ГРАМ,

долевая адзінка масы, роўная 0,001 кг. Пазначаецца г. 1 г з дакладнасцю да 0,2% роўны масе 1 см³ хім. чыстай вады пры т-ры яе найб. шчыльнасці (каля 4 °C).

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЛЕРАФАТАГРАФІ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

святлоадчувальныя матэрыялы (плёнка, папера і інш.), якія выкарыстоўваюцца ў фатаграфіі для атрымання каляровых фатагр. відарысаў, а таксама рэактывы для іх хім. апрацоўкі і дапаможныя матэрыялы. Гл. таксама Фатаграфічныя матэрыялы.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПО́ШУКІ карысных выкапняў,

метады пошуку карысных выкапняў, заснаваныя на заканамернасцях размеркавання і міграцыі хім. элементаў у верхніх слаях зямной кары. Падзяляюцца на літагеахім., гідрахім., біягеахім., газагеахім. (атмахім.), а таксама радыёметрычныя метады. Гэтыя метады заснаваны на тым, што ў пакладах карысных выкапняў канцэнтрацыя пэўных хім. элементаў значна вышэйшая за мясц. геахім. фон (які блізкі да лічбаў кларкаў), што вядзе да ўтварэння арэолаў рассейвання элементаў і геахімічных анамалій.

Літагеахім. метады грунтуюцца на вывучэнні першасных і другасных арэолаў рассейвання ў карэнных рудазмяшчальных пародах, паверхневых адкладах і глебах. Гідрагеахім. метады пошукаў — выяўленне павышаных канцэнтрацый хім. элементаў у падземных водах. Біягеахім. метадамі даследуюцца арэолы, што ўтвараюцца ў раслінах шляхам міграцыі элементаў з радовішча праз падземныя воды і глебу, або пры кантакце каранёў раслін з рудным целам. Газагеахім. метады (газавая здымка) выяўляюць канцэнтрацыю лятучых злучэнняў у зоне гіпергенезу пераважна пры пошуках радовішчаў нафты і газу. Радыёметрычным метадам вымяраюць інтэнсіўнасць і даследуюць спектр гама-, бэта- і альфа-выпрамяненняў ядраў прыродных радыенуклідаў. Геахімічныя пошукі выкарыстоўваюцца на ўсіх стадыях геолагапошукавых работ — ад рэгіянальнай геал. здымкі да дэталёвай і эксплуатацыйнай разведкі радовішчаў.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДЫЙ (лац. Palladium),

Pd, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 46, ат. м. 106,42, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 102, 104—106, 108, 110. У зямной кары 10​−6% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе, у выглядзе сплаваў (напр., паладзістая плаціна, якая мае 7—39% П.) і злучэнняў (напр., мінерал паладыт — аксід PdO). Адкрыты ў 1803 англічанінам У.​Воластанам, названы ў гонар адкрыцця астэроіда Палада.

Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 1554 °C, tкіп 2840 °C, шчыльн. 12 020 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей найб. актыўны плацінавы метал. Добра раствараецца ў царскай гарэлцы, а таксама ў гарачых канцэнтраваных азотнай і сернай к-тах. Найб. устойлівыя злучэнні Pd(II). У паветры акісляецца пры 600—800 °C (пакрываецца тонкай цьмянай плёнкай PdO). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, мыш’яком і крэмніем. Абарачальна паглынае ў значнай колькасці вадарод (да 900 аб’ёмаў на 1 аб’ём П.). Сплавы П. з інш. металамі выкарыстоўваюць для вырабу мед. інструментаў, зубных пратэзаў, у вытв-сці ювелірных вырабаў, хім. апаратуры, як каталізатары шматлікіх хім. рэакцый (гідрыравання, дэгідрыравання і інш.).

т. 11, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,

вышэйшая навуч. ўстанова ў Мінску, якая рыхтавала настаўнікаў сярэдніх школ. Засн. 30.12.1918 на базе Мінскага настаўніцкага інстытута. Навучалася 150 студэнтаў. Тэрмін навучання 4 гады. Сярод выкладчыкаў Я.Ф.Карскі, В.Л.Іваноўскісак. 1920 рэктар), У.М.Ігнатоўскі, Б.А.Тарашкевіч, М.І.Гарэцкі, І.У.Канчэўскі. Ф-ты: літ.-маст., сац.-гіст., прыродазнаўчы, геагр., фіз.-хім., фіз.-матэматычны. У навуч. працэсе асн. ўвага аддавалася пед. дысцыплінам, беларусазнаўству. У час польск. акупацыі ў навуч. праграму ўводзіліся польск. мова і л-ра, гісторыя Польшчы і польск. культуры. У 1919/20 навуч. г. выкладанне пераведзена на бел. мову, 6 ф-таў рэарганізаваны ў літ.гіст. і геагр.-прыродазнаўчы з фіз.-хім. і фіз.-матэм. аддзяленнямі. Меў фіз. і пед. кабінеты, хім. лабараторыю, б-ку (5 тыс. тамоў), а таксама лабараторыі, метэастанцыю, доследнае поле, дапаможную гаспадарку пад Мінскам. У яго падпарадкаванні была Мінская балотная доследная станцыя. Пры ін-це створана аспірантура, спец. камісія па выпрацоўцы бел. навук. тэрміналогіі (падрыхтавала «Арыфметычную тэрміналогію; выдадзена ў Вільні ў 1921). У жн. 1920 пераўтвораны ў Мінскі інстытут народнай адукацыі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (29.11.1914, г. Дзяржынск Мінскай вобл. — 30.11.1991),

