карысныя выкапні арган. паходжання з першаснай вуглевадароднай асновай. Залягаюць у нетрах у цвёрдым, вязкім і вязкапластычным станах. Падзяляюцца на нафтыды і нафтоіды. Нафтыды: нафта і яе натуральныя вытворныя (мальты, асфальты, асфальтыты, керыты, азакерыты і інш.), прыродныя газы. Нафтоіды — нафтападобныя прадукты натуральнай узгонкі арган. рэчыва пад уплывам цяпла магмы. Бітумы прыродныя — комплексная хім. і энергет. сыравіна, крыніцы серы, каштоўных металаў (ванадый, нікель, сурма, уран) і інш. Выкарыстоўваюць як буд. сыравіну (дарожныя пакрыцці, вытв-сць руберойду, асфальтавай масцікі і інш.), у электрапрамысловасці. Найб.запасы бітумаў прыродных у Канадзе, Венесуэле, ЗША. У Беларусі трапляюцца амаль ва ўсіх пародах платформавага чахла, найб. у адкладах дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе сканцэнтраваны асн.прамысл. паклады нафты. Гл. таксама Бітумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУДАЎНІ́ЧАГА КА́МЕНЮ,
за 0,7 км на Пд—ПдЗ ад в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. — адзіны пункт на Беларусі, дзе крышт. фундамент выходзіць на паверхню. Паклад належыць да верхняга архею — ніжняга пратэразою і прымеркаваны да паўн.ч. Украінскага крышталічнага шчыта. Карысныя выкапні: дробна-, сярэдне-, і буйназярністыя граніты і гранадыярыты, біятытавыя і біятытава-плагіяклазавыя гнейсы. Разведаныя запасы 10.3 млн.м³, перспектыўныя 5,6 млн.м³. Ускрышныя пароды — пяскі, супескі, кара выветрывання і выветраныя крышт. пароды магутнасцю 1,4—9 м. Карысная тоўшча і ўскрышныя пароды абводненыя. Граніты, гранадыярыты і гнейсы прыдатныя на выраб друзу і як напаўняльнікі бетону. Радовішча распрацоўваецца друзавым з-дам (в. Глушкавічы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСЁЛКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖАЛЕ́ЗНЫХ РУД.
Знаходзіцца каля в. Навасёлкі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Выяўлена ў 1966 сярод дакембрыйскіх парод Бел. антэклізы. Складаецца з ільменіт-магнетытавых руд. Перспектыўныя запасы 165 млн.т. Рудная зона (даўж. 1200 м, магутнасць 90—180 м) прадстаўлена серыяй пакладаў сярод габроідных інтрузій. Найб. багатыя жал. руды выяўлены ў цэнтр.ч. радовішча, дзе яны залягаюць у выглядзе трох рудных цел з маламагутнымі праслоямі больш беднай руды. Магутнасць багатых руд да 63 м. Глыбіня залягання да 150 м. Жал. руды маюць да 75—85% магнетыту і ільменіту, 23—35,7% жалеза, да 10% апатыту. Ускрышныя пароды складзены з верхнепратэразойскіх і мезазойскіх адкладаў (мел, гліны, пяскі, супескі). Пакуль не мае прамысл. значэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВЁРКІ (Sciurus),
род млекакормячых жывёл сям. вавёркавых атр. грызуноў. 55 відаў у Паўн. паўшар’і і на ПнПаўд. Амерыкі. Пашыраны ў горных і раўнінных лясах. На Беларусі 1 від — вавёрка звычайная (S. vulgaris).
