ТРЫ́ГЕР (англ. trigger),

спускавая схема з 2 (радзей больш) станамі ўстойлівай раўнавагі; адзін з асн. элементаў лічыльнікаў, вылічальных машын, фарміравальнікаў імпульсаў і інш. Стан раўнавагі Т. захоўваецца.

Мае 2 выхады — асноўны (прамы) і інверсны. Асн. параметры: хуткадзеянне (найб. лік пераключэнняў за адзінку часу), час спрацоўвання (час пераходу з аднаго стану ў другі), узроўні ўваходных і выхадных сігналаў. Пераход Т. з аднаго стану ў другі (перакульванне) адбываецца пры падачы кіроўных сігналаў на розныя ўваходы (установачны запуск) ці паслядоўна на адзін і той жа (лічыльны запуск). Найб. пашыраны электронныя Т. на аснове электравакуумных, газаразрадных і паўправадніковых прылад, інтэгральных схем. Выкарыстоўваюцца як адны з найб. універсальных элементаў лагічных і выліч. прылад.

т. 15, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУМА́РКІНА (Tumarkin) Ганна Эстэр (16.2.1875, г. Дуброўна Віцебскай вобл. — 7.8.1951),

швейцарскі філосаф. Д-р філасофіі (1895), праф. (1906). Скончыла Бернскі ун-т (1895), у 1898—1943 выкладала ў ім эстэтыку і гісторыю філасофіі. Даследавала праблемы развіцця філас. думкі ў Швейцарыі, гісторыі сусв. філасофіі, эстэтыкі і тэорыі пазнання. Вывучала сац. дзейнасць швейц. жанчын, удзельнічала ў барацьбе за іх правы. Аўтар навук. прац па філасофіі І.​Канта, Б.​Спінозы і інш. Імем Т. названа вуліца ў Берне.

Літ.:

Rogger F. Der Doktorhut im Besenschrank. Bem, 1999;

Яе ж. Філосаф Ганна Тумаркіна — першая ў Еўропе жанчына-дацэнт: Пер. з ням. // Віцеб. сшытак. 2000. №4;

Хмяльніцкая Л. «Дарагі падарунак маленькай Швейцарыі» // Там жа.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАКТ ЮРЫДЫ́ЧНЫ,

прадугледжаная ў законе акалічнасць, якая складае падставу для ўзнікнення (змянення, спынення) канкрэтных праваадносін. Ф.ю. падзяляюцца на падзеі і дзеянні. Падзеі — юрыдычна значныя факты, што ўзнікаюць незалежна ад волі людзей (натуральная смерць чалавека, сканчэнне тэрміну, гібель маёмасці ў выніку стыхійнага бедства і г.д.). Дзеянні — жыццёвыя факты, якія з’яўляюцца волевыяўленнем (г. зн. вынікам свядомай дзейнасці) людзей. Дзеянні падзяляюцца на правамерныя (адпаведныя прадпісанням прававых норм) і неправамерныя (супярэчаць закону, з’яўляюцца правапарушэннямі). Неправамерныя дзеянні падзяляюцца на злачынствы і правапарушэнні. Ф.ю. можа быць падставай для ўзнікнення адразу некалькіх праваадносін. Так, факт смерці чалавека спыняе працоўныя і шлюбна-сямейныя адносіны і ў той жа час стварае права на спадчыну маёмасці, змяняе жыллёвыя адносіны і да т.п.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОФТ (Hooft) Герардус (н. 5.7.1946, Дэн-Хелдэр, Нідэрланды),

нідэрландскі фізік. Чл. Каралеўскай нідэрл. АН (1982), замежны чл. Нац. АН ЗША (1984). Скончыў Утрэхцкі ун-т (1972), дзе і працуе (з 1977 праф.). У 1972—74 у Еўрап. цэнтры ядз. даследаванняў (г. Жэнева, Швейцарыя). Навук. працы па калібровачных тэорыях элементарных часціц, квантавай тэорыі гравітацыі і квантавай хромадынаміцы. Прапанаваў спец. каліброўкі вектарных палёў, прадказаў некат. эфекты электраслабых узаемадзеянняў, атрымаў ацэнкі мас вектарных базонаў. Нобелеўская прэмія 1999 (з М.Вельтманам; гл. Дадатак). Яго імем наз. малая планета.

