ПРО́ХАРАЎ Якаў Васілевіч (6.11.1870, в. Пажаркі Калужскай вобл., Расія — 1942),

рас. і бел. кампазітар, муз. этнограф. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, кл. М.Рымскага-Корсакава). З 1921 супрацоўнік Дзярж. ін-та муз. навукі ў Маскве, уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 выкладчык Бел. муз. тэхнікума ў Мінску. Збіраў песні народаў Расіі, бел. нар. песні (запісаў у розных мясцовасцях больш за 150 песень). Сярод муз. твораў: харавыя апрацоўкі 82 бел. нар. песень (у т. л. «Ой рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»), рамансы на словы Я.​Купалы і Я.​Коласа. Аўтар муз.-этнагр. прац. Сярод яго вучняў М.Аладаў.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДАЎ Сямён Абрамавіч (24.1.1893, г. Херсон, Украіна —24.5.1968),

рускі паэт, літаратурны крытык, перакладчык. Адзін з рэдактараў час. «На посту» (1923—25), адначасова адказны сакратар Маскоўскай (1923—24), у 1924—26 Усерас. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. Друкаваўся з 1912. Аўтар паэт. зб-каў «Мая сяўба» (1918), «Перабежка бліскавіц» (1921), «Стальны строй» (1923), паэм «Іна», «Нашы душы» (абедзве 1922), зб-каў арт. «Арганізацыя пралетарскай літаратуры» (1925), «У літаратурных баях» (1926), «На пасту» (1931). На рус. мову перакладаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Кулакоўскага, М.​Лупсякова, М.​Паслядовіча, Э.​Самуйлёнка, А.​Якімовіча.

А.​С.​Малінін.

т. 13, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЙНАЯ ВЯЧЭ́РА,

паводле Евангелляў, апошняя сумесная трапеза Ісуса Хрыста і дванаццаці апосталаў у Іерусаліме напярэдадні «перадвелікоднай пятніцы», распяцця Хрыста на крыжы і яго смерці. У час святочнай вячэры, прыгатаванай вучнямі (апосталамі), Хрыстос прадказаў, што адзін з іх (Іуда Іскарыёт) здрадзіць яму. Надламаўшы хлеб, Ісус даў яго з’есці вучням са словамі: «гэта ёсць цела маё», потым даў ім папіць з кубка з віном, кажучы: «гэта ёсць кроў мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца». Ён завяшчаў вучням і надалей рабіць так, як успамін пра яго, уводзячы тым самым адно з таінстваў хрысц. царквы — прычасце (еўхарыстыю).

т. 15, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОМ,

рака ў Хакасіі, Кемераўскай і Томскай абл. Расіі, правы прыток р. Об. Даўж. 827 км, пл. бас. 62 тыс. км². Пачынаецца на схілах Абаканскага хр.; у верхнім цячэнні — горная рака, ніжэй цячэ па Кузнецкай катлавіне і Зах.-Сібірскай раўніне. Асн. прытокі: Мрасу, Кондама, Уньга (злева), Уса, Верхняя, Сярэдняя і Ніжняя Церсь, Тайдон (справа). Сярэдні расход вады каля г. Томск 1110 м³/с. Ледастаў з канца кастр. да пач. мая. Суднаходная ад вусця р. Мрасу (643 км). Сплаўная. У бас. Т. — больш за 1 тыс. азёр. На Т. гарады Новакузнецк, Кемерава, Томск. У бас. Т. Кузнецкі вугальны басейн.

т. 15, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЙФ Майсей Саламонавіч (4.9.1904, Мінск —23.12.1966),

яўрэйскі пісьменнік. Вучыўся ў БДУ, скончыў 2-і Маскоўскі ун-т (1933). У 1961—64 супрацоўнік час. «Савеціш Геймланд» («Савецкая Радзіма»). Друкаваўся з 1920. У кнігах «Вершы і паэмы» (1933), «Пралетарка, сястра мая» (1935), «Смерць або перамога» (1936) і інш. падзеі грамадз. вайны, тэмы барацьбы народаў супраць ням. фашызму, памяці пра вайну. Пісаў пра Беларусь (вершы «Беларусь», «Палессе», «Лявоніха», «Калі ласка», «Беларускі вакзал»), верш «Добры сусед» прысвяціў Я.​Купалу. На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў А.​Зарыцкі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Рукопожатие. М., 1964;

Песнь о братьях. М., 1981.

