АПАСТЭРЫЁРЫ І АПРЫЁРЫ (лац. a posteriori літар. з наступнага, a priori літар. з папярэдняга),
апастэрыёры — веды, атрыманыя з вопыту, апрыёры — веды, якія папярэднічаюць вопыту і атрыманы да і незалежна ад яго, першапачаткова ўласцівыя свядомасці. Супрацьпастаўленне апастэрыёры і апрыёры найбольш адлюстравана ў рацыяналізме новага часу (Дэкарт, Лейбніц), паводле якога існуюць усеагульныя і неабходныя ісціны, якія ў аснове адрозніваюцца ад выпадковых ісцін, набытых апастэрыёрным (вопытным) спосабам. Такое супрацьпастаўленне характэрна і для філасофіі Канта, які прызнаваў наяўнасць усеагульных і неабходных ісцін, лічыў крыніцай іх безумоўнасці (ападыктычнасці) апрыёрнасць. Кант прызнаваў апрыёрнымі толькі спосаб арганізацыі ведаў, іх форму, якая напаўняецца апастэрыёрным зместам, робіць магчымым існаванне ўсеагульных і неабходных тэарэт. сцвярджэнняў.
Літ.:
Кант И. Соч.Т. 3. М., 1964;
Швырев В.С. Теоретическое и эмпирическое в научном познании. М., 1978.
савецкі фізіёлаг. Акад.АНСССР (1935, чл.-кар. 1932). Акад.АНАрм. ССР (1943). Акад.АМНСССР (1944). Ген.-палкоўнік мед. службы. Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1904). Вучань і супрацоўнік І.П.Паўлава. Працаваў у н.-д. і вышэйшых навуч. установах Пецярбурга, Масквы, У 1936—50 дырэктар Ін-та фізіялогіі, з 1950 Ін-та эвалюц. фізіялогіі АНСССР. У 1942—46 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Навук. працы па адаптацыйна-трафічнай ролі сімпатычнай нерв. сістэмы. Адзін са стваральнікаў сав. школы фізіёлагаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Прэмія імя І.П.Паўлава АНСССР (1937). Прысуджалася прэмія АНСССР яго імя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАШЫ́Н (Яўген Аляксеевіч) (17.1.1918, с. Уінскае Пермскай вобл., Расія — 5.7.1969),
матэматык. Акад.АН Беларусі (1966), д-рфіз.-матэм.н., праф. (1951). Скончыў Уральскі ун-т (1940). З 1943 ва Уральскім політэхн. ін-це і Матэматычным ін-це АНСССР (Свярдлоўскае аддз.). З 1966 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, адначасова выкладаў у БДУ. Навук. даследаванні па дыферэнц. ураўненнях, тапалогіі і сучасных праблемах прыкладной матэматыкі. Распрацаваў эфектыўныя спосабы пабудовы функцый Ляпунова, тэорыю стабілізацыі сістэм з пераменнай структурай. Дзярж. прэмія СССР 1972.
Тв.:
Введение в теорию устойчивости. М., 1967;
Динамические системы с цилиндрическим фазовым пространством. М., 1969 (разам з В.А.Табуевай);
Функции Ляпунова. М., 1970.
Літ.:
Еругин Н.П., Красовский Н.Н. Е.А.Барбашин: (К 50-летию со дня рождения) // Дифференциальные уравнения. 1967. Т. 3, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБІЗО́НСКАЯ ШКО́ЛА,
група франц. жывапісцаў — майстроў рэаліст. пейзажа 1830—60-х г. Назва ад вёскі Барбізон каля Фантэнбло, дзе працавалі мастакі гэтай групы (Т.Русо, Ж.Дзюпрэ, Н.Дзіяз, Ш.Ф.Дабіньі, К.Труаён, Ш.Жак, Р.Банёр і інш.).
Аснова іх метаду — пейзаж з натуры. Насуперак акад. тэорыям яны адлюстроўвалі не мясціны, слынныя прыгажосцю, а звычайныя куткі роднага краю ў розныя поры года і сутак. Распрацавалі методыку танальнага жывапісу тонкімі валёрамі, светлавымі і колеравымі нюансамі (гл.Пленэр). Каларыт пейзажаў Барбізонскай школы няяркі, змякчаны карычневымі і шэрымі тонамі. На жывапісныя прыёмы Барбізонскай школы ўплывалі галанд. мастакі 17 ст. і англ. пейзажысты Дж.Констэбл і Р.Бонінгтан. Традыцыі Барбізонскай школы ў сваю чаргу паўплывалі на развіццё рэаліст. кірунку ў жывапісе інш.еўрап. краін.
Літ.:
Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТНЯ́НСКІ (Дзмітрый Сцяпанавіч) (1751, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 10.10.1825),
рускі кампазітар і дырыжор. З 1758 у Пецярбургскай прыдворнай пеўчай капэле, з 1796 яе кіраўнік, ператварыў капэлу ў цэнтр нац. харавой культуры. У 1769—79 вучыўся ў Італіі. Кампазіцыі вучыўся ў Б.Галупі. Майстар харавога пісьма а капэла. Асн. дасягненні ў галіне хар. духоўнай музыкі (т. 1—10, 1881—82). Стварыў новы тып рус.хар. канцэрта, дзе выкарыстаў дасягненні ў галіне оперы і інстр. музыкі. Пісаў і свецкія хары (напр., кантата «Спявак у стане рускіх воінаў» на сл. В.Жукоўскага, 1812). Аўтар опер «Крэонт» (1776), «Алкід» (1778), «Сокал» (1786), «Сын-сапернік, ці Новая Стратоніка» (1787), камерна-інстр. твораў, харавых цыклічных канцэртаў, санат для клавіра, рамансаў і інш.
