АРША́НСКАЕ ПРА́ВА,

своеасаблівы юрыдычны статут гар. саслоўя, які ў адпаведнасці з нормамі магдэбургскага права сфарміраваўся ў г. Орша на працягу 14—17 ст. Органы самакіравання Оршы зацверджаны вял. князем у 16 ст. У 1620 горад атрымаў прывілей на поўнае магдэбургскае права, на падставе якога аршанцы ў сак. 1621 склалі ўласны статут з 23 раздзелаў. Статут рэгуляваў дзейнасць гар. рады, яе судовыя функцыі, маёмасныя і асабістыя адносіны жыхароў горада. Аршанскае права аспрэчвала юрыд. аўтарытэт магдэбургскага права, адхіляла тыя яго нормы, якія не адпавядалі ўмовам жыцця бел. горада 17 ст., а таксама ўстарэлыя нормы вечавога права. Патрэбныя нормы былі ўзяты са Статута ВКЛ 1588, статутаў Вільні і Кракава, пастаноў соймаў і вопыту тагачаснага гар. жыцця.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕМЯНЕ́ННЕ,

працэс, які забяспечвае ў жывёл сустрэчу палавых клетак — яец і сперматазоідаў; папярэднічае апладненню. Поспех асемянення забяспечваецца адначасовым выспяваннем гамет абодвух палоў. Вонкавае асемяненне ўласціва большасці жывёл, якія жывуць або размнажаюцца ў вадзе (кольчатыя чэрві, двухстворкавыя малюскі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, бясчэрапныя, кругларотыя, большасць рыб, бясхвостыя земнаводныя). Унутранае асемяненне ўласціва некаторым водным і пераважнай большасці наземных жывёл (плоскія і круглыя чэрві, многія членістаногія і малюскі, большасць пазваночных — акулападобныя, хімеравыя і некаторыя касцістыя рыбы, вышэйшыя пазваночныя). Прамежкавы тып асемянення — вонкава-ўнутранае, пры якім самец выдаляе сперму (у выглядзе кропелек семявай вадкасці ці сперматафораў) у знешняе асяроддзе, на субстрат, пасля чаго яе захоплівае самка; характэрны для многіх ніжэйшых членістаногіх, што жывуць у вадзе, і хвастатых земнаводных. Штучнае асемяненне шырока выкарыстоўваюць пры развядзенні рыб і с.-г. жывёл.

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРЫ́М (Паўлюк) (Павел Восіпавіч; 14.11.1812, в. Крошын Баранавіцкага р-на — 1891 ?),

бел. паэт. Сын каваля. Вучыўся ў Крошынскай парафіяльнай школе. За распаўсюджанне антыпрыгонніцкіх вершаў, у т. л. «Рабункі мужыкоў» Я.​Баршчэўскага, здадзены ў рэкруты (дакументальна не пацверджана). Працаваў кавалём у Крошыне. У мясц. касцёле зберагаецца металічная люстра работы Багрыма — узор маст. коўкі. Захаваўся адзін верш Багрыма — «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», апубл. навагрудскім юрыстам І.​Яцкоўскім («Аповесць з майго часу», Лондан, 1854). Верш — шэдэўр бел. лірыкі 19 ст., які кранае сілай пратэсту супраць прыгону, глыбінёй пачуцця, арганічнасцю формы і зместу. У 1985 у Крошыне адкрыты музей нар. мастацтва і рамёстваў імя Багрыма.

Літ.:

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Паўлюк Багрым. Мн., 1994.

П.Багрым. Скульптар З.​Азгур.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУ́Н (Ledum),

род кветкавых раслін сям. верасовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў халодных і ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі ўсюды трапляецца багун балотны (Ledum palustre). Расце на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах, утварае зараснікі.

Шматгадовазялёны куст выш. 30—120 см з прамастойным галінастым сцяблом. Верхавінкі маладых галінак, кветаножкі і лісце знізу ўкрытыя ржава-бурым лямцам. Лісце чаргаванае, лінейна-падоўжанае, на кароткіх чаранках, шчыльнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белыя, адурманьвальна-духмяныя, у верхавінкавых парасонападобных шчытках. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек. (адхарквальны сродак), інсектыцыдная і меданосная расліна. Мае ў сабе дубільныя і фарбавальныя рэчывы, ядавіты — гліказіды арбуцін і андрамедатаксін, да 7,5% эфірнага алею з рэзкім пахам і горкім смакам, які валодае раздражняльным і наркатычным дзеяннем, у значных дозах паралізуе нерв. сістэму.

Багун балотны.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ АДЗІНАФРАНТАВЫ́ МІ́ТЫНГ ПРАЦО́ЎНЫХ 1936 у Заходняй Беларусі.

Адбыўся ў лют. 1936 пад кіраўніцтвам адзінафрантавога к-та, у які ўваходзілі прадстаўнікі гар. арг-цый КПЗБ, ППС, Бунда, «Паалей Цыёна». Удзельнічала 5 тыс. працоўных г. Баранавічы і сялян навакольных вёсак. На мітынгу прадстаўнікі розных паліт. партый гаварылі пра нац. прыгнёт, беспрацоўе, перапоўненыя палітвязнямі турмы, размах забастовачнай барацьбы ў Зах. Беларусі, заклікалі аб’яднацца ў нар. фронт для сумеснай барацьбы супраць наступу рэакцыі і пагрозы новай сусв. вайны. Абвяшчаліся заклікі: «Далоў вайну!», «Мы хочам міру!», «Вызваліць з турмаў палітзняволеных!» і інш. Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю пратэсту супраць рэакцыйнай унутр. і знешняй палітыкі ўрада Польшчы, выказаліся за аб’яднанне працоўных у нар. фронт для барацьбы супраць фашызму і вайны.

