ВІКТЫМАЛО́ГІЯ (ад лац. victima ахвяра + ...логія),
навука, што даследуе псіхал. і маральныя рысы асобы — ахвяры злачынства і любыя формы праяўлення грамадскай паталогіі, у выніку якіх прычыняецца шкода асобе. У больш вузкім сэнсе (у т. л. ў крыміналогіі) вывучае тыпы ахвяр — віноўнікаў злачынства, чые паводзіны могуць быць небяспечнымі для іх саміх і ствараюць павышаную верагоднасць замаху на іх; умовы, спрыяльныя для ўчынення злачынства; даследуе сувязі ахвяры і злачынца, ролю ахвяры ва ўчыненым злачынстве, а таксама адносіны да ахвяры органаў правасуддзя.
фінскі біяхімік; заснавальнік фінскай навук. школы тэхн. біяхіміі. Чл. Фінскай акадэміі навук і л-ры (1927). Скончыў Гельсінгфорскі ун-т (1916). У 1924—48 у Хельсінскім ун-це, адначасова з 1931 дырэктар Біяхім. ін-та. Навук. працы па біяхіміі кармоў. Распрацаваў метад кансервацыі зялёных кармоў падкісленнем сумессю кіслот (салянай і сернай) да pH 4, што спыняе бактэрыяльныя і ферментатыўныя працэсы («АІВ-метад» наз. па яго ініцыялах), метады кансервавання малака і малочных прадуктаў. Нобелеўская прэмія 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАК,
традыцыйная рыбалоўная снасць у беларусаў; сеткавы мяшок, прымацаваны ў ніжніх частках да двух шастоў (дзядоў). Для лепшага затаплення да мяшка прывязвалі камень. У час лоўлі мяшок адкрытай часткай быў накіраваны ў напрамку цячэння. Аб злоўленай рыбе даведваліся па паторгванні шнуроў (старажоў), што мацаваліся да верхняй плоскасці мяшка і ўтрымлівалі яго ў адкрытым стане. Лавілі волак з дзвюх лодак. Выкарыстоўвалі волак і без шастоў (на Дняпры); мяшок цягнулі за лодкамі на вяроўках. Вядомы на ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́Н,
насычаны вуглевадарод нармальнай будовы, CH3(-CH2)6-CH3. Бясколерная вадкасць, мае спецыфічны пах, tкіп 125,6 °C, шчыльн. 0,702∙103кг/м³, не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў спіртах, ацэтоне, эфіры. Актанавы лік 17—19. У пэўных умовах ператвараецца ў араматычныя вуглевадароды (о-ксілол, этылбензол і інш.), што выкарыстоўваюцца ў працэсах каталітычнага рыформінгу.
Атрымліваюць рэктыфікацыяй бензінавых фракцый нафты і сінт. бензінаў. Мае 17 ізамераў, 2 з іх (трыметылпентан і тэтраметылбутан) з высокім актанавым лікам (97—105) — кампаненты маторнага паліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКАНО́ІДНАЯ РА́СА,
адгалінаванне вял. мангалоіднай расы, уключае карэннае насельніцтва Амерыкі — індзейцаў. Асн. прыкметы чалавека амерыканоіднай расы — прамыя чорныя валасы, цёмныя вочы, скура з бурым адценнем, вял. твар, вусы і барада растуць слаба. Сярод прадстаўнікоў амерыканоіднай расы адсутнічаюць рэзус-адмоўныя індывідуумы, амаль усе яны маюць 0 (І) групу крыві, што разам са слаба развітой мангольскай складкай павека і адносна буйным носам адрознівае амерыканоідаў ад мангалоідаў. Індзейцы складаюць значную частку сучаснага насельніцтва ў краінах Паўд. Амерыкі, у Паўн. Амерыцы іх засталося няшмат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІЯ́ЦКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (Asian Development Bank; АзБР),
