БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ,

сукупнасць працэсаў стварэння, трансфармацыі, паглынання і праходжання энергіі праз эколага-біял. сістэмы розных узроўняў — ад асобных арганізмаў да біягеацэнозу. Характарызуе ўласцівасць асобных папуляцый або згуртавання (біяцэнозу) у цэлым аднаўляць сваю біямасу або ўтвараць арган. рэчывы ў форме тых ці інш. арганізмаў. У больш вузкім сэнсе біялагічная прадукцыйнасць — павелічэнне рэсурсаў эканамічна каштоўных арганізмаў (жывёл, раслін), іх масы, колькасці на адзінку плошчы за адзінку часу.

Мерай біялагічнай прадукцыйнасці з’яўляецца велічыня прадукцыі (біямасы), якая ствараецца за адзінку часу на адзінку прасторы. Асабліва важна ўстанаўленне біялагічнай прадукцыйнасці біяцэнозаў на ўсіх трафічных узроўнях, а таксама карыснай часткі прадукцыі. Матэрыяльна-энергет. аснову біялагічнай прадукцыйнасці складае першасная прадукцыя. Яна вызначаецца як скорасць, з якой прамянёвая (сонечная) энергія засвойваецца прадуцэнтамі (пераважна зялёнымі раслінамі) у працэсе фотасінтэзу або хемасінтэзу і назапашваецца ў форме арган. рэчываў, што потым могуць выкарыстоўвацца ў якасці ежы. Штогадовая першасная прадукцыя раслін складае 170∙10​9 т сухой масы і мае каля 300—500∙10​21 Дж энергіі. Найб. частку гэтай колькасці (74∙10​9 т) даюць лясы, асабліва трапічнай зоны. Прадукцыя жывёл (другасная) складае каля 3934∙10​6 т штогод. Другасная біялагічная прадукцыйнасць знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад першаснай. На павелічэнне біялагічнай прадукцыйнасці аграбія- і біягеацэнозаў арыентаваны меліярацыйныя, гасп., біятэхн. і прыродаахоўныя мерапрыемствы. Вывучэнне біялагічнай прадукцыйнасці прыродных сістэм — аснова рацыянальнага выкарыстання, аховы і забеспячэння аднаўлення біял. рэсурсаў Зямлі.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫП (франц. grippe ад gripper схопліваць),

вострая вірусная хвароба чалавека і некат. жывёл. У чалавека ўзбуджальнікі грыпу — ортаміксавірусы трох відаў (A, B, C), блізкіх па структуры і біял. якасцях. Вірус A мае сератыпы H1N1, H2N2, H3N2; вірусы B і асабліва C адрозніваюцца ад віруса A меншай зменлівасцю і хваробатворнасцю.

Грып A выклікае эпідэміі (хварэе 10—50% насельніцтва), якія могуць пераходзіць у пандэміі (хварэе каля 70% насельніцтва). Хуткаму яго пашырэнню спрыяюць высокая заражальнасць, кароткі інкубацыйны перыяд (1—2 сутак), антыгенная зменлівасць узбуджальніка, кароткачасовы імунітэт, вільготнае і халоднае надвор’е. Крыніца інфекцыі — хворы на грып. Перадаецца пераважна паветрана-кропельным шляхам (кашаль, чханне). Вірус грыпу размнажаецца ў эпітэліі дыхальных шляхоў, праз 1—2 дні трапляе ў кроў (вірэмія) і пашкоджвае бронхалёгачную, сасудзістую і нерв. сістэмы. Хвароба пачынаецца з кашлю, чхання, болю галавы і мышцаў, санлівасці; т-ра цела павышаецца да 39—40 °C. Выздараўленне праз 5—6 дзён, але доўга застаецца слабасць. Дзеці і старыя хварэюць на грып больш цяжка. Грып памяншае імунітэт арганізма да інш. хвароб. Найб. частыя ўскладненні: запаленні лёгкіх, нырак, атыты, ангіны. Пасля грыпу выпрацоўваецца імунітэт на некалькі гадоў. Лячэнне: процігрыпозныя гама-глабулін, інтэрферон, рэмантадзін, у цяжкіх выпадках шпіталізацыя хворых, пры ўскладненнях — антыбіётыкі, фізіятэрапія. У жывёл на грып хварэюць парасяты, коні, птушкі. Асабліва ўспрымальныя да яго парасяты да 4 тыдняў. Хваробе спрыяюць дрэнныя гігіенічныя ўмовы. У коней грып суправаджаецца гарачкавымі з’явамі, катаральным запаленнем кішэчніка, кан’юнктывітамі.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАРКТЫ́ЧНЫ АНТЫЦЫКЛО́Н,

