Краявы камітэт камуністычных арганізацый Беларусі і Літвы 3/586; 5/340; 6/111—112; 7/227; 8/403
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЗА́ПАДНОЙ РОССИ́И»,
палітычны і гіст.-літ. часопіс. Выдаваўся ў 1862—64 у Кіеве пад назвай «Вестник Юго-Западной и Западной России» і ў 1864—71 у Вільні на рус. мове ў 4 кнігах асобнымі тамамі (ад 4 да 12 на год). Напачатку выступаў з пазіцый нац. адраджэння ўкраінцаў і беларусаў, але хутка адышоў ад такога кірунку і стаў правадніком ідэі заходнерусізму. Падтрымліваў палітыку рас. улад, накіраваную на стварэнне ў Беларусі рускамоўнай школы, насаджэнне расійскага чыноўніцтва і інш. Выступаў супраць польск. і бел. дваранства, каталіцкага духавенства, уніяцтва. Змяшчаў матэрыялы па археалогіі, краязнаўстве, статыстыцы, этнаграфіі Беларусі, Літвы, Украіны. Друкаваў маст. творы.
С.В.Говін.
т. 4, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЦСЛАБАДСКІ БОЙ 1943,
баявая аперацыя партыз. фарміраванняў Беларусі, Літвы, Латвіі і Калінінскай вобл. Расіі па разгроме ням.-фаш. гарнізона 13 студз. ў нас. пункце Вецслабада ў Латвіі ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны штабам Латышскага партыз. атрада, кіраўніцтва ёю ажыццяўляў штаб брыгады «За Савецкую Беларусь» (камандзір А.В.Раманаў). Удзельнічалі байцы трох бел. і Калінінскай брыгад, Латышскага і Літоўскага партыз. атрадаў. Партызаны разграмілі будынкі гарнізона, спалілі спісы грамадзян, якіх гітлераўцы збіраліся вывезці на прымусовую працу ў Германію, узарвалі складскія памяшканні, захапілі вял. колькасць збожжа, цукру, воўны, нарабаваных акупантамі ў насельніцтва для адпраўкі ў Германію. У выніку бою былі сарваны планы карных аперацый праціўніка супраць партызан.
т. 4, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРША́ДСКІ (Сяргей Аляксандравіч) (18.3.1850, г. Бярдзянск Запарожскай вобл., Украіна — 1896),
юрыст, гісторык. Магістр дзярж. права (1883). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1872). З 1878 выкладчык Пецярбургскага ун-та, адначасова Ваенна-юрыд. акадэміі і імператарскага Аляксандраўскага ліцэя. Нам. старшыні гіст. т-ва пры Пецярбургскім ун-це. Вывучаў па першакрыніцах (пераважна акты Метрыкі ВКЛ) гісторыю яўрэяў Літвы і Беларусі. Асн. працы: «Руска-яўрэйскі архіў: Дакументы і матэрыялы для гісторыі яўрэяў у Расіі» (т. 1—2, 1882), «Літоўскія яўрэі: Гісторыя іх юрыдычнага і грамадскага становішча ў Літве ад Вітаўта да Люблінскай уніі, 1388—1569 г.» (1883), «Лекцыі па гісторыі філасофіі права» (1885).
Дз.У.Караў.
т. 3, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙШНО́РАС ((Vajsnoras) Феліксас) (18.5.1897, в. Пілвішкіс Вілкавішкскага р-на, Літва — 21.8.1972),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Літвы (1965). Скончыў Камуністычны ун-т нац. меншасцей Захаду ў Маскве (1925). З 1930 у Мінску — супрацоўнік, у 1934—37 — рэдактар газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1937 рэпрэсіраваны (рэабілітаваны ў 1956). З 1945 у Вільнюсе. Аўтар зб-ка вершаў «Пад сцягам працы і барацьбы» (1934, на літоўскай мове), кнігі мемуараў «Да светлага жыцця» (1960). На літ. мову пераклаў (пад псеўд. Ф.Садайніс) паэму Я.Купалы «Над ракою Арэсай» (1935), асобныя творы П.Броўкі, Я.Коласа, Т.Кляшторнага, І.Харыка і інш.
