КВА́НТАВЫЯ СТАНДА́РТЫ ЧАСТАТЫ́,

устройствы для атрымання эл.-магн. ваганняў з вельмі стабільнай у часе частатой або для дакладнага вымярэння частаты ваганняў. З’яўляюцца асновай эталонаў часу і даўжыні, шырока выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы, навігацыі, метралагічнай службе.

Заснаваны на выкарыстанні найб. стабільных квантавых пераходаў (у звышвысокачастотным і аптычным спектрах) атамаў, іонаў або малекул з аднаго энергет. ўзроўню на другі. Аснову К.с.ч. складае квантавы рэпер частаты — прыстасаванне, якое дазваляе назіраць выбраную спектральную лінію, а таксама электронная схема пераўтварэння частаты рэпера ў іншыя частотныя дыяпазоны. У актыўных К.с.ч. выкарыстоўваецца індуцыраванае выпрамяненне эл.-магн. хваль, частата якіх служыць стандартам або апорнай частатой. Па сутнасці гэта квантавыя генератары, разнавіднасцямі якіх з’яўляюцца: вадародны генератар (актыўным асяроддзем служыць атамарны вадарод, што выпраменьвае на даўжыні хвалі λ=21 см з надзвычай малой шырынёй спектральнай лініі); малекулярны генератар (на пучку малекул аміяку); лазер на вуглякіслым газе. У пасіўных К.с.ч. частата ваганняў, якая вымяраецца, параўноўваецца з частатой ваганняў, адпаведных пэўнай спектральнай лініі. Да іх належыць К.с.ч. на пучку атамаў цэзію (цэзіевая атамна-прамянёвая трубка), які працуе ў рэжыме квантавага гадзінніка (хібнасць 10​−14). Ёсць таксама актыўныя і пасіўныя К.с.ч. з аптычнай напампоўкай пары цэзію або рубідыю.

Літ.:

Григорьянц В.В., Жаботинский М.Е., Золин В.Ф. Квантовые стандарты частоты. М., 1968;

Время и частота: Пер. с англ. М., 1973.

Г.​С.​Круглік.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГЛЫНА́ННЕ СВЯТЛА́,

змяншэнне інтэнсіўнасці аптычнага выпрамянення (святла) пры праходжанні яго праз рэчыва.

Апісваецца Бугера-Ламберта-Бэра законам, які выконваецца пры адносна невял. інтэнсіўнасцях святла. Залежнасць каэфіцыента паглынання рэчыва ад даўжыні хвалі святла наз. спектрам паглынання (гл. Спектры аптычныя). Спектр паглынання адасобленых атамаў (напр., разрэджаных газаў) складаецца з вузкіх ліній, якія адпавядаюць частотам уласных ваганняў электронаў у атамах. Малекулярны спектр вызначаецца ваганнямі атамаў у малекулах і складаецца са значна больш шырокіх абласцей даўжынь хваль з істотным П.с. (палос паглынання). П.с. ў цвёрдых целах характарызуецца шырокімі абласцямі паглынання і вял. значэннем каэфіцыента паглынання. У светлавых пучках вял. інтэнсіўнасці закон Бугера—Ламберта—Бэра П.с. парушаецца (нелінейнае П.с.), што абумоўлена вял. доляй паглынальных часціц ва ўзбуджаным стане, не здольных паглынаць святло. Калі ў паглынальным асяроддзі створана інверсія заселенасці (гл. Актыўнае асяроддзе), то кожны фатон зыходнага патоку святла мае большую імавернасць выклікаць выпрамяненне такога ж фатона, чым быць паглынутым самому (гл. Вымушанае выпрамяненне). На гэтым заснаваны прынцып работы квантавых генератараў і квантавых узмацняльнікаў. Працэс П.с. выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі і тэхнікі, на ім заснаваны многія метады колькаснага і якаснага хім. аналізу, напр., абсарбцыйны спектральны аналіз, спектрафотаметрыя, колераметрыя.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Квантовая теория взаимодействия света и вещества. Мн., 1990.

А.​Б.​Гаўрыловіч.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́ЧНЫЯ ГУ́КІ,

гукі чалавечай мовы, пры вымаўленні якіх на шляху паветра, што выдыхаецца з лёгкіх, узнікае перашкода. У бел. мове якасці З.г. залежаць ад характару перашкоды і яе месца ў галасавым тракце.