Даўж. цела 20—35 см, хваста 19—31 см, маса 180—1000 г. Афарбоўка залежыць ад раёна пашырэння, сезона, узросту, індывідуальнасці. Вавёрка звычайная бывае рыжая, папялястая, амаль чорная і інш. Будуюць гнёзды (гайны) ці жывуць у дуплах. Штогод даюць 1—3 прыплоды па 1—12 дзіцянят. Корм раслінны і жывёльны, большасць вавёрак робяць запасы на зіму. Вавёрка звычайная акліматызавана ў Крыме, на Цянь-Шані і Каўказе. Некаторыя з вавёрак — каштоўныя паляўніча-прамысл. віды (здабываюцца дзеля пушніны, у тропіках — дзеля мяса). Дальмарская чорная вавёрка занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
запасы энергіі рачных патокаў і вадаёмаў сушы. Адносяцца да катэгорыі аднаўляльных энергарэсурсаў. Вызначаюцца ў кілаватах сярэднегадавой эл. магутнасці або ў кілават-гадзінах эл. энергіі за год. Адрозніваюць патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы (колькасць воднай энергіі, якую можна атрымаць, выкарыстаўшы цалкам сцёк рэк на ўсім іх працягу) і тэхн. рэсурсы (магчымыя для выкарыстання па тэхн. умовах, частка патэнцыяльных рэсурсаў). Па некат. ацэнках патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы зямнога шара складаюць 3750 млн.кВт (32 900 млрд.кВт∙гадз) электраэнергіі за год, з іх каля 12 300 (37%) — тэхн. рэсурсы. Энергет. рэсурсы рэк Беларусі: патэнцыяльныя каля 1 млн.кВт (7,5 млрд.кВт∙гадз) выпрацоўкі электраэнергіі за год, тэхн. рэсурсы вызначаюцца ў 2,5—3 млрд.кВт∙гадз за год (30—40% ад патэнцыяльных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАГА МО́РА НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў межах аднайменнай акваторыі і на прылеглых да яе тэр. Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Германіі і Даніі. Пл. 700 тыс.км², з іх 500 тыс.км² на шэльфе. Пачатковыя прамысл.запасы нафты 3729 млн.т, газу 8411 млрд.м³. Газаносныя адклады каменнавугальнага, пермскага, ніжнетрыясавага ўзросту, нафтагазаносныя — сярэдняга і верхняга трыясу, юры, мелу і палеагену на глыб. 100—4000 м. Першае нафтавае радовішча на сушы адкрыта ў 1870 (Германія), на шэльфе — у 1967 (сектар Даніі), газавае адпаведна ў 1944 (Германія) і ў 1965 (сектар Вялікабрытаніі). Да 1990-х г. адкрыта 211 нафтавых і газанафтавых, 160 газавых і газакандэнсатных радовішчаў (найб. нафтавае Статфіёрд — 317 млн.т, газавае Гронінген — 1960 млрд.м³). Здабыча нафты і газу вядзецца фантанным і механізаваным спосабамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАПЕ́ЛЬ (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),
глеістыя адклады прэсных вадаёмаў, якія маюць у сабе больш за 15% арган. рэчыва. Фарміруецца з рэшткаў раслін, жывёл, мінер. і арган. дамешкаў. Верхняя тоўшча С. (пелаген) паўвадкая, ніжэй масляністая. Багатыя арганікай С. студзінападобныя. Мае гумінавыя к-ты, фульвакіслоты, геміцэлюлозу, бітумы, попел (у сярэднім 20—60%). Асн. кампаненты попелу — аксіды крэмнію, магнію, жалеза, алюмінію, марганцу, фосфару, натрыю, вуглякіслы кальцый, некат. мікраэлементы. Колер попельна-шэры да цёмна-карычневага, ад мінер. дамешкаў светла-шэры. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы (як угнаенне і дамешак у корм жывёле), медыцыне (гразелячэнне), буд-ве, хім. прам-сці. На Беларусі магутнасць адкладаў С. у азёрах 2—12 м, найб. 30 м (воз. Судабле Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.); агульныя запасы каля 3,8 млрд.м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФЕ́Й (ад лац. Riphaei montes Рыфейскія горы — антычная назва Уральскіх гор),
