ЖО́ЛУД,
аднанасенны плод, часткова або цалкам заключаны ў чашападобную дзеравяністую плюску, якая ўтвараецца са зрослых восей прыкветнікаў рэдукаванага суквецця. Характэрны для раслін сям. букавых: дуба (змяшчае ў плюсцы толькі 1 Ж.), бука і каштана (у плюсцы па 2—3 Ж.). У кожным Ж. адно семя, якое складаецца з зародка. 2 мясістых семядолей і абалонкі. Мае ў сабе вугляводы (пераважна крухмал), пратэін, дубільныя рэчывы. Выспяваюць восенню. Выкарыстоўваюць як корм для жывёлы, сурагат кавы.
т. 6, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРТАВА́ННЕ ў біялогіі,
сукупнасць арганізмаў розных відаў, якія сумесна жывуць і ўяўляюць сабой вызначанае экалагічнае адзінства (напр., фітапланктон якога-н. возера, глебавыя жывёлы ўчастка лесу). Часам вызначаецца як сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць участак сушы або вадаёма, і трактуецца як сінонім тэрміна біяцэноз. Вылучаюць таксама З. раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). З. — сістэма вызначанага ўзроўню арганізацыі жывой матэрыі. Элементы З. — папуляцыі розных відаў, а само З. з’яўляецца элементам экасістэмы (біягеацэнозу).
т. 7, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫ КАНВЕ́ЕР,
сістэма вытворчасці і выкарыстання зялёных кармоў, пры якой жывёлы забяспечваюцца імі бесперабойна і раўнамерна з ранняй вясны да позняй восені. У склад З.к. ўключаюць прыродную і штучную пашу, адна- і шматгадовыя травы (зялёная маса), кармавыя формы бахчавых, караняплодаў, капусты, азімы рапс. Адрозніваюць прыродны, штучны і мяшаны тыпы З.к. У ім выкарыстоўваюць прыродную і сеяную пашу, атаву прыродных сенажацей, культуры палявой кормавытворчасці. На Беларусі культуры З.к. пачынаюць скормліваць жывёле з сярэдзіны мая.
т. 7, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ВА (Праскоўя Сцяпанаўна) (23.10.1904, с. Вял. Воснае Наўгародскай вобл., Расія — 25.4.1970),
бел. вучоны ў галіне вет. паразіталогіі. Д-р вет. н., праф. (1949). Скончыла Ленінградскі вет. ін-т (1927). З 1956 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па піраплазмозных хваробах буйн. раг. жывёлы і коней, трыпаназамозах вярблюдаў, балантыдыёзнай дызентэрыі, какцыдыёзах і інш. паразітах свіней.
Тв.:
Важнейшыя паразітарныя захворванні свіней. Мн., 1959;
Кровопаразитарные болезни крупного рогатого скота Мн., 1963 (разам з Р.К.Гобземам).
т. 7, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСУМЕ́НТЫ (ад лац. consumo спажываю),
арганізмы, якія кормяцца жывым арган. рэчывам (жывёлы, большасць мікраарганізмаў, часткова насякомаедныя расліны, драпежныя грыбы). Падтрымліваюць сваё існаванне з дапамогай пераўтварэння рэчываў, якія выраблены прадуцэнтамі. У трафічных (харчовых) ланцугах К. з’яўляюцца другім пасля прадуцэнтаў звяном. Паводле тыпу жыўлення ўваходзяць у групу гетэратрофаў. Адрозніваюць К. першасныя (расліннаедныя арганізмы), другасныя (драпежныя, якія кормяцца расліннаеднымі арганізмамі, заафагі), трацічныя (драпежнікі ў адносінах да арганізмаў з папярэдняй групы — заафагі другога парадку) і больш высокіх парадкаў.
т. 7, с. 600
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛЫ (грэч. korallion),
марскія кішачнаполасцевыя жывёлы, пераважна з класа каралавых паліпаў, часткова з гідроідных (падатр. гідракаралы). Пашыраны ўсюды. На Беларусі выяўлены выкапнёвыя К., якія ўдзельнічалі ў стварэнні арганагенных пабудоў.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да 1 м. Большасць К. утвараюць вапнавы, радзей рагавы шкілет разнастайнай формы. Зараснікі мадрэпоравых К. складаюць аснову каралавых рыфаў. К. называюць таксама шкілеты высакароднага карала, або чырвонага і чорнага К. (з атр. гарганарый), з якіх вырабляюць ювелірныя ўпрыгожанні і сувеніры.
т. 8, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛАРО́ДНЫ ЭФЕ́КТ,
змяненне біял. ўздзеяння іанізацыйнага выпрамянення пры павышэнні ці паніжэнні парцыяльнага ціску кіслароду ў апрамененым аб’екце. Праяўляецца ў біял. аб’ектах (мікраарганізмы, расліны, жывёлы) на ўсіх узроўнях іх арганізацыі (клетачным, тканкавым, органавым і арганізмавым). Выжыванне арганізма павялічваецца пры зніжанай колькасці кіслароду і змяншаецца пры павышанай. Узмацненне шкоднага ўздзеяння кіслароду праяўляецца ў момант апрамянення, пасля чаго яго прысутнасць наадварот спрыяе аднаўленню сістэм жыццядзейнасці ў пашкоджаных аб’ектах. Выкарыстоўваецца ў прамянёвай тэрапіі анкалагічных захворванняў.
К.В.Фамічэнка.
т. 8, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСКО́ (Валянцін Ягоравіч) (н. 27.9.1930, в. Прамыслы Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1991). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1955). У 1968—89 і 1991—94 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па аптымізацыі працэсаў кармлення с.-г. жывёлы.
Тв.:
Новое в кормлении крупного рогатого скота (у сааўт.) // Сельскохозяйственная наука — производству. Мн., 1986;
Справочник по приготовлению, храпению и использованию кормов. 2 изд. Мн., 1993 (у сааўт.).
т. 8, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТО́ (франц. loto ад італьян. lotto),
гульня на асобых картках з радамі лічбаў на іх, якія закрываюць гульцы па меры таго, як адзін з удзельнікаў гульні выцягвае спец. драўляныя фішкі і называе нумары, пазначаныя на іх. Выйграе той, хто раней закрые рады лічбаў на сваёй картцы. Л. з’явілася ў г. Генуя (Італія) у 16 ст. Існуюць розныя віды Л., у т. л. для дзяцей, калі на картках замест лічбаў паказаны розныя жывёлы, расліны ці інш.
т. 9, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКУ́ХА,
пабочны прадукт алейнай вытворчасці, які застаецца пасля выціскання алею з насення алейных культур. Мае ў сабе да 40% бялкоў, 8—10% тлушчу, 6—8% мінер. рэчываў, шмат вітамінаў комплексу B. Канцэнтраваны корм для с.-г. жывёлы, таксама выкарыстоўваецца (як і шрот) у вытв-сці камбікармоў. Паводле амінакіслотнага складу і біяхім. каштоўнасці бялкоў, колькасці кальцыю і фосфару пераўзыходзіць злакавыя кармы. Найб. кармавая каштоўнасць ў сланечнікавай, ільняной, соевай М. Некаторыя віды М. маюць таксічныя рэчывы.
т. 9, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)