БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ
Размешчана на ПдЗ краіны. Мяжуе на З з Польшчай, на Пд з Украінай. Утворана 4.12.1939. Пл. 32,8 тыс. км². Нас. 1462,9 тыс. чал. (на 1.1.2004). Цэнтр — г. Брэст. У вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі; 20 гарадоў, у т. л. 3 абласнога падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Пінск; 9 гарадскіх пасёлкаў, 226 сельсаветаў, 2178 сельскіх населеных пунктаў. З 1996 дзейнічае свабодная эканам. зона «Брэст».
Насельніцтва. Паводле перапісу 1999 асноўнае насельніцтва — беларусы (85%), жывуць таксама рускія (8,7%), украінцы (3,8%), палякі (1,8%) і інш. Сярэдняя шчыльнасць 45 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 16,7 чал. на 1 км² (ад 26,5 чал. на 1 км² у Брэсцкім р-не да 11,8 чал. на 1 км² у Івацэвіцкім р-не). Гарадскога насельніцтва 62,6%. Найбольшыя гарады (тыс. чал., на 1.1. 2004): Брэст (298), Баранавічы (169), Пінск (131), Кобрын (51), Бяроза (30), Івацэвічы (24), Лунінец (24), Пружаны (20). На радыяцыйна забруджаных (у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) тэрыторыях у 155 населеных пунктах жывуць (2004) 148,3 тыс. чал. (10,1% насельніцтва вобласці).
Прамысловасць — вядучая галіна гаспадаркі, у якой занята 24,2% усіх працуючых. У шматгаліновай структуры прамысловасці паводле выпуску прадукцыі вылучаюцца (2003): харчовая (35%), машынабудаванне і металаапрацоўка (20%), лёгкая (11%), лясная і дрэваапрацоўчая (11%) галіны. У вобласці вырабляюць (2003) усе бел. электралямпы, быт. газавыя і электрычныя пліты, кампрэсары для быт. халадзільнікаў, больш за 88% агульнарэспубліканскай вытв-сці кавальска-прэсавага абсталявання, каля 38% дываноў і панчошна-шкарпэтачных вырабаў, каля 25% кансерваў, каўбас, 21% цукру-пяску, амаль 20% тканін, мяса, жывёльнага масла, гарэлкі, лікёра-гарэлачных і трыкатажных вырабаў. У 2003 выраблена 125 тыс. шт. электрарухавікоў, 538 тыс. шт. быт. газавых пліт, 151 млн. шт. асвятляльных электралямпаў, 324 тыс. м³ піламатэрыялаў, 40 тыс. м³’клеенай фанеры, больш за 2,5 млн. м² глазураваных керамічных плітак, 56 млн. м² тканін, каля 5 млн. шт. трыкатажных, 28 млн. пар панчошна-шкарпэтачных вырабаў, 2 млн. м² дываноў і дывановых вырабаў, 69 тыс. т мяса, 48 тыс. т каўбасных вырабаў, 13 тыс. т жывёльнага масла, 173 тыс. т цэльнамалочнай прадукцыі, 18 тыс. т сыру, 106 млн. умоўных слоікаў кансерваў, 151 тыс. т цукру-пяску. Прадукцыя прамысловасці пастаўляецца на бел. рынак, у краіны СНД і інш. На тэр. вобласці 339 прамысл. прадпрыемстваў, якія размешчаны больш чым у 100 населеных пунктах, каля 80% прамысл. прадукцыі прыпадае на гарады Брэст, Баранавічы, Пінск, Кобрын, Лунінец. Найбуйнейшыя прадпрыемствы: у электраэнергетыцы — Бярозаўская ДРЭС (2-я па магутнасці на Беларусі); у машынабудаванні — Адкрытыя акцыянерныя таварыствы (ААТ) «Брэсцкі электралямпавы завод», «Брэстгазаапарат», «Брэсцкі электрамеханічны завод», «Брэсцкі радыётэхнічны завод», «Брэсцкі машынабудаўнічы завод», «Баранавіцкі завод станкапрылад», «Завод гідраўлічнага машынабудавання» (Кобрын), Рэсп. унітарнае вытв. прадпрыемства (РУВП), «Завод Колератрон» (сродкі вылічальнай тэхнікі, прылады, паўправаднікі), Баранавіцкі станкабудаўнічы завод «Атлант», «Палессеэлектрамаш» (Лунінец), Рэсп. унітарнае прадпрыемства (РУП) «Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод», закрытае акцыянернае таварыства (ЗАТ) «Амкадор-Пінск» (аўтамабілебудаванне, дарожнае машынабудаванне) і інш.; у дрэваапрацоўцы — ЗАТ «Пінскдрэў», ААТ «Івацэвічыдрэў», «Баранавічыдрэў» (мэбля, піламатэрыялы, драўнянастружкавыя пліты, фанера, запалкі), «Брэсцкая мэблевая фабрыка»; у прамысловасці буд. матэрыялаў — РУВП «Граніт» (друз, бутавы камень, абліцовачныя пліты) у р.