А.І.Мальдзіс.
т. 3, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХМАТО́ВІЧ (Мустафа) (?—1794),
удзельнік паўстання 1794. Сын Дамініка з маёнтка Бергалішкі Ашмянскага пав. (цяпер тэр. Літвы). З літоўскіх татараў. У час Сямігадовай вайны 1756—63 удзельнічаў у баях супраць прускіх войскаў у Саксоніі, у 1768—72 на баку Барскай канфедэрацыі супраць рас. арміі. У складзе корпуса М.Агінскага вылучыўся ў бітве каля Бездзежа (1771). З 1785 уваходзіў у Вайсковую камісію абодвух народаў. У 1792 удзельнічаў у баях каля Свержаня, Міра, Зэльвы, Ізабеліна, Мсцібава, Бярэсця з войскамі таргавіцкіх канфедэратаў. У час паўстання 1794 на чале палка Пярэдняй Стражы ВКЛ удзельнічаў у бітвах каля Карытніцы і Мацяёвіц; у апошняй цяжка паранены і памёр.
т. 2, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЦЭ́ВІЧ (Ігнат Сымонавіч) (псеўд. Жэгота з Малой Бераставіцы; 1780, в. Малая Бераставіца Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 18.2.1845),
гісторык, археограф, архівіст. Вучыўся ў Кёнігсбергскім ун-це (1803—05), скончыў Віленскі ун-т (1811). У 1813—17 выкладчык у Беластоцкай гімназіі, з 1818 у Віленскім ун-це, з 1827 прафесар. У 1828 абвінавачаны ва ўдзеле ў студэнцкай арг-цыі «Плямёны сарматаў» і высланы на радзіму. З 1834 у Пецярбургу, супрацоўнік Археаграфічнай камісіі, Румянцаўскага музея. Даследаваў архівы і б-кі Пецярбурга, Дэрпта, Рыгі, Кёнігсберга, Варшавы, рукапісныя зборы прыватных асоб у Гродзенскай губ. Аўтар артыкулаў па гісторыі ВКЛ, гал. праца «Гісторыя Літвы» не надрукавана.
Дз.У.Караў.
т. 1, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАВАСЛА́ЎНАЕ БРА́ЦТВА Трох віленскіх пакутнікаў,
рэлігійная арг-цыя пры Беларускім Экзархаце. Засн. ў 1992 у Мінску пры Свята-Петрапаўлаўскім саборы. Асн. кірункі дзейнасці: вывучэнне і пашырэнне правасл. веры ў бел. грамадстве, выхаванне высокай маральнасці, справядлівасці і гуманізму. Выдае рэліг. л-ру, час. «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», Беларускія праваслаўныя календары і інш. З’яўляецца членам сусв. правасл. арг-цыі «Syndesmos» («Звязка»), супрацоўнічае з бел. царк. і культ. асяродкамі Амерыкі, Канады, Літвы, Расіі. У ліп. 1993 па ініцыятыве і сіламі брацтва з Віленскага Свята-Духавага манастыра ў Свята-Петрапаўлаўскі сабор у Мінску перанесена частка мошчаў св. пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія.
М.А.Матрунчык.
т. 2, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,
пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.І.Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.
П.Р.Казлоўскі.
т. 4, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Людвік Кароль) (5.7.1879, Масква — 9.3.1939),
польскі гісторык, грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1905 у Вільні. З 1906 супрацоўнік газ. «Gazeta Wileńska» («Віленская газета»), «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). У 1911—38 рэдагаваў і выдаваў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), дзе часта публікаваліся бел. аўтары, пісалася пра нац.-вызв. рух на Беларусі. У 1925—39 старшыня Навук. к-та садзейнічання б-цы Урублеўскіх (цяпер Цэнтр. б-ка АН Літвы). Быў звязаны з бел. грамадска-культ. жыццём у Вільні. У кн. «Чатыры стагоддзі кнігадрукавання ў Вільні, 1525—1925» (Вільня, 1925) пісаў пра дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў.
А.В.Мальдзіс.
т. 1, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)