змена прыкмет арганізма (яго фенатыпу), што ўзнікае пад уплывам навакольнага асяроддзя і не звязана са зменай генатыпу. Фактары М. — асвятленне, вільготнасць, т-ра і інш.Напр., пігментацыя скуры ў чалавека (загар) пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў, форма лісця ў стрэлкаліста (надводнае — стрэлападобнае, што плавае — шырокае, падводнае — стужкападобнае). Узнікаюць М. ў межах нормы рэакцыі арганізма на змену асяроддзя і абмежаваны спадчыннымі задаткамі. Звычайна не перадаюцца наступным пакаленням, з’яўляюцца адаптыўнай рэакцыяй (павялічваюць прыстасаванасць да ўмоў існавання). Адрозніваюць М. ўзроставыя, сезонныя і экалагічныя. Асн. ўласцівасць — масавасць (аднолькавыя фактары выклікаюць амаль аднолькавыя змены ў генатыпічна падобных асобін). Выкарыстоўваюцца ў агратэхніцы і заатэхніцы для павелічэння прадукцыйнасці раслін і жывёл. Прыватны выпадак М. — марфозы і фенакопіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ ГІДРАГЕАЛО́ГІЯ,
адзін з прыкладных раздзелаў гідрагеалогіі, што вывучае заканамернасці фарміравання падземных вод на тэрыторыях, дзе праводзіцца меліярацыя зямель. Метады М.г. грунтуюцца на гідрагеал. і інж.-геал. даследаваннях на мясцовасці, складанні гідрагеал. карт і геафільтрацыйных схем, правядзенні гідрагеал. раянавання. Па выніках даследаванняў даецца гідрагеалагічнае абгрунтаванне таго ці інш.тэхн. спосабу меліярацыі, у т. л. разлік гарыз. і верт. дрэнажу, складаюцца прагнозы змены гідрагеал. умоў пад уплывам праектуемых мерапрыемстваў, распрацоўваюцца рэкамендацыі па эксплуатацыі меліярац. сістэм і ахове водных рэсурсаў. На Беларусі праблемы М.г. вывучаюць у Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел.політэхн. акадэміі, Бел. н.-д, геолага-разведачным ін-це, Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РНСТА ТЭАРЭ́МА,
адно з асн. палажэнняў тэрмадынамікі, якое вызначае характар зменыэнтрапіі тэрмадынамічнай сістэмы пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Паводле Н.т. прырашчэнне энтрапіі ΔS пры любых абарачальных ізатэрмічных працэсах, што адбываюцца паміж раўнаважнымі станамі пры т-ры, якая набліжаецца да абсалютнага нуля, імкнецца да нуля:
. Устаноўлена В.Нернстам (1906). Вядзе да шэрагу важных тэрмадынамічных вынікаў (напр., недасягальнасць абсалютнага нуля, імкненне цеплаёмістасці і каэфіцыентаў цеплавога расшырэння цвёрдага цела да нуля пры T → 0), таму ў больш агульным сэнсе яе наз.трэцім законам тэрмадынамікі. Мае важнае значэнне ў крыягеннай тэхніцы для дасягнення звышнізкіх т-р і ў фіз. хіміі для разліку хім. раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАКАНІЁЗ (ад грэч. pneumon лёгкія + konia пыл),
прафесійная хвароба лёгкіх чалавека, абумоўленая ўздзеяннем прамысл. пылу. Пры П. развіваюцца склератычныя змены лёгачнай тканкі, у ёй разрастаецца злучальная тканка (гл.Пнеўмасклероз). Найб. небяспечны пыл з часцінкамі, меншымі за 5 мкм, які пры ўдыху пранікае ў глыбокія аддзелы лёгачнай тканкі. Выклікае П. расл. пыл (напр., мука, тытунь), жывёльны (футравы, валасяны), мінер. (азбеставы), метал. (алюмініевы, жалезны). Працяглае ўдыханне арган. пылу выклікае хранічны насмарк, ларынгіт, трахеіт, бранхіт, пнеўманію. Растварэнне часцінак пылу ў лёгачнай тканцы прыводзіць да ўтварэння таксічных хім. злучэнняў. Асабліва небяспечна ўдыханне пылу, які мае ў сабе свабодны двухвокіс крэмнію (гл.Сілікоз). Найб. частае ўскладненне П. — хранічная лёгачна-сардэчная недастатковасць. Лячэнне комплекснае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць зменыэл.-магн. энергіі, назапашанай у шпулі індуктыўнасці і кандэнсатары, а таксама скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад. Абазначаецца Q, вымяраецца ў вольт-амперах рэактыўных.