бел. фізікахімік. Акад. АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1969), д-р хім. н. (1964), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1939). З 1950 у Ін-це хіміі, у 1959—69 і з 1982 у Ін-це фізіка-арган. хіміі (у 1958—65 нам. дырэктара). У 1969—82 акад.-сакратар Аддз. хім. і геал. навук АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні кінетыкі працэсаў акіслення арган. рэчываў. Устанавіў механізм спалучанага з акісленнем дэкарбаксіліравання смаляных, мона- і дыкарбонавых кіслот, іх эфіраў і інш. вытворных. Распрацаваў метады сінтэзу двухатамных фенолаў і галагенавытворных араматычных кіслот.

Тв.:

Сопряженное с окислением декарбоксилирование карбоновых кислот. Мн., 1970 (разам з Б.​В.​Ерафеевым);

Механизм жидкофазного окисления кислородсодержащих соединений. Мн., 1975 (разам з Я.​Ц.​Дзянісавым, У.​Я.​Агабекавым);

Процессы окисления в природе и технике. Мн., 1978 (разам з У.​Я.​Агабекавым, Н.​Р.​Арыка).

Літ.:

Н.​И.​Мицкевич // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1974. № 6;

Тое ж // Там жа. 1984. № 6.

т. 10, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЦІНАВЫЯ МЕТА́ЛЫ,

сям’я з 6 хім. элементаў VIII групы перыяд. сістэмы: рутэній (Ru), родый (Rh), паладый (Pd), осмій (Os), ірыдый (Ir), плаціна (Pt). Адносяцца да рэдкіх элементаў. Разам з золатам і серабром складаюць групу высакародных металаў.

Серабрыста-белыя металы з рознымі адценнямі. Маюць блізкія фіз. і хім. ўласцівасці; найб. падобныя ўласцівасцямі пары элементаў: Ru — Os; Rh — Ir, Pd — Pt. Тугаплаўкія: мінім. tпл 1554 °C у Pd, макс. — 3027 °C у Os. Паводле шчыльнасці падзяляюць на лёгкія (Ru — Pd) і цяжкія (Os — Pt). Добра паддаюцца мех. апрацоўцы Pt, а таксама Pd і Rh; Ru, Os i Ir больш цвёрдыя і крохкія. Вызначаюцца хім. інертнасцю і выключна высокай каталітычнай актыўнасцю (найб. пашыраныя каталізатары — Pt і Pd). Выкарыстоўваюць П.м. і іх сплавы паміж сабой, а таксама з інш. металамі як каталізатары гідрыравання, дэгідрыравання, акіслення, дапальвання выхлапных газаў аўтамабіляў, у паліўных элементах, як матэрыялы для высокатэмпературных тэрмапар, тэрмометраў супраціўлення, эл. кантактаў, хімічна ўстойлівага посуду, мед. інструментаў і інш.

Літ.:

Ливингстон С. Химия рутения, родия, палладия, осмия, иридия, платины: Пер. с англ. М., 1978;

Металлургия благородных металлов. 2 изд. М., 1987.

А.​П.​Чарнякова.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ НАЗАПА́ШВАННЕ,

канцэнтраванне (назапашванне) хім. рэчываў (пестыцыдаў, цяжкіх металаў, радыенуклідаў і інш.) у трафічных ланцугах экасістэмы. Назапашаныя рэчывы могуць выклікаць мутагенны, тэратагенны, канцэрагенны, лятальны і інш. адмоўныя эфекты. Гл. таксама Біялагічнае ўзмацненне.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГА́РСК,

горад у Расіі, у Іркуцкай вобл., прыстань на р. Ангара. 262,7 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Нафтаперапр., хім. і нафтахім. прам-сць, машынабудаванне і металаапрацоўка; прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сці.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЫЛІ́Н,

антыбіётык, які выпрацоўвае сянная палачка (Bacillus subtilis). Паводле хім. саставу — поліпептыд. Уздзейнічае на грамстаноўчыя (стафілакокі) і грамадмоўныя (кішэчная палачка) бактэрыі. Шырока не выкарыстоўваецца (інактывуецца пры наяўнасці бялковых рэчываў крыві і сывараткі).

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)