РОЎНАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Holotricha),

падклас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 атр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. На Беларусі найб. трапляюцца адны з класічных аб’ектаў інфузорый — туфелькі, галафрыя чарнаватая (Holophrya nigricans), дыдыніум насаты (Didinium nasutum), колепс шчаціністы (Coleps hirtus), прарадон яйцападобны (Prorodon ovum) і інш. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — паразіты (балантыдый колі, іхтыяфтырыус і інш.), узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека.

Даўж. да 0,6 мм. Цела бясколернае, зрэдку зялёнае, сіняе або інш. афарбоўкі. Раснічкі (пераважна органы руху) размешчаны раўнамерна або развіты пераважна на брушным баку, у некат. утвараюць венчыкі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажаюцца простым дзяленнем і шляхам кан’югацыі. Іл. гл. да арт. Інфузорыі.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІСТКІ́,

механічныя прыстасаванні для пераўтварэння кінетычнай энергіі струменя ў энергію акустычных ваганняў. У адрозненне ад сірэн не маюць вярчальных або рухомых частак. Аўтавагальны рэжым цячэння высокаскараснога струменя ствараюць тармажэннем полым рэзанатарам або клінам, які мае рэзанансную поласць. Акустычная магутнасць С. значна ніжэйшая, чым у газаструменных выпрамяняльніках (не перавышае некалькіх дзесяткаў ват).

Паводле рабочага цела С. бываюць газавыя (паветраныя, пераважна віхравыя, С. Гальтана, т. зв. губныя) і вадкасныя (з пласціністымі ці стрыжнёвымі вібратарамі). Газавыя С. выкарыстоўваюць пераважна для бясшумнай сігналізацыі, вадкасныя — для інтэнсіфікацыі цепламасаабменных працэсаў.

Схемы свісткоў: а — віхравога (1 — трубка для падачы газу, 2 — цыліндрычная камера, 3 — выхадная трубка); б — губнога (1 — шчылінападобнае сапло, 2 — востры край рэзанатара, 3 — рэзанансная камера).

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРГУША́ЦКІ ХРЫБЕ́Т,

усходняе адгор’е Зангезурскага хрыбта, у Арменіі. Выш. да 3399 м (г. Арамазд). Складзены пераважна з вулканагенна-асадкавых парод з інтрузіямі гранітаў. На схілах дубовыя і дубова-грабавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТЭКАЛО́ГІЯ (ад аўта... + экалогія),

раздзел экалогіі, які вывучае дзеянне розных фактараў знешняга асяроддзя (пераважна абіятычных фактараў) на асобныя папуляцыі і віды. Гал. задача аўтэкалогіі — вывучэнне фактараў дынамікі колькасці і біямасы папуляцый, жыццёвых цыклаў і паводзін.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДЦЫ (саманазва эрынах),

народ, асн. насельніцтва Ірландыі (3,4 млн. чал.). Агульная колькасць 7,8 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў Вялікабрытаніі (2,5 млн. чал.), ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі. Гавораць на ірландскай мове. Вернікі пераважна католікі.

т. 7, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НТУР (франц. contour),

абрыс у выяўленчым мастацтве, лінія, якая абводзіць форму прадмета (фігуры); сродак маст. выразнасці твора. У малюнку К. — сукупнасць ліній, якія акрэсліваюць найважнейшыя, пераважна знешнія, абрысы выявы. Характар К. цесна звязаны з сілуэтам.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ГЕР (англ. lugger),

невялікае 2—3-мачтавае судна 1-й пал. 19 ст. з рэйкавым ветразевым абсталяваннем. На верхняй палубе Л. меў адкрытую батарэю з 10—16 гармат невял. калібру. Выкарыстоўваўся пераважна для пасыльнай службы.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад макра... + рэльеф),

буйныя формы рэльефу (горныя хрыбты, пласкагор’і, раўніны, нізіны), што ўтвораны пераважна эндагеннымі працэсамі і вызначаюць асн. асаблівасці прыроды вял. рэгіёнаў. Для раўнінных ландшафтаў характэрна занальна-сектарная дыферэнцыяцыя, для горных — вышынная пояснасць.

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАПАЧАТКО́ВАЕ НАКАПЛЕ́ННЕ КАПІТА́ЛУ,

працэс ператварэння сродкаў вытв-сці і грашовых багаццяў у капітал, а непасрэдных таваравытворцаў (пераважна сялян) — у наёмных рабочых. Адбываўся ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. Паняцце ўведзена А.Смітам, распрацавана К.​Марксам.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗІ́ЛЬСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Бразільскае нагор’е,

на У Паўд. Амерыкі, паміж Амазонскай, Лаплацкай нізінамі і Атлантычным ак., пераважна ў Бразіліі, паўд. ўскраіна — ва Уругваі, паўд.-зах. — у Парагваі і Аргенціне. Пл. каля 5 млн. км². Пераважаюць выш. 500—1000 м над узр. м. Значна прыўзнята на У і ПдУ над узбярэжжам Атлантычнага ак. (г. Бандэйра, 2890 м), дзе ўтварае складана-расчлянёную горную краіну з шэрагам хрыбтоў: Сера-ду-Мар, Сера-да-Мантыкейра і інш. На Пн і З паката нахілена да суседніх нізін.

Уяўляе сабой выступы крышт. асновы Паўд.-Амер. платформы (Бразільскі шчыт), складзеныя з гнейсаў, гранітаў і крышт. сланцаў, якія на У месцамі выходзяць на паверхню, а на астатняй тэр. ўкрыты адкладамі палеазою і мезазою. Радовішчы поліметалаў, золата, жал. і марганцавых рудаў, баксітаў, рэдкіх металаў, алмазаў і інш. У рэльефе — прыўзнятыя раўніны і плато выш. 250—300 м на Пн і 800—900 м у цэнтры, над якімі ўзвышаюцца глыбавыя масівы і сталовыя, пераважна пясчанікавыя, узвышшы. Месцамі ў прагінах і ўпадзінах платформы — раўнінныя ўчасткі, у сярэднім цячэнні р. Парана — лававае плато. Клімат пераважна трапічны з вільготным (летам) і сухім (зімой) перыядамі. Сярэдняя т-ра студз. зменьваецца з ПдЗ на ПнУ ад 22 да 29 °C, ліп. — ад 12 да 25 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на ПнУ да 1400—2000 мм у цэнтры і на У. Рэкі належаць пераважна да бас. Амазонкі, Параны, Сан-Франсіску, мнагаводныя, шмат парогаў і вадаспадаў. На ПнЗ вільготныя вечназялёныя і лістападныя лясы, у цэнтры — хмызняковая саванна (кампас серадас), на ПнУ — засухаўстойлівае рэдкалессе (каатынга), на У — вільготныя трапічныя вечназялёныя і летнезялёныя лясы, на Пд — хвойныя араўкарыевыя і мяшаныя лясы, хмызняковая саванна (кампас лімпас).

т. 3, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)