У ланцугах сінусаідальнага току роўная Q = UIsinφ, дзе U — напружанне, I — сіла току, φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам. Звязана з поўнай S і актыўнай магутнасцюP суадносінамі:
(гл.Магутнасць электрычная). Цыркуляцыя рэактыўнай энергіі ў эл. ланцугах выклікае дадатковыя страты энергіі і падзенне напружання ў ЛЭП, загружае эл. сетку і генератары. Таму Р.м. у эл. сетках звычайна кампенсуюць падключэннем токапрыёмнікаў, якія ствараюць процілеглы зрух фаз (эл. кандэнсатараў, сінхронных кампенсатараў, рэактараў электрычных і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАСТА́Т (ад грэч. rheos цячэнне, паток + statos нерухомы),
электрычны апарат (пераменны рэзістар) для плаўнага або ступеньчатага рэгулявання (абмежавання) сілы току і напружання ў эл. ланцугах.
Залежна ад матэрыялу супраціўлення бываюць метал. (праваднікі з канстантану, ніхрому і інш.), вадкасныя (праваднік — электраліт) і вугальныя (слупкі з тонкіх вугальных шайбаў). Уключаюцца паслядоўна (для змены сілы току ці напружання ў невял. межах) ці паралельна (для рэгулявання ў шырокім дыяпазоне — ад нуля да макс. значэнняў) Выкарыстоўваюцца як пускавыя, рэгулявальныя, нагрузачныя, вымяральныя і інш.Гл. таксама Атэнюатар, Дзялільнік напружання, Патэнцыёметр.
Рэастат: а — лабараторнага тыпу з неперарыўнай зменай супраціўлення; б і в — паслядоўная і паралельная схемы ўключэння; U — напружанне крыніцы току; 1 — рэастат: 2 — нагрузка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРУ́ЦКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,
сістэма камплектавання рас.рэгулярнага войска ў 18—19 ст. Пачаткам пераходу да Р.п. з’явіліся змены ў складзе і парадку набору датачных людзей (1699); канчаткова ўведзена ў 1705. Рэкрутаў набіралі прымусова з усіх падатных саслоўяў (сялян, мяшчан і інш.). Пазней ад Р.п. былі вызвалены купцы, царк. служкі, ганаровыя грамадзяне і інш. Напачатку рэкруты служылі пажыццёва, з 1793—25 гадоў, з 1834—20, у 1855—72—12, 10 і 7 гадоў. Узрост рэкрутаў складаў (у розныя гіст. перыяды) ад 17 да 35 гадоў (у 1726—66 — «усякага ўзросту»). Да 1724 бралі 1 рэкрута з 20 двароў, потым 5 і больш з 1000 рэвізскіх душ. У 1874 Р.п. заменена ўсеагульнай воінскай павіннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,
1) вучэнне, паводле якога развіццё грамадства зводзіцца да канкурэнцыі расавых тыпаў; адна з антыгуманных біялагізатарскіх канцэпцый у антрапалогіі. Створана ў канцы 19 ст.франц. вучоным Ж.В. дэ Лапужам і ням. О.Аманам, якія спрабавалі даказаць, што псіхічныя асаблівасці брахікефалаў (кароткагаловых) больш нізкія ў параўнанні з доліхакефаламі (доўгагаловымі). Прадстаўнікі антрапасацыялогіі лічаць, што вышэйшыя псіхічныя якасці ўласцівыя толькі т.зв. арыйскаму — доўгагаловаму светлавалосаму тыпу, пашыранаму ў Паўн. і Цэнтр. Еўропе. Адкрыты Ч.Дарвінам прынцып барацьбы за існаванне паміж біял. відамі яны пераносілі на гісторыю чалавецтва, якую разглядалі як барацьбу асобных рас. Сцвярджэнне, што гісторыя чалавецтва падпарадкоўваецца не сацыяльным, а біял. законам, паўтарае і амер. вучоны, стваральнік сацыябіялогіі Э.Уілсан, які лічыць, што гуманітарныя і сац. навукі можна разглядаць як спецыялізаваныя раздзелы біялогіі.