Пры ўтварэнні шумных зычных асн. з’яўляецца шумавая або імпульсна-шумавая крыніца гуку, што ўзнікае ў раёне перашкоды для паветр. плыні. Калі дзейнічае толькі шумавая крыніца, узнікаюць глухія фрыкатыўныя зычныя «ф», «с», «ш», «х», пры адначасовым дзеянні галасавых звязак — звонкія фрыкатыўныя тыпу «з», «ж», «г»; калі дзейнічае імпульсна-шумавая крыніца, узнікаюць глухія выбухныя «п», «т», «к», пры папярэднім уключэнні галасавых звязак — адпаведныя ім звонкія «б», «д», «г» (выбухны). Афрыкаты «дз», «ц», «дж», «ч» характарызуюцца рэзкім пачаткам (як выбухныя) і больш працяглым шумам (як фрыкатыўныя). Пры ўтварэнні санорных «р», «л», «й», «м», «н», «в», «ў» гукавая хваля галасавой крыніцы як у галосных гукаў сустракае перашкоду (як у шумных) з адначасовым узнікненнем пабочнага свабоднага праходу для яе. Санорныя ніколі не аглушаюцца. У залежнасці ад месца перашкоды гукавой хвалі З.г. падзяляюцца на губныя «п», «б», «ф», «в», «ў», «м», зубныя «т», «д», «с», «з», «ц», «дз», «н», «л», «р», пярэдне-сярэднепаднябенныя «ш», «ж», «ч», «дж», сярэднепаднябенны «й», заднепаднябенныя «к», «г» (выбухны і фрыкатыўны), «х». З.г. акрамя «дж», «ж», «р», «ц», «ч», «ш» маюць адпаведныя парныя мяккія. Гук «й» не мае адпаведнага парнага цвёрдага.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

А.​І.​Падлужны.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЛІДА́РНАСЦЬ»

(Solidarność),

прафсаюзнае аб’яднанне ў Польшчы, якое сваёй грамадска-паліт. актыўнасцю моцна паўплывала на сістэмную трансфармацыю дзярж. ладу Польшчы ў 1980—90-я г. Узнікла 17.9.1980 у г. Гданьск на хвалі забастовачнага руху як Незалежны самакіравальны прафес. саюз «С.» (старшыня Л.​Валенса); афіц. зарэгістравана 10.11.1980. У канцы 1980 каля 10 млн. чл. Хутка палітызавалася, ператварылася ў масавы дэмакр. рух рабочых і інтэлігенцыі, скіраваны на процідзеянне камандна-адм. сістэме ў краіне (маральная падтрымка з боку польскай каталіцкай царквы, матэрыяльная — польскіх эмігранцкіх арг-цый, зах. прафсаюзаў і дабрачынных фондаў). У час ваен. становішча 1981—83 афіцыйна забаронена (8.10.1982), шэраг дзеячаў «С.» інтэрніраваны. Удзельнік «круглага стала» (люты — крас. 1989) паміж урадам і апазіцыяй. 17.4.1989 зноў легалізавана. Пасля перамогі на выбарах у сейм і сенат (4 і 18.6.1989), прызначэння Т.​Мазавецкага прэм’ер-міністрам (24.8.1989) і выбрання Валенсы прэзідэнтам Польшчы (9.12.1990) стала кіруючай паліт. сілай краіны. У лют. 1991 старшынёй «С.» выбраны М.​Кшаклеўскі (у 1995 перавыбраны). У 1996 каля 30 малых партый заснавалі Выбарчую акцыю «С.», што перамагла на парламенцкіх выбарах 21.9.1997, але на выбарах 25.9.2001 не здолела правесці ў сейм ніводнага дэпутата. Кіруючы орган — Усяпольская камісія. Уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.

Літ.:

Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;

Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАФІ́ЗІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае фізічную будову, хімічны састаў і развіццё нябесных целаў. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў выніку выкарыстання ў астраноміі спектральнага аналізу, фатаграфіі і фотаметрыі, што дало магчымасць вызначаць т-ру атмасфер Сонца і зорак, іх магнітныя палі, скорасць руху ўздоўж праменя зроку, характар вярчэння зорак і інш. Асн. раздзелы астрафізікі: фізіка Сонца, фізіка зорных атмасфер і газавых туманнасцяў, тэорыя ўнутранай будовы і эвалюцыі зорак, фізіка планет і інш. Тэарэтычная астрафізіка вывучае асобныя нябесныя аб’екты (планеты, зоркі, пульсары, квазары, галактыкі, скопішчы галактык і інш.) і агульныя фіз. прынцыпы астрафіз. працэсаў з мэтай устанаўлення агульных законаў развіцця матэрыі ў Сусвеце. Практычная астрафізіка распрацоўвае інструменты, прылады і метады даследаванняў. Крыніцы атрымання інфармацыі пра нябесныя целы: эл.-магн. выпрамяненне (гама-, рэнтгенаўскае, ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырвонае і радыёвыпрамяненне); касм. прамяні, якія дасягаюць атмасферы Зямлі і ўзаемадзейнічаюць з ёю; нейтрына і антынейтрына; гравітацыйныя хвалі, што ўзнікаюць пры выбухах масіўных зорак. Значны ўклад у развіццё Астрафізікі зрабілі А.​А.​Белапольскі, М.​М.​Гусеў, Ф.​А.​Брадзіхін, В.​Я.​Струвэ, Г.​А.​Ціхаў (Расія), Г.​Фогель, К.​Шварцшыльд (Германія), У.​Кэмпбел, Э.​Пікерынг, Э.​Хабл (ЗША), А.​Эдынгтан (Англія), В.​А.​Амбарцумян (СССР) і інш. Найб. значныя дасягненні сучаснай Астрафізікі — адкрыццё нябесных аб’ектаў з незвычайнымі фіз. ўласцівасцямі (нейтронныя зоркі, чорныя дзіркі, квазары).

