ДАРАДНІ́ЦЫН (Анатоль Аляксеевіч) (н. 2.12.1910, с. Башына Тульскай вобл., Расія),

расійскі матэматык, геафізік і механік. Акад. АН СССР (1953), замежны чл. Балгарскай АН (1970). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1931). У 1945—55 у Матэм. ін-це імя У.​А.​Сцяклова. У 1955—89 дырэктар Выліч. цэнтра АН СССР, адначасова праф. Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та (з 1947). Навук. працы па праблемах дынамічнай метэаралогіі, аэрадынаміцы вял. скарасцей, прыкладной матэматыцы, нелінейнай механіцы, выліч. тэхніцы. Ленінская прэмія 1984; Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1951.

А.А.Дарадніцын.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІТРАЧЭ́НКА (Аляксандр Пятровіч) (1.9.1900, г.п. Ула Віцебскай вобл. — 8.8.1981),

савецкі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Акад. УАСГНІЛ (1967). Засл. дз. нав. РСФСР (1961). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Сцебутаўскі с.-г. ін-т (1922). Працаваў у ВНУ Ленінграда (у 1930—35 і з 1946) і Валагодскім малочным ін-це (у 1939—46). Навук. працы па пытаннях эфектыўнасці выкарыстання і ацэнцы пажыўнасці кармоў, тыпізацыі кармлення с.-г. жывёл, распрацоўцы прынцыпаў нармавання кармлення з выкарыстаннем ЭВМ для складання аптымальных рацыёнаў.

Тв.:

Методы нормирования кормления сельскохозяйственных животных. Л., 1970 (у сааўт.).

т. 6, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́К (Платон Рыгоравіч) (н. 20.8.1924, Кіеў),

украінскі вучоны ў галіне фізіялогіі, нейра- і электрафізіялогіі. Акад. АН Украіны (1969), акад. Расійскай АН (1974; чл.-кар. 1966). Чл. Герм. акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1966). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў кіеўскія ун-т (1946) і мед. ін-т (1949). З 1958 у Ін-це фізіялогіі імя А.​А.​Багамольца АН Украіны (з 1966 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні клетачных механізмаў дзейнасці нерв. сістэмы. Упершыню ў СССР выкарыстаў мікраэлектроды для даследавання дзейнасці нерв. клетак. Дзярж. прэмія СССР 1983.

Тв.:

Микроэлектродная техника. Киев, 1960.

т. 8, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЫ́ГІН (Юрый Аляксандравіч) (22.1.1911, С.-Пецярбург — 1994),

расійскі геолаг. Акад. Расійскай АН (1970; чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Маскоўскі нафтавы ін-т (1931). З 1971 дырэктар Ін-та тэктонікі і геафізікі (Хабараўск). Асн. навук. працы па геал. будове нафтаносных абласцей, эксперым. і тэарэт. тэктоніцы, агульных пытаннях будовы і развіцця зямной кары, скарыстанні матэм. метадаў і ЭВМ у геалогіі. Вывучаў вобласці распаўсюджання саляных купалаў і распрацаваў тэорыю салянога тэктагенезу. Ленінская прэмія 1988.

Тв.:

Тектоника нефтеносных областей. Т. 1—2. М., 1958 (у сааўт.);

Тектоника. М., 1969.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЦЭ́ВІЧ (Анатоль Дзям’янавіч) (н. 6.8.1934, в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

расійскі фізікахімік. Акад. Рас. АН (1987, чл.-кар. 1981). Ген.-лейт. (1987). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Ваен. акадэмію хім. аховы (1958), дзе і працаваў (з 1977 праф.). Дырэктар Цэнтра экатаксіметрыі пры Ін-це хім. фізікі Рас. АН. Навук. працы па арган. і прыкладной хіміі, даследаванні новых рэчываў і іх рэакцыйнай здольнасці ў монамалекулярных слаях, на мяжы падзелу фаз у мнагафазных сістэмах. Распрацаваў тэарэт. асновы стварэння высокарэакцыйных сарбентаў. Абгрунтаваў канцэпцыю «каардынацыйнага эфекту» ў рэакцыях нуклеафільнага замяшчэння.

