жанр мастацтва, які аб’ядноўвае ігравое кіно, мультыплікацыю, музыку, рэкламу, запісаныя на відэастужку. Выяўленчыя сродкі грунтуюцца вакол сюжэтнай фабулы або каскаду спецэфектаў, падпарадкаваных рытмічнай канструкцыі муз. асновы. Пачаткам жанру лічыцца відэакліп «Багемская рапсодыя», створаны ў 1975 рэжысёрам Б.Говерсам як рэкламны ролік аднаго з новых альбомаў гурта «Куін» (Вялікабрытанія). Сярод найб. вядомых стваральнікаў кліпаў: П.Кэры (ЗША), М.Вейш (Германія), Э.Дыянісіюш (Аўстралія), С.Джонсан (Вялікабрытанія), М.Джоджэган (Швецыя) і інш. На Беларусі відэакліп з’явіўся ў сярэдзіне 1980-х г. у сувязі з узнікненнем нац. плыні ў маскультуры. У гэтым жанры вызначыліся рэжысёры Э.Гатоўскі, Г.Шувагін, С.Шынкарэнка, якія стварылі кліпы з удзелам гуртоў «Рэй», «Бонда», «Крама», «Рокіс». Яны выкарыстоўваюць сюжэтныя і мазаічныя канструкцыі будовы відэакліпа і іх сінтэз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ МЕ́ДЫКА-ХІРУРГІ́ЧНАЯ АКАДЭ́МІЯ,
вышэйшая навуч. ўстанова ў Вільні ў 1832—42. Створана на базе мед. ф-та Віленскага універсітэта, які быў закрыты ў 1831. Выкладанне вялося на лац., рус. і польск. мовах. Прафесары акадэміі: А.Абіхт, А.Адамовіч, С.Горскі, Ф.Джавінскі, Ю.Каранеўскі, І.Лабойка, К.Парцянка, І.Якавіцкі і інш. Студэнты акадэміі працягвалі традыцыі філаматаў і філарэтаў. У 1836—38 тут існавала тайная арг-цыя «Дэмакратычнае таварыства», разгром якой вызначыў лёс акадэміі (у 1842 яна закрыта распараджэннем Мікалая I). Б-ка акадэміі (больш за 20 тыс. тамоў), кабінеты, гербарыі перавезены ў Кіеўскі ун-т, дзе на іх базе створаны мед.ф-т. Дзейнасць акадэміі на 10 гадоў падоўжыла навук. і пед. традыцыі, закладзеныя Віленскім ун-там.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання, найб. ранні спіс «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Захаваўся ў гіст. зборніку канца 15 — пач. 16 ст., які зберагаецца ў Вільнюсе. Паходзіць з Усх. Беларусі, знойдзены ў Полацку ў 19 ст. Апрача «Летапісца» ў рукапісе змешчаны і Аўрамкі летапіс. Спіс дэфектны, канец тэксту не збярогся. Абрываецца на апавяданні пра загадкавую смерць у Кіеве кн. Скіргайлы.
Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад часоў Гедзіміна да Вітаўта, пададзеная ў форме займальнай гіст. аповесці з драматычна напружаным сюжэтам. Віленскі летапіс напісаны дзелавым стылем старабел. літаратурнай мовы з выкарыстаннем месцамі кніжных архаічных, стараж.-рус. і царк.-слав. элементаў. Упершыню апублікаваны А.Бычковым у 1893, перавыдадзены ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 17. СПб., 1907; т. 35. М., 1980).
тэатральны мастак. Нар. мастак Грузіі (1958) і СССР (1976). Акад.АМСССР (1975). Вучыўся ў Тбіліскай (1926) і Ленінградскай (1928—31) АМ, Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це ў Маскве (1927—28). Гал. мастак Т-ра оперы і балета імя З.Паліяшвілі ў Тбілісі (1932—36) і Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава (1940—41, 1945—62). Яго работы ў афармленні оперных і балетных спектакляў адметныя ўменнем ствараць абагульнены вобраз, які адпавядае эмацыянальнай палітры музыкі: оперы «Даісі» Паліяшвілі, «Сям’я Тараса» Дз.Кабалеўскага, балеты «Спартак» А.Хачатурана, «Ангара» А.Эшпая, «Раймонда» А.Глазунова і інш. Аўтар касцюмаў для фільмаў «Гамлет», «Кароль Лір». Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1977, Ленінская прэмія 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНУ,
у вішнуізме і індуізме адзін з асн. (нароўні з Брахмам і Шывам) багоў; ахоўнік, увасабленне вечна жывой прыроды, энергіі, што ўладкоўвае космас. Уяўлялі прыгожым юнаком (часам з чатырма рукамі) з цёмна-сінім колерам скуры. Жонка Вішну Лакшмі — багіня шчасця і дабрабыту. Паводле эпасу, у канцы кожнага сусв. цыкла Вішну ўбірае ў сябе сусвет і ўпадае ў сон, лежачы на змеі Шэшы, які плавае ў сусв. акіяне. Калі Вішну прачынаецца і задумвае новае тварэнне, з яго вырастае лотас, з якога з’яўляецца Брахма і стварае сусвет. Звычайнае месцазнаходжанне Вішну — вяршыня гары Меру. Вядомы аватары Вішну (цялесныя ўвасабленні) у выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка і інш.
А.В.Гурко.