рыфейскі комплекс, рыфейская эонатэма (эон), надрэгіянальнае падраздзяленне Агульнай стратыграфічнай шкалы дакембрыю краін СНД і адпаведны яму інтэрвал геал. часу ад 1650 ± 50 млн.г. да 650 ± 20 млн.г. таму назад. Вылучаны М.С.Шацкім у 1945. Падзяляюць Р. на ніжні (бурзяній), сярэдні (юрмаціній) і верхні (каратавій). Да пачатку рыфейскага эону ў выніку завяршальных тэктанічных рухаў і магматычных працэсаў карэльскай эпохі складкавасці ў канцы ранняга пратэразою закончыўся геасінклінальны этап развіцця тэр. Беларусі. У раннім Р. (1650—1350 млн.г.) яна, як і ўся Усх.-Еўрап. платформа, уяўляла сабой узнятую сушу, дзе пераважалі працэсы выветрывання і дэнудацыі. Толькі на адносна апушчаных участках намнажаліся вулканагенна-асадкавыя (бабруйская серыя) і асадкавыя (шаровіцкая серыя) тоўшчы. У сярэднім Р. (1350—1000 млн.г. назад) пачаў развівацца Валына-Аршанскі прагін паўн.-ўсх. распасцірання. Тут утварыўся мелкаводны марскі басейн, дзе намнажаліся пераважна чырванаколерныя пясчаныя і пясчана-алеўрытавыя адклады (пінская і аршанская світы беларускай серыі). На завяршальным этапе Р. на тэр. Беларусі часова існавалі невял. ізаляваныя або паўзамкнёныя басейны (лагуны) з пераменнай салёнасцю вады, дзе намнажаліся абломкавыя і абломкава-карбанатныя адклады лапіцкай світы. У цэлым адклады Р. займаюць больш як палову тэр. Беларусі і цягнуцца ў паўн.-ўсх. напрамку амаль суцэльнай паласой шыр. 200—300 км. Магутнасць іх павялічваецца з ПдЗ на ПнУ ад 480 м да 850 м, месцамі больш за 1400 м. Залягаюць на крышт. фундаменце, перакрываюцца вендскімі або больш маладымі (да антрапагенавых уключна) адкладамі. Паверхня іх на глыб. ад дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 500—800 м (Аршанская ўпадзіна). З адкладамі Р. звязаны значныя запасы расолаў і мінер, вод, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеалагічных мэтах (санаторыі ў Ждановічах, Рагачове, Лётцах); на Палескай седлавіне вял.запасы прэсных вод, прыдатных для гасп. водазабеспячэння.
буйная монаклінальная структура каледонскага этапу тэктагенезу на ЗУсходне-Еўрапейскай платформы (кратона). Працягнулася з ПдУ на ПнЗ ад Чорнага да Паўночнага мораў, абмежавана з ЗТэйсейра-Торнквіста лініяй. У будове вылучаюцца структурныя насы і залівы, якім адпавядаюць сучасныя структуры паверхні крышт. фундамента: Малдаўская монакліналь, Паўн.-Малдаўскае падняцце, Валынская упадзіна, Мазурскі і Лукаўска-Ратнаўскі выступы, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, Балтыйская сінекліза, ч.Балтыйскага шчыта, упадзіна праліваў Скагерак і Катэгат.
Узнікла пад уздзеяннем прагінання суседняй геасінкліналі. Нарастальнае на З апусканне суправаджалася верт. блокавымі рухамі з утварэннем разломаў і лакальных структураў. Развівалася ў кембрыі, ардовіку, сілуры, раннім дэвоне. Запоўнена магутнай тоўшчай (да 3500 м) тэрыгенных і карбанатных адкладаў, з якімі звязаны асн.запасы нафты і газу на ЗУсх.-Еўрап. платформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІМУМУ ЗАКО́Ну аграхіміі,
папаўненне недахопу ў глебе пэўных мінер. рэчываў або злучэнняў да ўзроўню, мінімальна неабходнага для ўрадлівасці глебы. Сфармуляваны Ю.Лібіхам (1840). Асн. палажэнне закону — у глебу павінны быць вернуты ў першую чаргу тыя рэчывы, запасы якіх найб. спустошаны; унясенне любых інш. рэчываў не дае прыросту ўраджаю, пакуль не будзе ліквідаваны недахоп рэчыва ці злучэння да ўзроўню наяўнасці яго ў глебе ў пэўнай мінімальнай колькасці.
У больш агульнай сучаснай форме М.з., які дапоўніў амер. заолаг В.Шэлфард (1877—1968) — «закон талерантнасці» — сведчыць, што прысутнасць або працвітанне арганізма ў пэўным месцапражыванні залежыць ад комплексу экалагічных фактараў. Па кожнаму фактару ёсць дыяпазон талерантнасці, па-за межамі якога арганізм не здольны існаваць. Немагчымасць працвітання або адсутнасць арганізма вызначаецца тымі фактарамі, значэнні якіх набліжаюцца або выходзяць за межы талерантнасці.