А.​Дз.Кунцэвіч.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́СПЕРСЕН ((Jespersen) Енс Ота Хары) (16.7.1860, г. Рандэрс, Данія — 30.4.1943),

дацкі мовазнавец. Праф. англ. мовы ў Капенгагенскім ун-це (з 1893). Аўтар падручніка англ. мовы (1895; 19 выданняў), у аснову якога пакладзена жывая размоўная мова. Сваё разуменне граматыкі як жывога цэлага, што ўвесь час развіваецца, адлюстраваў у працы «Філасофія граматыкі» (1924). Аўтар «тэорыі прагрэсу» ў мове, паводле якой усе моўныя змены накіраваны на аблягчэнне ўмоў камунікацыі, а таму — прагрэсіўныя. Стварыў праект міжнар. штучнай мовы — навіяль. Працы Е. паўплывалі на развіццё мовазнаўства 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Философия грамматики. М., 1958.

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Аляксандр Аляксеевіч) (26.11.1893, г. Паневяжыс, Літва — 15.3.1969),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1943). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1919 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград), адначасова з 1922 у Ленінградскім ун-це. Навук. працы па тэхн., дастасавальнай і электроннай оптыцы. Распрацаваў тэорыю адпалу аптычнага шкла, стварыў (разам з інш.) першы ў СССР электронны мікраскоп, прапанаваў канструкцыю здымачнай камеры для фатаграфавання хуткабежных працэсаў, сканструяваў шэраг прыёмнікаў эл.-магн. выпрамянення. Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1949.

Літ.:

А.​А.​Лебедев. М., 1957.

А.А.Лебедзеў.

т. 9, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУО́ ((Jouhaux) Леон) (1.7.1879, Парыж — 28.4.1954),

дзеяч франц. і міжнар. прафс. руху. У 1909—40 і 1945—47 ген. сакратар франц. Усеагульнай Канфедэрацыі Працы. Чл. франц. дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Чл. Міжнар. бюро працы пры Лізе Нацый. У 1919—40 адзін з лідэраў Амстэрдамскага інтэрнацыянала прафсаюзаў. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагера Бухенвальд (1943—45). З 1947 старшыня Эканам. савета Францыі. З 1949 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза свабодных прафсаюзаў і старшыня Міжнар. Савета Еўрап. руху. Аўтар кн. «Раззбраенне» (1927). Нобелеўская прэмія міру 1951.

Л.Жуо.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУ́БНАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку (2-я пал. 2-га — пач. 1-га тыс. да н.э.), пашыраная ў стэпах і лесастэпах Усх. Еўропы. Выдзелена В.​А.​Гарадцовым у 1901, назва ад пахавальнага абраду. Нябожчыкаў хавалі ў зрубах-ямах, абкладзеных дрэвам, скурчанымі на баку, побач клалі посуд, зброю, прылады працы. Плямёны З.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі ў паўзямлянках, каменных або зрубных жытлах, выраблялі пласкадонны ляпны посуд з геам. арнаментам, бронзавыя прылады працы, зброю, упрыгожанні. Аб’яднанні плямён З.к. адыгралі значную ролю ў фарміраванні кімерыйцаў, а пазней — скіфаў.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМШАНЕ́ЦКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 8.1.1905, Кіеў),

расійскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Акад. Рас. АН (1962, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Варонежскі ун-т (1926). З 1930 у Ін-це мікрабіялогіі АН СССР (у 1949—85 дырэктар). Навук. працы па біялогіі, марфалогіі, эксперым. зменлівасці мікраарганізмаў, пра іх ролю ў кругавароце рэчываў, касм. біялогіі. Атрымаў поліплоідныя культуры дражджэй Candida і некат. бактэрый. Даследаванні І. маюць практычнае значэнне ў вытв-сці ферментаў, антыбіётыкаў, спірту і інш.

Тв.:

Микробиология целлюлозы. М., 1953;

Экспериментальная изменчивость микроорганизмов. М., 1956.

т. 7, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)