КАМАСА́ЦЫЯ (польск. komasacja),
ліквідацыя цераспалосіцы звядзеннем сялянскіх зямель у адзін участак з наступным выхадам на хутары; састаўная частка агр. рэформы ў Польшчы, абвешчанай сеймам у 1919. Праводзілася паводле закону ад 28.12.1925 «Пра парцэляцыю, камасацыю і асадніцтва» з мэтай умацаваць у Зах. Беларусі заможнае сялянства як апору польск. ўрада. Закон абавязваў памешчыкаў прадаваць сялянам і асаднікам участкі зямлі па 15 га у Польшчы і па 26 га у Зах. Беларусі і Зах. Украіне. З 1 млн. га зямлі, прададзенай у 1926—30 памешчыкамі, 90% купілі заможныя сяляне і асаднікі. Бяднейшым сялянам даставаліся горшыя землі. Расходы на К. цалкам клаліся на сялян. Правядзенне К. асабліва паскорылася ў гады эканам. крызісу 1929—30. Як і ўся агр. рэформа, К. ўзмацніла сац. размежаванне зах.-бел. вёскі.
І.П.Хаўратовіч.
т. 7, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЕ РАДЫЁВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
выпрамяненне радыёхваль рознымі аб’ектамі Метагалактыкі. Бывае неперарыўнае і дыскрэтнае; цеплавое (інтэнсіўнасць вызначаецца т-рай выпрамяняльнага аб’екта) і нецеплавое (сінхратроннае; выпрамяняецца рэлятывісцкімі электронамі пры іх руху ў касм. магн. палях). Вывучаецца ў радыёастраноміі.
Адкрыта ў 1932 амер. вучоным К.Янскім; у 1942 выяўлена радыёвыпрамяненне Сонца, у 1945 — Месяда, у 1946 — ад крыніцы ў сузор’і Лебедзя. Паверхні Зямлі дасягае К.р. ў дыяпазоне ад дэкаметровых да міліметровых радыёхваль (астатняе К.р. паглынаецца ў атмасферы Зямлі). Неперарыўны спектр К.р. маюць нармальныя галактыкі і радыёгалактыкі, квазары, пульсары, рэшткі звышновых зорак і інш. Дыскрэтнае К.р. звязана з халоднымі і шчыльнымі міжзорнымі воблакамі, дзе ідуць працэсы зоркаўтварэння. Найб. інтэнсіўна выпрамяняюць нейтральны вадарод (даўжыня хвалі 21 см), гідраксільная група (18 см), вада (1,35 см), вуглякіслы газ (2,6 мм). Гл. таксама Рэліктавае выпрамяненне.
А.А.Шымбалёў.
т. 8, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЖУ́Н (Браніслаў Адольфавіч) (н. 8.9.1914, С.-Пецярбург),
рускі паэт і перакладчык. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1935), «Дарогі ў свет» (1939), «Балтыйскія зоркі» (1959), «Запаветныя агні» (1962), «Шляхі-дарогі дальнія» (1970), «Дыханне зямлі» (1977) і інш. Падарожнічаў па Беларусі, напісаў арт. пра Я.Купалу «Ад сэрца» (1972), успаміны пра П.Глебку «На Няве і на Волзе» (у кн. «Пясняр мужнасці», 1976), вершы «Беларускай зямлі», «Брэст», «Беларускім паэтам» і інш. Адзін з перакладчыкаў на рус. мову «Анталогіі беларускай паэзіі» (1948), зб. вершаў бел. паэтаў «Беларусь мая» (1983), асобных твораў Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, К.Буйло, М.Калачынскага, М.Танка, У.Корбана, К.Крапівы, А.Куляшова, М.Хведаровіча. На бел. мову яго вершы пераклалі В.Вітка, Х.Жычка, Калачынскі, М.Лужанін, Р.Няхай, М.Танк, Ю.Свірка, М.Аўрамчык і інш.
т. 8, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕЛА́НАВЫ ВО́БЛАКІ (Вялікае і Малое),
дзве карлікавыя галактыкі, спадарожнікі Млечнага Шляху, самыя яркія ў Паўд. паўшар’і неба, найбольш блізкія да нашай Галактыкі. Названыя па імю Ф.Магелана, каманда якога выявіла іх у час першага кругасветнага падарожжа (1519).
