ВАДЗЯНЫ́ ВО́СЛІК (Asellus aquaticus),

від ракападобных з атр. раўнаногіх. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне прэсных стаячых і з павольным цячэннем вадаёмаў Еўропы, за выключэннем Пірэнейскага п-ва.

Даўж. да 20 мм. Корміцца жывымі і адмерлымі воднымі раслінамі, паядае лісце, якое падае ў вадаёмы (за жыццё з’ядае 168 мг). Ачышчае вадаёмы. Вадзянымі вослікамі кормяцца рыбы.

Вадзяны вослік.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУ́НІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на Пн ад г. Петрыкаў, 190 км ад Гомеля, 14 км ад чыг. ст. Муляраўка. 713 ж., 245 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. За 2 км ад Бабунічаў магіла ахвяраў фашызму.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАРА́Д (Самуіл Нахманавіч) (н. 17.8.1907, г. Віцебск),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскі марскі тэхнікум (1935). Вызначыўся зімой 1944—45 у баях за Прыбалтыку: падводная лодка на чале з ім за 2 паходы затапіла 7 варожых караблёў. Усяго экіпаж затапіў 10 суднаў праціўніка і транспарт. Да 1961 у ВМФ, капітан 1-га рангу.

т. 2, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦВІ́ННЕ,

надземная раслінная маса агароднінных, кармавых і тэхн. коранеклубняплодаў. У свежым і сіласаваным выглядзе выкарыстоўваецца на корм с.-г. жывёле: пераважна буйн. раг. жывёле (10—15 кг за суткі), у невял. колькасці свінням і авечкам. Бацвінне бульбы з-за наяўнасці ў ім шкоднага хім. рэчыва — саланіну — даюць абмежавана; нельга скормліваць яго цяжарнай жывёле і маладняку.

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РНЫ МАНІТО́РЫНГ,

сістэма доўгатэрміновых назіранняў за прыроднымі з’явамі на ўзроўні біясферы. Дапамагае вывучаць прыродныя працэсы біясферы і яе кампанентаў, улічваць іх змены ад уплыву антрапагенных фактараў, вызначаць глабальна-фонавыя змены ў прыродзе. Ажыццяўляецца праз біясферныя запаведнікі, з дапамогай метадаў сачэння за станам біясферы з касм. апаратаў і інш. Гл. таксама Глабальны маніторынг.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЕ́НЦТВА,

1) арганізацыя, якая за абумоўленую плату выконвае пэўныя даручэнні фіз. або юрыд. асоб (давернікаў). Аб’ём, парадак і ўмовы агенцкага абслугоўвання фіксуюцца ў дагаворы паміж агенцтвам і давернікам, ад імя, за кошт і ў інтарэсах якога агенцтва дзейнічае.

2) Прадстаўніцтва, аддзяленне якой-н. установы ці прадпрыемства, напр. тэлегр. агенцтва, трансп. агенцтва, Агенцтва друку, агенцтва літаратурнае.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАЖА́НКА,

вёска ў Беларусі, у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобл., за 5 км ад р. Убарць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 37 км на ПнУ ад Лельчыц, 244 км ад Гомеля, 60 км ад чыг. ст. Ельск. 536 ж., 217 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 25 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,23 км², даўж. 930 м, найб. шыр. 270 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,75 км². Схілы катлавіны выш. да 10 м, пад хмызняком, на Пд разараныя.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВІЦКІ КАНА́Л,

меліярацыйны канал у Салігорскім р-не Мінскай і Жыткавіцкім р-не Гомельскай абласцей. Левы прыток р. Случ (бас. р. Прыпяць). Даўж. 30 км. Пачынаецца з Асавецкага канала за 2 км на Пн ад в. Абідземля Салігорскага р-на, вусце за 4,5 км на Пн ад в. Новыя Мілевічы Жыткавіцкага р-на.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКІ ПРЫБЫ́ТАК,

даход, які атрымліваюць заснавальнікі акцыянернага таварыства пры яго арг-цыі і эмісіі акцый. Складае розніцу паміж сумай, атрыманай ад рэалізацыі акцый гэтага т-ва, і ўкладзеным у яго капіталам. З.п. узнікае або за кошт продажу акцый вышэй іх намінальнай вартасці, або за кошт павелічэння аб’ёму продажу акцый звыш устаноўленага акц. капіталу.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)