І.​Ф.​Дзяшко.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭО́Н (ад грэч. osteon косць),

гаверсава сістэма, структурная адзінка кампактнага губкаватага рэчыва касцей пазваночных жывёл і чалавека. Утвараецца пры замяшчэнні храсткоў касцявой тканкай, што суправаджаецца іх разбурэннем, урастаннем у іх крывяносных сасудаў і адкладаннем вакол іх астэабластамі міжклетачнага рэчыва, якое пасля мінералізуецца. У выніку фарміруецца сістэма з 5—20 касцявых пласцінак, складзеных з калагенавых валокнаў, рознанакіраваных (пад вуглом) у кожнай з сумежных пласцінак, што надае косці высокую мех. трываласць. Пласцінкі канцэнтрычна акружаюць цэнтральны (гаверсаў) канал, праз які праходзяць крывяносны сасуд і нерв. валокны. У поласці паміж пласцінкамі месцяцца астэацыты. Сістэма рацыянальных трафічных канальцаў у астэоне забяспечвае жыўленне косці і сувязь (апастамоз) цэнтр. крывяносных сасудаў астэона з сасудамі надкосніцы і касцявога мозга. Паміж суседнімі астэонамі ёсць т.зв. ўставачныя, або прамежкавыя, касцявыя пласцінкі.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎГУСЦІНІЯ́НСТВА,

кірунак у сярэдневяковай схаластыцы, які ўзнік пад уплывам ідэй Аўгусціна Блажэннага. У тэалогіі прыхільнікі аўгусцініянства аддавалі перавагу т.зв. анталагічным доказам існавання Бога, напрыклад, праводзілі аналогію паміж трыма здольнасцямі душы (памяць, розум і воля) і трыма абліччамі тройцы. У гнасеалогіі яны лічылі веру перадумовай усякіх ведаў. Да 12 ст. аўгусцініянства было пануючым кірункам (яму процістаялі толькі пантэізм Іаана Скота Эрыўгены, наміналізм І.​Расцэліна і П.​Абеляра і крайнія ерэтычныя пазіцыі). У 13—14 ст. у барацьбе супраць тамізму ідэі аўгусцініязму адстойвалі Банавентура, Іаан Пека, Дунс Скот. У эпоху рэфармацыі і контррэфармацыі іх развівалі М.​Лютэр, Дж.​Серынада, Г.​Норыс, Л.​Берці і інш. Водгаласы крытыкі тамізму з пазіцый аўгусцініянства сустракаліся і пазней у каталіцкай рэліг. філасофіі і ў інш. філас. вучэннях і плынях.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛАПІТЭ́К (ад лац. australis паўднёвы + грэч. pithēkos малпа),

найбольш прымітыўны від чалавека, першы прадстаўнік сям. гамінідаў. З’явіўся ў Афрыцы каля 5—4 млн. г. назад. Аўстралапітэкі мелі невял. рост (120—130 см), вагу (да 40 кг) і аб’ём галаўнога мозга (435—600 см³), масіўныя сківіцы, моцна выражаныя надброўныя дугі, пакаты лоб, падбародак адсутнічаў. Хадзілі на дзвюх нагах, былі здольныя вырабляць найпрасцейшыя каменныя прылады. Унутры віду аўстралапітэкаў вылучаюць падвіды: аўстралапітэк з Афара (australis afarensis), аўстралапітэк афрыканскі (australis afrikanus), аўстралапітэк масіўны (australis robustus, іншая назва парантрап), аўстралапітэк Бойса (australis boisei, іншая назва зінджантрап). Некаторыя вучоныя адносяць да аўстралапітэкаў і чалавека ўмелага (Homo habilis) — першага прадстаўніка роду Homo, які, верагодна, паходзіў ад аўстралапітэка з Афара ці афрыканскага.

Л.​І.​Цягака.

Аўстралапітэк афрыканскі. Рэканструкцыя. Мастак З.​Бурыян.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХВЯРАПРЫНАШЭ́ННЕ,

абрад прынясення дароў Богу (багам), духам, святым і інш.; абавязковая частка рэліг. культу. Ахвярапрынашэнне звязваюць з традыцыяй задабрэння і ўміласціўлення духаў, з верай у чарадзейную сілу ахвярнай жывёлы і інш. У гісторыі ўсіх рэлігій вядомы розныя формы ахвярапрынашэння — ад простых («пырсканне», «узліванне» ў гонар духаў і багоў перад ежай і піццём, кармленне фетышаў) да крывавых і жорсткіх чалавечых ахвярапрынашэнняў у некаторых стараж. народаў. Паводле хрысц. вучэння, Ісус Хрыстос, які прыняў смерць на крыжы, прынёс сябе ў ахвяру за ўсіх людзей і гэтым пазбавіў іх ад неабходнасці ахвярапрынашэння. Тым не менш ахвярапрынашэнне ў хрысціянстве захавалася ў форме прычашчэння святых дароў, прынашэнняў у храмы, каджэння фіміямам і гэтак далей. Разнавіднасцю ахвярапрынашэння можна лічыць манаства, рэліг. аскетызм, царк. пасты і інш.

В.​В.​Краснова.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕ́ЙСКІ САЮ́З,

палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзам за гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім саюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)