Літ.:

Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

Ю.​М.​Гнедзін.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНІЗА́ЦЫЯ,

1) у старажытнасці сталае рассяленне плямён (народаў) на новых тэрыторыях, часта ўжо занятых інш. плямёнамі; заснаванне паселішчаў у чужых землях (актыўна праводзілася асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі). Была выклікана недахопам с.-г. зямель, гандл. экспансіяй і інш. 2) Засяленне і гасп. асваенне ўскраінных зямель краіны, якія пустуюць (унутраная К.), або заснаванне паселішчаў паза яе межамі (знешняя К.). Мела добраахвотны, прымусовы (высылкі і інш.) ці добраахвотна-прымусовы (служба) характар. З часоў Вял. геагр. адкрыццяў 15—17 ст. К. інш. раёнаў еўрапейцамі суправаджалася прымусовым падпарадкаваннем мясц. насельніцтва ў Новым Свеце (гл. Каланіялізм). Вял. памеры К. былі ў Расіі (з канца 16 ст. асваенне Сібіры і Д. Усходу, у 16—17 ст. засяленне паўд. раёнаў Еўрап. Расіі, у 18 ст. Паўн. Прычарнамор’я, у 18—1-й пал. 19 ст. гасп. асваенне Заволжа). У канцы 19 — пач. 20 ст. рас. ўрад арганізавана перасяляў сялян з зах. і цэнтр. раёнаў імперыі ў Сібір, Сярэднюю Азію, Казахстан, на Д. Усход і інш. Толькі з Беларусі з 1885 да 1914 выехала ў Сібір больш за 500 тыс. чал. У БССР у 1920-я г. добраахвотнае перасяленне малазямельных сялян у Сібір набыло вялікія памеры (толькі ў 1924 заявы аб перасяленні ў Сібір падалі 8860 сем’яў). У час калектывізацыі сельскай гаспадаркі з Беларусі ў Казахстан і Сібір прымусова выслана 300—400 тыс. чал., т.зв. «кулакоў». У СССР апошнія хвалі масавай унутранай К. былі звязаны з асваеннем цалінных зямель (з 1954) і буд-вам Байкала-Амурскай магістралі (з 1974), куды таксама выехала нямала беларусаў.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТА́ЕЎ (Валянцін Пятровіч) (28.1.1897, г. Адэса, Украіна — 12.4.1986),

расійскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Брат Я.​П.​Пятрова (гл. Ільф І. і Пятроў Я.). У 1955—61 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1910. Аўтар раманаў «Востраў Эрэндорф», «Уладар жалеза» (абодва 1924), сатыр. аповесці «Растратчыкі» (1926, аднайм. п’еса 1928), камедыі «Квадратура круга» (1928), рамана-хронікі «Час, наперад!» (1932). У тэтралогіі «Хвалі Чорнага мора» (аповесці «Бялее ветразь адзінокі», 1936, «Хутарок у стэпе», 1956, «Зімовы вецер», 1960—61, «Катакомбы», 1949, 2-я рэд. 1951) героіка-рэв. тэма, імкненне паказаць гісторыю праз лёс чалавека. За аповесць «Сын палка» (1945, аднайм. кінафільм 1946) Дзярж. прэмія СССР 1946. Аўтар лірыка-філас. мемуарных твораў «Святы калодзеж» (1966), «Трава забыцця» (1967), «Кубік» (1969), «Алмазны мой вянец» (1979), «Ужо напісаны Вертэр» (1980). У «Юнацкім рамане майго старэйшага сябра Сашы Пчолкіна, расказаным ім самім» (1982), апавяданнях і нарысах «Пад Смаргонню», «Нашы будні», «Пісьмы адтуль» і інш. паказаны падзеі 1-й сусв. вайны на Беларусі. Аўтар нарысаў «Па Заходняй Беларусі» (1939). Творы К. вызначаюцца спалучэннем гераічнай патэтыкі і сатыры, лірыкі і гумару. Яго п’есы ставіліся на бел. сцэне (першая — «Авангард», 1930, БДТ-2). Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Н.​Тарас, У.​Краўчанка, Л.​Салавей.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1983—86;

