ША́ХМАТЫ (ад перс. шах мат — уладар памёр),
гульня, якая спалучае элементы спарт. саперніцтва, навук. і лагічнага мыслення і маст. творчасці; від спорту. Гуляюць 2 праціўнікі на квадратнай дошцы, падзеленай на 64 светлыя і цёмныя палі. У кожнага гульца па 8 фігур (кароль, ферзь, 2 ладдзі, 2 кані, 2 сланы) і 8 пешак, якія яны перамяшчаюць па дошцы паводле пэўных правіл. Мэта гульні — даць мат каралю (становішча, калі кароль не можа абараніцца ад нападу фігур праціўніка).
Ш., верагодна, узніклі ў Індыі ў канцы 5 ст. ў форме т.зв. чатурангі (гулялі 4 чалавекі). Археал. даследаванні на тэр. Узбекістана (1972) сведчаць, што гульня накшталт Ш. была вядома тут у 2 ст. У араб. краінах вядома з 7—8 ст., дзе трансфармавалася ў т.зв. шатрандж (шатранг; гулялі 2 чалавекі). Сучасную форму Ш. набылі ў 16 ст. ў еўрап. краінах (Іспанія, Італія, Францыя, Англія). Афіц. спаборніцтвы праводзяцца з 19 ст. (першы міжнар. турнір у Лондане ў 1851, першы матч на першынство свету ў 1886). У 1924 створана Міжнар. шахматная федэрацыя (ФІДЕ), якая аб’ядноўвае шахматныя арганізацыі больш чым 170 краін (2003). ФІДЕ арганізуе і праводзіць шахматныя Сусв. алімпіяды (камандныя, або т.зв. «турніры нацый») з 1927 мужчынскія і з 1957 жан.; чэмпіянаты свету: асабістыя (мужчынскія з 1886 і жан. з 1927) і камандныя з 1985 (мужчынскія). Званне міжнар. гросмайстра прысвойваецца ФІДЕ з 1950 (мужчыны) і з 1976 (жанчыны). Чэмпіёны свету: В.Стэйніц (1886—94), Э.Ласкер (1894—1921), Х.Р.Капабланка (1921—27), А.Алёхін (1927—35, 1937—46), М.Эйве (1935—37), М.Бацвіннік (1948—57, 1958—60, 1961—63), В.Смыслоў (1957—58), М.Таль (1960—61), Т.Петрасян (1963—69), Б.Спаскі (1969—72), Р.Фішэр (1972—75), А.Карпаў (1975—85, 1993—1998), Г.Каспараў (1980; па версіі Прафес. шахматнай асацыяцыі, ПША — 1985—2000), А.Халіфман (1999), У.Крамнік (2000, па версіі ПША), В.Ананд (2000, па версіі ФІДЕ), Р.Панамароў (2002). Чэмпіёнкі свету: В.Менчык (1927—44), Л.Рудэнка (1950—53), Л.Быкава (1953—56, 1958—62), В.Рубцова (1956—58), Н.Гапрындашвілі (1962—78), М.Чыбурданідзе (1978—91), Се Дзюнь (1992—94), Ж.Полгар (1995—99), Жу (Чжу) Чэнь (з 2000). У галіне шахматнай кампазіцыі (складанне спец. пазіцый для рашэння за пэўную колькасць хадоў (задачы) або за адвольную іх колькасць (эцюды) разыгрываюцца пяршынствы краін і свету, прысвойваюцца міжнар. званні майстроў і гросмайстраў. Завочныя Ш. (гульня па перапісцы) існуюць з 1694 (адзначана паміж венецыянскімі і харвацкімі купцамі); у 1928 створаны міжнар. саюз гульні ў Ш. па перапісцы (з 1951 Міжнар. федэрацыя, ІКУФ).
На Беларусі Ш. вядомы з 12 ст. Першыя нац. шахматныя гурткі ўзніклі ў 1919—20 у Мінску, Барысаве, Віцебску, Магілёве і інш. 1-ы чэмпіянат Мінска праведзены ў 1922 (пераможца А.Касперскі), у інш. гарадах Беларусі (Бабруйск, Віцебск, Гомель, Полацк) — у 1923. 1-ы чэмпіянат Беларусі сярод мужчын адбыўся ў 1924 (пераможца — С.Разенталь), сярод жанчын у 1928 (С.Дукер). Першы майстар спорту па Ш. на Беларусі — У.Сіліч. У пяршынствах СССР бел. шахматысты ўдзельнічалі з 1927 (перамаглі на ўсесаюзным камандным турніры), былі бронз. прызёрамі на III Спартакіядзе народаў СССР (1963). Паспяхова выступала каманда Беларусі (з 1955) у міжнар. матчах з камандамі Польшчы, Венгрыі, Германіі. Бел. шахматысты В.Купрэйчык і А.Капенгут неаднаразова перамагалі ў чэмпіянатах свету сярод студэнтаў у складзе зборнай каманды СССР. Шахматная федэрацыя Беларусі створана ў 1992. Сярод найб. вядомых бел. спецыялістаў па Ш. — засл. трэнеры СССР І.Я.Баляслаўскі, А.П.Сакольскі, засл. трэнеры Беларусі С.М.Бягун, Т.А.Галавей, А.З.Капенгут, А.І.Шагаловіч, М.І.Шарашэўскі. Бел. шахматысты зрабілі значны ўклад у тэорыю Ш., іх імёнамі названы некат. дэбютныя варыянты (напр., дэбют Г.М.Верасава, дэбют Сакольскага) і інш. Каманда шахматных кампазітараў БССР — пераможца VI i VII камандных пяршынстваў СССР. Сярод шахматных кампазітараў вызначыліся М.Бельчыкаў, І.Бондар, В.Гебельт, Я.Дзвігаў, Я.Камянецкі, Р.Сляпян, У.Сычоў, С.Цырулік і інш. Найб. поспехаў сярод бел. шахматыстаў дасягнулі міжнар. гросмайстры С.Азараў, А.Аляксандраў, Баляслаўскі, Б.Гельфанд, В.Дыдышка, К.Зварыкіна, А.Кавалёў, Купрэйчык, Г.Лагвілава, І.Смірын, А.Суэцін, А.Фёдараў, Ю.Шульман, Р.Эйдэльсон.
Літ.:
Карпов А.Е., Гик Е.Я. Все о шахматах. М., 2000;
Линдер В.И., Линдер И.М. Короли шахматного мира: Жизнь и игра сквозь призму энцикл. М., 2001;
Гик Е.Я. Необычные шахматы. М., 2002;
Давыдюк С.И. Начинающим шахматистам. 2 изд. Мн., 2002;
Каждан М.В. Урок ведет тренер. Мн., 2002.
В.Д.Купрэйчык, Я.В.Мачалаў.
т. 17, с. 394