вобласць высокага атм. ціску над Усх. Антарктыдай. Праяўляецца на працягу ўсяго года. Асабліва ўстойлівы зімой (чэрв.жн.), калі ў час палярнай ночы мацярык моцна выхалоджваецца (т-ра ледавіковага покрыва апускаецца да -55 °C, паветра — да -89,3 °C). На перыферыі антарктычных антыцыклонаў слабыя ўсх. вятры, якія ў зоне ледавіковага схілу ператвараюцца ў сцёкавыя і ўраганныя. Найб. ціск у цэнтры антарктычнага антыцыклону на плато Савецкае (4000 м над узр. м.). Пераважае бязвоблачнае, вельмі халоднае і сухое надвор’е. Назіраецца асяданне паветра ў працэсе кампенсацыі сцёку яго з мацерыка. На вышыні антарктычны антыцыклон замяшчаецца каляпалярнай дэпрэсіяй — зонай нізкага ціску.

т. 1, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПВЕ́ЛІНГ (ад англ. up наверх + well хлынуць),

падыманне водаў з глыбіняў у верхнія слаі акіяна, мора. Выклікаецца ўстойлівымі вятрамі, што зганяюць паверхневыя воды ў адкрытае мора, на месца якіх падымаюцца воды слаёў, што ляжаць ніжэй, а таксама пасатнымі і ўсх. памежнымі цячэннямі ў Атлантычным, Ціхім і інш. акіянах. Асабліва актыўны ў прыбярэжных зонах, дзе вада падымаецца з глыбіняў 100—300 м. Агульная пл. пастаяннага апвелінгу складае 1 млн. км² пры сярэдняй вертыкальнай скорасці падняцця водаў 1 м/сут. З цыркуляцыяй акіянскіх водаў у працэсе апвелінгу звязваюць утварэнне некаторых радовішчаў карысных выкапняў (напр., фасфарытаў), размяшчэнне багатых прамысл. раёнаў акіяна.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БО́ЖЫМ ШЛЯ́ХАМ»,

грамадска-рэлігійны, літаратурна-гістарычны часопіс. Выдаваўся бел. грэка-каталіцкім (уніяцкім) духавенствам у 1947—57 у Парыжы і ў 1957—80 у Лондане на бел. мове. Асвятляў пытанні гісторыі хрысціянства, хрысціянскай царквы, царк. будаўніцтва, рэліг. адносін на Беларусі, асабліва уніяцкага руху, узаемазалежнасць рэлігіі, культуры, нац. свядомасці ў развіцці бел. народа. Асэнсоўваў ролю хрысціянскіх асветнікаў, царк. дзеячаў Ефрасінні Полацкай, Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, заснавальнікаў айч. кнігадрукавання Ф.​Скарыны, В.​Цяпінскага, братоў Мамонічаў у станаўленні і ўзбагачэнні бел. культуры. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. становішча ў БССР, дзейнасць бел. асяродкаў на эміграцыі і інш.