Бел. пер. — Сон: Апавяданне. Мн., 1938;

Я, сын працоўнага народа. Мн., 1938;

Сын палка. Мн., 1947;

Бялее ветразь адзінокі. Мн., 1949.

Літ.:

Скорино Л. Писатель и его время: Жизнь и творчество В.П. Катаева. М., 1965;

Галанов Б.Е. Валентин Катаев: Очерк творчества. М., 1982.

Л.​В.​Календа.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСКО́П (ад мікра... + ...скоп),

аптычная прылада для атрымання павялічанай выявы дробных аб’ектаў або дэталей іх структуры, не бачных простым вокам. Павелічэнне М. дасягае 1500—2000 (яно абмежавана дыфракцыйнымі з’явамі); раздзяляльная здольнасць 0,25 мкм (чалавечае вока не адрознівае дэталей аб’екта, размешчаных бліжэй за 0,08 мм). Большага павелічэння дасягаюць у М., дзе выкарыстоўваецца святло з меншай (<390 нм) даўжынёй хвалі ці імерсійная сістэма (мяжа раздзялення электронных мікраскопаў 0,01—0,1 нм).

М. з’яўляецца камбінацыяй 2 аптычных сістэм — аб’ектыва і акуляра, кожная з якіх складаецца з адной ці некалькіх лінзаў. М. бываюць: палярызацыйныя (для назірання аб’ектаў у палярызаваным святле), люмінесцэнтныя (для аб’ектаў, якія выпраменьваюць люмінесцэнтнае святло), інтэрферэнцыйныя і фазава-кантрастныя (выкарыстоўваюць метады, заснаваныя на інтэрферэнцыі святла), акустычныя (выяву аб’екта даюць у працэсе сканіравання яго пучком акустычных хваль сінхронна з растравай разгорткай праменя электронна-прамянёвай прылады), галаграфічныя (прызначаны для запісу інфармацыі пра дынамічныя аб’екты з выкарыстаннем лазера з паўтаральным імпульсным выпрамяненнем), тэрмахвалевыя (дзеянне заснавана на розных тэрмааптычных эфектах), інфрачырвоныя, металаграфічныя, стэрэаскапічныя, праекцыйныя, рэнтгенаўскія, тэлевізійныя і інш. Першы двухлінзавы М. пабудаваў З.​Янсен (Нідэрланды, каля 1590), больш дасканалы, падобны на сучасны, сканструяваў Р.​Гук (Вялікабрытанія, 1665). У 1673—77 А.​Левенгук (Нідэрланды) з дапамогай М. адкрыў свет мікраарганізмаў. Тэарэт. разлік складаных М. даў ням. фізік Э.​Абе ў 1872. У пач. 1930-х г. пабудаваны першы электронны М.

Літ.:

Микроскопы. Л., 1969.

У.​М.​Сацута.

Схема аптычнага мікраскопа: 1, 2 — акуляры; 3 — прызма; 4 — аб’ектыў; 5 — прадметны столік; 6 — кандэнсар; 7, 9 — дыяфрагмы; 8 — люстэрка; 10 — лінза; 11 — крыніца святла (лямпа).