т. 16, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЕ́ЎСКІ Канстанцін Іосіфавіч (1905, Мінск — вясна 1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Да вайны на гасп. рабоце. У час акупацыі Мінска з вер. 1941 удзельнічаў у арганізацыі-падполля, разам з М.К.Каржанеўскім кіраваў падп. групай у Кастр. р-не горада, накіроўваў дзейнасць камсамольска-маладзёжных груп. З мая 1942 сакратар падп. Кастр. райкома КП(б)Б, з чэрв. чл. Мінскага гаркома КП(б)Б, заг. аддзела па арганізацыі дыверсій, удзельнічаў у распаўсюджванні падп. газ. «Звязда» і лістовак. У кастр. 1942 арыштаваны і вясной 1943 загублены ў фаш. катавальнях.

т. 17, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУБУКО́Ў Сямён Ісакавіч (7.1.1907, в. Кузьмінічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 30.6.1983),

Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1929. Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1939), «Выстрал» (1940) і ўдасканалення афіцэрскага саставу (1944), Вышэйшую афіцэрскую школу бранятанк. і механіз. войск (1948). У Вял. Айч. вайну з мая 1942 на Зах., Цэнтр., 1-м Прыбалт. франтах; удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Беларусі. Батальён на чале з маёрам Ч. вызначыўся ў Курскай бітве: 12.7.1943 фарсіраваў р. Выцебець, вызваліў райцэнтр с. Ульянава і інш. нас. пункты Калужскай вобл.; паранены Ч. не пакінуў поля бою. Да 1954 у Сав. Арміі.

С.І.Чубукоў.

т. 17, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУХРА́Т (сапр. Алімаў Гулям Амінжанавіч; 19.4.1918, Ташкент — 23.6.1995),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1985). Скончыў Ташкенцкі пед. ін-т (1940). Працаваў у перыяд. выданнях. Раман «Гады ў шынялях» (1958) пра ўдзел узб. народа ў 2-й сусветнай вайне, у рамане «Золата не ржавее» (1967) высакароднасць прафесіі настаўніка. Аўтар паэт. зб. «Лірыка» (1973), рамана «Шукальнікі раю» (1968), драм «Зяць на пяць дзён» (1970), «Жывіце доўга» (1971), «Дачка мая» (1973) і інш. Перакладаў на ўзб. мову, у т. л. творы А.​Міцкевіча. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі В.​Адамчык, К.​Кірэенка, А.​Лойка, С.​Шушкевіч.

Х.​Абдуназар.

т. 17, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯН-МА́ЕН (Jan Mayen),

востраў у паўн. ч. Атлантычнага ак.; тэр. Нарвегіі. Пл. 380 км². Складзены з базальтаў, туфаў, попелу. На ПнУ дзеючы вулкан Берэнберг (выш. 2277 м) з кратэрам дыяметрам 1,2—1,4 км. Апошняе вывяржэнне ў 1970. Схілы вулкана вышэй за 500 м укрыты ледавікамі, асобныя вывадныя ледавікі зніжаюцца да мора. У паўд.-зах. частцы ступеньчатае плато з вулканічнымі кратэрамі. Выш. да 840 м. Частыя землетрасенні. Пераважаюць мохава-лішайнікавыя тундры і акіянічныя лугі. Птушыныя базары. Названы ў гонар галанд. мараплаўца Я.​Мая, у час плавання якога ў 1614 было вызначана дакладнае размяшчэнне вострава.

т. 18, кн. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІЧ Надзея Анатолеўна (н. 14.1.1953, пас. Цукровы з-д Гродзенскай вобл.),

бел. эстрадная спявачка. Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыла Гродзенскае муз.-пед. вучылішча (1972). З 1972 артыстка вак.-інстр. ансамбля «Верасы», з 1981 у Бел. філармоніі, з 1990 у дзярж. аб’яднанні «Белканцэрт». Валодае ігрой на гітары, акардэоне, губным гармоніку і інш. Творчай індывідуальнасці ўласцівы эмацыянальная выразнасць, шчырасць, валоданне разнастайнымі песеннымі жанрамі. У рэпертуары песні бел. кампазітараў і паэтаў, аўтарскія творы, у т. л. «Ой бяда», «Мая спеўная душа», «Вясельная», «Грэшніца вясна» і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

Г.​Ч.​Лянькевіч, Я.​Ч.​Харавец.

т. 18, кн. 1, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)