РУ́СКІ ХРЫБЕ́Т У сістэме Куньлуня, у Кітаі, паміж далінамі рэк Керыя і Карамуран. Даўж. каля 400 м. Выш. да 6626 м. Складзены пераважна з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў. Складаецца з 3—5 грабянёў, падзеленых вузкімі тэктанічнымі далінамі. Паўн. схіл (выш. каля 4000 м) стромка абрываецца да Тарымскай раўніны, каля яго падножжаў — паласа аазісаў. Горныя пустыні і стэпы, ландшафты халодных пустынь. Ледавікі. Даследаваны і названы М.М.Пржавальскім (1885).

т. 13, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САУ́Р,

хрыбет у Казахстане і Кітаі. Размешчаны на ПдУ ад воз. Зайсан. Даўж. 140 км, выш. да 3816 м (г. Музтаў). Складзены з вулканагенных адкладаў, сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў, гранітоідаў. Радовішчы вугалю і гаручых сланцаў. На паўн. схіле — сярэднягорныя лугі і лясы з сібірскай лістоўніцы, цяньшанскай елкі з дамешкамі сібірскай піхты, на паўд. схіле — стэпы, паўпустыні. На грэбені — высакагорныя лугі. Ледавікі (агульная пл. 17 км²).

т. 14, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАКШЫ́СКІЯ ГО́РЫ (Świętokrzyskie Góry),

горы ў Польшчы, найб. высокая ч. Келецка-Сандамірскага ўзв. Даўж. каля 80 км, выш. да 612 м (г. Лысіца). Складзены з кварцытаў, граўвакаў, пясчанікаў і вапнякоў, якія часта перакрыты рыхлымі (у т. л. марэннымі) адкладамі. Рэльеф узгорыста-градавы; месцамі развіты куэсты. Каля падножжаў дубовыя і хваёвыя, на схілах букавыя і піхтавыя лясы. У найб. высокай ч. гор Свентакшыскі нар. парк.

т. 14, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНІ́ЙСКІ КО́МПЛЕКС, сіній (ад позналац. Sina Кітай),

комплекс горных парод верхняга дакембрыю, адпавядае большай ч. рыфею. Вылучаны ням. геолагам Ф.​Рыхтгофенам у 1882 на тэр. Кітая. Складзены ўнізе з кварцытаў, сланцаў і андэзітавых лаваў, уверсе пераважна з вапнякоў і даламітаў са страматалітамі. Магутнасць 8 тыс. м. У бас. р. Янцзы С.к. уключае характэрную пачку ледавіковых кангламератаў — тылітаў. З адкладамі С.к. звязаны радовішчы жалезных і марганцавых руд.

т. 14, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛО́ВЫЯ ГО́РЫ,

ізаляваныя ўзвышшы са стромкімі схіламі і плоскімі паверхнямі вяршынь. Складзены звычайна з устойлівых да разбурэння горных парод (вапнякі, трапы, пясчанікі), якія залягаюць гарызантальна або амаль гарызантальна; у тропіках С.г. бываюць пакрытыя ахоўнай латэрытнай скарынкай. Утвараюцца пры эразійным расчляненні або дыферэнцыраваным перамяшчэнні па разломах блокаў высокапрыўзнятых пластавых раўнін (сталовых краін). Трапляюцца таксама ў выглядзе адзіночных ізаляваных падняццяў — астраўных гор.

Сталовыя горы ў басейне р. Каларада.

т. 15, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДЗІННЫ ХРЫБЕ́Т, Заходні хрыбет,

галоўны водападзельны хрыбет на п-ве Камчатка ў Расіі. Даўж. 1200 км. Выш. да 3621 м (вулкан Ічынская Сопка). Складзены з крышт. сланцаў. гнейсаў, пясчанікаў і вулканічных парод. З’яўляецца сістэмай горных ланцугоў і лававых плато. Шмат патухлых вулканаў. Старажытналедавіковыя формы рэльефу (кары, трогі). Ледавікі пл. 866 км². У ніжняй ч. схілаў — лясы з каменнай бярозы, кедравага і альховага сланіку; вышэй — горная тундра.

т. 15, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́РА (Thēra), Сантарын (Santorin),

група астравоў у Эгейскім м., у архіпелагу Кіклады; тэр. Грэцыі. Пл. каля 80 км². Найб. в-аў — Тыра (74 км²). Астравы — рэшткі разбуранага магутным вывяржэннем вулкана Сантарын (1,4 тыс. гадоў да н.э.). Складзены з туфаў, лаў, шлакаў. Выш. да 566 м (на в-ве Тыра); на в-ве Каймені — малады дзеючы вулкан (вывяргаўся ў 19 ст.). Здабыча пемзы. Вінаграднікі. Порт — Тыра.

т. 16, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЕ-ТУВІ́НСКАЕ НАГО́Р’Е У гарах Паўд. Сібіры, у Тыве (Расія). Водападзел рэк Вял. Енісей (Бій-Хем) і Малы Енісей (Ка-Хем). Выш. да 2895 м. Складзены пераважна з асадкава-вулканагенных тоўшчаў і гранітоідаў. Уключае высакагорныя хрыбты (гал. — Акадэміка Обручава) і ўпадзіны, якія іх падзяляюць. Сляды стараж. зледзянення (кары, трогі, марэны). На схілах — таежныя лясы з лістоўніцы і кедра; вышэй за 2200 м — кедравыя лясы, імхова-лішайнікавая тундра.

т. 16, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІБІ́НЫ (ад хібін, на мове саамаў — горы),

інтрузіўны горны масіў на Кольскім п-ве, у Расіі. Выш. да 1191 м (г. Часначор). Складзены пераважна з нефелінавых сіенітаў, з якімі звязаны радовішчы апатыта-нефелінавых руд (Кукісвумчор, Юкспор, Расвумчор і інш.). Вяршыні платопадобныя, на схілах ледавікі і снежнікі; актыўная лавінная дзейнасць. Горныя тундры, каля падножжа — хваёвыя лясы, бярозавае крывалессе. На г. Вуд’еўрчор Палярна-альпійскі бат. сад.

т. 17, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭХІНАЛІ́Т (ад грэч. echinos вожык + lithos камень),

канкрэцыя акруглай або эліпсаідальнай формы, з шыпаватай паверхняй, якая ўтворана пірамідальнымі выступамі радыяльна размешчаных крышталічных індывідаў, што зрасліся бакавымі гранямі. Складзены пераважна з кальцыту або гіпсу. Утварэнне іх звязана з пэўнымі фацыямі: вапняковістыя Э. — з адкладамі часткова адасобленых марскіх басейнаў ва ўмовах цёплага або гарачага клімату; гіпсавыя Э. — з лагуннымі адкладамі і гідраморфнымі глебамі ва ўмовах арыднага клімату.

т. 18, кн. 1, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)