Вішну, Брахма, Лакшмі на змеі Шэшы. Сярэдневяковы малюнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Вовк) Фёдар Кандратавіч
(17.3.1847, с. Крачкоўка Палтаўскай вобл., Украіна — 30.6.1918),
украінскі этнограф, антраполаг, археолаг. Вучыўся ў Новарасійскім (Адэскім) і Кіеўскім ун-тах. За ўдзел ва ўкр.нац. руху цярпеў ганенні. У 1879—1905 у эміграцыі ў Францыі. З 1907 прыват-дацэнт, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. Удзельнічаў у выданні «Кабзара» Т.Р.Шаўчэнкі (Прага, 1876), «Матэрыялаў да ўкраінска-рускай этналогіі» (з 1899), якія выпускала Этнагр. камісія Навук.т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове. У працах «Антрапалагічныя асаблівасці ўкраінскага народа» і «Этнаграфічныя асаблівасці ўкраінскага народа» (абедзве 1916) адмаўляў агульнасць культур укр., рус. і бел. народаў, лічыў, што ўкраінцы па антрапал. прыкметах складаюць адзіны тып, які рэзка адрозніваецца ад антрапал. тыпу рускіх і беларусаў. Даследаваў палеаліт. Мезінскую стаянку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАДКІ,
вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. За 20 км ад горада і чыг. ст. Гарадок, 60 км ад Віцебска. 79 ж., 41 двор (1996). Вайсковыя могілкі. Археал. помнік — гарадзішча ранняга жал. веку і курганны могільнік крывічоў 10—11 ст.
Упершыню ўпамінаюцца ў 1570 як сяло дзярж. Усвяцкай вол. Віцебскага ваяв.ВКЛ. З 1633 ва ўладанні Рудамінаў-Дусяцкіх. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр прыватнага маёнтка, які належаў памешчыку фон Крузе. Вышадкі ўваходзілі ў Суражскі пав., з 1866 — цэнтр воласці Гарадоцкага пав. Віцебскай губ.; царква, 3 кірмашы на год. З 1923 у Віцебскім пав., з 1924 у Межанскім, з 1931 у Гарадоцкім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў жн. 1942 спалілі вёску, загубілі 12 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАТКО́ (Віктар Васілевіч) (н. 3.12.1934, с. Венцы-Зара Краснадарскага краю, Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969, 1977), лётчык-касманаўт СССР (1969), ген.-маёр авіяцыі (1983). Скончыў Батайскае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1956), Ваенна-паветр.інж. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1968). У 1960—78 у атрадзе касманаўтаў. 12—17.10.1969 з А.В.Філіпчанкам і У.М.Волкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-7», які выконваў групавы палёт з касм. караблямі «Саюз-6» і «Саюз-8»; 7—25.2.1977 з Ю.М.Глазковым — палёт на касм. караблі «Саюз-24» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-5»; 23—31.7.1980 (як камандзір) з Фам Туанам — на караблі «Саюз-37» і арбітальнай станцыі «Салют-6». Правёў у космасе 30,53 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ, палявая астраномія,
раздзел практычнай астраноміі, які для патрэб геадэзіі і картаграфіі распрацоўвае метады вызначэння геагр. каардынат пунктаў і азімутаў ліній на зямной паверхні з дапамогай астр. назіранняў. Многія яе спосабы вызначэнняў шыраты, часу і азімута засн. на вымярэнні зенітных адлегласцей свяціл; даўгата вызначаецца з рознасці паміж знойдзеным мясц. зорным часам і грынвіцкім часам для сярэдняга моманту назіранняў. Пункт на мясцовасці, геагр. каардынаты і азімут напрамку якога на другі пункт знойдзены з дапамогай астр. назіранняў, наз.астр. пунктам. Геадэзічная астраномія займаецца апісаннем і тэорыяй астр. прылад, неабходных пры вызначэнні астр. каардынат пунктаў, распрацоўкай спосабаў вызначэння часу, шыраты, даўгаты і азімута, метадаў астр. вымярэнняў у палявых умовах і апрацоўкі даных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАР ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,
прылада для дыскрэтнага або неперарыўнага ўзнаўлення параметраў эл. велічыні (напружання, сілы току) у пэўным дыяпазоне. Выхадная магутнасць генератара вымяральнага да 10 Вт. Прызначаны для выпрабаванняў і настройвання радыётэхн. апаратаў, выліч. тэхнікі, прылад аўтаматыкі і інш.
Паводле формы сігналаў адрозніваюць генератар вымяральны гарманічных эл. ваганняў, сігналаў спец. формы (трохвугольнай, пілападобнай, прамавугольнай і інш.), свіп-генератары, шумавых сігналаў, выпадковых сігналаў з пэўнымі імавернаснымі характарыстыкамі, паводле частотнага дыяпазону — інфранізкачастотныя (умоўна ад 0 да 20 Гц), нізкачастотныя (ад 20 Гц да 200 кГц) высокачастотныя (30 кГц — 30 МГц), звышвысокачастотныя (30 МГц — 10 ГГц з кааксіяльным выхадам; 10 — 80 ГГц з хваляводным выхадам). Асн. патрабаванні: стабільнасць частаты, амплітуды і формы выхадных сігналаў ва ўсім дыяпазоне частот, дасканалае экранаванне для выключэння лішкавага ўздзеяння на апарат, які выпрабоўваецца.