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАСХАЛА́СТЫКА,

сістэма філас. і тэалагічных ідэй, якая развівалася ў рамках каталіцкай і пратэстанцкай ідэалогіі. Каталіцкая Н. сфарміравалася ў Італіі і Іспаніі ў канцы 16 — пач. 17 ст. як рэакцыя на Рэфармацыю. Яна апіралася на філасофію Арыстоцеля і Фамы Аквінскага, яе актыўна падтрымлівалі езуіты. Неасхаласты-дамініканцы Фама дэ Віо з Гаэты і Х.​Явелі проціпастаўлялі тэалагічную метафізіку Фамы Аквінскага вучэнню М.​Лютэра пра боскае прадвызначэнне. Прадстаўнік 2-й хвалі каталіцкіх неасхаластаў ісп. філосаф Ф.​Суарэс зыходзіў з разумення Бога як адзінага існага: толькі Бог валодае быццём; Бог не абумоўлівае свабодны выбар чалавека, але прадбачыць яго і дапамагае яму. Тагачасныя мысліцелі (Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Т.​Гобс, П.​Гасендзі і інш.) выступалі з адкрытай крытыкай філас. поглядаў неасхаластаў. На рубяжы 18—19 ст. пачалася т.зв. рэстаўрацыя Н. — рух, накіраваны на ўзнаўленне аўтарытэту каталіцкай царквы; пачатак яму дала энцыкліка папы Льва XIII «Aeterni patris» («Айцу вечнаму», 1879), якая абвясціла вучэнне Фамы Аквінскага адзіна сапраўднай філасофіяй каталіцызму і стала штуршком да развіцця Н. У аснове пратэстанцкай Н. вучэнне Ф.Меланхтана, які гуманіст. ідэямі імкнуўся змякчыць фаталізм Лютэра. Найб. вядомыя яе паслядоўнікі — ням. філосафы Х.​Шэйблер і І.​Клаўберг, погляды якіх паўплывалі на філасофію К.Вольфа. Развіццё пратэстанцкай Н. завяршыў К.​Цімплер; толькі ў 18 ст. яе канчаткова выцесніла філас. школа Г.​Лейбніца і Вольфа. У 20 ст. Н. развіваецца ў рэчышчы неатамізму. Асн. палажэнні каталіцкай філасофіі сфармуляваны ў «24 тамісцкіх тэзісах», надрукаваных у 1914 паводле распараджэння папы Пія X. Сучасныя неасхаласты, якія прытрымліваюцца метадалогіі сярэдневяковай схаластыкі і тамісцкіх тэзісаў, імкнуцца растлумачыць навук.-філас. і сац. праблемы з артадаксальна-каталіцкіх пазіцый.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁАСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які вывучае нябесныя целы па іх радыёвыпрамяненні. Узнікненне Р. звязана з адкрыццём радыёвыпрамянення нашай Галактыкі на хвалі 14,7 м (1931, амер. радыёінж. К.​Янскі). Паводле аб’ектаў даследавання Р. падзяляюць на галактычную (вывучае аб’екты нашай Галактыкі) і пазагалактычную. Аб’ектамі даследавання з’яўляюцца Сонца (гл. Радыёвыпрамяненне Сонца), міжпланетнае асяроддзе, міжзорнае асяроддзе. Метадамі Р. адкрыты новыя віды крыніц касм. эл.-магн. выпрамянення: у нашай Галактыцы — рэшткі звышновых зорак (напр., Крабападобная туманнасць), пульсары, вобласці вадароду HII і інш., пазагалактычныя — радыёгалактыкі, квазары, а таксама рэліктавае выпрамяненне.

Касм. радыёвыпрамяненне даследуюць пры дапамозе радыётэлескопаў, высокая адчувальнасць і раздзяляльная здольнасць якіх перавышаюць магчымасці аптычных тэлескопаў. На аснове буйных радыётэлескопаў створана глабальная радыёінтэрферэнцыйная сетка (раздзяленне вышэй за 0,001"). Дыяпазон наземных радыёастр. назіранняў вызначаецца празрыстасцю зямной атмасферы (даўж. хваль ад 1 мм да 30 м); для радыётэлескопаў на ШСЗ гэты дыяпазон значна шырэйшы. Вымяральнай велічынёй у Р. з’яўляецца прырашчэнне колькасці выпрамянення пры навядзенні радыётэлескопа на аб’ект. Радыёвыпрамяненне касм. аб’ектаў вызначаецца механізмам выпрамянення, умовамі генерацыі і распаўсюджвання радыёхваль, энергіяй выпраменьвальных часціц і магн. поля. Неперарыўнае выпрамяненне касм. крыніц абумоўлена сінхратронным і цеплавым механізмам (гл. Сінхратроннае выпрамяненне, Цеплавое выпрамяненне), выпрамяненне ў вузкіх лініях — пераходамі паміж узроўнямі энергіі атамаў і малекул. Устаноўлена, што працяглыя кампаненты крыніц радыёвыпрамянення, звязанага з радыёгалактыкамі, — гэта намагнічаныя воблакі разрэджанага газу, напоўненыя касмічнымі прамянямі. Р. мае практычнае дастасаванне ў навігацыі, пасіўнай лакацыі, антэннай тэхніцы і інш. Гл. таксама Радыёлакацыйная астраномія.

Літ.:

Галактическая и внегалактическая радиоастрономия: Пер. с англ. М., 1976;

Матвеенко Л.И. Радиоастрономия. М., 1977 (Астрономия. Т. 13);

Апушкинский Г.П. Методы радиоастрономии. Л., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)