рэгіянальны міжнар. банк для фінансавання праграм развіцця. Створаны ў 1966. Члены больш як 40 краін Азіі, Еўропы, Акіяніі, у т. л. 14 развітых краін, якія не ўваходзяць у гэты рэгіён (ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Канада і інш.). Штаб-кватэра ў Маніле (Філіпіны). Афіц. мэты: спрыяць развіццю эканомікі і знешняга гандлю краін Азіі, што сталі на шлях незалежнага развіцця; стымуляваць рэгіянальнае супрацоўніцтва, аказваць тэхн. дапамогу і дапамогу ў каардынацыі іх эканам. палітыкі. Вышэйшы орган — савет кіраўнікоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІЯ́ЦКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
буйныя комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Азіі. Праводзяцца з 1951 раз у 4 гады (праз 2 гады пасля Алімпійскіх гульняў). Іх арганізацыю і правядзенне ажыццяўляе федэрацыя Азіяцкіх гульняў (засн. ў 1949), у якую ўваходзяць нац.алімп. к-ты азіяцкіх краін. У праграме Азіяцкіх гульняў абавязковыя віды спорту (лёгкая атлетыка, плаванне) і не менш як 8 інш. відаў, якія ўключаюцца Аргкамітэтам Азіяцкіх гульняў пры ўмове, што яны існуюць не меней, як у 6 краінах, 4 з якіх — удзельнікі чарговых гульняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАЛА́НГ (ад аква... + англ. lung лёгкае),
аўтаномны апарат, з дапамогай якога чалавек дыхае пад вадой. Вынайдзены французамі Ж.І.Кусто і Э.Ганьянам (1943). Складаецца з балонаў са сціснутым паветрам (да 200 ат), аўтамата, што рэгулюе выдыханне і паступленне паветра адпаведна ціску навакольнага асяроддзя і інш. элементаў. У комплексе з маскай, гідракамбінезонам, ластамі і інш. выкарыстоўваецца ў падводным спорце і паляванні, у даследаваннях, выратавальнай службе.
Акваланг: 1 — маска з загубнікам; 2 — дыхальны апарат; 3 — балоны са сціснутым паветрам; 4 — рамяні мацавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АБ’ЯДНА́НЫЯ ІРЛА́НДЦЫ»
(United Irishmen),
ірландская паліт.арг-цыя ў 1791—98. Створана ў г. Белфаст Т.У.Тонам, Э.Фіцджэралдам, Т.Раселам і інш. з мэтай дасягнення свабоды каталіцкага веравызнання, правядзення (разам з пратэстантамі) парламенцкай рэформы. З 1794 ператварылася ў падп. рух за незалежнасць Ірландыі. Вяла перамовы з рэв. Францыяй аб ваен. дапамозе. Напярэдадні запланаванага на 1798 паўстання лідэры «Аб’яднаных ірландцаў» былі арыштаваны, што пазбавіла паўстанцаў цэнтралізаванага кіраўніцтва. Толькі ў графстве Уэксфард яны захапілі частку тэр., але не ўтрымалі яе. Паўстанне пацярпела крах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТА́НІЯ, Арсанія, Арта,
адзін з трох раннефеадальных цэнтраў Стараж. Русі 8—9 ст. Упамінаецца разам з Куявіяй (Кіеўская зямля) і Славіяй (наўгародскія, ці ільменскія, славяне) араб. і перс. географамі. Адны з даследчыкаў атаясамліваюць Артанію з тэр.антаў, другія — з Тмутараканню, трэція — з гарадамі Разань ці Чарнігаў. Ёсць меркаванне, што Артанія мае дачыненне да тэр. Беларусі і, магчыма, знаходзілася недзе на рацэ Рша (сучасная Аршыца, прыток Дняпра), на скрыжаванні падняпроўскіх гандл. шляхоў; арабскае напісанне Арсанія атаясамлівалі з Аршаніяй (ад Орша, Рша).