М.В. відаць на паўд. небе простым вокам як туманныя плямы няправільнай формы (Вял. М.В. — у сузор’і Залатой Рыбы, Малое — у Тукане). Памеры М.В. каля некалькіх дзесяткаў тыс. св. гадоў. Адлегласць ад Зямлі да Вял. М.В. 150 тыс. св. гадоў, да Малога — 200 тыс. св. гадоў. М.В. сфарміраваліся на некалькі млрд. гадоў пазней за нашу Галактыку і маюць шмат маладых зорак і газапылавых комплексаў, дзе ідзе актыўны працэс зоркаўтварэння. У Вял. М.В. ў лютым 1987 успыхнула звышновая зорка, якую можна было бачыць з Зямлі простым вокам. Іл. гл. да арт. Галактыкі.
А.А.Шымбалёў.
т. 9, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБА́НАЎ (Уладзіслаў Якаўлевіч) (15.12.1952, в. Аляксандраўка 1-я Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.7.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). Працаваў у друку, у т. л. ў час. «Полымя», з 1986 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1972. У кн. «Вокны без фіранак» (1981) даследаваў маральна-этычныя і сац.-псіхал. аспекты жыцця вёскі і горада, духоўны свет сучасніка, праблемы чалавека ў горадзе. У зб-ках апавяд. і аповесцей «Пахі адталай зямлі» (1984), «Цёплы пух адуванчыкаў» (1987), «Таямніца птушынага гнязда» (1989, Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І.Мележа 1990), «Светлы ручай любві» (1990) імкнуўся паказаць лепшыя традыцыі сялянскага побыту, сцвярджаў высокастаноўчыя рысы характару вяскоўцаў старэйшага пакалення: працавітасць, гаспадарлівасць, любоў і прыхільнасць да зямлі, прыроды. Паэтычны вобраз Мінска стварыў у аповесці «Каштаны» (1982). Аўтар рамана «Не аднойчы забіты» (1994).
Л.С.Савік.
т. 13, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
радовішчы карысных выкапняў, якія ўтварыліся з гарачых мінер. раствораў у нетрах зямлі на глыб. да 10 км пры высокім ціску і т-ры больш за 300 °C. Пры адсутнасці непасрэднай сувязі паміж т-рай і глыбінёй рудаадкладання выкарыстоўваецца паняцце «высокатэмпературныя радовішчы».
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНАЯ АНАМА́ЛІЯ,
участак зямной кары або паверхні Зямлі, які значна адрозніваецца ад сумежных канцэнтрацыяй некат. хім. элементаў або іх злучэнняў. Заканамерна звязаны з пакладамі карысных выкапняў і геал. будовай тэрыторыі. Вылучаюцца анамаліі канцэнтрацыі гелію, газападобных вуглевадародаў, медзі, нікелю, цынку і інш. Геахімічныя анамаліі служаць пошукавай прыкметай.
т. 5, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЕЛЕУКЛА́ДЧЫК,
прычапная або самаходная машына для пракладкі падземных і падводных (праз рэкі, азёры) кабеляў. Утварае ў зямлі шчыліны або траншэі і адначасова ўкладвае ў іх адзін або некалькі кабеляў. Бываюць нажавыя (раскліньваюць грунт без яго вымання) і ротарныя (выкопваюць грунт дыскам або ротарам з рэжучымі зубамі).
т. 7, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МПА БЕ́РАГ (Kemp Coast),
частка ўзбярэжжа Антарктыды на У ад Зямлі Эндэрбі (56° — 59°40′ усх. д.). Абмываецца морам Садружнасці. Б. ч. тэрыторыі знаходзіцца пад мацерыковым лёдам, які ўтварае высокія ледзяныя абрывы. Адкрыты англ. экспедыцыяй у 1833, пазней названы імем П.Кемпа — капітана судна «Магнет» гэтай экспедыцыі.
т. 8, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЦЭЛЯ́РНАЯ ГАСПАДА́РКА,
сямейна-індывідуальная сялянская гаспадарка. Асн. форма вядзення натуральна-спажывецкай вытв-сці пры рабаўладальніцкім ладзе і феадалізме. З развіццём капіталізму П.г. ўцягнулася ў сістэму таварна-грашовых адносін і ператварылася ў дробную таварную гаспадарку. Звычайна вядзецца на невялікіх участках (парцэлах — адсюль назва) уласнай або арандаванай зямлі.
т. 12, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)