Тв.:

Рус. пер. — Калибровочные теории сил между элементарными частицами // Успехи физ. наук. 1981. Т. 135, № 3;

Противостояние с бесконечностью // Там жа. 2000. Г. 170, № 11.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАБЫ́ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ (ШПР),

спецыяльныя органы кіравання партыз. рухам на акупіраванай тэр. СССР у Вял. Айч. вайну. Былі створаны рэсп., краявыя і абл. ШПР, пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага — Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР, з 30.5.1942), які ўзначаліў 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка. ШПР пры ваен. саветах шэрагу франтоў 28.9.1942 перафарміраваны ў прадстаўніцтва ЦШПР на тых жа франтах (акрамя Ленінградскага фронту і Укр. ШПР). Існаваў таксама Польскі штаб партыз. руху, нач. штаба якога ў 1944—45 быў В.С.Прытыцкі. Сваю дзейнасць штабы згортвалі па меры вызвалення акупіраванай тэр. ад праціўніка і выхаду партыз. фарміраванняў у сав. тыл. Укр. ШПР дзейнічаў да канца 1944 (расфарміраваны 1.1.1945). Гл. таксама Беларускі штаб партызанскага руху.

т. 17, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУКА́НАЎ Адам Сямёнавіч (н. 20.6.1929, в. Чамярное Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне мікалогіі. Канд. біял. н. (1967), праф. (1990). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Скончыў БДУ (1962), дзе і працаваў (у 1971—96 заг. кафедры, у 1980—96 дэкан). Навук. працы па праблемах фітапаталогіі с.-г. раслін.

Тв.:

Некаторыя асаблівасці прарастання канідый грыба Peronospora schleidenii unger // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1974. № 4;

Да пытання аб дынаміцы развіцця ілжывай мучністай расы буракоў // Там жа. № 5;

Изменение содержания пигментов и фотохимической активности хлоропластов в растениях флоксов, пораженных мучнистой росой (разам з М.​А.​Лемязой. Г.​П.​Гулевіч) // Микология и фитопатология. 1980. Т. 14, № 2.

т. 17, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯЖЫ́ШЧА Леанід Баляслававіч (н. 8.12.1956, г. Віцебск),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (2001). Скончыў БДУ (1979). З 1979 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўненнях. Прапанаваў новую канцэпцыю выкарыстання неманатонных незнакавызначаных функцыяналаў Ляпунова для даследавання асімптатычных уласцівасцей ураўненняў з адхіляючымся аргументам. Распрацаваў абагульненні тэарэмы Барбашына—Красоўскага на розныя класы дыферэнцыяльных сістэм, у т. л. і неаўтаномных з неабмежаванай правай часткай.

Тв.:

Локализация предельных множеств и асимптотическая устойчивость уравнений с запаздыванием. Ч. 1, 2 // Дифференциальные уравнения. 1998. Т. 34, №2, 8;

Использование немонотонных функционалов при исследовании ограниченности решений уравнений с запаздыванием // Там жа. 1999. Т. 35, №1.

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЕЎ Атэй Вячаслававіч (9.1.1925, г. Навазыбкаў Бранскай вобл., Расія — 23.11.1985),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства і тэхналогіі металаў. Д-р тэхн. н., праф. (1984). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1953). З 1950 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1968—80 заг. кафедры). Навук. працы па даследаваннях зносу і ўстойлівасці дрэварэзальных інструментаў, стварэнні новых станкоў і інструментаў. Распрацаваў станкі для вырабу і падрыхтоўкі круглых піл, новы від ратацыйнага рэзання драўніны, тэхналогію павышэння ўстойлівасці дрэваапр. інструменту.

Тв.:

Комплексные исследования яалений, сопровождающих износ древорежущего инструмента // Мех. технология древесины. 1974. № 4;

Износостойкость сверхтвердых инструментальных материалов на основе кубического нитрида бора при обработке древесностружечных плит (разам з В.​А.​Столярам) // Там жа. 1980. № 10.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 18, кн. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРЭ́ЦКІ Юлій Платонавіч (н. 22.6.1929, Ташкент),

бел. архітэктар. Засл. будаўнік Узбекістана (1972). Скончыў Ташкенцкі політэхн. ін-т (1954). У 1945—69 працаваў у праектных арганізацыях Ташкента. Адзін з аўтараў генплана Ташкента (1971), планіроўкі і забудовы яго цэнтра (1975, Дзярж. прэмія СССР 1975). У 1975—2000 у ін-це «Мінскпраект» (кіраўнік майстэрні). Асн. работы ў Мінску: генплан Мінска (1982, кіраўнік аўтарскага калектыву), праект планіроўкі яго прыгараднай зоны (1979), праект дэталёвай планіроўкі цэнтра Мінска (1983, у сааўт.). Аўтар прац у галіне горадабудаўніцтва.

Тв.:

Научно-методические основы разработки генерального плана Минска и его пригородной зоны // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1982. № 2;

Основные принципы формирования центра Минска (разам з М.​Ц.​Гардзеенкам) // Там жа. 1984. № 2.

т. 18, кн. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДА Напалеон (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),

піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва «Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.​Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.​Вітвіцкага і А.​Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.​Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.​Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.​Голубеў). Іл. гл. таксама да арт. Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.

Літ.:

Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;

Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;

Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.

Л.​Н.​Дробаў.

Н.Орда.
Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)