А.​А.​Каўка.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ГАНД З МА́РБУРГА (Wigand von Marburg),

нямецкі храніст 14 ст. Герольд пры двары магістра Тэўтонскага ордэна. Аўтар хронікі, прысвечанай войнам і перамогам крыжакоў, з ідэалагічным абгрунтаваннем іх захопніцкай палітыкі. Вершаваны арыгінал на ням. мове не збярогся, захаваўся лац. пераклад, зроблены для польск. гісторыка Длугаша. Хроніка ахоплівае падзеі 1293—1394, да 1350 абапіраецца на звесткі т.зв. Аліўскай хронікі, хронікі Т.Вартберга і інш. Твор — каштоўная крыніца па гісторыі Беларусі 13—14 ст. У ім шмат звестак пра адносіны паміж ордэнам і ВКЛ, пра рыцарскія паходы на землі Беларусі і Літвы, асабліва на Гродзеншчыну і Брэстчыну.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́РСКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Азорскі максімум,

субтрапічная вобласць высокага атм. ціску над Атлантычным ак. з цэнтрам каля Азорскіх а-воў. Праяўляецца перавагай антыцыкланічнай дзейнасці на працягу ўсяго года, асабліва добра выражаны летам (у ліп. ціск больш за 1025 Па). Прыкметна ўплывае на клімат Паўд. Еўропы і Паўн. Афрыкі, утварае летам адгалінаванне ў напрамку Міжземнага м., зімой у напрамку Сахары. На надвор’е Беларусі ўплываюць паўн.-ўсх. перыферыя або адасобленыя «ядры» азорскага антыцыклону: устанаўліваецца сухое і сонечнае надвор’е з высокімі т-рамі паветра (зімой часам да 8 °C і больш, летам да 25—30 °C і вышэй).

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСЕНТЭІ́ЗМ [ад лац. absens (absentis) які адсутнічае],

1) абыякавыя адносіны насельніцтва да паліт. жыцця краіны, ухіленне ад удзелу ў ім. Асабліва выяўляецца ў нежаданні ўдзельнічаць у галасаванні на выбарах рознага ўзроўню. У большасці краін, у т. л. на Беларусі, удзел у галасаванні разглядаецца заканадаўствам як суб’ектыўнае права выбаршчыка. Паводле законаў Аўстрыі, Бельгіі, Грэцыі, Даніі і інш. краін галасаванне з’яўляецца грамадзянскім абавязкам выбаршчыка, за невыкананне якога прадугледжаны адпаведныя адм., крымінальныя і інш. санкцыі.

2) Форма землеўладання, пры якой уладальнік зямлі без непасрэднага ўдзелу у працэсе вытворчасці атрымлівае грашовы прыбытак г.зв. земляробскі абсентэізм.

А.​М.​Абрамовіч.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКЛЕ́ПІЙ,

у грэчаскай міфалогіі бог лячэння, сын Апалона і німфы Караніды. Уменню лячыць навучыўся ў кентаўра Хірона. Калі Асклепій наважыўся ўваскрашаць памерлых, Зеўс забіў яго маланкай. Асклепія ўяўлялі ў вобразе барадатага мужчыны ў доўгім плашчы, які абапіраўся на абвіты змяёй кій. Асклепій быў асабліва папулярны ў г. Эпідаўр; найб. вядомыя свяцілішчы Асклепія на в-ве Кос, у г. Пергам, пры іх існавалі мед. школы. Яму прысвячалі рэльефы на свяцілішчах, яго выявы былі на гемах і манетах. У рым. міфалогіі Асклепію адпавядае Эскулап.

Асклепій. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУАЕРЫ́ЗМ, візіянізм, скапафілія,

форма палавой разрадкі, якая заключаецца ў схільнасці да разглядання палавых органаў або палавога акта інш. асоб; від палавой ненармальнасці. Неадольнае жаданне ўбачыць забароненае падштурхоўвае візіяніста на падглядванне ў туалетах, інтэрнатах, бальніцах і інш. Назіраецца таксама ў чвэрці дзяцей дашкольнага ўзросту, ва ўзросце 7—11 гадоў выяўляецца ў кожнага трэцяга хлопчыка і прыкладна ў 6% дзяўчынак. Замацоўванню дзіцячага вуаерызму спрыяюць цяжкасці ў адносінах з равеснікамі, асабліва процілеглага полу, стойкая фіксацыя ў нясталай псіхіцы дзіцяці ўбачанай ім сцэны інтымнай блізкасці і г.д. Да разнавіднасцей вуаерызму можна аднесці захапленне стрыптызам, вар’етэ, эратычнымі шоу, фотаздымкамі і інш.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)