Літ.:
Рыцарева М. Композитор Д. Бортнянский: Жизнь и творчество. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́ЗДЗІН (Сяргей Аляксеевіч) (22.7.1926, Масква — 4.3.1991),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1958). У 1966—91 гал. рэдактар час. «Дружба народов». Аўтар раманаў «Паўтарэнне пройдзенага» (1964), «Аповесці пра жанчын» (1967), «Лізавета Паўлаўна» (1979), аповесцяў «Само сабой» (1980), «Час лістападу» (1982; пра партыз. рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Я люблю нашу вуліцу...» (1969), «Тое, што было ўчора» (1975), «Вершы мінулых гадоў» (1983), а таксама кн. «Людзі і кнігі. Літаратурныя нататкі» (1978). Пісаў творы для дзяцей. Выступаў з артыкуламі пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, І.Мележа, М.Танка, А.Адамовіча, В.Быкава, І.Шамякіна, І.Чыгрынава, В.Казько. На бел. мову перакладзены кн. Баруздзіна «Месяц і сонца» (1972; пер. А.Марціновіч), «Краіна, дзе мы жывём» (1977; пер. Е.Лось).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в.Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.). Закладзены ў сярэдзіне 18 ст. Парк рэгулярнага тыпу, размешчаны на правым пакатым беразе р. Ула, аформлены 3 шырокімі тэрасамі. Цэнтрам сіметрычна-восевай кампазіцыі быў мураваны палац (закладзены ў 1769, не збярогся), перад якім размяшчаўся авальны партэр. Папярочная алея на восі У—З падзяляе парк на 2 зоны. На Пд ад палаца масіў ліп і таполяў, пасаджаных па рамбічнай планіровачнай сетцы. У тэраснай частцы парку, аформленай газонамі, шпалерамі, баскетамі, лабірынтам, фантанам, раслі ліпы, бэз персідскі, гартэнзія мяцёлчатая і інш. У вуглавых частках парку — штучныя вадаёмы. Гасп. мураваныя будынкі ў стылі класіцызму. Пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 52—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ДЗЕНЬ»,
штотыднёвая грамадска-паліт., сельскагаспадарчая і літ. газета. Выдавалася з 7.3.1927 да 1928 у Вільні на бел. мове т-вам «Пагонь». Яе кірунак вызначаны ў дэкларацыі «Да беларускага сялянства» (1927, № 1), дзе абвяшчалася, што газета будзе абараняць паліт. правы бел. селяніна, нар. культуру і школу, усебакова асвятляць жыццё селяніна-беларуса і ў Польшчы і ў Сав. Беларусі. Фактычна ж пераважала паланафільская арыентацыя, падтрымлівала паліт. платформу Ю.Пілсудскага. Узнімала пытанні паляпшэння польска-бел. адносін, патрабавала для беларусаў роўных з усімі грамадзянамі правоў, гарантаваных канстытуцыяй. Шмат увагі аддавала праблемам бел. школы. Змяшчала матэрыялы з гісторыі БНР, газеты «Наша доля», пра бел.нар. творчасць; рабіла агляды бел.культ. жыцця, перыёдыкі, кніжных навін; змяшчала творы М.Багдановіча, А.Бартуля, М.Васілька, М.Краўцова, Ф.Умястоўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад бія... + люмінесцэнцыя),
свячэнне жывых арганізмаў, абумоўленае біяхім. працэсамі; від хемалюмінесцэнцыі. Уласціва некаторым бактэрыям, ніжэйшым раслінам, грыбам, насякомым (жукі-светлякі і інш.), беспазваночным, рыбам. Вельмі пашырана сярод марскіх жывёл.
У большасці выпадкаў біялюмінісцэнцыя ўзнікае ў выніку ферментатыўнага акіслення асобных рэчываў — люцыферынаў. Частка малекул люцыферынаў за кошт вызваленай пры гэтым хім. энергіі пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры вяртанні ў асн. стан яны выпраменьваюць святло. Біялюмінісцэнцыя выкарыстоўваецца для асвятлення і прынады здабычы (напр., у глыбакаводных рыб), для перасцярогі, адпужвання або адцягвання ўвагі драпежнікаў, у якасці сігналу для сустрэчы самцоў і самак у шлюбны перыяд (розныя віды светлякоў).
Літ.:
Мак-Элрой У.Д., Зелигер Г.Г. Происхождение и развитие биолюминесценции // Горизонты биохимии: Пер. с англ.М., 1964;
Тарусов Б.Н. Сверхслабое свечение живых организмов. М., 1972.
аўстрыйскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў класічнай стат. фізікі. Чл. Венскай (1895), Пецярбургскай (1899) і інш.АН. Скончыў Венскі ун-т (1866). Праф. ун-таў у Грацы (1869—73, 1876—89), Вене (1873—76, 1894—1900 і з 1903), Мюнхене (1889—94) і Лейпцыгу (1900—02). Навук. працы па кінетычнай тэорыі газаў, тэрмадынаміцы, тэорыі выпрамянення, матэматыцы, механіцы і інш. Разам з Дж.К.Максвелам распрацаваў Больцмана статыстыку, устанавіў сувязь паміж энтрапіяй і тэрмадынамічнай імавернасцю (гл.Больцмана прынцып), заклаў асновы тэорыі неабарачальных працэсаў, у 1884 тэарэтычна адкрыў адзін з законаў цеплавога выпрамянення (гл.Стэфана—Больцмана закон выпрамянення). Адстойваў матэрыялістычныя пазіцыі ў фізіцы і тэорыі пазнання, абвергнуў гіпотэзу «цеплавой смерці» Сусвету.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки. М., 1989. С. 540.