п. Мікашэвічы (Лунінецкі р-н), заводы жалезабетонных вырабаў у Брэсце, Баранавічах, Пінску, Бярозе, ААТ «Брэсцкі КСМ», ВРУП «Бярозабудматэрыялы», «Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў»; у лёгкай прамысловасці — РУП «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне», ААТ «Дываны Брэста», РУП «Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне «Палессе», «Брэсцкі панчошны камбінат», «Баранавіцкая трыкатажная фабрыка», абутковыя фабрыкі ў Брэсце, Баранавічах, Белаазерску; у харчовай прамысловасці — больш за 90 прадпрыемстваў мясной і мясакансервавай, малочнай і масласыраробнай, хлебапякарнай, крухмала-патачнай, цукровай, спіртагарэлачнай, плодаагародніннай і інш. вытворчасцей. Найб. з іх: мясакамбінаты ў Брэсце, Пінску, Кобрыне, мясакансервавыя — у Бярозе і Баранавічах, малочныя камбінаты ў Баранавічах, Брэсце, Пінску, Пружанах, сыраробны ў Бярозе, масласыраробныя заводы ў Кобрыне і Століне, цукровы завод у Жабінцы, камбінаты хлебапрадуктаў у Брэсце, Баранавічах, Пінску, лікёра-гарэлачны завод у Брэсце, кансервавыя заводы ў Брэсце, Высокім, Пінску, Пружанах, Кобрыне і інш.
Сельская гаспадарка. Большасць раёнаў вобласці спецыялізуецца на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і буракасеянні, толькі на ПнУ — на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, бульбаводстве і льнаводстве, на крайнім У — на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве. У галіне занята 16,1% усіх працуючых. У 2003 у вобласці 329 с.-г. арганізацый (48% з іх стратныя), 527 фермерскіх гаспадарак. На с.-г. арганізацыі прыпадае 56,2% сельгаспрадукцыі, у 2003 яны выкарыстоўвалі 11,6 тыс. трактароў, 1,9 тыс. збожжаўборачных камбайнаў, 7,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. С.-г. ўгоддзі займаюць 44% тэрыторыі, у т. л. ворныя землі 25%, сенажаці і паша 18%. Асушаныя землі складаюць 46,6% усіх с.-г. зямель. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя, зернебабовыя, кармавыя культуры, павялічваюцца пасевы пшаніцы і трыцікале, рапсу (гл. табл.). Пад садамі і ягаднікамі 14 тыс. га. У жывёлагадоўлі вядучая роля належыць развядзенню буйной рагатай жывёлы.
На пач. 2004 у вобласці (тыс. галоў): буйной рагатай жывёлы 743 (у т. л. кароў 306), свіней 551, авечак і коз 29, коней 35, птушкі 4,5 млн. галоў. Ёсць зверагадоўчыя гаспадаркі (у Баранавічах і Пінску).
Транспарт. Найбольш развіты чыгуначны, аўтамабільны і трубаправодны віды транспарту. Па тэр. вобласці праходзіць транс’еўрапейскі (Крыцкі) калідор №2 (Берлін—Варшава—Брэст—Мінск—Масква—Ніжні Ноўгарад). На чыг. транспарт прыпадае (2002) 98% грузаабароту і 73% пасажыраабароту транспарту агульнага карыстання. Даўж. чыгунак 1066 км, па іх гушчыні (32,5 км на 1 тыс. км²) вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Найважнейшыя чыгункі: Масква—Мінск—Брэст—Варшава, Брэст—Гомель, Вільнюс—Лунінец—Роўна, Ковель—Брэст; чыг. вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9,5 тыс. км (2003), асноўныя магістралі: Варшава—Брэст—Мінск—Масква, Брэст—Гомель. У межах вобласці суднаходныя рэкі Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы (з адгалінаваннямі), Ямал—Еўропа. У Брэсце і Пінску аэрапорты. Развіваюцца пагранічныя сацыяльна-эканам. сувязі з Польшчай і Украінай у рамках еўрарэгіёна «Буг».
