ВАЕ́ННАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці фарміравання і работы псіхікі чалавека ў працэсе ваеннай службы, асабліва ва ўмовах бою. Як асобная дысцыпліна склалася на пач. 20 ст. Актуальныя праблемы ваеннай псіхалогіі — маральна-псіхал. настрой арміі, псіхал. гатоўнасць ваеннаслужачых, адносіны салдата да сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраення. Разглядае пытанні, звязаныя з фарміраваннем эмацыянальнай стойкасці і валявых якасцей воіна, уплывам умоў бою на псіхіку і псіхалогію воінскага калектыву, выяўленнем здольнасцей чалавека пераадольваць цяжкасці паходна-баявога жыцця, устанаўленнем псіхал. крытэрыяў падбору асабовага складу па родах войск, для спец. заданняў і інш.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́ХЕР

(Blücher) Гебхард Леберэхт фон Вальштат (Wahlstatt; 16.12.1742, г. Ростак, Германія — 12.9.1819),

прускі ваен. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1813), князь Вальштацкі (1814). Пачаў службу ў швед. арміі (1758). У час Сямігадовай вайны 1756—63 трапіў у прускі палон, стаў прускім афіцэрам (1760). Камандаваў кав. корпусам у вайну 1-й кааліцыі супраць рэсп. Францыі 1793—94, прускім авангардам у Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806, прускімі войскамі ў Памераніі (1807—11), рус.-прускай Сілезскай арміяй (1813) і інш. Асабліва вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813 і каля Ватэрлоо (1815). За свае ваен. поспехі празваны «маршал Уперад».

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАРАЎ Аляксандр Мітрафанавіч

(н. 30.5.1923, былое с. Нікалаеўка Самарскай вобл., Расія),

Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў Куйбышаўскае ваенна-пях. вучылішча (1942), курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу (1947), Куйбышаўскі пед. ін-т (1954). У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, Варонежскім, 1-м і 4-м Укр. франтах, удзельнік вызвалення Украіны, Чэхаславакіі, Польшчы. У ліст. 1943 пры фарсіраванні Дняпра каля Кіева ўзвод аўтаматчыкаў на чале з лейт. Бондараў авалодаў востравам, захапіў плацдарм на правым беразе ракі і адбіваў атакі да падыходу асн. сіл палка. Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН

(Braun) Вернер фон (23.3.1912, г. Выжыск, Польшча — 5.6.1977),

канструктар ракетнай і касм. тэхнікі. Вучыўся ў Цюрыхскім і Берлінскім тэхнал. ін-тах, Берлінскім ун-це. Гал. канструктар балістычнай ракеты «Фау-2», якая выкарыстана для абстрэлу Вялікабрытаніі і Нідэрландаў у час 2-й сусв. вайны. Адзін з кіраўнікоў ваен. даследчага ракетнага цэнтра Германіі ў Пенемюндзе (1937—45). З 1945 у ЗША, дзе ўзначальваў Службу праектавання і распрацоўкі ўзбраення арміі ЗША. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ракеты «Рэдстоўн», ракеты-носьбіты «Юпітэр», «Сатурн», ШСЗ «Эксплорэр», касм. караблі «Апалон».

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПЯЁНАК Мікалай Іванавіч

(н. 17.4.1919, в. Бярозна Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Канд. ваен. н. (1960). Скончыў авіяшколу Грамадз. паветр. флоту ў г. Балашоў (1939), ваенна-авіяц. школу (1940), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Ленінградскім, Паўн.-Зах., Калінінскім, Волхаўскім, Варонежскім, Сцяпным, 1-м і 2-м Укр. франтах. Нам. камандзіра эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў авіяпалка, капітан Гапяёнак зрабіў 198 баявых вылетаў. Да 1952 служыў у ВПС, да 1979 на ваенна-пед. рабоце.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ШАК Павел Антонавіч

(10.6.1925, в. Нованікалаеўка Фёдараўскага р-на, Башкортастан — 19.10.1994),

Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Скончыў пях. (1943) і танк. (1945) вучылішчы, Мінскі юрыд. ін-т (1951). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1943 на Варонежскім і 1-м Укр. франтах, санітар. Вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Кіеўскай вобл.: 22 вер. ў складзе перадавога атрада пераправіўся цераз раку, аказаў мед. дапамогу 26 сав. воінам, вынес з поля бою 32 параненых і іх зброю. Да 1946 у Сав. Арміі, потым у органах КДБ Беларусі.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВА́РДЫЯ

(італьян. guardia),

адборная прывілеяваная частка войска. У Стараж. Рыме — невял. атрады (кагорты) для аховы манархаў і палкаводцаў. Першыя фарміраванні, якія наз. гвардыяй, з’явіліся ў 12 ст. ў Італіі. У Расіі гвардыя створана Пятром І у 1680-я г. (Сямёнаўскі і Праабражэнскі лейб-гвардыі палкі; у ВМФ — у 1810). Распушчана ў 1918 у сувязі з ліквідацыяй старой арміі. Ва Узбр. Сілах СССР устаноўлена ў 1941 як ганаровае званне воінскіх часцей, злучэнняў, баявых караблёў. У 1942 уведзены гвардзейскія званні, устаноўлены нагрудны знак; гвардзейскім часцям, злучэнням і аб’яднанням уручаліся гвардзейскія сцягі.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЧЫК Канстанцін Васілевіч

(н. 27.9.1918, в. Сорагі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

генерал-палкоўнік (1976). Канд. ваен. н. (1968). Скончыў Артыл. акадэмію імя Дзяржынскага (1950). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м і 4-м Укр. франтах: камандзір узвода, батарэі, дывізіёна, нач. штаба палка, брыгады. Удзельнік баёў пад Бабруйскам, Рослаўлем, Бранскам, Яльцом, Варонежам, Курскам, Львовам, Прагай. У 1954—89 на выкладчыцкай рабоце, нач. касмадрома Байканур, камандуючы ракетнай арміяй СССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ЗСКІ Міхаіл Андрэевіч

(н. 21.11.1918, Кіеў),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Школу кінаакцёра пры кінастудыі «Масфільм» (1940). У 1940—46 у Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, з 1946 у Тэатры-студыі кінаакцёра. З 1939 здымаецца ў кіно. Вострахарактарны акцёр, майстар эпізода. Стварыў псіхалагічна глыбокія, унутранаканфліктныя характары ў фільмах: «У агні броду няма», «На вайне як на вайне», «Місія ў Кабуле», «Бег», «Прыйшоў салдат з фронту» (Дзярж. прэмія Расіі 1973), «Маналог», «Полымя» (Сярэбраны медаль імя А.Даўжэнкі, 1975), «Апошняя ахвяра», «Спыніўся поезд», «Без сонца», «Паміраць не страшна» і інш.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕС-І-БА́ЭС

(Gómez y Báez) Максіма (18.11.1836, г. Бані, Дамініканская Рэспубліка — 17.6.1905),

адзін з кіраўнікоў нац.-вызв. руху кубінскага народа. У 1861—65 удзельнічаў у вайне за незалежнасць Дамініканскай Рэспублікі ад Іспаніі. У час нац.-вызв. вайны 1868—78 на Кубе стаў генералам арміі паўстанцаў, на чале якіх разбіў ісп. войскі каля Пала-Сека (1873), Наранха (1874), Гуасімаса (1874) і інш. Пазней у эміграцыі. З крас. 1895 зноў на Кубе, галоўнакаманд. арміяй паўстанцаў. Пасля ісп.-амер. вайны 1898 і акупацыі Кубы войскамі ЗША (студз. 1899) быў вымушаны распусціць сваю армію.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)