлёвы цэнтр у Брэсце.