Ахова здароўя. На 1.1.2004 у вобласці 117 бальнічных устаноў на 16,4 тыс. ложкаў (112 на 10 тыс. ж.), 287 амбулаторна-паліклінічных устаноў магутнасцю 31,1 тыс. наведванняў за змену (212,3 наведванняў на 10 тыс. ж. за змену), 9 санаторыяў і пансіянатаў з лячэннем на 2 тыс. ложкаў, 34 базы і інш. арганізацый адпачынку на 2,8 тыс. ложкаў (найб. курорт Белае Возера, які ўключае санаторый «Бярэсце», турбазы). Працавала 5546 (37,9; тут і далей у дужках колькасць урачоў на 10 тыс. ж.) урачоў усіх спецыяльнасцей, у т. л. 1518 (10,4) тэрапеўтаў, 722 (4,9) хірургі, 350 (4,5) акушэраў-гінеколагаў, 564 (21,5) педыятры, 176 (1,2) неўрапатолагаў, 176 (1,2) псіхіятраў, 232 (1,6) урачы санітарна-проціэпідэмічнай групы, 476 (3,4) стаматолагаў, 17 079 (116,8) чал. сярэдняга мед. персаналу.
Культура. На 1.1.2004 у вобласці 93 3 дзіцячыя дашкольныя ўстановы (54,6 тыс. дзяцей). У 2003/04 навуч. годзе было 725 агульнаадукацыйных школ усіх відаў (216,9 тыс. вучняў), у т. л. 94 пачатковыя, 152 базавыя, 434 сярэднія, 23 гімназіі, 5 ліцэяў, 11 для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 7 вячэрніх (зменных); 32 прафес.-тэхн. вучылішчы (22,7 тыс. навучэнцаў), 32 сярэднія спец. навуч. ўстановы (23,4 тыс. навучэнцаў), 4 ВНУ (тэхн. і імя А.С.Пушкіна ун-ты ў Брэсце, Баранавіцкі ун-т, Пінскі вышэйшы банкаўскі каледж; 7,4 тыс. студэнтаў). У вобласці 18 арганізацый, якія выконвалі даследаванні і распрацоўкі (416 чал.), у т. л. Рэсп. унітарнае н.-д. і доследна-канструктарскае прадпрыемства «Навукова-тэхн. цэнтр», РУП «Брэсцкая дзярж. абл. с.-г. доследная станцыя», «Брэсцкі цэнтр навукова-тэхн. інфармацыі і інавацый», Рэсп. унітарнае навук.-тэхн. прадпрыемства «Тэхнамаш» і інш. На 1.1.2004 было 813 масавых бібліятэк (10 798 тыс. экз. кніг і часопісаў), 233 кінаўстаноўкі, 14 музеяў, у т. л. 2 гіст. (Брэсцкая крэпасць-герой, Кобрынскі ваенна-гістарычны), 9 краязнаўчых (Бел. Палесся ў Пінску, Брэсцкі, Столінскі і інш.), 2 мастацтвазнаўчыя (нар. творчасці ў в. Моталь), 1 прыродазнаўчанавук. (Белавежская пушча), 2 тэатры (абл. рускі драм. тэатр і абл. тэатр лялек у Брэсце), 756 устаноў клубнага тыпу.
У вобласці (на 1.1.2004) 3539 спарт. збудаванняў, у т. л. 39 стадыёнаў з трыбунамі больш як на 1500 месцаў, 5 манежаў, 1 спарт. збудаванне са штучным лёдам, 239 стралковых ціраў, 780 спарт. залаў, 33 плавальныя басейны.
Л.В.Казлоўская (насельніцтва, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт).
Табліца
Пасяўныя плошчы і ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур
|
Пасяўная плошча, тыс. га |
Ураджайнасць, ц/га |
| 1990 |
2003 |
1990 |
2003 |
| Уся пасяўная плошча |
878,5 |
847,1 |
|
|
| Збожжавыя і зернебабовыя |
376 |
350 |
29,6 |
24,8 |
| у т. л.: |
| жыта |
140 |
88,9 |
|
|
| ячмень |
143,2 |
76,7 |
|
|
| пшаніца |
15,9 |
60,6 |
|
|
| трыцікале |
— |
68,8 |
|
|
| авёс |
36 |
27,3 |
|
|
| Тэхнічныя культуры |
42,4 |
46,3 |
|
|
| у т. л.: |
| цукровыя буракі |
17,6 |
21,8 |
300 |
210 |
| лён |
14,4 |
6,8 |
5,1 |
6,9 |
| рапс |
9,9 |
14,2 |
|
|
| Бульба |
102 |
100,7 |
185 |
148 |
| Агародніна |
5,9 |
18,8 |
177 |
187 |
| Кармавыя культуры |
352,2 |
331,3 |
|
|
т. 18, кн. 2, с. 733