2) Адзін з кірункаў у сацыялогіі. Узнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове тэорыі аб арыйцах як вышэйшай расе. Найб. развіццё атрымала ў Германіі. Новыя сацыялагічныя факты разглядае з пункту погляду антрапал. вучэння пра чалавека, яго цялесную арганізацыю і абумоўленыя антрапаметрыяй псіхічны стан, пачуцці, мысленне, волю, памяць, іх змены пад уздзеяннем культуры, індустр. тэхналогіі і ўласнай культуратворнай дзейнасці чалавека. Агульнатэарэт. пачатак антрапасацыялогіі — гэта фіксацыя адрознення чалавека ад жывёл. Неразвітасць у чалавека прыродных сродкаў самазабеспячэння стала ў прадстаўнікоў антрапасацыялогіі вядучым метадалаг. прынцыпам аналізу грамадскага жыцця. Сваю «недастатковасць» чалавек кампенсуе культурай, а адсутнасць прыроджаных генет. праграм паводзін папаўняе праграмамі сац. наследавання. Культура, паводле антрапасацыялогіі, гэта біялагічна неабходны працэс ператварэння знешняй прыроды ў жыццёвае асяроддзе. «Акультураная» прырода ўключае прылады працы, тэхніку, тэхналогію, сродкі камунікацыі і «сац. парадкі» (грамадскія ін-ты). Праблемамі антрапасацыялогіі з’яўляюцца таксама антрапал.змены сучаснага чалавека, што прынеслі з сабой тэхнізацыя, індустр. грамадства, навук.-тэхн. прагрэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ АДНО́СІНЫ,
сукупнасць эканамічных, палітычных, прававых, ваенных, дыпламатычных, інфармацыйных і інш. сувязей і ўзаемаадносін паміж народамі, дзяржавамі і саюзамі дзяржаў, а таксама міжнар. арганізацыямі, аб’яднаннямі і рухамі, якія выступаюць на міжнар. арэне. Фарміраванне і развіццё іх адбывалася ў старажытнасці на падставе кантактаў паміж плямёнамі і народамі і пад уплывам аб’ектыўных жыццёвых патрэбнасцей (сумеснае пакланенне агульным багам, барацьба з варожымі нашэсцямі, абарона правоў уласных грамадзян і іншаземцаў і г.д.). Вял. якасныя змены ў М.а. прыпадалі на пераломныя перыяды ў гісторыі (змены цывілізацый, рэвалюцыі, культ. ўздымы і інш.). Рэвалюцыі ў якасці ідэалаў М.а. паміж дзяржавамі дэкларавалі свабоду, роўнасць незалежна ад формы праўлення, правы народаў на самаст.паліт. і культ. развіццё, гуманіст. адзінства права і маралі, што не выключала ў далейшым барацьбу розных краін за падзел свету на сферы ўплыву. У 20 ст. М.а. развіваліся пад уплывам аб’ектыўных фактараў і падзей (1-я і 2-я сусв. войны, уздым нац.-вызв. руху, абмежаванне ўзбраенняў), а таксама працэсаў разрадкіміжнар. напружанасці і сцвярджэння прынцыпу мірнага суіснавання, умацавання калектыўнай бяспекі і міру. Распад СССР, а таксама сацыяльна-паліт. пераарыентацыя былых сацыяліст. краін Еўропы выклікалі змяненне раскладу міжнар. сіл і іх балансу. Напярэдадні 21 ст. М.а. захоўваюць тэндэнцыю ў кірунку паступовага дэмакр. і гуманіст. развіцця і ахопліваюць праблемы міжнар. і рэгіянальнай бяспекі, супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, навукі і тэхнікі, аховы навакольнага асяроддзя, узаемадзеяння ў культ. і гуманіт. галінах. Рэспубліка Беларусь у сваіх адносінах з інш. краінамі і народамі свету зыходзіць з агульнапрынятых прынцыпаў і норм міжнар. права; яна мае дыпламат. адносіны з 124 краінамі, з’яўляецца членам 49 міжнар. міжурадавых арг-цый, выступае за ўмацаванне ролі ААН і АБСЕ у справе забеспячэння міжнар. бяспекі і стабільнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РНЫ ЦІСК,
ціск паветра на паверхню Зямлі і на ўсе прадметы ў атмасферы. Вымяраецца барометрам, фіксуецца барографам. Сярэдняя велічыня на ўзроўні мора 1013,25 мілібар (мб), што адпавядае 760 мм ртутнага слупа, ці 1013,25 гектапаскалям (гПа). З вышынёй атмасферны ціск змяншаецца (у прыземным слоі паветра прыблізна на 1 гПа на кожныя 8 м). Ваганні атмасфернага ціску бываюць перыядычныя — сутачныя, гадавыя (выклікаюцца нераўнамернасцю награвання і ахаладжэння зямной паверхні), неперыядычныя (найчасцей звязаны з цыклонамі і антыцыклонамі). Розніца ў атмасферным ціску з’яўляецца прычынай ветру. Рэзкія змены ціску неспрыяльныя для здароўя людзей. На Беларусі за апошнія 100 гадоў самы высокі паказчык ціску ў 1037,1 гПа адзначаны ў Гомелі (люты 1972), самы нізкі — 942,9 гПа — у Мінску (снеж. 1957).